Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

У Менску адбыўся мэмарыяльны мітынг да гадавіны Чарнобыльскай катастрофы

czarnob18-026m.JPG
26 красавіка ў Менску ў Кіеўскім сквэры на Булвары Шаўчэнкі адбыўся мэмарыяльны мітынг з нагоды 32-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, арганізаваны Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыяй – БНФ. Людзі прышлі ў гэты прыгожы сталічны цэнтр, пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. Сабраліся менчукі і беларусы зь іншых гарадоў краіны.

Грамада выслухала выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, — “Чарнобыльскі шлях – наканаваньне, якое мусім прайсьці”. Старшыня Партыі акцэнтаваў свой выступ на дачарнобыльскай радыяцыі ў Беларусі, якую стварыла савецкае акупацыйнае войска ў 1950-1970-х гадах, калі таемна на беларускіх палігонах выпрабоўвала тактычную атамную зброю. Цяперашняя ўспышка анкалагічных і сардэчных захворваньняў насельніцтва зьвязана якраз з тымі схаванымі ад людзей атамнымі выпрабаваньнямі.

Выступіў сп. Георгі Лепін, фізік, доктар тэхнічных навук, дасьледчык наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, аўтар кніг на гэтую тэму. Навуковец казаў пра недапушчальнасьць пабудовы атамнай электрастанцыі ў Беларусі, пра небясьпечнасьць месца, дзе ідзе будаўніцтва Астравецкай АЭС, прыводзіў факты і статыстыку, якія сьведчаць пра адмоўны досьвед ва ўсіх адносінах з атамнымі электрастанцыямі ва ўсім сьвеце. Ён завершыў свой выступ патрабаваньнем спыніць будаўніцтва пад Астраўцом і мабілізаваць сілы грамадзтва для недапушчэньня пабудовы новага Чаргобыля для нашага народу і суседзяў Беларусі.

Адзін з арганізатараў мітынгу адказны сакратар Управы Фронту і Партыі сп. Алесь Чахольскі, ліквідатар наступстваў катастрофы, распавёў пра тое, як бяздарна і злачынным чынам савецкія ўлады праводзілі гэтую апэрацыю. Бессэнсоўна і бяздарна тысячы людзей займаліся так званай “дэзактывацыяй” на атручаных радыёнуклідамі тэрыторыях, зь якіх пазьней ўсяроўна давялося адсяляць насельніцтва і закапываць бульдозэрамі цэлыя вёскі. І вось зноў на нашай зямлі чужая і варожая сіла – Масква – рэалізуе злачынную задуму: будуе расейскую, чужую і непатрэбную нам АЭС у Астраўцы. Маўчаць і цярпець нельга. Увесь народ павінен змагацца за сваю будучыню, за сваіх дзяцей. Над краінай зноў навісла пагроза атамнай катастрофы.

З прамовай выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Ён падкрэсьліў, што супраць нашага народа вядзецца вайна. Як яшчэ можна назваць дзейнасьць Масквы, накіраваную на зьнішчэньне нашага народа, нашай культуры і цывілізацыі? Калі гэта так, то і мы павінны дзейнічаць, абараняцца. Імпэрскае зло пранікла паўсюль. На харчовых прадпрыемствах дзейнічаюць два канвэеры. Адзін канвэер для вырабніцтва чыстай і якаснай прадукцыі – гэта вывозіцца ў Маскву. Для беларусаў – другі канвэер, дзе вырабляюць атручаныя радыёнуклідамі харчовыя прадукты. Штогод рэжым пашырае пасяўныя плошчы на тэрыторыі, зараджаныя ў выніку Чарнобыльскай катастрофы. Ніякай гаспадарчай мэтазгоднасьці ў гэтым няма. Рэжым на загад Масквы праводзіць злачынны экспэрымэнт над нашым народам. На жаль, большасьць нашых грамадзян нават не задумваюцца над гэтым. Грамадзтва павінна ўсьведаміць, што так далей жыць нельга.

Сакратар Управы Фронту і Партыі сп. Валеры Буйвал нагадаў, хто адкрыў сьвету праўду пра Чарнобыльскую катастрофу і абваліў мур рэжымнай хлусьні на гэтую тэму. У верасьні 1989 года БНФ “Адраджэньне” паслаў ва ўсе пацярпелыя раёны групы сваіх актывістаў на аўтамабілях. Фронтаўцы сустракаліся з людзьмі, наведвалі гаспадаркі, шпіталі, зьбіралі інфармацыю і подпісы грамадзян з патрабаваньнем арганізацыі дапамогі пацярпелым ад чарнобыльскай бяды. У Менску быў праведзены шматтысячны Чарнобыльскі шлях. У сьнежні БНФ арганізаваў у Чырвоным касьцёле міжнародную канфэрэнцыю на чарнобыльскую тэму і стварыў Чарнобыльскі Трыбунал. Сьвет даведаўся праўду, і ўжо з вясны 1990 года ў Беларусь пайшла гуманітарная дапамога з розных краін. Народны Фронт арганізаваў першыя групы дзяцей з пацярпелых раёнаў на аздараўленьне за мяжой. Ужо на пачатку 2000-х гадоў рэжыму ўдалося (дзякуючы пасіўнасьці насельніцтва) амаль поўнасьцю спыніць паступленьне гуманітарнай дапамогі і выезды дзяцей за мяжу, арганізаваць ізаляцыю нашага грамадзтва ад цывілізаванага сьвету. Рэжымныя ворагі робяць гэта дзеля “чысьціні экспэрымэнту” над беларусамі. Толькі грамадзкі супраціў можа разбурыць гэтую антычалавечую сістэму, якая пагражае самому існаваньню нашага народа. Рашэньне гэтай жыцьцёвай праблемы можа быць толькі палітычным. Наш народ вызваліцца ад імпэрскага кашмара і будзе жыць у вольнай дэмакратычнай краіне. Наперадзе аналаг Нюрнбэргскага працэсу над злачынцамі, якія праводзяць пачварны экспэрымэнт над беларусамі. Будучыня Беларусі будзе сьветлай і прыўкраснай.

Свае пранікнёныя вершы прачытала паэтка Яўгенія Казлова (Ворша).

На прыканцы грамада засьпявала беларускі нацыянальны гімн “Магутны Божа”. Лунаў покліч “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

czarnob18-008-m.JPG

czarnob18-010m.JPG

czarnob18-013m.JPG

czarnob18-016m.JPG

czarnob18-018m.JPG

czarnob18-022m.JPG

czarnob18-025m.JPG

czarnob18-026m.JPG

27/4/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2018
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024