Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Значэньне незалежнасьці БНР у гісторыі Беларускай нацыі

Паважаныя спадарыні і спадары,
вітаю Вас у гэтай залі на навукова-гістарычнай канфэрэнцыі прысьвечанай 100-гадоваму юбілею аб’яўленьня незалежнасьці БНР.
Віншую Вас з надыходзячым сьвятам Волі і зычу плёну ў Вашай дасьледчыцкай і грамадзкай працы.
Няхай гэты дзень і ўспаміны аб вялікіх справах наблізяць нас да шчасьця нашай дарагой Бацькаўшчыны Беларусі.
* * *
Пачатак ХХ-га стагоддзя, бурнае разьвіцьцё прамысловасьці, тэхналёгій, транспарту, прыватнай ініцыятывы, капіталу і сацыялістычных ідэй, накіраваных на масавую сьвядомасьць, выклікалі ўзрушэньне разумаў, веру ў тое, што можна зьмяніць сьвет, палепшыць сваё існаваньне. На перашкодзе стаялі несвабода, імпэрская тыранія, нацыянальны прыгнёт і масавая бедната людзей без уласнасьці і пэрспэктывы.

Крызіс апошніх эўрапэйскіх імпэрый стварыў перадумовы новай вясны народаў, апошняй хвалі нацыянальных рухаў за самавызначэньне, якая зьмяніла сьвет.

Той час, узровень яго пасіянарнасьці, крыху недаацэнены ў нашай гісторыі і ў нашых уяўленьнях. Грамадзтва чакала новага пасеву. І там, дзе былі сейбіты, вырастаў плён. “Наша доля” легальная беларуская газэта, якая выйшла ў 1906 годзе ў Вільні 10-тысячным тыражом, была разабрана ўмомант, выклікала ў горадзе сапраўдны ажыятаж.

Выступ тэатра Ігната Буйніцкага ў 1911 годзе ў клубе Палескай чыгункі ў Вільні выліўся ў маніфэстацыю нацыянальнай любові. Заля ў некалькі тысячаў асоб была перапоўнена, людзі стаялі пад вокнамі. Калі адчынілася заслона і хор засьпяваў гімн Янкі Купалы “А хто там ідзе?” увесь народ устаў, усе плакалі наўзбом. Гэта катарсіс. Рэдкая зьява. Народ чуваў роднае.

Першая сусьветная вайна, агульнае гора, якое звалілася на Беларусь, абвастрыла дачыненьні і выклікала салідарнасьць грамадзтва, якая шматкроць узрасла пасьля зьвяржэньня рускага цара і пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі. Па ўсёй Беларусі зьявіліся грамадзкія, культурніцкія, дапамогавыя, палітычныя арганізацыі, гуртуюцца беларусы-вайскавікі на франтах вайны.

У ліпені 1917 года на зьезьдзе беларускіх грамадзкіх і палітычных арганізацыяў ствараецца Цэнтральная Рада Беларускіх Арганізацыяў, якая імкнулася аб’яднаць усе беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы. У пачатку кастрычніка 1917 года да Цэнтральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў далучылася Цэнтральная Беларуская вайсковая Рада, якая аб’ядноўвала вайскавікоў-беларусаў на ўсіх франтах і Балтыйскага флоту. Разам яны ўтварылі Вялікую Беларускую Раду – кіруючы цэнтр усіх беларускіх сіл. Гэта была магутная сіла, 27 тысячаў асоб.

Вялікая Беларуская Рада пачала рыхтаваць Усебеларускі Кангрэс, які мусіў бы ствараць беларускую ўладу і вызначыць дзяржаўную будучыню Беларусі.

Кангрэс адчыніўся ў Менску 5 сьнежня 1917 года па Юльянскім календары ў абстаноўцы незвычайнага нацыянальна-дэмакратычнага ўздыму. Прысутнічалі 1872 дэлегаты зь якіх 1167 з правам рашаючага голасу. Былі прадстаўлены ўсе мясьціны Беларусі ад Беластока і Вільні да Смаленска, усе нацыянальныя мяншыні і ўсе партыі і арганізацыі, у тым ліку прадстаўнікі ад розных галінаў вытворчасьці і дзяржаўных службаў ( напрыклад, паштавікі, чыгуначнікі, настаўнікі і г. д.). тут адчуваецца каласальная арганізацыйная праца і самае шырокае дэмакратычнае прадстаўніцтва. На такім узроўні тады і потым нічога падобнага ў былой Расеі арганізавана не было.

І цяпер ізноў пра атмасфэру грамадзтва і дух часу. На ўсіх франтах вайскавікі-беларусы яднаюцца і горача падтрымліваюць Усебеларускі Кангрэс. Газэта “Беларуская Рада” ад 8-га сьнежня піша: “Зьезд вайскавікоў-беларусаў Румынскага фронту горача вітае агульнабеларускі зьезд і верыць, што толькі цеснай нацыянальнай арганізацыяй, стварэньнем аўтарытэтнай краёвай улады і як апоры яе – моцнага нацыянальнага войска, можна ўратаваць родную краіну ад пагрозы падзелу. Зьезд патрабуе : 1) неадкладнага аб’яўленьня беларускай дэмакратычнай рэспублікі, 2) беларусізацыі тых дывізіяў і карпусоў, якія да вайны былі дыслакаваныя ў Беларусі”

Ці, напрыклад, тэлеграма ад Беларускай Рады ХІІ-й арміі ў стаўку Крыленку і ў Петраград Камісару па нацыянальных справах І.Сталіну: “Дык калі Вы шукаеце ўлады ня ў праўдзе, а ў сіле, то мы, Беларусы, Вам у ёй адмаўляем і патрабуем неадкладнага вырашэньня беларусізацыі, у адваротным выпадку, стыхійны рух арміі беларусаў пагражае выліцца ў самыя непажаданыя зьявы. Беларусізацыя, якая пачалася рэвалюцыйным чынам, закончыцца адыходам на сваю тэрыторыю. Ведайце, сіла ў народзе беларускім ня зьнікла”. Подпіс: “Старшыня Беларускай Рады ХІІ-й арміі Макарэвіч”.

У дзень адкрыцьця Кангрэсу газэта беларускіх вайскавікоў піша, што рашэньняў зьезду чакаюць шмат якія краіны і задаецца пытаньнем, цытата: “Ці пойдзем мы ў духу агульнарасейскім па шляху анархіі і беспрасьветнай цемры, ці ўсё ж мы, беларусы, пойдзем новым шляхам, шляхам абароны правоў чалавека і яго здабыткаў і перш за ўсё па шляху абароны ўжо напалову разбуранай Беларусі”. Як бачым, ёсьць рэчы, якія і за сто гадоў не зьмяніліся ў гэтым сьвеце.

Зьезд адчыніўся ў атмасфэры незвычайнага ўзрушэньня. “Ва ўсіх прамовах – аграмадны ўздым, - нарэшце прачнулася родная краіна”. “Беларусы павінны самавызначыцца, – усклікаў вядомы беларускі левы грамадавец і бальшавік Фабіян Шантыр. – Нам ня трэба рабства агульнарасейскай дэмакратыі (апладысменты) – у нас ёсьць свая дэмакратыя, свае беларускія бальшавікі. Мы павядзем Беларусь не шляхам дэмагогіі, а шляхам сапраўды дэмакратычным.” (Даведка. Фабіян Шантыр быў растраляны рускімі бальшавікамі ў 1920 годзе па асабістым загадзе Л.Троцкага).

Гучэлі воклічы: “Няхай жыве Беларусь!” “Няхай жыве Беларуская дэмакратычная рэспубліка!” “Няхай жыве беларуская нацыянальная армія!”. Граў духавы аркестар. Сьпяваў гімны беларускі хор.

Далей цытата па расейску з газэты таго часу:
“Но этот величественный день под конец был омрачен неслыханным нахальством представителя, по его словам, латышского народа, а вернее просто нахального большевика, который предложил нам, истинным сынам многострадальной, но отныне свободной Белорусской нации, он имел дерзость предложить нам выбросить наше белорусское знамя. Какая бульварная дерзость! Какое оскорбление всему белорусскому народу! Не хорошую услугу оказал большевикам их представитель. Крики возмущения, поднятые кулаки, крики: «вон» и «долой» были ответом на его речь.

Красивая и трогательная сцена была, когда после этого вышли вперед солдат, матрос и генерал, крепко сжавши руки друг другу, и когда старый генерал и революционер Алексеевский стал на колено и поцеловал то знамя, которое только что было осмеяно безумцем.»

Тут зазначу, што ў 60-х гадах, слухаючы расповеды ўдзельнікаў Беларускага Кангрэсу, мяне, як і іх, найбольш уразіў якраз гэты сымвалічны ўчынак генэрала Алексіеўскага. Тут узьнікла шляхам зьбегу абставінаў такая сітуацыя, калі адбылася публічная сакралізацыя нацыянальнага сьцяга. У той час Бел-чырвона-белы сьцяг імгненна распаўсюдзіўся па ўсіх франтах і арганізацыях, дзе былі беларусы. Гэтая раптоўнасьць межавала зь містыкай – сьведчыла пра нацыянальны дух беларусаў.

Інфармацыя ў газэце “Беларуская Рада”, якая друкавала пратакольны ход Кангрэса, часам гучыць як велічны панегірык, прамоўлены высокім стылем.

“Госпадзе, які настрой ва ўсіх! – усклікае відавочца, — сапраўды ўсе перажываюць вялікаўрачыстыя дні, гістарычныя. Я глыбока веру, што шчырыя сэрцы беларускія зьліваюцца ў адно і зробяць тую справу, якая будзе адбіта на першых старонках Беларускай гісторыі залатымі літарамі”.

Беларускі кангрэс меў надзвычай шырокае ўсеабдымнае прадстаўніцтва, скліканае на дэмакратычнай аснове. Кангрэс быў задуманы як сувэрэнная легітымная крыніца ўлады Беларусі, якая выконвала, фактычна, функцыі народнага парляманту і канстытуцыйнага воргану. Дэлегаты выбралі Прэзыдыум і старшыню Зьезда, стварылі Раду старэйшын па прынцыпу дэлегаваньня, дзеля хуткаснай апрацоўкі пратаколаў і прыняцьця рашэньняў. Дэлегаты падзяліліся на восем сэкцый і ў кожнай сэкцыі стварылі шэраг камісіяў па актуальных тэмах дзяржаўнага будаўніцтва. Былі сэкцыі палітыка-нацыянальная, аграрная, эканамічна-фінансавая, культурна-асьветніцкая, дзяржаўна-праўная, вайсковая, па арганізацыі ўлады і г.д. Секцыі і камісіі працавалі ва ўсіх памяшканьнях гарадзкога тэатра і нават за яго межамі. Вынікі працы сьцякаліся ў Прэзыдыум і Раду старэйшын, абмяркоўваліся на пленарных паседжаньнях. Так працуе парлямант. Калі ўжо была гатовая рэзалюцыя, складзеная ў форме канстытуцыйнага дакуманту, мясцовыя рускія бальшавікі, якія трымалі ўладу ў Менску (Абласны Выканаўчы камітэт Заходняга Фронту) акружылі тэатр браневікамі і ўвялі ў будынак войска, якое штыкамі стала выштурхоўваць людзей на вуліцу.

Аднак Зьезд пасьпеў прыняць і прагаласаваць першы з 15-ці пунктаў рэзалюцыі, у якім сьцьверджана, што “Першы Усебеларускі Зьезд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са свайго складу ворган краёвай улады ў асобе Усебеларускай Рады сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіраваньня краем”.Тут жа была абраная Рада Кангрэсу (71 асоба), якая павінна была спаўняць дзяржаўную ўладу і прывесьці да стварэньня Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Рада атрымала такія паўнамоцтвы.

У гэты ж дзень Рада сабралася падпольна ў клюбе чыгункі пад аховай чыгуначнікаў і стварыла Выканаўчы Камітэт Рады, які мусіў бы арганізацыйна ажыцьцяўляць рашэньне Кангрэсу.

18 лютага 1918 года немцы пачалі раптоўнае наступленьне па ўсім фронце. Расейцы ў паніцы ўцякалі, рабуючы маёмасьць (і што цікава, пакідаючы зброю). Выканкам Рады Кангрэса сабраўся ўжо 19 лютага і пастанавіў узяць уладу ў свае рукі. Тут жа была створана беларуская вайсковая дружына пад кіраўніцтвам Канстанціна Езавітава. Беларусы ўзялі горад пад свой кантроль, разагнаўшы розныя рускія і польскія банды. 20 лютага Выканкам Рады Кангрэсу сфармаваў Першы Беларускі ўрад (Народны сакратарыят) на чале зь Язэпам Варонкам. Была падрыхтавана 1-я ўстаўная грамата беларускай улады “Да народаў Беларусі” і абнародвана 21 лютага. У тэксьце сказана: “Выканаўчы Камітэт Рады Першага Усе беларускага Зьезду, даданы прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных мяншыняў, зьдзяйсьняючы заданьні Зьезду, абвяшчае сябе тымчасоваю Уладай на Беларусі”.

“Тымчасовую народную ўладу Краю, якая паставіць сабе заданьні абароны і зацьверджаньня здабыткаў рэвалюцыі, будзе зьдзяйсьняць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі”.

У гэты ж дзень у Менск зайшлі першыя нямецкія аддзелы. І першае, што яны сталі рабіць – гэта сарвалі беларускі сьцяг з будынку Выканкама Рады і пачалі адбіраць беларускую маёмасьць.

3-га сакавіка быў падпісаны антыбеларускі ганебны Берасьцейскі мір. Сітуацыя зьмянілася ў горшы бок. Патрэбныя былі дакладныя і рашучыя захады з боку беларусаў, якім нават не далі магчымасьці ўдзельнічаць у мірных перамовах.

На тэрыторыі Беларусі вось ужо чатыры гады ішла вайна. Беларусь ні з кім не ваявала. На яе зямлі і за яе кошт збройна вырашалі свае інтарэсы расейцы з немцамі, потым шматкроць расейцы з палякамі. Краіна была вынішчана дазваньня. Такая сітуацыя пры адсутнасьці беларускай улады, дзяржавы і войска прыводзіла да зьнішчэньня народу і падзелу тэрыторыі. Першы такі падзел несамавызначанай зямлі адбыўся ў выніку Берасьцейскага міру. Ніхто ня быў зацікаўлены ў прадстаўніцтве беларусаў на мірных перамовах. Для немцаў з расейцамі наша зямля была прадметам гандлю; усе суседзі спадзяваліся за кошт ляжачай Беларусі павялічыць свае тэрыторыі. Сяброў і прыхільнікаў у гэтым “замірэньні” не было.

Беларусам трэба было тэрмінова ствараць дзяржаву, уладу і сілу. 9 сакавіка 1918 г. Выканаўчы Камітэт 1-га Усебеларускага Кангрэсу, спаўняючы яго волю, выдае 2-ю Устаўную канстытуцыйную грамату “да народаў Беларусі”, дзе першым пунктам было запісана: “Беларусь у рубяжох разсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублікай”.

Тым ня менш у новых абставінах Берасьцейскага міру сітуацыя была няпэўнай і залежнай ад галоўнага ворага і захопніка – бальшавіцкай Расеі. Трэба памятаць, што Беларускі Кангрэс прызнаваў бальшавіцкі ўрад Леніна і на Зьезд у сьнежні 1917 года запрасіў усіх, у тым ліку і бальшавікоў. Не прызнаваў Кангрэс толькі Абласны выканаўчы Камітэт Заходняга Фронту, які ня меў дачыненьня да Беларусі (але ў рэальнасьці гэта тут якраз і была расейская акупацыйна-бальшавіцкая ўлада).

Далей (пасьля Берасьцейскага падзелу Беларусі) Беларуская Народная Рэспубліка ўжо не магла быць у складзе Расеі і залежыць ад Масквы. Яе ліквідавалі б сілай і адміністрыцыйным шляхам.

Адміністрацыйная залежнасьць ад Расеі тут нонсэнс, самагубства, абсурд.

25-га Сакавіка 1918 года прымаецца Трэцяя ўстаўная грамата БНР, ад якой пачынаецца новы адлік беларускай нацыянальнай гісторыі.

Вось гэтыя найважнейшыя словы: “Мы, Рада Беларускай Народнай Республікі, ськідаем з роднаго краю апошнее ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскіе цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтаго часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай”.

Берасьцейская мірная дамова скасоўвалася. Дзяржаўнай мовай аб’яўлена беларуская мова. Сталіцай БНР стаў горад Менск.

Зразумела, што ў гэтых умовах ніхто юрыдычна не хацеў прызнаць БНР, хаця фактычнае прызнаньне на ўзроўні супрацоўніцтва, місій, прадстаўніцтва, кансуляту было, праўда, няшмат (фактычна, усё рахавалася на пальцах адной рукі). Становішча не зьмянілася і пасьля рэвалюцыі ў Нямеччыне і скасаваньня Берасьцейскага міру. Ворагі Беларусі рыхтавалі новы падзел нашай краіны.

Аглядаючы і аналізуючы дзейнасьць Рады БНР і ўрадаў БНР у пэрыяд акупацый, асабліва ў 1918-1921 гг., уражвае, зь якой упартасьцю і пасьлядоўнасьцю ў найцяжэйшых умовах вайны і варожай палітыкі ўсе яны імкнуліся замацаваць, сьцьвердзіць БНР, дамагчыся яе прызнаньня міжнароднай супольнасьцю, суседзямі і вялікімі дзяржавамі. Выкарыстоўвалі кожную магчымасьць, кожную канфэрэнцыю, кожную перамену.

Зьвярталіся зь лістамі да Пілсудзкага, да Сталіна, да ўрадаў Латвіі і Летувы, да нямецкага кайзэра, да ўкраінцаў і эстонцаў, спатыкаліся з першымі асобамі акупантаў (Пілсудзкім, Сталіным), стваралі новыя ўрады і кааліцыі, разыходзіліся і зноў зыходзіліся, але справы сьцьверджаньня БНР не кідалі. Тут усе дзейнічалі ў адно. З гледзішча той сітуацыі і палітыкі – іхняя дзейнасьць у тых умовах была палітычным гераізмам, рэдкім па сваёй мэтанакіраванасьці. Яны трымалі сьвяты агонь надзеі, запалены на Вялікім сходзе. І датрымалі яго. Ён не пагас і загарэўся зноў у 90-х. І мы ведаем, што першапраходцы гэтага шляху заплацілі за яго сваімі жыцьцямі.

І цяпер давайце глянем, што гэта ўсё абазначала ў кантэксьце жыцьця і разьвіцьця беларускай нацыі, пра што сьведчыла.

Акт 25 Сакавіка і тыя падзеі засьведчылі перамогу Беларускай нацыянальнай ідэі, якая рэалізуе сябе ў стварэньні нацыянальнай дзяржавы.

Тое, што гэтая дзяржава цалкам не рэалізавалася ў практычным сэнсе справы, не мяняе становішча і не падважвае нашых высноў, бо незавершанасьць яе дзяржаўнага будаўніцтва зыходзіла не з унутраных прычын, а з умоваў акупацыі, перашкодаў і забаронаў на дзейнасьць. Тое, што было зроблена ў тых умовах, можна ацаніць як вынік, дасягнуты звыш магчымасьцяў. У БНР былі намечаны ўсе пачаткі сучаснай дзяржавы і частка іх рэалізавана насуперак неспрыяльнай рэчаіснасьці.

Далейшае спыненьне разьвіцьця БНР было зьвязана з маскоўскай акупацыяй Беларусі і вымушанай эміграцыяй Ураду і Рады БНР. Прэцэдэнт стварэньня Беларускай незалежнай дзяржавы адбыўся. Факт незалежнасьці БНР стаў чыньнікам разьвіцьця нацыі і пунктам адліку яе новай дзяржаўнай гісторыі.

Ад часу аб’яўленьня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі наша гісторыя разьвівалася як дзяржаватворчы працэс. Беларуская дзяржава стала звышзадачай нацыянальнага існаваньня. Без 25 Сакавіка 1918 года не было б 25 Жніўня 1991-га і паўнавартаснай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. Адраджэнцы 90-х працягнулі справу БНР і рэалізавалі яе ў незалежнай дзяржаве.

Аб’яўленьне незалежнасьці БНР сьцьвердзіла адначасна нацыянальную ідэалёгію новай краіны. Гэтая ідэалёгія называецца “Адраджэньне”. (Заўважу, што пры савецкай акупацыі гэтае слова было забаронена). Сутнасьць нацыянальнай ідэалёгіі “Адраджэньня” ў сьцьверджаньні пабудовы новай дзяржавы Беларусі на грунце культуры і гісторыі нашай гістарычнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. Ідэалёгія “Адраджэньня” была падтрымана Беларускім Народным Фронтам “Адраджэньне” і дапамагла стварыць незалежную дзяржаву “Рэспубліка Беларусь”.

Эпоха стварэньня БНР паказала высокі ўзровень беларускай актыўнасьці і сьведамасьці грамадзтва. Пасіянарны ўзровень беларусаў, іхнае самаўсьведамленьне, адчуваньне салідарнасьці і агульнай радзімы было дастаткова высокім, каб падтрымаць ідэю стварэньня нацыянальнай дзяржавы і дзяржаўнай незалежнасьці ў нацыянальнай палітыцы. Усё гэта пацьвердзілі палітычныя і грамадзкія падзеі таго часу. Стварэньне незалежнай дзяржавы БНР натуральна вынікала з грамадзка-палітычных абставін, у якіх жыло і разьвівалася беларускае грамадзтва.

Трэба адмаўляцца ад сялянска-народніцкіх стэрэатыпаў таго часу пра цёмных сялян, “тутэйшых”, ды ад літаратурнага плачу пра народ, што “сьляпы, нібы крот”. Былі і сьляпыя, але былі і відушчыя, што стварылі БНР і нават аддалі за яе жыцьці, баронячы Беларусь ад Маскоўскай арды пад Слуцкам, Вызнай ды Грозавым.

Такі ўзровень нацыянальнай пасіянарнасьці, як у 1917-1920 гг., быў у беларусаў яшчэ толькі ў пачатку 90-х гадоў, у часы стварэньня Беларускага Народнага Фронту. Як і ў 1918-м зьява замацавалася стварэньнем новай незалежнай беларускай дзяржавы.

Сумяшчэньне чыньнікаў нацыянальнай актыўнасьці і салідарнасьці беларусаў са зьместам акту 25 Сакавіка і з аб’яўленьнем незалежнай дзяржавы сьведчыць пра канчатковае сфармаваньне новай Беларускай нацыі і пра гістарычнае замацаваньне назвы новай нацыянальнай краіны – Беларусь.

Усе закіды і роспачныя ацэнкі пра нібыта “насфармаванасьць”, “недапечанасьць” нацыі – гэта рыторыка, якая вынікае з акупацыйнага стану, з акупацыйнай палітыкі і прапаганды (у тым ліку і з цяперашняй разбуральнай палітыкі ўнутаранай акупацыі).

Беларуская нацыя канчаткова сфармавалася (дарэчы, як і ўкраінская і прыбалтыйскія нацыі) у першай чвэрці ХХ стагоддзя. У той час адбылася апошняя хваля эўрапейскай нацыятворчасьці. Фармальны вынік яе ідэйнага завяршэньня ў Беларусі – 25 сакавік 1918 года.

Гэты ж дзень зьяўляецца і фармальным пунктам адліку сусьветнага прызнаньня новай назвы краіны – Беларусь.

Зьмена этноніма адбывалася ў складаных абставінах, але ў цэлым характарызавалася як натуральны працэс фармаваньня нацыі і нацыянальнай літаратуры ва ўмовах татальнай забароны беларускай мовы і непрызнаньня яе расейскімі царскімі ўладамі.

Рашаючае слова сказала беларуская літаратура як першасная нацыятворная чыннасьць. У нацыябудаўніцтве ў абставінах, якія склаліся, назоў Беларусь – гэта быў аптымальны выбар. Праблемы якія ўзьнікаюць у сувязі са спалучэньнем старой назвы «Літва» і новай «Беларусь» — гэта перш за ўсё ёсьць праблемы палітыкі і ўплыву антынацыянальнага рэжыму ўлады, але не этнанімікі, не нацыялогіі. Нацыянальная ідэалёгія «Адраджэньня» дае адказ і спосаб збалансаванага вырашэньня назыўнога пытаньня.

Актам 25 сакавіка былі акрэсьленыя асноўныя дэмакратычныя свабоды новай краіны ў сацыялістычным іх разуменьні. Істотным для нацыянальнага існаваньня дзяржавы было, аднак, азначэньне тэрыторыі і межаў Беларусі, адлюстраваных пазьней на мапе. Фактычна гэта мапа этнічнага разсяленьня беларусаў і гучаньня беларускай мовы, якая супадае цалкам зь межамі Вялікага Княства Літоўскага бяз Жмудзі і Украіны.

Аб’яўленьне незалежнасьці БНР сьцьвердзіла новую сталіцу дзяржавы – горад Менск. Гэта быў вымушаны крок,які вынікаў з абставінаў. З прычыны вайны і прыфрантавога становішча Менск моцна павялічыўся, стаў цэнтрам грамадзка – палітычнага жыцьця. Вільня з 1915 года была аддзелена лініяй фронта і апынулася ў глыбіні нямецкай акупацыі. Уплыў яе змалеў. Стаўка на Менск была правільнай, давала магчымасьць уплываць на падзеі і захаваць усю Беларусь. Небходна было нэўтралізаваць тут (у Менску) антыбеларускія сілы, ня даць ім магчымасьць кансалідавацца. Арганізацыя Беларускага кангрэсу ў Менску – выдатная ў гэтым сэнсе беларуская палітычная перамога.

З другога боку пакіданьне Вільні на пэрыферыі беларускай палітыкі спараджала пагрозу яе страты ў будучыні. Што і сталася. Гэта каласальны ўдар па беларускай нацыі. Але тады, у 1918, не абраўшы Менск, можна было страціць яшчэ больш.

Надзвычай важным дасягненьнем акту 25 сакавіка стала сьцверджаньне і сакралізацыя дзяржаўнага гістарычнага гэрба Пагоня і Бел-Чырвона-Белага дзяржаўнага сьцяга. Прытым прыняцьце дзяржаўных сімвалаў адбылося на высокім геральдычным узроўні. Тут эўрапейская геральдычная культура

Гэрб Пагоня быў шырока вядомы і тут не ўзьнікала пытаньняў.

Лічыцца што сучасную кампазыцыю Дзяржаўнага Бел-Чырвонв-Белага Сьцяга прапанаваў Клаўдыюш Дуж-Душэўскі. Істотна ў гэтай кампазыцыі тое, што зроблена яна па класічных правілах гэральдыкі. У Сьцягу скарыстаныя асноўныя колеры гэрба Пагоня – белы і чырвоны (як і патрабуе геральдыка). Зь іншага боку бел-чырвона-белае палатно (ці інакш – белае палатно з чырвонай паласой) – гэта мадыфікацыя сімвала сьвятога Юрыя, які звычайна пазначаецца ў вобразе чырвонага крыжа на белым фоне. Зь бел-чырвона-белай харугвай ёсьць шмат абразоў Ісуса Хрыста, бел-чырвона-белая апаска ўжываецца ў аблачэньні праваслаўных і вуніяцкіх епіскапаў, бел-чырвона-белыя колеры тыповыя для аўтэнтычных беларускіх народных строяў. Усё гэта кажа пра глыбокі гістарычны кантэкст Беларускага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга сьведчыць пра геральдычную культуру дзяржаўных сімвалаў БНР.

У трэцяй устаўной грамаце сьцьверджаны найважнейшы чыньнік існаваньня Беларускай нацыі – дзяржаўнасьць беларускай мовы ў БНР. Дзеячы БНР усьлед за Багушэвічам цудоўна разумелі, што Беларуская нацыя – гэта Беларуская мова. Тут асаблівасьць зьявы. Яе, дарэчы, на сёньняшні дзень выдатна ведаюць усходнія ворагі Беларусі, але ня ўстане зразумець некаторыя беларусы, прапушчаныя праз расейскія школы.

Аналізуючы ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі зьвяртаем увагу на юрыдычна бездакорную працэдуру яе арганізацыі і легітымнасьць існаваньня.

Ланцужок такі. Склікаецца Беларускі кангрэс з найшырэйшым прадстаўленьнем усіх тэрыторый, партый, арганізацыяў, нацыянальных мяншыняў і групаў насельніцтва. Каласальнае народнае прадстаўніцтва. Перад збройным разгонам Кангрэс выбірае Раду Усебеларускага Кангрэсу, якая атрымала юрыдычныя паўнамоцтвы на далейшую пабудову беларускай дзяржавы. Потым Рада стварае Выканкам. Выканкам аб’яўляе сябе ўладай у краіне, стварае Ўрад, стварае Беларускую Народную Рэспубліку, якая заяўляе пра сваю незалежнасьць. Легітымнасьць Рады БНР не падважальная.

Дзеячы і заснавальнікі БНР паказалі пакаленьням наперад добры прыклад як трэба адстойваць інтарэсы Беларусі. Але што характэрна гэтае слова «інтарэсы» амаль не гучыць. Усюды і па сёняшні дзень гаворыцца пра «ідэалы». Пра ідэалы, якія сьцвердзіла Беларуская Народная Рэспубліка. Гэтыя ідэалы: вольная Беларусь, незалежнасьць, беларуская мова, дэмакратыя, непадзельнасьць Айчыны.

Утварэньне і аб’яўленьне незалежнасьці БНР сьцьвердзіла гістарычна новую беларускую нацыю, новую беларускую дзяржаву, новую сталіцу, гімн і дзяржаўныя сімвалы, гістарычную тэрыторыю і гістарычную пэрспэктыву беларускага народа.

Сэнс гэтай зьявы можна выкласьці ў двух славах, якія я прапаную адліць золатам і выбіць на камені, дзе напісаць: «Беларусь – навечна!»

Так будзе і так павінна быць.
Жыве Беларусь!

25.03 2018 г. Зянон Пазьняк

19/3/2018 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2018
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024