Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Сяргей Навумчык: Дзень, калі Кебіч падтрымаў Пазьняка. Але маўкліва З кнігі “ДЗЕВЯНОСТА ДРУГІ” Яшчэ ў канцы жніўня 1991-га, адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраінай і Беларусяй, Крэмль вуснамі прэзыдэнцкага прэсавага сакратара заявіў пра магчымасьць тэрытарыяльных прэтэнзій да новаўтвораных дзяржаваў. Да падзелу земляў не дайшло, але на пачатак 1992 году Масква ўжо выкарыстоўвала шырокі арсэнал ціску — палітычнага, вайсковага, але найперш эканамічнага. Важным (і небясьпечным) фактарам была наяўнасьць на тэрыторыі Беларусі вялікай (больш за 140 тысяч) вайсковай групоўкі, якая пакуль фармальна падпарадкоўвалася Маскве. Вярхоўны Савет, які ўвосень 1991-га адкінуў прапанаваныя Апазыцыяй БНФ распрацаваныя разам зь Беларускім згуртаваньнем вайскоўцаў законапраекты аб войску, з пачатку 1992-га ўсё ж пачаў прымаць пэўныя рашэньні, але вельмі неахвотна і марудна. У выпадку, калі б Масква пажадала рэалізаваць леташнія жнівеньскія пагрозы і захапіць частку тэрыторыі Беларусі (альбо нават усю Беларусь), яна магла гэта зрабіць без асаблівых клопатаў. Прычым Ельцын знайшоў бы тлумачэньне, якое збольшага задаволіла б Захад — кантроль над разьмешчанай на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброяй (яшчэ некалькі месяцаў перад тым Захад і чуць не жадаў ні пра якую незалежнасьць былых савецкіх рэспублік, акрамя Балтыі, а пасьля распаду СССР яго найперш цікавіў лёс ядзерных боегаловак). Масква магла б аддаць загад камандаваньню Беларускай вайсковай акругі (якое ўсё яшчэ не прымала прысягу на вернасьць Беларусі), і пры патрэбе захапіць кіраўніцтва краіны альбо парлямант, даслаўшы некалькі самалётаў з дэсантам (што праз два дзесяцігодзьдзі будзе зроблена ў Крыме). Менавіта таму ўзьнікла неабходнасьць пагадненьня паміж кіраўніцтвам краіны і суб’ектамі грамадзянскай супольнасьці на выпадак пагрозы Незалежнасьці. «Было вельмі важным у часе, калі будаўніцтва беларускага войска толькі пачыналася, як мага гучней заявіць волю беларускага грамадзтва мець і абараняць сваю дзяржаву», — патлумачыў у 2017 годзе падпісаньне Антыкрызіснага пагадненьня адзін зь ягоных ініцыятараў, тагачасны старшыня Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў Мікола Статкевіч (архіў аўтара). Пагадненьне называлася «Аб супольных дзеяньнях пры ўзьнікненьні пагрозы сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь» і было падпісанае ў канфэрэнц-залі Дому літаратара 14 сакавіка 1992 году. Арганізацыю падпісаньня і пасяджэньня ўзялі на сябе дэпутаты Апазыцыі БНФ. Перад гэтым Пазьняк асабіста запрасіў прыйсьці кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча («Мы падтрымаем», — паабяцаў прэм’ер Пазьняку), ягонага намесьніка Міхаіла Дземчука і старшыню КДБ Эдуарда Шыркоўскага. Вёў пасяджэньне Пазьняк. Яно было прадстаўнічым — з удзелам Станіслава Шушкевіча, старшыні КДБ, лідэраў дэмакратычных партый і арганізацый. Сярод апошніх былі БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, БЗВ, Сялянская партыя, Саюз прадпрымальнікаў. Пагадненьне таксама падпісалі Ліга жанчынаў, Аб’яднаньне яўрэйскіх арганізацый, Саюз палякаў, Аб’яднаньне татараў-мусульманаў. Галоўным было тое, што падпісанты дамовіліся аб’яднаць намаганьні дзяржаўных уладных органаў, палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацый у выпадку рэальнай пагрозы агрэсіі супраць Беларусі. Станіслаў Шушкевіч у кароткай уступнай прамове сказаў, што пагроза сувэрэнітэту сыходзіць, найперш, ад ініцыятараў аднаўленьня Зьезду народных дэпутатаў СССР (яны не прызнавалі сувэрэнітэту былых савецкіх рэспублік). Выступ Пазьняка журналісты назвалі «самым нечаканым». Гэтая нечаканасьць для іх выявілася ў тым, што, пацьвердзіўшы курс на датэрміновыя выбары Вярхоўнага Савету і адстаўку ўраду, лідэр БНФ заявіў пра гатовасьць, у выпадку неабходнасьці, супольна выступіць у абарону дзяржавы. Аднак нечаканым можна назваць якраз успрыманьне журналістаў: нягледзячы на жорсткае супрацьстаяньне ў парлямэнце паміж апазыцыяй і намэнклятурай, Пазьняк, дый усе дэпутаты Апазыцыі БНФ заўсёды заклікалі сваіх палітычных апанэнтаў да супольнай працы на глебе ўмацаваньня Незалежнасьці. Іншая справа, што нашыя намаганьні звычайна не сустракалі той рэакцыі, на якую мы разьлічвалі. Тут, між іншым, характэрная асаблівасьць успрыманьня ў тыя дні падзеяў нават тымі, хто, здавалася, няблага ў іх арыентаваўся (журналістамі): Фронт (у выніку антыфронтаўскай камуністычнай прапаганды і сапраўднай інфармацыйнай вайны супраць БНФ, галоўнымі нападнікамі ў якой былі якраз пракамуністычныя журналісты) па-ранейшаму ўспрымаўся як сіла, галоўнай мэтай якой было супрацьстаяньне, а не стваральная праца (і гэта нягледзячы на наяўнасьць пакету на той момант ужо дзясятку законапраектаў). Большасьць журналістаў (нават дэмакратычнай арыентацыі) ігнаравалі або проста не заўважалі стваральных ідэй Фронту, жылі нядаўнімі стэрэатыпамі і ацэнкамі, сфармаванымі намэнклятурай, і гэта адыграла даволі нэгатыўную ролю ў фармаваньні іміджу БНФ і ўвогуле дэмакратычнай апазыцыі ў грамадзкай сьвядомасьці. Наступная заява Пазьняка была яшчэ больш нечаканая: ён прапанаваў абраць старшынём Антыкрызіснага камітэту кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча. Празь некалькі тыдняў у інтэрв’ю Пазьняк даў такое тлумачэньне сваёй прапанове: «Антыкрызісны камітэт, калі падыходзіць да яго сур’ёзна, павінен быў узначаліць той, хто мае дзяржаўныя магчымасьці, гэта значыць уладу альбо частку ўлады. Гэта натуральна. С. Шушкевіч адмовіўся. В. Кебіч пагадзіўся, не раздумваючы, зразумеўшы адразу сэнс гэтага акту» («Знамя юности», 8 красавіка 1992). Аднак тут былі свае «падводныя камяні», пра якія ў той час казаць не выпадала (дый далёка ня ўсе яны былі нам бачныя). Прапанова, зробленая Кебічу Пазьняком, была тонкім і шматплянавым ходам. Пад заявай пра стварэньне Камітэту паставілі подпісы падначаленыя старшыні Саўміну — кіраўнікі міністэрстваў унутраных справаў і абароны. Падпісаў пагадненьне старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі, які падпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету, тым самым цалкам дапаўняючы «сілавы блёк». Вышэй я казаў, што Кебіч паабяцаў Пазьняку падтрымку. Але сам прэм’ер на пасяджэньне ў Дом літаратара не прыйшоў. Якімі б прычынамі гэта ні тлумачылася, адсутнасьць выпадковай не была. Нароўні з Шушкевічам і сілавымі міністрамі (пры тым, што Міністэрства абароны пакуль далёка ня ў поўнай ступені кантралявала войскі на тэрыторыі краіны) Кебіч быў ключавой фігурай у арэапагу асобаў, якія адказвалі за абароназдольнасьць Беларусі. А фактычна, нават першай — з улікам рэальнай канцэнтрацыі ўлады. Пра мерапрыемства было вядома загадзя, ён мог скарэктаваць свае пляны, і я перакананы, што калі б Кебіч ясна выказаў жаданьне ўзяць удзел — арганізатары, пры патрэбе, зьмянілі б час пасяджэньня, і гэта было б з разуменьнем і бяз крыўдаў успрынята іншымі ўдзельнікамі (усё ж, кіраўнік ураду, паводле вызначэньня — самы заняты дзяржаўны чыноўнік). На пачатак 1992 году Кебіч яшчэ не рабіў заяваў пра «памылковасьць Белавескіх пагадненьняў», як ён тое скажа праз год, тым больш не казаў пра іх злачыннасьць (як у часы Лукашэнкі) — але ніякай незалежніцкай рыторыкі ў ягоных выступах не было. Горш за тое, што ў сваіх дзеяньнях ён не выяўляўся актыўным абаронцам сувэрэнітэту — ягоныя ўчынкі хутчэй можна ацаніць як вымушаныя крокі ўсьлед за сытуацыяй. Але сёньня, калі прыгадаць афіцыйныя мерапрыемствы 1992-1993 гадоў, якія ўспрымаюцца сымбалямі нацыянальнага трыюмфу (у тым ліку сьвяткаваньне 75-х угодкаў БНР у будынку філярмоніі, Першы зьезд беларусаў сьвету ў Опэрным тэатры) — дык выяўляецца заканамернасьць: кіраўнік ураду на іх адсутнічаў. Маю на ўвазе не арганізаваныя Народным Фронтам акцыі, а менавіта афіцыйныя, з прадстаўніцтвам іншых кіраўнікоў краіны. На іх быў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, віцэ-прэм’ер Міхаіл Дзямчук, міністар замежных справаў Пятро Краўчанка, міністар інфармацыі Анатоль Бутэвіч, іншыя ўрадоўцы — але Кебіча не было. Прысутнасьць віцэ-прэм’ераў і міністраў апрыёры здымала якія б то ні было папрокі Кебічу ў «заігрываньні з апазыцыяй» — ён сьмела мог браць удзел у такіх мерапрыемствах, не баючыся за сваё рэнамэ нават сярод намэнклятуры. Але не прыходзіў. Нібыта нехта штораз адгаворваў яго, нібыта нейкая нябачная, невядомая нам сіла стрымлівала Кебіча зьяўляцца там, дзе прысутнасьць кіраўніка ўраду магла надаць сходу нацыянальнай, адраджэнскай накіраванасьці важкасьць і значны грамадзкі розгалас. Гэтак і на падпісаньні Антыкрызіснага пагадненьня быў нават старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі, але Кебіч не прыйшоў. У 2008 годзе Кебіч апублікаваў кнігу ўспамінаў «Спакуса ўладай», дзе заявіў, што зьяўляецца афіцэрам «выведкі». Праўда, не канкрэтызаваў — ці то ГРУ, ці вайсковай контравыведкі КДБ. Затое на некалькіх старонках расьпісаў, як яго вэрбавалі, як ён вучыўся, як выконваў даручэньні (нават на пасадзе другога сакратара абкаму). Падрабязны аналіз гэтых шчырых прызнаньняў я зрабіў у кнізе «Дзевяноста першы», цікаўных адсылаю да яе. Выхад кнігі Кебіча суправаджалі інтэрвію ў СМІ, у тым ліку і ў незалежных, але, як ні дзіўна, ніхто не папрасіў аўтара ўдакладніць або патлумачыць ягоныя сэнсацыйныя прызнаньні. А яны сапраўды важныя, бо прымушаюць пад пэўным ракурсам ацэньваць дзейнасьць Кебіча ў вызначальныя для станаўленьня новай дзяржавы гады. Зрэшты, і бязьдзейнасьць — таксама. У кожным разе, у адрозьненьне ад Шушкевіча, Кебіч не прыйшоў на ўстаноўчае пасяджэньне Антыкрызіснага камітэту. І гэтая ягоная адсутнасьць і ў сродках масавай інфармацыі і, што больш важна, у колах намэнклятуры і, нарэшце, у Маскве — магла трактавацца як наўпроставае ігнараваньне тэмы абароны сувэрэнітэту. Тады, у сакавіку 1992-га, мы ў апазыцыі станоўча ўспрынялі прапанову Пазьняка, каб Антыкрызісны камітэт узначаліў Кебіч, але толькі пазьней, праз адлегласьць часу, я здолеў у пэўнай ступені ацаніць усю стратэгічную слушнасьць такога рашэньня. За гэтую прапанову Пазьняка прагаласавалі аднагалосна — ясна, што іншага і быць не магло, на гэта Пазьняк і разьлічваў. Пра рашэньне паведамілі (хай і вельмі скарочана) дзяржаўныя СМІ (мерапрыемства з прысутнасьцю хаця б толькі старшыні Вярхоўнага Савету яны не маглі ігнараваць). Факт, такім чынам, адбыўся. І ў такой сытуацыі Кебіч ня мог адмовіцца ад новай сваёй функцыі (хай сабе і фармальнай) — гэта выклікала б скандал, яшчэ большае абвастрэньне адносінаў з БНФ, нарэшце, непаразуменьні з Шушкевічам, Шыркоўскім і іншымі сілавымі міністрамі. Кебічу выгодней было маўкліва пагадзіцца. Для інтарэсаў Беларусі, канешне,было б лепей, каб Кебіч пасьлядоўна выконваў тое, пра што было дамоўлена і што было падпісана ўдзельнікамі пасяджэньня ў Доме літаратара. Але і з самога факту старшынёўства Кебіча, як потым зрабілася зразумелым (і што, пэўна, прадбачыў Пазьняк), мы мелі выгоду. Карысьць палягала ў тым, што намэнклятура (ва ўсякім разе, у рэгіёнах, дзе яна ня ведала пэрыпэтыяў сталічных палітычных узаемаадносінаў) успрыняла старшынёўства Кебіча ў Антыкрызісным камітэце як ягоную станоўчую пазыцыю адносна сувэрэнітэту і, што таксама істотна. А апазыцыя ўспрымалася як паўнавартасны, сур’ёзны хай і апанэнт, але партнэр. Далейшае разьвіцьцё падзеяў пацьвердзіла актуальнасьць падпісанага ў Доме літаратара пагадненьня. У Маскве праімпэрскія настроі чым далей, тым меней хаваліся. «Для мяне бясспрэчна, што Расея ёсьць нешта большае, чым Расейская Фэдэрацыя ў яе цяперашніх межах. Таму і геапалітычныя інтарэсы трэба разглядаць куды шырэй, чым гэта зафіксавана сёньня на мапах», — заявіў у красавіку 1992-га старшыня Камітэту па міжнародных справах ВС Расеі Яўген Амбарцумаў. Тым ня менш, Антыкрызіснае пагадненьне было для Масквы важным сігналам. Праз чвэрць стагодзьдзя, адказваючы на маё пытаньне пра ролю Антыкрызіснага пагадненьня, Пазьняк напіша: «Варта сказаць, што на 14 сакавіка Антыкрызіснае пагадненьне падпісалі 30 арганізацыяў, а потым падпісалі яшчэ генэрал Яўген Бачароў (памежныя войскі), Уладзімер Ганчарык (Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі), Мечыслаў Грыб (Камісія па нацыянальнай бясьпецы Вярхоўнага Савету), мітрапаліт Філарэт (Беларускі Экзархат РПЦ) і іншыя. Для Масквы гэта быў удар пад дых, асабліва фінт з Кебічам і Філарэтам, зь якім я асабіста размаўляў і прасіў «багаславіць» (а ён, бачыце, нават падпісаў). Я думаю, што арганізацыя Антыкрызіснага камітэту затармазіла тады нейкі вельмі авантурны плян Лубянкі і Крамля, пра які ўжо ведалі і Шыркоўскі, і Кебіч, і, магчыма, Дзямчук, але ніхто зь іх ня мог (ці быў няздольны) нешта супрацьпаставіць плянам Масквы ці нешта зрабіць. А тут якраз дэпутаты Фронту выступілі з ініцыятывай Антыкрызіснага Камітэту і аб’яднаньня намераў. Вось улада і падключыліся, быццам бы стала пад сьцягі Апазыцыі БНФ. І фігу Маскве паказалі, і адносіны з Масквой захавалі (маўляў, «А мы — што? Гэта яны»). А Кебіч дык яшчэ і на паседжаньне не прыйшоў. Такія вось хітруны. На гэтай шахматнай дошцы нічога мяне не зьдзіўляла з такімі гульцамі, акрамя нечаканых паводзінаў мітрапаліта Філарэта. Ня думаю, што Філарэт узгадняў свой подпіс з патрыярхам Алексіем». Ацэньваючы падзею ў гістарычнай рэтраспэктыве, Пазьняк заўважыў, што «Антыкрызіснае пагадненьне напалохала Маскву. Працягу пагадненьне ня мела, але стала ў нейкай ступені стрымліваючым чыньнікам для Крамля. Там убачылі, што пры пэўных абставінах улада і апазыцыя ў Беларусі могуць паразумецца супраць агрэсіі Масквы. Цяпер такое пагадненьне ў прынцыпе немагчымае, бо рэжым Лукашэнкі пастаўлены Масквой, кантраляваны Масквой і праводзіць антыбеларускую палітыку ў маскоўскіх інтарэсах. Гэта антынацыянальны рэжым» (травень 2017, архіў аўтара). І ўсё ж гісторыя з Антыкрызісным пагадненьнем пакідае адчуваньне недавершанасьці і страчаных магчымасьцяў — і выключна зь віны тых, хто стаяў ля стырна дзяржавы. Упершыню (і на момант, калі пішуцца гэтыя радкі, апошні раз) за круглым сталом сабраліся прадстаўнікі ўлады і апазыцыі ў першых асобах. Сабраліся ў імя самай галоўнай для існаваньня дзяржавы мэты — яе абароны. І менавіта ўлада павінна была клапаціцца пра абарону сувэрэнітэту, гэта яе галоўная місія ва ўсе часы. Аднак такога не адбылося — паралельна са стварэньнем уласных узброеных сілаў пачаўся працэс уцягваньня Беларусі ў вайсковую арбіту Расеі, што завяршылася падпісаньнем Ташкенцкай дамовы аб далучэньні да сістэмы Калектыўнай абароны СНД. І найбольшую ролю ў гэтым небясьпечным для Беларусі працэсе адыгралі Савет міністраў і прадстаўнікі парлямэнцкай большасьці, якія ў пачатку 1992-га ўтварылі групу «Беларусь». Маючы непераадольныя ідэйныя разыходжаньні з камуністамі, Народны Фронт няспынна імкнуўся далучыць намэнклятуру да будаўніцтва незалежнай дзяржавы. У жніўні 1991-га, пасьля правалу путчу, спыненьня дзейнасьці КПБ-КПСС і абвяшчэньня Незалежнасьці, мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, выступілі з заклікам да былых камуністаў уключыцца «ў дэмакратычны працэс, у рух адраджэньня вольнай сувэрэннай Беларусі». Праз паўгода, у сакавіку 1992-га дэмакратычныя партыі і грамадзкія арганізацыі зрабілі яшчэ адзін крок насустрач — зноў жа, у імя, здавалася б, агульнай мэты — умацаваньня дзяржаўнасьці. Але працягнутая рука была непрынятая. 30/10/2017 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:
Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |