Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ДА ПЫТАНЬНЯ ПРА АДСУТНАСЬЦЬ ВЫБАРАЎ АЛЬБО ЯК ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА

18 лютага гэтага года адбыліся чарговыя псэўдавыбары ў мясцовыя саветы. Абстаўлена ўсё было цынічна і бессаромна. Выпрабоўвалі грубыя фальсіфікатарскія тэхналёгіі (”карусэлі”, укіды бюлетэняў, “паролі” для “сваіх” і т. п.). Рэжым ужо ня бачыць патрэбы хавацца ў ілжы, маскавацца і прыкідвацца, што адбываюцца нібы та “выбары”. Ён бачыць, што грамадзтва дэмаралізаванае,
воля яго зламаная, яно, маўляў, успрыме ўсё, любую хлусьню, любую лухту і будзе маўчаць.
Захад, які праваліўся ў Беларусі з сваёй нікчэмнай прарасейскай палітыкай (пад выглядам дэмакратыі) будзе таксама маўчаць, што б ні сталася, бо ні на якія рашучыя дзеяньні ён ня здольны.

Адпаведна з дэградацыяй грамадзтва крок за крокам, дзень за днём, раз за разам ідзе нішчэньне Беларусі, і вынікі гэтага пэрманэнтнага нішчэньня адбіваюцца ў людзях ва ўсім пакаленьні.

Выбарчае фальшаваньне выявіла шмат тэставых прыкмет дзеля характарыстыкі цяперашняга становішча ў Беларусі. Людзі ў чарговы раз без супраціву і нараканьняў далі сябе загнаць на антыдэмакратычнае так званае “папярэдняе” галасаваньне. На ўзроўні сучаснага вопыту псэўдавыбараў у Беларусі гэта абазначае, што грамадзтву ў цэлым няма справы дзеля сваёй будучыні і будучыні сваёй краіны. Выходзіць, што можна ўдзельнічаць у амаральных дзеяньнях, калі яны арганізаваныя ўладай, можна ўдзельнічаць, каб ня мець потым асабістых клопатаў. Гэтак жа сама паводзіць сябе “настаўніцкі корпус”, які абслугоўвае фальшывыя выбары.

Студэнцтва горада Менска на 96,4 адсоткі ў першы ж дзень загону прыняло ўдзел у “папярэднім галасаваньні”. Няма падставы лічыць, што астатнія 3,6 адсоткаў, што не галасавалі, — гэта альтэрнатыўная частка моладзі. Пры такім раскладзе, які ўтварыўся, большае значэньне маюць розныя выпадковыя сітуацыйныя чыньнікі (захворваньні і т. п.).

Фармальная выснова, якая механічна вынікае з гэтай падзеі, — беларуская нацыя ў сучасным маладым пакаленьні, што вырасла пры клгасным рэжыме, ня мае будучыні. Мэнтальныя нявольнікі яе ня ймуць. Будучыня краіны будзе залежыць ад іншых чыньнікаў. І вырашаць трэба хутчэй.

Тым часам высновы, якія я тут агучваю, ня могуць мець абсалютнага значэньня, бо прычыны ўлеглых паводзінаў людзей у значнай ступені абумоўленыя сітуацыйным характарам дыктатуры і таталітарнай сістэмы ўлады, якая ўстанавіла кантроль над кожным чалавекам. Карціна практычна паўсюдна аднолькавая ва ўсіх дыктатарскіх антынародных і рэпрэсіўных рэжымах.

На практыцы гэта выяўляецца ў тым, што калі, напрыклад, настаўнік ня пойдзе ілгаць на фальшывыя выбары, то рызыкуе страціць пасаду, працу, вучэбныя гадзіны і г. д. Кожны вымушаны прымаць індывідуальнае рашэньне і кожнаму можа пагражаць індывідуальная рэпрэсія. Кожны ў адзіночку апынаецца перад усёй рэпрэсіўнай машынай ўлады, якая можа яго раздушыць. (Пасьпяхова змагацца супраць антыпраўнай сістэмы можна толькі масавай арганізацыяй і калектыўнымі дзеяньнямі.)

Тое ж і са студэнтамі, якіх могуць выключыць з вучэльні, пазбавіць стыпендыі, заваліць на экзамене і г. д. Тое ж і з працаўнікамі, зь якімі могуць незаключыць кантракт, панізіць у пасадзе, пазбавіць прэміі і г. д.

Кожны сам па сабе з сістэмай змагацца ня ў сілах. Сістэма ўлады абавязкова выйграе, а грамадзтва абавязкова дэградуе. Дэградуе, пакуль не пачне самаарганізоўвацца і змагацца калектыўна, ствараючы сваю сістэму ўзаемнай падтрымкі і салідарнасьці.

Акупацыйную сутнасьць здрадніцкага рэжыму высьвятляюць надзвычайныя факты. У мясцовыя саветы рэжымная ўлада не прапусьціла ніводнага альтэрнатыўнага для рэжыму кандыдата (нават з тых, што ўдзельнічалі ў фальшывых выбарах і дапамагалі рэжыму ствараць уражаньне выбараў). Тым часам у псэўдавыбарах прымаў ўдзел 21 грамадзянін Расеі. (Тут цынічны акупацыйны абсурд). Уся руская агентура ў колькасьці 21-й асобы была прапушчана ў беларускія саветы. Паколькі ЦВК узначальвае крэатура ФСБ, то тут магчыма ўжо нават і ў Лукашэнкі не пыталіся. Але зразумела, што без яго гэты акупацыйны ўкід не абышоўся.

Усё часьцей рэжым адкрыта зьвяртаецца да мэтодыкі савецкага мінулага ў арганізацыі ўлады, эканомікі, ідэалёгіі і прапаганды. Сталінізм, савецкія даты, савецкія асобы сталі звыклай карцінай у выяўленьні рэжымнай палітыкі. У апошні час пачалі аднаўляць і нахвальваць імя былога сакратара ЦК КПБ Машэрава. З усёй камуністычнай верхавіны ўлады ў Беларусі, пачынаючы ад 1919 года, гэта была самая шкодная фігура для быцьця беларускай нацыі. Ён выконваў самыя антычалавечыя распараджэньні Масквы па падрыве існаваньня беларускага этнасу, народа і культуры. Яго дзейнасьць мае прыкметы злачынства супроць чалавецтва. Галоўныя яго злачынствы:

– ліквідацыя беларускіх школ у гарадах і мястэчках; ліквідацыя беларускай адукацыі, русіфікацыя краіны пад выглядам пабудовы камунізма;

– разбурэньне прыроднага вобразу краіны, ліквідацыя малых рэк шляхам спрастаньня рэчышчаў, татальная меліарацыя тэрыторыі, што прывяло да непапраўных дрэнных зьмен у прыродным асяроддзі, клімаце, прыродзе і экалогіі;

– пачатак ажыцьцяўленьня грандыёзнага антынацыянальнага плану па зьнішчэньні беларускага этнасу шляхам ліквідацыі (на першым этапе) больш за 70 адсоткаў беларускіх вёсак як “непэрспэктыўных” для жыцьця (з 34 тысяч вёсак плянавалі на першым этапе зьнішчыць 25 тысяч і пакінуць 9 тысяч).
Гэты плян ужо тады прынёс шмат гора людзям, але да канца ня быў ажыцьцёўлены. Яго ў іншай мадыфікацыі падхапіў рэжым Лукашэнкі (у рэчышчы той жа маскоўскай антыбеларускай стратэгіі). Вынік — беларуская вёска хутка вымірае (разам з носьбітамі мовы і традыцыйнай культуры).

– Стварэньне фальшывай міфалогіі аб савецкім партызанскім руху ў Беларусі, інсьпіраванага маскоўскім НКВД. Татальная, без разбору, гераізацыя злачынстваў савецкіх партызанскіх бандаў супраць беларускага народа. (Таксама стварэньне сабе культа галоўнага партызана, арганізатара і натхняльніка партызанскага руху ў Беларусі.)

– Арганізацыя зьнішчэньня гістарычнай забудовы Менска (вуліцы Нямігі і прылеглых раёнаў);

– эканамічныя і экалягічныя злачынствы: галоўныя зь іх — гэта ператварэньне Беларусі ў гіганцкі сьвінакомплекс дзеля кармленьня ўсёй Расеі. (Сьвінафермы па 50, 100, і нават 200 тысяч сьвіней — сталі магутным ўдарам па экалёгіі і акаляючым асяроддзі.)

Да такога ж роду вар’яцкіх рашэньняў гэтага самадура адносіцца так званая апэрацыя “галінкі”, праведзеная ў 1970-х гадах. Атрымаўшы паведамленьне ад сіноптыкаў аб засушлівым леце, Машэраў аддаў загад па ўсёй Беларусі вырубаць хмызьнякі, галінкі дрэў у лясах, здрабняць іх і сіласаваць у ямах дзеля кармленьня кароў. На працягу месяца тысячы машын, аўтобусаў, сотні тысячаў людзей па ўсёй Беларусі былі задзейнічаныя на сьсяканьне хмызьнякоў, галінак дрэў і сіласаваньне іх у калгасах. Для падвозу людзей задзейнічаныя былі цэлыя аўтобусны паркі, машынныя рэсурсы прадпрыемстваў. Лугі і сенажаці ніхто не касіў. Тым часам лета было пагодным і не засушлівым.

Эканамічнае злачынства было надзвычайным, страты каласальныя. Але тут істотная не эканоміка. Каровы лісьце і галінкі дрэў, зразумела ж, не ядуць. Жывёла здохне, але есьці хмызьняк ня стане. Гэта вядома ўсім людзям і дзецям. І тым ня менш, уся нацыя, сотні тысячаў людзей пад трэск газэтна-тэлевізійнай прапаганды рабіла дурную працу, разумеючы, што ўдзельнічаюць у вар’яцтве. (Дарэчы, кожнаму секачу дрэў захоўвалася зарплата па месцы працы.)

Тут ізноў жа мы бачым псіхалягічны фэнамэн таталітарнага рэпрэсіўнага рэжыму, дзе людзі прыраўняныя да насельнікаў канцлягера, нявольнікаў без нацыі і культуры, зэкаў на лесапавале, якія думаюць толькі пра пайку. Бальшыня людзей усьведамляла шызоідны ідыятызм акцыі Машэрава, але вымушаныя былі ў ёй ўдзельнічаць пад страхам звальненьня з працы. Сьмяяліся з загаду,, высьмейвалі свой “мартышкін труд”, але дрэўцы секлі.

Вынікі мэнтальнасьці таталітарызму трэба мець на ўвазе. Такая псіхалогія нікуды ня падзелася. І справа ня толькі ў саветызме, ня толькі ў “саўку”. Справа ў дэнацыяналізацыі, у дэградацыі нацыянальна-культурнай сьвядомасьці, у дэгенерацыі асобы праз пазбаўленьне ад нацыянальнай годнасьці, ад нацыянальнай мовы, ад нацыянальнага веданьня, думаньня і пачуцьця.

Нашчадкі гэтых “зэкаў” па нарыхтоўцы хмызьняку для кароў цяпер усхваляюць Машэрава і галасуюць за Лукашэнку, ідуць на фальшывыя выбары.

Вырасла пакаленьне “белага ліста” — людзей, якія нічога ня ведаюць пра нацыянальную і чалавечую гісторыю народаў і чалавецтва, нават пра тое, што сталася 20-30 гадоў таму ў іхняй краіне. Грамадзтва перамянілася. 23 гады антыбеларускай палітыкі пакінулі глыбокі разбуральны сьлед.

Які выхад са становішча? Дзе дарога ў будучыню? Яна ёсьць, існуе ўвесь час і ўсюды. Нацыю аб’ядноўвае, стварае і сцьвярджае Нацыянальная ідэя. І толькі яна. А гэта значыць — трэба ведаць і шанаваць сваю Беларускую мову, свой народ, сваю краіну і гісторыю, любіць сваё, жыць па-людзку, мець гонар і годнасьць асобы.

Калі гэтага не трымацца, не шанаваць і ня мець, то застанецца толькі шлях да магілы, нават тады, калі ён будзе ўсланы кветкамі, музыкай і сьпяваньнем сірэн. Хоць на справе ён усланы ахвярамі генацыду без віны вінаватых, Курапатамі, крывёй і морам ілжы.

Наша нацыянальная ідэя даўно сказана ў словах прарока — каб дасягнуць шчасьця, трэба захацець называцца людзьмі.

Люты-травень 2018 г. Зянон ПАЗЬНЯК

5/5/2018 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2018
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024