Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
30 год адкрыцьця Курапатаў. Мітынг-рэквіем у Курапацкай сьвятыні
Мітынг адкрыў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Ён заклікаў ўшанаваць ахвяры беларускага народу хвілінай маўчаньня. Потым прагучаў выступ сп. Зянона Пазьняка (аўдыёзапіс прыкладаецца). Выступілі выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту сп. Юры Беленькі, вядомы мастак сп. Алесь Марачкін, археолаг сп-ня Валянціна Вяргей, супрацоўнік “Арт-сядзібы” сп. Павел Белавус, адказны сакратар Управы Партыі і Фронту сп. Алесь Чахольскі. Выступоўцы распавялі пра гады змаганьня за выратаваньне Курапацкай сьвятыні, абарону яе ад спробаў рэжыму зьнішчыць курапацкія магілы і нашу нацыянальную памяць. Казалі пра дзесяцігоддзі працы тысячаў людзей, агульнымі намаганьнямі якіх створаны і працягвае стварацца гарманічны і велічны Народны мэмарыял Курапаты. А пачалося ўсё з працы Зянона Пазьняка, які яшчэ ў 1980-я гады апытваў сьведкаў трагедыі, праводзіў першыя дасьледваньні. Менавіта з абароны Курапатаў, тут пачалася змагарная гісторыя Беларускага Народнага Фронту ў кастрычніку 1988 года — у выніку праз тры гады Фронт аднавіў Незалежнасьць нашай Айчыны. Не выпадкова кіруемая маскоўскім імпэрскім рэжымам мясцовая ўлада спрабуе пралезьці ў Курапаты са сваёй фальшывай афіцыёзнай “мэмарыялізацыяй”, каб разбурыць сьвятыню знутры. Мы заяўляем, што будзем падымаць грамадзтва на абарону сьвятыні ад рэжымнага ўварваньня. Народны мэмарыял ужо ёсьць, ён існуе. Недапушчальнай ёсьць разбудова на магілах пакутнікаў нейкай рэжымнай архітэкктурна-пластычнай пачвары. Выступоўцы распавялі пра археалагічныя раскопкі і жахлівыя адкрыцьці, пра спробы ўладаў схаваць праўду, падмяніць яе фальшывай савецкай міфалогіяй. Дзесяткі тысячаў забітых і пахаваных у Курапатах людзей – цывільныя грамадзяне, абсалютная большасьць зь якіх – беларусы. Ня знойдзена ў Курапатах ніякіх прадметаў вайсковага прызначэньня, няма тут пахаваньняў вайскоўцаў якой-кольвечы арміі. Загучала песьня на вершы Зянона Пазьняка “Авэ Марыя”, і людзі ўсклалі кветкі да Крыжа Пакутаў, запалілі сьвечкі і зьнічы. Грамада рушыла шэсьцем па цэнтральнай крыжовай алеі да пагорка Галгофа ў цэнтры Народнага мэмарыяла. Людзей сустрэў сумны голас скрыпкі. Пад Трыма Крыжамі Галгофы адбылося дэкламаваньне вершаў, прысьвечаных Курапатам, і паэтаў расстралянага пакаленьня. Гучалі творы Анатоля Сыса, Зянона Пазьняка, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова, Алеся Дудара, Алеся Гаруна. Выдатна выступілі паэтка Яўгенія Казлова (Ворша) і Алег Лазоўскі (Ліда). Прагучаў аўдыёзапіс з дэкламацыяй вершаў Зянонам Пазьняком. Завершыў праграму выдатным сьпевам пад гітару Зьміцер Захарэвіч. Грамада прыняла заяву-зварот ад імя ўдзельнікаў мітынгу (тэкст прыкладаецца). Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 3 чэрвеня 2018 г. 5/6/2018 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |