Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: АБ КОЛЬКАСЬЦІ ЗАБІТЫХ У КУРАПАТАХ Людабойства расейскіх камуністаў несувымернае ні з чым у гісторыі чалавецтва. Уражваюць маштабы, матывацыя злачынстваў і колькасьць ахвяр. Але бадай ці ні найбольш здумляе адсутнасьць пакаяньня ў наступных пакаленьняў расейцаў, жаданьне апраўдаць злачынствы папярэднікаў і зьменшыць колькасьць ахвяр. Курапаты — гэта помнік расейскага генацыду, які зьяўляецца ўлікай і сьведчыць пра ўлікі злачынства, пацьверджанага афіцыйным сьледзтвам пракуратуры і археалагічным дасьледваньнем вучоных. Знойдзены парэшткі ахвяр масавага забойства. Здабытыя наўпроставыя доказы злачынства супраць чалавецтва. Тут ёсьць юрыдычныя падставы для камуністычнага “нюрнбэрга”. Таму непакаянная Масква хацела б, каб Курапаты хоць бы ўмоўна не існавалі. Тады лягчэй сфальшаваць і затаптаць памяць. Другі накірунак уцяканьня з-пад адказнасьці варты жалю ў сваёй нікчэмнасьці, бо датычыць зьмяншэньня колькасьці расстраляных. Агентура Масквы ня хоча прызнаваць навуковыя вывады аб чвэрці мільёнаў ахвяр. Але адначасна яна гатова ад безвыходнасьці ўчапіцца за юрыдычную факталогію — 30 тысячаў расстраляных, мяркуючы, магчыма, што гэта зьмяншае адказнасьць. Тым часам гэта ёсьць рэальнае прызнаньне злачынства. Лубянцы, аднак, відаць, на тое напляваць. Судзіць яе няма каму, а прапагандзе выгадна зьмяншаць колькасьць забітых. Цяпер па сутнасьці аб юрыдычнай і навуковай ацэнцы колькасьці расстраляных у Курапатах. Мушу сказаць, што гэта ўсё даўно падрабязна дасьледвана, растлумачана і надрукавана ў навуковых ды пэрыядычных грамадзкіх выданьнях, у трох маіх асобных кнігах, выдадзеных у 90-х гадах у Менску і Нью-Ёрку па-беларуску і па-ангельску, а ў 2012 годзе тое ж яшчэ і ў Варшаве. Прытым што цікава, якраз гэтую апошнюю кнігу («Абарона Курапатаў. Народны Мэмарыял») рэжымныя ўлады рэквізавалі на мяжы, абазвалі тэрарыстычна экстрэмісцкай і забаранілі яе ўвоз у Беларусь. У выніку агульнавядомая інфармацыя пра Курапаты стала цяпер цяжка даступнай. Праўда, яна ёсьць у Сеціве, і хто хоча — можа ведаць. Тут я паўтару толькі сутнасьць тэмы. Пра курапацкія магілы мне стала вядома ў пачатку 1970-х. Тады пра тое нельга было нават казаць. (Маглі пабудаваць у тым месцы стадыён ці басэйн і канец ўсёй памяці). Вясной 1988 года праз Курапаты высеклі шырокую просеку паабапал лясной дарогі (па якой некалі заязджалі “хапуны” са сьмертнікамі) і пачалі капаць траншэю пад газапровад. Траншэя праходзіла дакладна па дарозе. Грунтам, што выкідвалі ў адвал, было засыпана больш за сотню курапацкіх магіл па абодва бакі дарогі. На павароце (там, дзе цяпер так званая “Кальварыя-Галгофа”) траншэя закранула адну з магільных ямаў. Высыпаліся косткі, чарапы, абутак і т. п. Я сабраў гэтыя знаходкі. Якраз там я знайшоў жаночы туфлік 34-га памеру і агромністы мужчынскі чаравік 49-га памеру (а мо й больш). (Тут заўважу яшчэ асабістаае. Мяне ўскаланула, што расстралялі жанчынку з такой маленькай ножкай, а мой сябра мастак Хведар Ладуцька, які тады быў са мной, са шкадаваньнем усклікнуў, трымаючы чаравік велікана: “Гэта ж якога волата застрэліў нейкі пігмей, нейкая паўзучая гразь!”) Трэба было прысьпешыць археалагічныя раскопкі. 5-га траўня 1988 года з групай памочнікаў я заклаў два вялікія шурфы на магілах, пракапаў амаль да паўтара мэтра і… ніякіх знаходак — чысты пясок, сярод якога была знойдзена толькі адна фаланга чалавечага пальца (што вельмі важна). У 1987 годзе, апытваючы сьведкаў, я пачуў ад аднаго вяскоўца, што ў канцы 40-х гадоў у Курапацкім лесе стаялі ваенныя, нешта там увесь час капалі, рабілі “манэўры”. Тады я не прыдаў гэтаму асаблівага значэньня. Цяпер жа, зьвязаўшы тое з фалангай у пяску, выснова ўзьнікла самая неверагодная — магіла была раскапаная, парэшткі людзей зьніклі. Каб высьветліць загадку, трэба было ўсю яму раскапаць да 2-3-х мэтраў у глыбіню. Праўда, распрацоўку магілы мы спынілі, бо спаткалі ў лесе трох падлеткаў, якія капалі сабе зямлянку пад дрэвам і натрапілі на чалавечыя косьці (пра гэта падрабязна — у артыкуле “Курапаты — дарога сьмерці”). Глыбіня там была якраз каля двух мэтраў. Хлапчукі аблегчылі нам разьведку. Супастаўленьне дадзеных магілы ў газавай траншэі, пустога грунту ў нашым шурфе і знаходак касьцей у “зямлянцы” умацавалі мяне ў гіпотэзе, што косьці былі выбраныя з магіл. Гэта вызначыла далейшую мэтодыку нашых археалагічных раскопак у ліпені 1988 года. Магілы спачатку раскопваліся папярэчнай траншэяй, а вялікія магілы — перакрыжаванымі траншэямі на глыбіню да першага пласту расстраляных. Гэта рабілася дзеля дакладнага вызначэньня вертыкальных профіляў ямы і нагляднага вывучэньня стратыграфіі раскопа (што ў археалогіі вельмі важна). Мэтодыка сябе апраўдала. У магілах зафіксаваны перакопы дзьвух ямаў. Першасная, як правіла, вялікая. Другая (пазьнейшая) — меншая і нібы ўстаўленая ў першую яму. Па баках у зазорах паміж першаснай і другой ямах знойдзены шкілеты, косьці і чарапы ўжо з узроўню 40-50 сантымэтраў ад дзённай паверхні. У той час як у цэнтры пласт касьцей у ямах пачынаўся ў межах 1,6 — 2 мэтры. Некаторыя ямы дасягалі 2,75 мэтра ў глыбіню, і толькі на дне былі чалавечыя косьці. Профіль запаўненьня ямы касьцьмі выглядаў як лейка. Перапад глыбіні заляганьня касьцей па краях і ў цэнтры раскопа складаў у некаторых магілах больш за адзін мэтар. Такое магло здарыцца тады, калі магілу раскопвалі і выбіралі косьці. У цэнтры выбралі амаль да дна, а па баках засталося. Нагадаю, што літаральна ўсе сьведкі, якія бачылі вынікі расстрэлаў, пасьведчылі, што ямы былі запоўнены трупамі амаль да краёў. (Адзін сьведка расстрэлаў у парку Чалюскінцаў — шафёр, які вазіў на расстрэл, — казаў, што часам, каб дастраляць групу, энкавэдзіст нават ускокваў у яму на трупы і таптаўся, падскокваў, тахціў іх, як сена, каб болей улезла.) У парэштках, што былі ў магілах, выяўлена розная колькасьць асобін: ад 31 да 107. Пры падліку ва ўсіх ямах выявілася несупадзеньне колькасьці чарапоў і колькасьці ніжніх канечнасьцяў. У некаторых магілах розьніца сягала на 20 пазыцыяў (напрыклад, 87 чарапоў і 107 парных канечнасьцяў). Падсумоўка ўсіх гэтых фактаў, вертыкальных і гарызантальных профіляў раскопаў, аналіз стратыграфіі, перападу ўзроўню заляганьня касьцей у магілах і несупадзеньня асобнаснай камплектацыі парэштак людзей — усё гэта сьведчыць, што магілы былі пазьней парушаны і косьці ў бальшыні хаатычна агулам былі выбраныя зь ямы. Гэта ёсьць археалагічна пацьверджаны навуковы факт дасьледваньня, які не пакідае месца для іншых інтэрпрэтацыяў. (Дадам, што ўзрост самых вялікіх дрэваў (сасны), што вырасталі зь некаторых ямаў, на 1988 год складаў 40 гадоў. Тут ускоснае пацьвярджэньне таго, што апошнія раскопкі і выемка касьцей з магіл маглі быць у другой палове 40-х гадоў.) Пасьля ўстанаўленьня факту выбаркі парэштак былі зробленыя адпаведныя разьлікі: падлічана колькасьць асоб у ніжнім (найбольш цэлым) пласьце магілы (археалагічны “пласт” — гэта 20 сантымэтраў па вышыні). Гэтая колькасьць памнажалася на колькасьць пластоў, якая рэальна мусіла быць да выбаркі (гэта значыць ад верхняга ўзроўню знаходак да ніжняга на глыбіню профільнай “лейкі”). У выніку ў кожнай магіле колькасьць расстраляных павінна быць большай у сярэднім у тры, і нават чатыры разы, чым тое, што засталося. Нават калі абмежавацца толькі гэтым і механічна памножыць на 510 выяўленых і відочных тады магіл, то атрымліваем лічбу ў 100-120 тысяч расстраляных. Але ў Курапатах ёсьць шмат большых магіл, чым тыя, што былі намі распрацаваныя (напрыклад, па 10 мэтраў па адным баку). Наступнае, пра што я ўжо пісаў вышэй, — уздоўж лясной дарогі паабапал было мноства магіл (значна больш за сто). Цяпер магільныя западзены зьнівэляваныя пад адвалам з былой траншэі газатрасы. Трэба ўлічыць яшчэ пахаваньні, якія былі разбураныя ў час пабудовы акружной дарогі ў канцы 1950-х пачатку 60-х гадоў. Зьвесткі аб выяўленьні там чалавечых парэштках пры будаўніцтве зафіксаваныя ў вусных апавяданьнях. У тым месцы, відаць, расстрэльвалі ў 1937 годзе, калі не было плоту. Плот пабудавалі ў канцы 1937-га, і тады ўжо забівалі толькі ў загароджаным месцы. Калі ўлічыць усе гэтыя чыньнікі, то лічба расстраляных у Курапатах сягае каля 250 тысячаў асоб. Гэтая лічба была таксама зьвераная з сярэднім напаўненьнем “хапуна” (ад 15-ці да 30-ці асобаў у выключных выпадаках). Завознасьць “хапуноў” — па тры-чатыры машыны некалькі разоў на дзень бесперапынна, а ў асобныя гады – і днём, і праз цэлую ноч. І таксама бесперапынна. Расстрэльныя каманды працавалі пазьменна. Перазьменка ў 23.00. Гэта быў такі канвеер сьмерці, які цяжка ўявіць сучаснаму чалавеку. Ведаю, дарэчы, шмат гісторыяў (тут дэгрэсія, адступленьне ад разгляду) пра энкаведзістаў, што удзельнічалі ў генацыдзе. Я зьвярнуў увагу, што не спаткаў ні воднага выпадку скрухі (акрамя таго шафёра Мішы, пра якога я некалі пісаў, які заламаўся, калі ўбачыў, што прывёз на расстрэл свайго школьнага настаўніка), ні воднага выпадку сярод спраўцаў расстрэлаў, каб нехта зь іх ня тое, што раскаяўся, але нават, каб перажываў. Наадварот ганарыліся. Часам зьмена маладых расстрэльшчыкаў з Курапатаў аб 23-й гадзіне ўвальвалася пад хмяльком на танцы-вечарынку ў Дроздава (вёска побач з Курапатамі). Іх цягнула да дзевак. Нават кроў не абцерлі, але хацелася патанцаваць. (Дарэчы, там жа ў Дроздаве жыў начальнік расстрэльнай каманды маёр Бочков, які жаніўся на мясцовай; з пачаткам вайны кінуў жонку, дзяцей і ўцёк у Расею, здох у 1978 годзе) «Праца» гэтых людзей (ці поўлюдзей) была жудаснай. Калі з нагана па інструкцыі ўпрытык стралялі ў патыліцу маладой дзяўчыне з льнянымі валасамі (такой, як на танцах у Дроздаве), куля і парахавыя газы йшлі ў чэрап і на выхадзе з галавы вырывалі дзіру велічыной з кулак. Кусты і трава вакол расстрэльнай ямы былі абпырсканы крывёй і чалавечымі мазгамі. Часам трапляла і на стральцоў. Але «ребята» не праймаліся. Тут яшчэ нагадаю з жыцьця нелюдзяў. У 1941 годзе з інспэкцыяй у Менск прыехаў райхсфюрэр СС шэф Гестапа Гайнрых Гімлер, які пажадаў асабіста паназіраць як айнзацгрупа расстрэльвае габрэяў. Відовішча падзейнічала на шэфа фатальна. Ад паху і выгляду крыві, крыкаў недабітых Гімлер самлеў. Зь ім здарылася гістэрыка. Вынікам стала інструкцыя Гімлера, каб расстрэльвалі больш чалавечна. Нягледзячы на канібальскую «чалавечнасьць» Гімлер быў пракляты чалавецтвам. Тым часам ў Расеі расстрэльшчыкі і арганізатары генацыду народаў – гэта героі, прыклад для перайманьня. Такая рэчаіснасьць. Але вернемся да тэмы. Вызначэньне колькасьці расстраляных (100-120 тысячаў) мае навукова-мэтадалагічнае абгрунтаваньне і шчыльную прывязку да выяўленых і бачных магіл. Лічба 250 тысячаў вынікае з гэтай жа мэтадалёгіі і з агульнай ацэнкі магільніка, улічваючы розны аб’ём расстрэльных ям, зьнівэліраваныя і разбураныя пахаваньні, якіх рэальна было амаль у два разы больш. Такая ёсьць археалагічная ацэнка колькасьці расстраляных людзей, якая пагрунтавана на доказнай базе большай колькасьці рэальных магіл, пазьнейшай выемкі парэшткаў з магільных ям і адпаведнай у сувязі з гэтым большай колькасьці пахаваных у кожнай магіле. Навука грунтуецца на фактах, зьявах і заканамернасьцях (якія выяўляюцца праз экспэрымэнт). Тым часам для юрыдычнага падыходу важная найперш матэрыяльная ўліка злачынства, тое, што рэальна ёсьць. Юрысты падлічылі толькі тое, што знойдзена ў магільных ямах, і памножылі на рэальна бачную колькасьць магіл. Атрымалася ў сярэднім 30 тысячаў ахвяр. Зразумела, што гэта не адпавядае рэальным масштабам людабойства ў Курапатах. Але юрыдычны падыход вымушаны зыходзіць з сваёй сьцісла абазначанай базы доказаў, якія не павінны выклікаць пярэчаньняў, падвойных меркаваньняў і дапушчэньняў, і на аснове якой адназначна даказваецца забойства. Для грамадзтва істотная ёсьць факталагічная доказнасьць зьявы і адказ на пытаньне: што адбылося. Для суду важнае ёсьць прадметнае сьведчаньне злачынства, каб выдаць справядлівы вэрдыкт пакараньня. Гэта што датычыць несупадзеньня рознага роду інфармацыі пра колькасьць забітых у Курапатах. Тут няма супярэчнасьці. Розныя задачы. Кожная задача мае сваё абгрунтаваньне. Але агулам, фактычна, энкавэдзісты забілі тут каля чвэрці мільёна чалавек. Адзначу некаторыя зьвесткі, што цікавяць сучасных людзей, якія не чыталі дасьледваньняў. Афіцыйна археалагічныя раскопкі магілаў і эксгумацыя парэшткаў рабіліся мной і маімі калегамі з 6-га па 15-га ліпеня 1988 года па запыту пракуратуры БССР у Інстытут гісторыі Акадэміі Навук БССР у рэчышчы расследваньня крымінальнай справы аб выяўленьні пахаваньняў людзей у лясным масіве Курапаты. У археалагічны атрад мной былі запрошаны навуковы супрацоўнік Мікалай Крывальцэвіч і асьпірант Алег Іоў (цяпер дактары навук). У час раскопак вяліся дзёньнікавыя запісы археолагамі і асобна пракуратурай і МУС. Дасьледваньні афіцыйна назіралі прадстаўнікі грамадзкасьці (камуністы-камсамольцы) і прадстаўнікі мясцовай улады (дэпутаты сельсавета). Пасьля заканчэньня дасьледваньняў, аналізу і вывучэньня матэрыялаў была падрыхтаваная навуковая археалагічная справаздача, абмеркавана ў Інстытуце гісторыі і перададзена ў пракуратуру з усімі знаходкамі. Частка касьцей і рэчаў з раскопак былі ўзяты на медыцынскую экспэртызу. У кожным раскопе ў мацерыковым грунце намі была выкапана траншэя альбо шурф глыбінёй да мэтра, куды былі складзены ўсе рэчы і косьці, не ўзятыя для медыцынскай экспэртызы і навуковага дасьледваньня. Пасьля гэтага раскоп засыпалі. Хто мог выкапаць парэшткі з магіл у канцы саракавых і дзеля чаго? Верагодна, гэта зроблена па рашэньні кіраўніцтва КГБ, каб замесьці сьляды злачынства на будучыню. Якраз у 40-х гадах раскопвалі Катынь, і Захад не паверыў сталінскім фальсыфікацыям. Такія дзеяньні (замятаньне сьлядоў) цалкам у стылі рускага НКВД-КГБ-ФСБ. Тое самае цяпер адбываецца ў пуцінскай Расеі: зьнішчаюць дакуманты аб расстрэлах і месцы злачынстваў. Куды вывозілі косьці з курапацкіх магіл — невядома. Апэрацыя выемкі была зроблена таемна, але неахайна, і я разумею асаблівую нянавісьць гэбістаў да маёй асобы, калі была раскрыта іхняя подлая таямніца. Яшчэ ёсьць вельмі значная для нас, беларусаў, тэма аб сакральнасьці Курапатаў. Але пра гэта будзе паведамлена асобна і пазьней. 27 чэрвеня 2018 г. Зянон ПАЗЬНЯК 29/6/2018 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |