Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Валеры БУЙВАЛ: Імпэрскі наступ на нацыянальныя мовы

З канца 1980-х гадоў народам, якія дагэтуль знаходзяцца ў палоне Расейскай імпэрыі, удалося дасягнуць значных перамог у змаганьні за свае мову, культуру і традыцыю. Небачаны з 1917-18 гадоў уздым грамадзка-палітычнай актыўнасьці меў вынікам заваёву пазыцый, якія здаваліся назаўжды страчанымі пасьля зьнішчэньня маскоўскімі акупантамі нацыянальнай інтэлігенцыі ў 1930-40-я гады і палітыкі татальнай русіфікацыі на працягу ўсяго доўгага пэрыяду каланіяльнай залежнасьці ад Масквы. Намаганьнямі многіх тысяч энтузіястаў і нават многіх прадстаўнікоў нацыянальнай адміністрацыі пачалося выратаваньне і адраджэньне роднай мовы, культуры і школы татарамі, башкірамі, марыйцамі, чувашамі, калмыкамі і іншымі народамі. Паўсюль утвараліся нацыянальныя ансамблі песьні і танцаў, тэатральныя калектывы, творчыя клюбы і цэнтры.

Нацыянальныя сьвяты прышлі ў самыя далёкія і кантужаныя русіфікацыяй раёны аўтаномій, актывізавалася жыцьцё нацыянальных дыяспар. Да сваёй мовы вярнуліся вялікія колькасьці людзей, вярнуўся нацыянальны гонар і сэнс паўнавартаснага жыцьця ў сваёй традыцыі. Размаўляць на роднай мове, насіць нацыянальны строй, прытрымлівацца традыцыі стала прэстыжным сярод моладзі. З пачатку 1990-х гадоў (калі Масква вымушана была “даць рэспублікам столькі сувэрэнітэту, колькі яны здольныя ўзяць”) вырасла ўжо цэлае пакаленьне народаў РФ, якое ня ведае, як выглядала мутнае існаваньне ў СССР. Шматтысячныя дэманстрацыі з народнымі патрабаваньнямі пераканалі Крэмль, што без саступак не абысьціся. Быў значна (у параўнаньні з папярэднім часам) павялічаны аб’ём навучаньня на нацыянальных мовах у школах (спрэс расейскіх па РФ) нацыянальных рэспублік. Пры чым вывучалі нацыянальныя мовы аўтаномій усе дзеці, незалежна ад этнічнага паходжаньня. Цікава, што за амаль 30 гадоў гэтай практыкі не назіралася якіх-кольвечы пратэстаў так званых “русскоязычных” з гэтай нагоды.

Вяртаньне да роднага не выклікала ў аўтаноміях РФ ніякага абвастрэньня міжэтнічных канфліктаў. Наадварот, гэта паспрыяла ўсталяваньню культурнай раўнавагі і міжэтнічнай стабільнасьці ўнутры лакальных грамадзтваў. Людзей (незалежна ад нацыянальнага паходжаньня) хвалююць агульныя для ўсіх эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя пытаньні. Міжэтнічнай нянавісьці, якой вечна палохала народы камуністычная прапаганда, не ўзьнікла. Зразумела, што аўтаноміі Паўночнага Каўказа – спэцыфічны рэгіён у гэтым сэнсе. Масква, баючыся страціць гэты рэгіён, вяла там дзьве зьнішчальныя вайны, праводзіла адкрытую палітыку генацыду. Бальшыня “русскоязычных” проста ўцякла з рэгіёна (то бок прычынай уцёкаў неаўтахтоннага насельніцтва стала менавіта агрэсіўная, антычалавечая палітыка імпэрскага цэнтру).

У апошнія гады Масква прыступіла да рэстаўрацыі акупацыйных парадкаў савецкага і царскага часоў. У Крамлі разумеюць, што гарманічнае разьвіцьцё культуры і мовы паднявольных народаў стварае пагрозу для расейскай імпэрыі. Народы дзякуючы існаваньню ў роднай культуры і мове ня проста не губляюць тоеснасьць, але ідуць да фармаваньня сваіх нацыянальных дзяржаваў – імпэрыя становіцца для іх усё больш чужой і непатрэбнай. Спробы правакацый у нацыянальных рэспубліках (абвінавачваньні лідэраў нацыянальнага адраджэньня ў рэлігійным і палітычным экстрэмізме, фальшывая прапаганда) праваліліся. Правакацыі не былі падтрыманы мясцовым неаўтахтонным (“русскоязычным”) насельніцтвам. Тады за справу ўзяліся засланыя ў рэспублікі “расейскія актывісты”, якія пачалі заяўляць пра “уціск русскоязычных з боку нярускіх”. Нічога ня выйшла і з гэтага, крыклівых дзялкоў не падтрымалі мясцовыя нетатары і нечувашы.

Крэмль прыступіў да “канчатковага вырашэньня татарскага, башкірскага і іншых пытаньняў” непасрэдна ў імпэрскім цэнтры. Дзярждума прыняла закон пра неабавязкавае вывучэньне нацыянальных моваў у аўтаномных рэспубліках. Цяпер, каб вывучаць прадмет, напрыклад, “татарская мова”, бацькі вучня павінны пісаць адпаведную заяву (якраз, як цяпер пры антыбеларускім рэжыме ў Беларусі). Быў рэзка зьніжаны да мінімума (2 гадзіны ў тыдзень) аб’ём вывучэньня нацыянальнай мовы і літаратуры. Беларусам добра вядомыя гэтыя маніпуляцыі. Нетатары і небашкіры збольшага ня будуць пісаць такія заявы, яны ўпэўнены, што пражывуць і так (ім пра гэта настойліва нагадвае маскоўская прапаганда). Вывучэньне роднай мовы ператворыцца ў працэс павярхоўнага азнаямленьня зь ёю на фоне нічым не абмежаванага панаваньня расейшчыны. Пры чым “знаёміцца” зь ёю ўжо ня будзе вялікая частка насельніцтва нацыянальных рэспублік.

Такім чынам, грамадзтва брутальна падзяляецца на дзьве часткі, якія a priori ня будуць разумець адна адну. Масква пастараецца запоўніць гэтую шчаліну паміж людзьмі, што жывуць на адной зямлі, і вядома чым: недаверам, нецярпімасьцю, падазрэньнем. Сацыяльная сэгрэгацыя заўжды прыводзіць да канфліктаў і нічым добрым не заканчваецца. Зразумела, што Масква імкнецца дэстабілізаваць сітуацыю ў нацыянальных рэспубліках, а потым “навесьці парадак” жалезнай рукой. Апошнім часам каланіяльная адміністрацыя забараніла ўсе легальныя дэманстрацыі ў падтрымку роднай мовы. Сьцяўшы зубы, народы прымаюць гэты ўдар і не паддаюцца на правакацыі. Адэкватныя нацыянальныя лідэры заклікаюць да самаарганізацыі грамадзтва і стварэньня незалежнай ад імпэрыі народнай сістэмы адукацыі дзяцей і моладзі ў сваёй мове.

Разьвіцьцё падзей, уся статыстыка расейскай эканомікі паказвае, што імпэрыя імкліва набліжаецца да калапса і свайго канчатковага распаду. У сувязі з гэтым паўстае пытаньне: калі абваліцца імпэрыя, што будуць рабіць у новых нацыянальных дзяржавах тыя, хто з лёгкасьцю адмахнуўся ад вывучэньня мовы народа, на зямле якога яны жывуць? Яны ж нават не зразумеюць, што адбываецца вакол іх, зь імі і што ўсё значыць. Не зразумеюць ні слова! Імпэрская маніпуляцыя ў чарговы раз робіць расейскіх асаднікаў закладнікамі антынароднай палітыкі. Ім прыйдзецца проста пакінуць новыя нацыянальныя краіны, дзе яны не знайшлі ды й не шукалі свайго надзейнага месца ў чужым доме іншага народа.

Кур’ёзна, што наступ на нацыянальныя мовы ў РФ супаў з правакацыямі Масквы на тэрыторыі Латвіі, дзе расейская агентура арганізоўвае шумныя выступы “за рускую школу, я хочу учиться на русском языке, я тоже гражданин Латвии”. Шызафрэнічная амбівалентнасьць такой палітыкі не павінна нікога зьдзіўляць. І там, і там імпэрыя робіць нядобрую паслугу расейцам, якія апынуцца глуханямымі, калі паваліцца імпэрыя зла.

У дзень 28-й гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі (27 ліпеня 1990 г.) мы, беларусы, павінны ацаніць вялікую важнасьць гэтай падзеі, што прывяла да заваяваньня дзяржаўнай незалежнасьці нашай краіны ў 1991 годзе. Калі б, крый Божа, мы б патрапілі ў склад маскоўскай імпэрыі на правах “саюзнай аўтаноміі”, то працэсы разгрому нашай культуры, мовы і школы былі б значна больш глыбокімі. Рэжым “унутранай акупацыі” і маскоўскага васалітэту ня вечны. Існаваньне сваёй нацыянальнай дзяржавы дае нам пэрспэктыву разьвіцьця, абраньня нацыянальнага патрыятычнага кіраўніцтва і вяртаньня да паўнавартаснага існаваньня ў сваёй мове і культуры.

Але сама сабой гармонія не настане, сваё ня вернецца. Народы разумеюць, што за свой духоўны сьвет, за сваю душу трэба весьці палітычнае змаганьне і асьветніцкую працу. Калі народы абароняць і захаваюць свае мову і культуру, то імпэрыя не забярэ і іхнія тэрыторыю і багацьці. Русіфікацыя – гэта шлях да недаразьвітасьці і пагібелі.

Валеры Буйвал

31/7/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2018
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024