Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ЗАЦЕМКА АБ ПРАЎДЗЕ І ХЛУСЬНІ

Выйшаў «Палын-палын…». Тут жа была заказана рэцэнзія нянавісьці і нейкі маладзён яе напісаў. Як кажуць «На заходнім фронце без перамен». Аж не. Адазваліся і прыстойныя людзі. Віктар Шукеловіч гэтак шчыра распавёў. А нядаўна наша беларуская добрая фея Алена Гушча выказала свае сьветлыя думкі (у сьветлых людзей і думкі сьветлыя). Шаную іх усіх за сьветласьць.

Нядаўна Алесь Аркуш напісаў сваю разгорнутую рэцэнзію на “Палын-палын…” прыстойна, хораша, без замарочак, па-беларуску. Дзякуй яму. А загаловак пачынаецца так: “Нечаканы Пазьняк…” Вось тут я і прыціх, разумеючы вечную сілу прапаганды ў падсьведамасьці добрых людзей.

Калісьці ў 1988-1990 гадах Яўген Будзінас дабраахвотна выказаўся дапамагаць Фронту сваім транспартам (”Нівай”) па ўсіх справах. Езьдзіць яму прыходзілася ў асноўным са мной. У 90-м Будзінас заняўся выдавецкім бізнэсам і вырашыў выдаць пра мяне кнігу, якую назваў “Зянон Пазьняк — сапраўднае аблічча”. Назва — амаль дэтэктыў. Будзінас тлумачыў, чаму ён тое зрабіў. Ужо ў 90-м сапраўднага аблічча ў мяне не было. Працавала магутная манапольная камуністычная машына сродкаў масавай інфармацыі і хлусьні, увесь партыйны апарат — ад ЦК да сельсавета і да кожнай сельскай школы, плюс гэбоўская агентура ды цэлая плойма прадажных журналістаў (якія былі таксама агентура).

З гэтай машынай я ніколі не палемізаваў і час на іх не марнаваў. Бяссэнсоўна. Манаполія на СМІ была ў камуністаў. Я проста рабіў патрэбныя пазытыўныя справы ў змаганьні з сістэмай, а машына іх аббрэхвала наўздагон.

Мае справы далі вынік свой, а камуністычная прапаганда здабыла вынік свой. Людзі ўспрымалі мае справы, а камуністы — свае. Ужо ў 90-м годзе ў выніку іхняй прапаганды я стаў для іх “страшным чалавекам”, жорсткім і безаглядным, які рвецца да ўлады, каб расстраляць усіх камуністаў, адрадзіць Рэч Паспалітую, вярнуць кулакоў і капіталістаў і прадаць Беларусь амэрыканскаму імпэрыялізму. У мяне, маўляў, не было нічога чалавечага, вайной я служыў у нямецкай паліцыі, расстрэльваў савецкіх патрыётаў, дзед быў фашыстам, членам “двуйкі”, катаваў савецкіх людзей, а бацька быў нямецкім паліцаем, матка была “панского происхождения”. Сам я быў таксама нацыяналістам “фашыстских взглядов”, ярым антысемітам і “главарем еврейской мафии”, які “жаден к деньгам” і “усиленно обогощался”, меў два дамы пад Баранавічамі і “бросил жену с ребенком”. Калі бачыў камуністаў — зьвярэў. Жорсткасьці маёй не было мяжы. Адзін (маўляў, «голас народа») так і напісаў: “Быў адзін кат Беларускага народа — Вільгельм Кубэ, цяпер зьявіўся другі — Зянон Пазьняк”

Гэтай сваёй прапагандай намэнклятура моцна сябе ўпалохала. Успамінаю такі выпадак (адзін з многіх). Дзесьці ў 1992-93 годзе прыехала наша каманда дэпутатаў Апазыцыі БНФ у горад Глыбокае. У райвыканкаме начальства ўжо чакала. Я ішоў першы, хутка адчыніў дзьверы ў прыёмную. Жанчына гадоў 45-ці, відаць, загадчыца пратакольнага аддзелу, якая там была, убачыўшы раптам нос у нос жывога страхалюда Пазьняка, зьбялела, задрыжэла і пачала заікацца, не магла вымавіць слова. Здавалася, што яна вось-вось самлее. Я яе крыху супакоіў, і мы ўсе зайшлі да начальства. Са мной было яшчэ трох дэпутатаў. Памятаю толькі Юры Беленькага. У кабінэце намэнклятуры мы гаварылі даволі доўга. Напалоханая жанчына супакоілася, удзельнічала ў размове, а калі мы выходзілі, яна гэтак завохкала, заўсьміхалася: “Ах, Зянон Станіслававіч, ах, выбачайце. Мы тут такога наслухаліся.” А вы, аказваецца, маўляў, неспадзявана такі ды гэтакі, ды не такі і г. д.

Такіх выпадкаў было шмат. Прыдомак “невядомы”, “нечаканы”, “неспадзяваны” і т. п., які замацаваўся, відаць, людзям у крыві, сьведчыць аб велізарнай і замбуючай сіле ілжы, масавай хлусьні, паўторанай шматкроць, якая дзейнічае навечна. Нават Генадзь Бураўкін, зь якім мы былі знаёмыя з 60-х гадоў, і той незаўважна для сябе, ужываў (у шчырай рэцэнзіі на “Грёрыя Патрыя”) гэтакія азначэньні, кшталту “нечаканы” ды “неспадзяваны”, хоць я заўсёды быў самым сабой. Вобраз, створаны мне ворагамі чалавецтва, застаўся ў падсьведамасьці цэлага пакаленьня.

Азіраючыся на напісанае і на тое, што ёсьць, бачыш, што людзі вельмі недаацэньваюць велізарную сілу ілжы. Хлусьня ходзіць на доўгіх нагах. Яна бяжыць вельмі хутка. Ёй вераць лепей, чым праўдзе. Разбуральная сіла яе пачварная, здольная даканаць цэлыя народы. Пра тое цалкам ведае толькі Масква і д’ябал у пекле. Астатнія — проста вераць.

Дарэчы, траўля імя і прапаганда працягваюцца ўвесь час з усімі мадэфікацыямі, хоць маштаб яе цяпер змарнеў — тролі ды Інтэрнэт. Але яно выяўляе, хто, якая Масква (крамлёўская ці лубянская) стаяла тады за камуністычнай атакай і хто стаіць цяпер.

Што датычыць майго імя (як толькі яно зьяўляецца ў Сеціве, бесы зьлятаюцца, як зграя варон), то атака ідзе па ўсіх накірунках, але асноўная арыентацыя — на маладасьведчаную моладзь зь невысокім узроўнем адукацыі і культуры. Для іх прапануюцца зьдзеклівая лаянка, абзываньні, зьнявагі, прыдумкі, абніжэньне інтэлекту асобы, сацыяльнага, адукацыйнага, палітычнага, маральнага, псіхічнага статусу, дэманстрацыя непавагі і т. п., — усё абавязкова ў прымітыўнай хамскай форме (праца на падсьведамасьць). Устаноўка тут рацыянальна прадуманая: зьнішчыць памяць наперад, апрацаваць пэрспэктыву.

Эфэкт ад такой прапаганды невялікі. Але яна ня спыніцца. Ня спыніцца таму, што маё імя зьвязалася ў іхным уяўленьні напрасткі з найвялікшай паразай Масквы ў Беларусі ў другой палове ХХ-га стагоддзя. Масква была цалкам упэўненая, што ў Беларусі ўжо “дело сделано”, беларускай нацыі не існуе. Беларусы ніколі не падымуцца. Гэбісты казалі пра тое наўпрост. І вось уся іхняя подлая праца правалілася. Паўстала Незалежная Беларусь. Прытым тады, у пачатку 90-х, было адкрыта сказана, сцьверджана і напісана, што галоўны вораг Беларусі – гэта імпэрская Расея і рускі імпэрыялізм. І таму імпэрская сістэма на ўсходзе мусіць быць ліквідавана.

Той, хто разумее Расею і мэтады НКВД, той ведае, што пэрспэктыва ўлады для такой (нацыянальна арыентаванай) асобы абазначае для яе сьмерць (Чарнавіл, Чантурыя, Эльчыбей, Гамсахурдыя, Яндарбіеў, Карпенка, Ганчар, Нямцоў і інш. – усюды апэрацыя Лубянкі). Хаця ў рэальнасьці, яшчэ паглядзелі б, хто каго. Зрэшты тут у Лубянкі таксама не атрымалася.

Цяперашні мой стан ім пакуль рэальна не пагражае. Але ілжывая прапаганда будзе працягвацца ўвесь час. Нават, калі мяне ня стане.

Тое, што тут напісана, — публіцыстыка. Зерне яе ў тым (Алесь Аркуш сваім нявінным загалоўкам наштурхнуў мяне на развагі), што прапаганда хлусьні мусіць быць больш жорстка кадэфікавана ў крымінальным праве. Прапаганда хлусьні, дзе б ні было (а пры абцяжарваючых абставінах, — калі ў СМІ), мусіць лічыцца цяжкім крымінальным злачынствам. На сёньняшні дзень — гэта ваенная тэхналёгія ў інфармацыйнай вайне. Увагу на гэта зьвярнуў Дональд Трамп, рыхтуецца адпаведны закон. Гэтак будзе і ў вольнай Беларусі.

20 студзеня 2018 г. Зянон ПАЗЬНЯК

21/1/2018 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2018
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024