Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Валеры БУЙВАЛ: Зьнішчэньне Курапацкай сьвятыні спосабам рэжымнай“мэмарыялізацыі”

Пачнем з аксіёмы. Мэмарыял на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні ўжо ёсьць. Гэта Народны мэмарыял Курапаты, які стварае Беларускі народ – нашчадкі тых, каго расейскія акупанты расстрэльвалі ў Курапатах, катавалі і зьнішчалі на шырокіх прасторах ГУЛАГа. Сотні крыжоў выраблены на народныя ахвяраваньні і пастаўлены на магілах пакутнікаў.
Зянон Пазьняк распрацаваў і запрапанаваў ідэю Народнага мэмарыяла, яго мастацкі вобраз, архітэктурна-пластычную і прасторавую канцэпцыю. Патрыёты, абаронцы Курапацкай сьвятыні працуюць паводле гэтай ідэі ужо на працягу трыццаці гадоў.

Сутнасьць ідэі – гэта помнік вечна жывой памяці. Людзі (пакаленьні людзей) самы яго ствараюць і самы абнаўляюць, прыносячы і ставячы крыжы ў памяць нявінных забітых продкаў. Крыж – гэта самы старажытны сімвал жыцьця, які гістарычна асэнсаваны ў хрысьціянскай цывілізацыі, як сімвал пакуты і вечнасьці. Народны Мэмарыял Курапаты — асаблівы помнік вечнага мэмарыяльнага дзеяньня.

Асноўныя кампазыцыйныя рысы Народнага мэмарыяла вызначаны аўтарам канцэпцыі з улікам характару ландшафта і беларускіх нацыянальных, культурных і хрысьціянскіх традыцый. У архітэктурна-пластычным арганізме Народнага мэмарыяла ёсьць выразная аснова, на якой трымаецца ўся маштабная кампазыцыя, што забясьпечвае яго цэльнасьць, гарманічнае суладдзе і максімальна раскрывае ідэю неўмяручай народнай памяці аб нацыянальнай трагедыі і яе пакутніках. Гэта наступныя кампазыцыйныя элемэнты:
1. Крыж Пакуты. Манумэнтальны Крыж на пачатку Народнага мэмарыяла.
2. Цэнтральная Крыжовая Алея, якая вядзе праз просеку да пагорка Кальварыя (Галгофа). Некалькі дзесяткаў высокіх крыжоў, якія аблямоўваюць дарогу праз просеку, што вядзе на пагорак Кальварыю.
3. Манумэнтальныя Крыжы на пагорку Кальварыя. На Крыжах напісаны прысьвячэньні ўсім станам Беларускага народа, якіх зьнішчаў расейскі акупант. Гэтая частка кампазыцыі ёсьць цэнтральнай у структуры Народнага мэмарыяла.
4. Бакавая Крыжовая Алея, якая вядзе ад пагорка Кальварыі да кальцавой дарогі.
5. Крыжы па пэрымэтры тэрыторыі Народнага мэмарыяла, лінія якіх замыкае ўсю кампазыцыю.
6. Сотні крыжоў на магілах пакутнікаў па ўсёй тэрыторыі Народнага мэмарыяла.

Кампазыцыя Народнага мэмарыяла, як бачым, складаецца з некалькіх элемэнтаў. І ў той жа час гэта ёсьць дасканальна яснае і адназначнае рашэньне. Кажучы простай мовай, “тут ужо нічога не дадасі і нічога не зьменіш” без таго, каб не пайсьці на разбурэньне гармоніі і магутнага вобраза. Элемэнты 1-4 зьяўляюцца “касьцяком” кампазыцыі, на якім трымаецца ўсё. Сотні крыжоў па пэрымэтру і на ўсёй тэрыторыі Народнага мэмарыяла завяршаюць кампазыцыйны і вобразны лад манумэнтальнага твора.

Творцам мэмарыяла зьяўляецца Беларускі народ. Сьвяты Крыж – сымвал Хрыстовай ахвяры і жыцьця вечнага – ёсьць галоўным знакам Народнага мэмарыяла. Інфармацыя ад сучасьнікаў і сьведкаў курапацкіх расстрэлаў, рэчавыя знаходкі пры архэалагічных раскопках у Курапатах, а таксама даступныя дакумэнтальныя зьвесткі даюць магчымасьць сьцьвярджаць адназначна наступнае: абсалютная большасьць расстраляных і пахаваных у Курапатах людзей – беларусы, усе яны былі цывільнымі грамадзянамі, у Курапатах няма пахаваньняў вайскоўцаў якой-кольвечы арміі, расстрэлы праводзіліся ў 1937-41 гг.

Разам з тым стваральнікі Народнага мэмарыяла бароняць і ўшаноўваюць памятныя знакі, якія сталіся арганічнай часткай мэмарыяла: помнік габрэйскім ахвярам, Крыж польскім ахвярам і памятны знак “Народу Беларусі ад народа Злучаных Штатаў Амэрыкі”. Спэцыфіка такога кшталту народнага мэмарыяльнага комплекса палягае на народнай беларускай традыцыі – кожнае пакаленьне беларусаў прыносіць крыжы на магілы сваіх пакутнікаў і рабіць свой унёсак у справу Памяці дзеля Будучыні.
Як жа складваліся дачыненьні па лініі Курапацкая сьвятыня – існуючы ў Беларусі рэжым? У той час, калі пасьля першых сігналаў дэмакратызацыі, пачатку нацыянальнага адраджэньня і тым больш з набыцьцём дзяржаўнай незалежнасьці ў 1991 годзе народамі былога СССР урады гэтых краін разам з грамадзтвам адкрылі шмат праўды пра расейскі генацыд паняволеных народаў, ўшанаваньне ахвяраў, мэмарыялізацыю месцаў пакутніцтва, у Беларусі назіраўся (і назіраецца дагэтуль) адваротны працэс. Існуючая (антыбеларуская па прыродзе) улада любымі спосабамі імкнулася абылгаць памяць аб ахвярах, запускала ў грамадзтва брудныя хвалі дэзінфармацыі пра Курапаты, кіравала дзеяньнямі вандалаў і разбуральнікаў сьвятыні. Ня раз беларускім патрыётам даводзілася абараняць курапацкія крыжы і магілы ад зьнішчэньня сіламі рэжыма.

Самая драматычная старонка гэтай гісторыі – трохмесячная абарона Курапацкай сьвятыні ад наступу рэжымнай цемры ўвосень 2001 года, калі абаронцы спынілі бульдозэры, якія павінны былі канчаткова зьнішчыць сьвятыню. У Курапаты запускаліся і запускаюцца групкі кіруемых рэжымам асоб, якія заклікаюць “да кампрамісаў з уладай”, даказваюць, што “пахваныя ў Курапатах не былі беларусамі, а некім іншым”, даказваюць, што Крыж ня можа быць помнікам у Курапатах.
Пасьля правалу гэтых брутальных дзеяньняў і правакацый існуючы рэжым на загад Масквы прыступіў у 2017 годзе да чарговай спробы ліквідацыі Курапацкай сьвятыні. Гэтым разам рэжым зьбіраецца зьнішчыць Курапаты знутры – усталяваць свой рэжымны “мэмарыял”, узяць пад кантроль тэрыторыю курапацкіх пахаваньняў, перакрыць доступ актыўным стваральнікам на гэтую тэрыторыю, а потым зьнішчыць крыжы і магілы – рэчавы доказ і сьведчаньне расейскага тэрору на нашай зямлі. Усё гэта адбываецца ў рамках агульнай з Масквой крамлёўска-лубянскай канцэпцыі па ліквідацыі архіўных дакумантаў, месцаў расстрэлаў і пахаваньняў ахвяр, якая актыўна і шырака рэалізуецца зараз пуцінскім рэжымам у Расеі.

Грамадзтву ўжо прадстаўлены фотамакеты рэжымных “праектаў мэмарыялізацыі”. І хто ж гэта прыйшоў за сваім праектам на сьвятое месца? Рэжымная вертыкаль, якая па сутнасьці сваёй, па маскоўскай падпарадкаванасьці і лубянскай спадчыннасьці зьяўляецца спадкаемцам тых, хто расстрэльваў беларусаў у Курапатах. Улады зьбіраюцца (як яны заяўляюць) паставіць у Курапатах “помнік усім, помнік прымірэньня”. “Прымірэньня” з кім? З катамі НКВД? “Помнік усім” – гэта помнік “славным чекистам”, маскоўскім зьвяругам-акупантам? Можа яны пакаяліся? Ды не, яны наладжваюць “вяртаньне ў СССР”, чарговую сталінізацыю ўсяго жывога, іхнія сілавыя міністры выстаўляюцца на рэжымных парадах у форме лубянскіх забойцаў. І вось гэтыя сваімі нячыстымі рукамі будуць наводзіць гэбоўскую “мэмарыялізацыю” на магілах нашых пакутнікаў?! Яны будуць беспакарана таптацца па магілах, разбураць Народны мэмарыял і вычварацца? Пытаньні чыста рытарычныя.

Мы сустракалі на тэрыторыі Народнага мэмарыяла выканаўцаў рэжымнай замовы. Іхнія паводзіны выдатна ўвасабляюцца ў прыслоўі дасьціпнага італьянскага народа (які пасьля падзеньня фашызма зьнішчыў усе фашыстоўскія помнікі на працягу трох сутак): яны паводзілі сябе, “come il cane nella chiesa” – “як сабака ў касьцёле”. Архітэктары купкамі з трох-чатырох чалавек тупалі па Курапатах, разгублена азіраючыся, нібыта на незнаёмай плянэце. Гэтыя людзі (прафэсіяналы, нібыта) ніколі не былі ў Курапатах, ніколі не думалі пра сьвятыню, яна ім ніколі не балела. Для іх проста ўзьнікла магчымасьць падзарабіць грошай (а пашэнціць, дык і рэжымную прэмію атрымаць). І вось гэтыя “іншапланэцяне” будуць бурыць Народны мэмарыял ды ставіць тут свае “шэдэўры”? Гэтыя асобы павінны ведаць, пра адказнасьць за свае дзеяньні ў будучыні.

Цяпер некалькі словаў пра самы “шэдэўры”. Гэта знаёмы савецкі мэмарыяльны кіч. Але, здаецца, што ступень псэўдамастацкага вычварэнства дасягнула рэдкаснага ўзроўню. Аўтары кіча абралі для пачатку псэўдамэмарыялізацыі самы галоўны цэнтар кампазыцыі – пагорак Кальварыю. Тут яны прызямляюць свае “НЛА” ці як яшчэ назваць гэтую д’ябальшчыну, якую мы бачым на фотапраектах? Ужо загучалі галасы разумных людзей, якія параўноўваюць гэтыя манумэнтальныя пачвары з шыбеніцай і гільятынай. І, паверце, гэта толькі пачатак планаваньня рэжымнага пагрому ў Курапатах.

Наша агульнанародная задача – спыніць рэжымных монстраў на межах Народнага мэмарыялу і абараніць Курапацкую сьвятыню.

Валеры Буйвал,

мастацтвазнаўца, сябра Саюза мастакоў Беларусі

Фоты “праектаў” з РС

1-kur-af.jpg

2-kur-af.jpg

3-kur-af.jpg

19/6/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2018
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024