Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Мой зварот своечасовы. Шануйма нашу беларускую мову. Гэта зварот да людзей, якія пішуць, апэляцыя да асобаў публічных. І ў сувязі з гэтым тут мае развагі. Наша прыгожая мова ў небясьпецы з шэрагу прычын. Найперш з прычыны антыкультурнай палітыкі антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі, у выніку якой, практычна, ліквідавана беларуская школа і вышэйшая адукацыя на беларувкай мове. Вынікам гэтай палітыкі стала разбурэньне і русіфікацыя этнічных асноваў нацыі. Беларуская мова амаль перастала разьвівацца з этнічнай асновы. Жывая сувязь з моўнай крыніцай амаль спынена. Русіфікацыя этнічнага грунту грамадзтва (перш за ўсё вёскі) выклікала жахлівую дэградацыю мовы, акрэсьленую мной яшчэ ў 1988 годзе (”Двуязыччие и бюрократизм”) як моўны сурагат “трасянка”. “Трасянка” стала сродкам маўленьня сацыяльных нізоў, прыкметай неадукаванасьці і сацыяльна-культурнай адсталасьці асобы. У анталагічным сэнсе гэта сьведчаньне культурнага выміраньня нацыі ва неўсьвядомленым стане. На ўсьвядомленым узроўні Беларуская мова існуе ў літаратуры, абапіраецца на традыцыі і грунтуецца на гісторыі Беларусі — Вялікага Княства Літоўскага, падтрымліваецца культурнай элітай нацыі (якая ў большасьці, нажаль, ужо адарваная ад этнічных карэньняў жывой мовы). У цэлым беларуская мова пашыраецца зараз на больш высокім узроўні грамадзтва. На мове гавораць людзі адукаваныя, абазнаныя, сацыяльна актыўныя, якія займаюць пазыцыі ў грамадзтве, шмат хто зь іх зьяўляюцца публічнамі асобамі. Сваю мову яны нармуюць самы, успрымаючы пэўныя правілы, сістэмы і прыклады. Рэжымная ўлада ставіцца да іх варожа і не прымае ніякага ўдзелу ў рэгуляцыі моўнага працэсу. А калі ўмешваецца, то толькі з мэтай нашкодзіць. У такім становішчы адказнасьць за мову кладзецца на кожную асобу, якая кажа, піша, друкуе па-беларуску. Адукаваныя беларусы шануюць сваю мову, увага да мовы не слабее і нават пашыраецца, нягледзячы на антымоўную палітыку рэжыму. І тым ня менш зь нядаўняга часу мы назіраем тут зьяву лексічнай эклектыкі, моўнай рэдукцыі, аналягічную той, што адбывалася з “трасянкай” ў іншых сацыяльных узроўнях. Гэтая зьява — неабдуманае, неабгрунтаванае, у бальшыні выпадкаў зусім непатрэбнае ўжываньне ангельскай лексікі замест беларускай і нагрувашчваньне яе ў кантэксце роднай мовы. Як гэта ня дзіўна выглядае, але на прыкладзе некаторых выданьняў у Сеціве і публічных выступаў адбываецца пасьлядоўная і нават, здаецца, што цалкам надуманая, англа-лексічная “трасянкізацыя” беларускай мовы. Прытым настолькі агрэсіўна, што такая прэпараваная мова робіцца для беларусаў часам ўжо незразумелай з-за чужароднасьці ключавых словаў. Хачацца сказаць: братове, спыніцеся! Тут вельмі небясьпечны вірусны працэс, які цяпер няма каму ні рэгуляваць, ні лячыць акрамя нас самых. Тут не разьвіцьцё мовы, але дэградацыя, самаразбурэньне, якое яшчэ толькі пачалося, і калі беларусы не схамянуцца, то пэрспэктывы мрочныя — жарганізацыя і моўнае гета. Здаровыя грамадзкія сілы замест спрыяньня разьвіцьцю і пашырэньню мовы будуць траціцца на выхад з жаргоннага гета. Страта часу ў культуры — пражываньне адсталасьці. Варта пацікавіцца як радзяць з гэтай праблемай у іншых краінах, як разьвіваюць моўную тэрміналёгію, як клапоцяцца пра нацыянальную мову. Вядома, там пра мову рупіцца нацыянальная дзяржава і яе інстытуты, а ў нас мусіць дбаць само нацыянальнае грамадзтва, якое пад перасьледам. Але ў гэтым якраз і мусіла б выяўляцца наша культурная воля. Беларуская мова лексічна багатая, прыгожая па гучаньні, марфалагічна гнуткая, мае велізарны гістарычны і літаратурны пласт. У часы рэжымнай агрэсіі і хамскай паняверкі хай жа будзе яна, наша мова, сьветлым храмам нашай душы і хорамам існаваньня, прыстаньнем хараства, культуры, годнасьці і высокіх ідэй. Шануйма яе й беражэм. 20 кастрычнік 2017 г. Зянон Пазьняк 20/10/2017 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:
Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |