Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Пагрозы “русского мира”

Тут (ніжэй) зьмяшчаем аналітычны даклад Ігара Лялькова, які варты шырокага распаўсюду. Гібрыдная акупацыя Беларусі знутры – гэта тая форма вайны, якая прывяла да ўлады Лукашэнку. Пра гэта намі гаворыцца з 1994-га года. Але адсутнасьць нацыянальных беларускіх СМІ, захоп іх рускай агентурай не далі магчымасьці прабіцца гэтым ведам нават ў палітычныя вяршыні грамадзтва, хоць пісалася мноства артыкулаў аб унутраннай акупацыі Беларусі, друкаваліся кнігі. Веды ў шырокае разуменьне не прабіліся.

Маскоўская агрэсія супраць Украіны, захоп Крыма і Данбаса, аднак, паспрыялі адэкватным поглядам на рэчаіснасьць і ў часткі беларускага грамадзтва. Украінцы і шмат якія беларусы ўбачылі, якім разбуральным спрутам зьяўляецца Расея на целе чалавецтва. Вечнае бядотнае існаваньне рускіх людзей і рабская псіхалогія, калі яна становіцца агрэсіўнай ідэалогіяй, яна робіцца небясьпечнай разбуральнай сілай. Сацыяльны і палітычны вопыт камунізма (ідэалогіі нізоў) быў катастрафічны для чалавецтва.
Пасьля ўпадку ідэалогіі камунізма зьявілася імпэрская ідэалогія «русского мира». Сваім ворагам гэтая агрэсіўная ідэалогія лічыць усё чалавецтва.

Палітыка «русского мира» была сфармулявана ў агульных рысых у жніўні 1995 года ў так званай дактрыне Ельцына аб зьнешняй палітыцы Расеі. Да слова, шпіёнска-дыверсійнай мэтодыкай захопу тэрыторыяў Расея карыстаецца здаўна, найбольш характэрна – з ХУІІІ-га стагоддзя (падзелы Рэчы Паспалітай). З прыходам да ўлады КГБ палітыка «русского мира» імкліва набірае агрэсіўныя формы расейскай гібрыднай вайны.

Трэба мець на ўвазе, што ў заходнім сьвеце няма дзяржавы і няма моцы, якая магла б на ўзроўні супрацьстаяць расейскай сіле і тактыцы вядзеньня гібрыднай вайны. Таталітарная арганізацыя расейскай дзяржавы дае магчымасьць ўсе галіны ўлады і грамадзтва (прэсу, друк, радыё, тэлебачаньне, спорт, бізнэс, суды, пракуратуру, крымінал, выканаўчую і заканадаўчую уладу, войска, паліцыю, спэцслужбы і г. д.) – усё падпарадкаваць адзінай дзяржаўнай палітыцы, выканаўчай і арганізуючай сілай якой зьяўляюцца спэцслужбы (найперш ГРУ і ФСБ). На дэмакратычным Захадзе такая структура дзяржавы не існуе і ў бліжэйшай будучыні ў прынцыпе ня можа быць. Па сваёй прыродзе заходняя сістэма дзяржавы ня ў стане нават арганізаваць палітыку інфармацыйнай вайны (Тым больш кшталту расейскай). СМІ там выконваюць прынцыпова іншыя функцыі, чым ў Расеі (і ў колішнім СССР).
Падрыхтоўка Расеі да захопніцкай вайны – гэта перш за ўсё пагроза Беларусі.
Патрэбна дэталёвае вывучэньне становішча і мабілізацыя людзей на гатовасьць да адбіцьця расейскай агрэсіі супраць Беларусі, якая рыхтуецца бесперапынна.

Зянон Пазьняк

* * *

Расейска-ўкраінская вайна, што пачалася ў 2014 г., падарыла сьвету новае словазлучэньне – “гібрыдная вайна”, якое мамэнтальна атрымала распаўсюд у медыясфэры. Праўду кажучы, у асяродзьдзі спэцыялістаў па міжнароднай бясьпецы тэрмін “гібрыдная вайна” зьявіўся крыху раней, – у 2005 г., – і ўжываўся ў прыватнасьці пры аналізе расейскай агрэсіі супраць Грузіі ў 2008 г., бо, сапраўды, значная частка “арсэналу” гібрыднай вайны была адпрацаваная і правераная на практыцы Расеяй менавіта падчас падрыхтоўкі да ўварваньня ў Грузію. Аднак толькі расейска-ўкраінская вайна паказала, што гаворка ідзе не пра ўнікальную сытуацыю, а пра добра прадуманую і прапрацаваную схему палітычнай, інфармацыйнай, ідэалягічнай і ваеннай падрыхтоўкі да акупацыі краіны – схему, якая мае ўнівэрсальны характар і можа з нязначнымі зьменамі экстрапалявацца на самыя розныя краіны-ахвяры агрэсіі.

Тэорыя і практыка “гібрыднага канфлікту” сёньня зьяўляецца вышэйшым дасягненьнем расейскай ваенна-палітычнай думкі ды лічыцца (не без падставаў) найбольш эфектыўным мэтадам падпарадкаваньня суседніх дзяржаваў дыктату Крамля. Такім чынам, ва ўсіх выпадках расейскай агрэсіі варта чакаць ужыцьця, перш за ўсё, менавіта арсэналу сіл і сродкаў “гібрыднай вайны”, адпрацаванага ва Ўкраіне ў 2014 – 2017 г.г. У той самы час лёгіка разьвіцьця падзеяў у сусьветным масштабе (частковы посьпех заходняй палітыкі санкцыяў і эканамічнай ізаляцыі Расеі разам з падзеньнем сусьветных цэнаў на нафту) прымушае крамлёўскі рэжым паскорана рэалізоўваць свае агрэсіўныя пляны ў адносінах да суседніх краінаў, бо магчымасьці Расеі перамагчы ў развязаным канфлікце хутка зьмяншаюцца прапарцыйна падзеньню яе эканомікі, а выкліканыя эканамічным спадам унутрыпалітычныя канфлікты патрабуюць тэрміновай кансалідацыі расейскага грамадзтва вакол вобразу зьнешняга ворага і пастаяннай унутранай легітымацыі крамлёўскага рэжыму шляхам дэманстрацыі зьнешнепалітычных і ваенных перамогаў.
Такім чынам, экстрапаляцыя практыкі “гібрыднай вайны” Расеі з Украіны у, напрыклад, Беларусь уяўляецца вельмі верагоднай нават у кароткачасовай пэрспектыве. Для таго, каб прадухіліць посьпех Расеі ў меркаваным канфлікце неабходнай умовай зьяўляецца дакладнае разуменьне сутнасьці ды характару гібрыднай вайны і разуменьне дзеяньняў Расеі на першым яе этапе, калі яшчэ ёсьць магчымасьць не давесьці справу да наступных этапаў і да праліцьця крыві.

«Гібрыдная вайна» у самай агульнай форме можа быць вызначаная як ваенная агрэсія адной дзяржавы супраць другой, зьнешне замаскіраваная пад унутрыпалітычны канфлікт у дзяржаве-ахвяры агрэсіі. У выпадку сучаснай “гібрыднай вайны” Расеі ўнутраны канфлікт зусім не абавязкова мусіць мець месца – яго імітуюць сродкамі расейскіх мэдыяў незалежна ад рэальнага становішча справаў. То бок гаворка ідзе пра несправакаваную наўпроставую замежную ваенную інтэрвенцыю, толькі зьнешне закамуфляваную пад “грамадзянскую вайну” ў краіне-ахвяры агрэсіі. Падчас “гібрыдных” канфліктаў на тэрыторыі постсавецкай прасторы кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі ставіць перад сабою шэраг мэтаў, усе яны ў сукупнасьці ёсьць праектам стварэньня так званага “рускага сьвету”.

Упершыню тэрмін “рускі сьвет” у публічнай прамове прэзідэнта Расіі У. Пуціна прагучаў у 2001 годзе перад Сусветным кангрэсам суайчыннікаў, што жывуць за мяжой: “Рускі сьвет далёка выходзіць за геаграфічныя межы Расіі і нават далёка за межы рускага этнасу” У сваёй прамове ў снежні 2006 г. у Санкт-Пецярбургу Пуцін удакладніў: “Рускі сьвет можа і павінен аб’яднаць усіх, каму дарагое рускае слова і руская культура, дзе б яны не жылі, у Расіі ці за яе межамі” . Практычная неабходнасць гэтага аб’яднання стала канчаткова зразумелая пасля яго ж праграмнай прамовы ў Мюнхене ў лютым 2007 г., якая распачала эпоху новага супрацьстаяньня паміж Расеяй і Захадам.

Не прымусілі сябе чакаць і практычныя захады па стварэнні інстытуцыяў, для якіх пашырэньне “рускага сьвету” стала асноўнай задачай дзейнасці. 21 чэрвеня 2007 г. указам прэзідэнта РФ № 796 быў створаны адмысловы Фонд “Рускі сьвет”, толькі на першыя два гады дзейнасьці якога і толькі з дзяржаўнага бюджэта РФ было вылучана каля 1 млрд. рублёў.

Таксама ўказам прэзідэнта РФ № 1315 ад 6.09.2008 замест сьціплага Расейскага цэнтру міжнароднага навуковага і культурнага супрацоўніцтва пры МЗС быў створаны адмысловы федэральны орган выканаўчай улады - Федэральнае агенства па справах Садружнасці незалежных дзяржаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжою, і міжнароднаму гуманітарнаму супрацоўніцтву (“Россотрудничество”). Пра памеры фінансавання гэтай структуры можна меркаваць па факту выдзяленьня ёй толькі ў 2013 г. амаль 10 млрд. рублёў толькі на “паляпшэнне іміджу Расеі за мяжой”.

Паводле меркаваньня ўкраінскага дасьледчыка Эўгена Дзікага, якое я цалкам падзяляю, праект “рускага сьвету” ўяўляе сабою сваеасаблівую “матрошку” альбо “цыбуліну”, цэнтрам якой зьяўляецца Крэмль, а далей знаходзіцца шэраг “канцэнтрычных колаў”, што адпавядаюць розным ступеням кантролю над сытуацыяй расейскім ваенна-палітычным кіраўніцтвам.

У першым коле “матрошкі рускага сьвету” разьмешчаная сама Расейская Фэдэрацыя, кантроль над якою на працягу апошніх ужо амаль 18-ці гадоў кіраваньня Ўладзіміра Пуціна набываў усё больш татальны ды аўтарытарны характар. Для тэрыторыі РФ у праекце “рускага сьвету” прадугледжаная кансэрвацыя на невызначана доўгі час (у ідэале – назаўсёды) наўпроставага “ручнога” кіраваньня Крамлём з поўнай ліквідацыяй інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, незалежных мэдыяў, з фармальнай імітацыяй выбарчых працэдураў пры рэальна аўтарытарным характары кіраваньня ды адсутнасьці альтэрнатываў дзейснай уладзе, з пастаянным дзеяньнем апарату дзяржаўнай ідэалягічнай прапаганды (замест незалежных мэдыяў), і захаваньне рэсурсна-арыентаванага характару эканомікі з поўнай залежнасьцю бізнэсу ад дзяржавы. Гэтая мэта ўжо дасягнутая Крамлём амаль цалкам.

Наступнае кола “рускага сьвету” – гэта незалежныя дзяржавы, якія раней былі саюзнымі рэспублікамі СССР. Для іх прадугледжанае паступовае дасягненьне гэткага ж поўнага кантролю з боку Крамля, якое ўжо дасягнутае для тэрыторыі РФ. Пры фармальным захаваньні статусу “незалежных дзяржаваў” праект “рускага сьвету” мяркуе ўсталяваньне ў гэтых дзяржавах цалкам падкантрольных Расеі марыянэткавых рэжымаў і паступовую страту гэтымі дзяржавамі ўсіх прыкметаў суверэнітэту, апрача гербу, сьцягу ды гімну.

Трэба разумець, што мэтаю РФ адносна постсавецкай прасторы ёсьць ня проста ўсталяваньне марыянэткавых прарасейскіх рэжымаў, што спрыяюць ажыцьцяўленьню зьнешнепалітычнага курсу Крамля ды самастойна кантралююць сытуацыю ўнутры сваёй краіны. Такія рэжымы як лукашэнкаўскі, разглядаюцца толькі як пераходны этап, неабходны для ўсталяваньня паўнавартаснага кантролю Крамля над постсавецкімі краінамі. У канцэпцыі “рускага сьвету” Крэмль не пакладаецца на “саюзьнікаў” – канчатковай мэтай зьяўляецца ўсталяваньне поўнага непасрэднага кантролю ўладаў РФ над постсавецкімі краінамі.

Пасьлядоўнасьць інтэграцыі раней незалежных дзяржаваў у “рускі сьвет” прадугледжвае (пасьля ўсталяваньня ў краіне марыянэткавага прарасейскага рэжыму, кшталту лукашэнкаўскага) цэлы шэраг унутрыпалітычных трансфармацыяў і зьнешнепалітычных крокаў, якія агулам павінныя зрабіць немагчымым выхад краіны з арбіты ўплыву “рускага сьвету” незалежна ад жаданьня мясцовых уладаў. Такім чынам, прарасейскі марыянэткавы рэжым мусіць паступова перадаць практычна ўсе свае функцыі наўпрост Крамлю або расейскім карпарацыям ды інстытутам, кантраляваным Крамлём, і ў выніку захаваць за сабою толькі дэкаратыўную функцыю, падобную да функцыі “ўладаў” аўтаномных утварэньняў у складзе РФ.

Ва ўнутранай палітыцы ад прарасейскага рэжыму ўлады РФ патрабуюць максымальнага згортваньня ўсіх дэмакратычных інстытутаў, усталяваньня кантролю над мэдыямі, ліквідацыі антырасейскай апазыцыі ды дэманстрацыі паўнаты свайго кантролю над сытуацыяй у краіне. Пры гэтым РФ, пры публічнай падтрымцы прарасейскага рэжыму, неафіцыйна максымальна спрыяе яго міжнароднай ізаляцыі як “дыктатарскага” і “недэмакратычнага”, што робіць арыентацыю на Крэмль практычна безальтэрнатыўным выбарам для гэтага рэжыму. Пасьпяховасьць такой палітыкі мы можам добра бачыць на прыкладзе нашай краіны.

У зьнешняй палітыцы ад марыянэткавага рэжыму патрабуецца падпісаньне з РФ цэлага шэрагу ваенна-палітычных і гандлёва-эканамічных пагадненьняў, якія дэ-факта азначаюць інтэграцыю краіны ў склад РФ: стварэньне адзінай мытнай сыстэмы (альтэрнатыўнай адзінаму рынку ЭЗ), адзінай абароннай сыстэмы (альтэрнатывы Паўночнаатлянтычнаму блёку), базаваньне ў краіне расейскіх войскаў, у пэрспектыве – увядзеньне адзінай валюты. Згодна з плянам “рускага сьвету”, такая ступень інтэграцыі, амаль цалкам дасягнутая Беларусьсю, прадугледжаная для ўсіх постсавецкіх дзяржаваў без выключэньня.

Было б памылкай лічыць, што пры дасягненьні такой ступені інтэграцыі РФ дапусьціць захаваньне першапачатковай ролі прарасейскага марыянэткавага рэжыму. Не, для захаваньня стабільнасьці кантролю РФ над інтэграванай краінай мяркуецца паступовая перадача кантролю над асобнымі сфэрамі жыцьця інтэграванай краіны ад мясцовага марыянэткавага рэжыму наўпрост у Расею. Прынцыповаю навіною праекту “рускага сьвету” у яго сучасным выглядзе, у параўнаньні з шэрагам папярэдніх праектаў усталяваньня імпэрскага кантролю РФ над іншымі краінамі, зьяўляецца вялікая ўвага ўсталяваньню ня толькі “вэртыкальнага” кантролю, але і кантролю “гарызантальнага”, пры якім цэлыя сфэры жыцьця краіны-сатэліта выводзяцца з-пад кантролю мясцовага марыянэткавага рэжыму і наўпрост інтэгруюцца з адпаведнай галіной Расеі. У гэтым сэнсе праект “рускага сьвету” у большай ступені падобны не на адносна нядаўнія палітычныя праекты ўсталяваньня празаходніх або прасавецкіх рэжымаў у посткаляніяльных краінах “трэцяга сьвету”, а на больш даўнюю сталінскую практыку “саветызацыі” заваяваных дзяржаваў.

Перш за ўсё, так званая “свабода” мэдыяпрасторы імітуецца за кошт прамога вяшчаньня ў краіне расейскіх мэдыяў (пры нядопуску ў мэдыяпрастору апазыцыі ды заходніх СМІ) і за кошт скупкі расейскімі мэдыяхолдынгамі мэдыяактываў у краіне-сатэліце. Апрача таго, у дзяржаве-сатэліце ажыцьцяўляецца інтэграваньне і наўпроставае кіраваньне з РФ банкаўскім капіталам і буйной прамысловасьцю.

Для стварэньня супрацьвагі мясцоваму сатэлітнаму ўраду фармуецца яшчэ больш залежная ад Масквы апазыцыя, якая ў любы момант можа быць супрацьпастаўленая дзейснаму рэжыму ў выпадку яго недастатковай “вернасьці” Маскве і якая забясьпечвае адначасова дзьве функцыі – імітацыю захаваньня дэмакратыі ды дадатковы сродак ціску Крамля на мясцовых марыянэтак. У гэты ж час антырасейская апазыцыя максымальна элімінуецца з палітыкуму краіны.

Нарэшце, важнай часткаю “гарызантальнага” кантролю ёсьць усталяваньне наўпроставага, “праз галаву” мясцовага марыянэткавага рэжыму, кантролю над войскам і спэцслужбамі дзяржавы-сатэліта. Дзеля гэтага ажыцьцяўляецца масавая вэрбоўка афіцэрскага складу войска і службаў бясьпекі ў якасьці інфарматараў і агэнтаў уплыву ФСБ і ГРУ. Перш за ўсё, такая вэрбоўка адбываецца праз іх уцягваньне у карупцыйныя схемы з наступным шантажом з боку спэцслужбаў РФ разам з дапамогаю ў прасоўваньні па службе – аж да заняцьця такімі агэнтамі ўплыву ўсіх ці большасьці ключавых пасадаў у арміях і спэцслужбах краінаў-сатэлітаў. Сам па сабе гэты мэтад не зьяўляецца новым, ён добра правераны на працягу ўсяго ХХ ст. і нашмат раней, аднак масштаб яго выкарыстаньня падчас пабудовы “рускага сьвету” пераўзыходзіць усё раней вядомае: вядзецца не пра пабудову традыцыйнай агэнтурнай сеткі ў чужых войсках альбо спэцслужбах, а пра поўнае замяшчэньне пазыцыяў у кіраўніцтве войскаў і спэцслужбаў людзьмі, наўпрост залежнымі ад спэцслужбаў РФ, то бок фактычна пра пераход кантролю над войскам і спэцслужбамі ад марыянэткавага прарасейскага ўраду наўпрост да РФ.

Па выніку выкананьня ўсёй сукупнасьці апісаных мерапрыемстваў постсавецкая дзяржава займае адведзенае ёй у “рускім сьвеце” месца, якое апрача фармальнага статусу “незалежнай краіны” нічым не адрозьніваецца ад статусу аўтаноміі ў складзе РФ. Важна разумець, што такая роля прадугледжаная для ўсіх без выключэньня постсавецкіх краінаў, незалежна ад іх цяперашняга статусу, які разглядаецца у праекце “рускага сьвету” як “часовы” і “выпадковы”, “падлягаючы выпраўленьню”.

Наступным “пластом” у “матрошцы рускага сьвету” зьяўляецца шэраг краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы – гэта пераважна былыя чальцы “Варшаўскай Дамовы” (краіны Вышаградзкай групы ды балканскага рэгіёну, уключна з Грэцыяй) і шэраг дзяржаваў “трэцяга сьвету” (перш за ўсё Сірыя ды некаторыя іншыя арабскія краіны, Турцыя, Іран, Індыя, Бразылія, Ізраіль). Для гэтых краінаў прызнаецца немагчымасьць усталяваньня поўнага татальнага кантролю з боку Масквы, але прадугледжваецца ўсталяваньне такога характару стасункаў, пры якім гэтыя краіны гарантавана выступалі бы саюзьнікамі Расеі ва ўсіх зьнешнепалітычных пытаньнях, і дзе Расея як мінімум мела б “права вета” на ўсе сур’ёзныя зьнешнепалітычныя рашэньні. У якасьці “праграмы максымум” прадугледжаная падтрымка ў гэтых краінах палітычнага рэжыму, стабільна сяброўскага для Расеі ды варожага для ЗША.

У наступным “пласьце” “рускай матрошкі” знаходзяцца мацерыковыя дзяржавы Заходняй Эўропы, – ад Нямеччыны ды Аўстрыі да Гішпаніі, Партугаліі ды Скандынавіі, – якім у праекце “рускага сьвету” адведзеная роля “нейтральнага буфера” паміж Расеяй і англасаксонскімі краінамі (апошнія разглядаюцца ў канцэпцыі “рускага сьвету” як “адвечныя ворагі” і адзіныя дастойныя супернікі Расеі) ды “карысных ідыётаў”, што выконваюць ролю прарасейскага міжнароднага лобі ў супрацьстаяньні Расеі і ЗША на міжнароднай арэне. Для гэтых краінаў прадугледжаны “звышмяккі кантроль”, які ажыцьцяўляецца праз тры асноўных мэханізмы: наўпроставы тайны кантроль палітычных элітаў (як уладных, так і апазыцыйных) праз уцягваньне іх у карупцыйныя схемы (тое, што ў нямецкіх мэдыях атрымала назву “эфект шродэрызацыі” у гонар “набытага” канцэрнам “Газпрам” былога канцлера Нямеччыны Шродэра); кантроль мэсэджаў у мясцовых мэдыях праз фінансавыя пагадненьні зь іх уладальнікамі і праз сыстэматычнае “прыкармльваньне” мясцовых журналістаў і інтэлектуалаў; стварэньне прэферэнцыяў у эканамічных праектах з Расеяй мясцовым буйным карпарацыям у замен за выкарыстаньне на карысьць Расеі лабісцкіх магчымасьцяў гэтых карпарацыяў у сваіх краінах.

Для поўнай рэалізацыі апісанага праекту неабходнымі ўмовамі ёсьць дэмантаж Паўночнаатлянтычнага Альянсу ды Эўрапейскага Зьвязу ў іх цяперашнім выглядзе. Зараз РФ прадпрымае значныя высілкі ды ўкладае значныя рэсурсы ў падтрымку гэтак званых “эўраскептыкаў” у палітычных колах Эўразьвязу ды ў раздзьмуханьне антыамэрыканскіх і, адпаведна, антынатаўскіх рухаў у краінах Эўропы. Канцэпцыя “рускага сьвету” ў завершаным выглядзе прадугледжвае значнае аслабленьне Захаду ды яго раскол на тры часткі, якія змагаюцца паміж сабою: 1) ЗША і англасаксонскі сьвет (пазбаўленыя, згодна з плянам Крамля, саюзных стасункаў з мацерыковай Эўропай); 2) мацерыковыя краіны “старой Эўропы” (якія па пляну Крамля актыўна змагаюцца супраць англасаксонскага сьвету і маюць саюзьніцкія стасункі з Расеяй); 3) краіны Цэнтральна-Усходняй Эўропы (што, згодна з плянам Крамля, цалкам выйшлі са зьнешнепалітычных і ваенных саюзаў з ЗША і Заходняй Эўропай, канкуруюць з краінамі “старой Эўропы” і цалкам перайшлі пад “мяккі” кантроль Расеі). Гэткі “геапалітычны расклад” павінен забясьпечыць Расеі ролю “глябальнага гульца”, які на роўных канкуруе і дзеліць “сферы ўплыву” з ЗША.

Такім чынам, мэты і задачы Расеі ў каротка- і сярэднетэрміновай пэрспектыве зводзяцца да наступных:

- раскол знутры NATO шляхам супрацьстаўленьня інтарэсаў ЗША, Брытаніі ды кантынентальнай Эўропы, аж да роспуску Альянсу;

- раскол знутры Эўрапейскага Зьвязу шляхам падтрымкі “эўраскептыкаў” і раздзьмуханьня супрацьстаяньня паміж Брытаніяй, “Старой Эўропай” і новым цэнтральнаэўрапейскімі чальцамі ЭЗ, аж да роспуску эўразоны ды перафарматаваньня ЭЗ у кансультатыўны ворган накшталт малаэфектыўных Рады Эўропы і АБСЭ;

- фармаваньне “рускага сьвету”, які складаецца з трох пасьлядоўных “зонаў уплыву”: зоны поўнага наўпроставага кантролю РФ (усе без выключэньня постсавецкія краіны); зоны “мяккага кантролю” (некаторыя краіны Цэнтральнай Эўропы і “трэцяга сьвету”) і зоны “прарасейскіх карысных ідыётаў” з краінаў кантынентальнай Заходняй Эўропы.

Расейская ваенная агрэсія супраць Украіны 2014-15 г.г. пазначыла пачатак новай фазы праекту пабудовы “рускага сьвету”, а менавіта пераход РФ да фазы ўсталяваньня наўпроставага ваенна-палітычнага кантролю над постсавецкімі дзяржавамі.

У самым агульным выглядзе плян расейскай заваёвы суседніх краінаў уключае ў сябе наступныя пасьлядоўныя фазы:

1. “Нулявая”, альбо “лятэнтная” фаза – фаза псыхалягічнай і прапагандысцкай вайны. На гэтай фазе мэтамі РФ зьяўляюцца:

- псыхалягічная падрыхтоўка расейскага грамадзтва да “неабходнасьці” ўзброенага ўмяшальніцтва РФ у абранай для агрэсіі краіны;

- псыхалягічная падрыхтоўка грамадзтва ў краіне-ахвяры агрэсіі, якая павінна аслабіць супраціў уварваньню;

- падрыхтоўка ў краіне-ахвяры агрэсіі прарасейскіх групаў уплыву, якія будуць непасрэдна задзейнічаныя на наступных фазах уварваньня;

- падрыхтоўка грамадзкай думкі ды палітычнай пазыцыі ў краінах Захаду, якія павінныя легітымізаваць у вачох сусьветнай супольнасьці агрэсіўныя дзеяньні РФ у адносінах да краіны-ахвяры агрэсіі ды нейтралізаваць міжнародныя мэханізмы калектыўнай бясьпекі.

Можна ўпэўнена казаць, што гэтую “нулявую” фазу мы бачым зараз у дачыненьні да Беларусі. І адзіным адносным “пазытывам” для нас можна лічыць толькі тое, што гэтая фаза ня мае канкрэтнай часовай прывязкі ды можа ажыцьцяўляцца неабмежавана доўга, пакуль, з пункту гледжаньня Расеі, не складуцца спрыяльныя ўмовы для пераходу да наступных фазаў “гібрыднай вайны”.

2. Фаза пачатку прамога ўварваньня можа быць ахарактарызаваная як «фаза дэстабілізацыі» і ў той самы час як «вайна тэлекарцінак».

Асноўнымі мэтамі РФ у гэты пэрыяд зьяўляюцца:

- імітацыя “грамадзянскага канфлікту” ў краіне-ахвяры агрэсіі;

- фармаваньне нэгатыўнага вобразу патэнцыйных супраціўнікаў расейскага ўварваньня;

- стварэньне ілюзіі “слабасьці” наяўнага ўраду краіны ды “адсутнасьці кантролю” з боку уладаў краіны над тэрыторыяй (усёй ці яе часткай) і над рознымі “ўзброенымі фармаваньнямі” (рэальнымі ці ўяўнымі);

- фармаваньне “вобразу ахвяры гвалту” сярод прыхільнікаў Расеі ў краіне-ахвяры агрэсіі, імітацыя “рэпрэсіяў супраць мірнага насельніцтва” ўладамі краіны альбо “непадкантрольнымі ўладам радыкальнымі элементамі”.

3. Лягічным працягам папярэдняй фазы ёсьць наступная – «імітацыя грамадзянскага супраціву». Пасьля імітацыі “жорсткіх рэпрэсіяў” прарасейскія групы ўплыву, ужо пад непасрэдным кіраўніцтвам афіцэраў ФСБ і ГРУ РФ і пры непасрэдным удзеле спэцпадразьдзяленьняў расейскай арміі, імітуюць стварэньне “грамадзянскай самаабароны”, якая нібыта пакліканая выключна, каб “абараніць мірнае насельніцтва ад рэпрэсіяў”.

4. За фармальным абвяшчэньнем супраціву адразу ж ідзе фаза эскалацыі гвалту і правакацыяў – «фаза першай крыві». Непасрэдная мэта РФ на гэтай стадыі канфлікту – справакаваць улады краіны на праліцьцё крыві, якое будзе тут жа тэндэнцыйна прадэманстраванае расейскімі мэдыямі, прывядзе да кампрамэтацыі ўладаў у вачох сусьветнай супольнасьці ды легітымізуе пераход РФ да наступнай фазы актыўных дзеяньняў. Дадатковаю мэтай на гэтым этапе зьяўляецца дасягненьне “кропкі незвароту” для прарасейскіх групаў унутры краіны-ахвяры ўварваньня.

5. Наступная фаза можа быць ахарактарызаваная як «фаза імітацыі суб’ектнасьці». Мэтаю РФ на гэтым этапе ёсьць імітацыя стварэньня “самакіраваньня” альбо “альтэрнатыўнага ўраду” з сябраў прарасейскіх групаў уплыву, якія актыўна ўдзельнічалі ў папярэдніх фазах канфлікту, то бок імітацыя пераходу ад “стыхійна паўсталых групаў самаабароны” да “легітымных прадстаўнікоў волі мясцовага насельніцтва”.

6. Заканчэньнем гэтай “фазы імітацыі суб’ектнасьці” робіцца наступная фаза, якую можна назваць «фазай легітымацыі ўварваньня, або фазай рэферэндумаў». На гэтым этапе мэтаю РФ ёсьць міжнародная легітымацыя акупацыі ўсёй краіны ці яе часткі праз імітацыю “народнага волевыяўленьня” (“рэферэндумаў”, “выбараў” і д. п.).

Калі папярэднія фазы канфлікту ня скончыліся поўным зьвяржэньнем дзейснага ўраду і заменай яго марыянэткавым рэжымам, цалкам кантраляваным з Масквы, наступнай фазай канфлікту будзе поўнамасштабнае ваеннае ўварваньне ўзброеных сілаў РФ, якое мае імітаваць “вайну паміж урадам і ворганамі самакіраваньня на непадкантрольных яму тэрыторыях”.

Калі аналізаваць плыні расейскай прапаганды, што папярэднічаюць узброенай агрэсіі, то варта дакладна падзяляць прапагандысцкія мэсэджы, адрасаваныя розным аўдыторыям. Асаблівасьцю расейскай прапаганды з’яўляецца тое, што яна ад пачатку ёсьць інструмэнтам дзяржаўнай палітыкі (а з улікам палітыкі сучаснай расейскай дзяржавы гэта значыць – інструмэнтам спэцслужбаў і войска) і перасьледуе цалкам прагматычныя мэты – інфармацыйнае суправаджэньне будучай ваенна-палітычнай экспансіі Расеі.

Самі крамлёўскія ідэёлагі не хаваюць менавіта такога стаўленьня да мэдыясфэры. У той час як у краінах Захаду мэдыі разглядаюцца перш за ўсё як інстытут інфармаваньня грамадзтва, а PsyOps (“Psychological Operations”) i MISO (“Military Information Support Operations”) маюць вельмі абмежаваную сфэру прымяненьня (толькі ў рэгіёнах, дзе ўжо вядуцца актыўныя баявыя дзеяньні, пераважна ў прыфрантавой зоне), у Расеі ў першым дзесяцігодзьдзі ХХІ ст. распрацаваная і сфармуляваная цэласная ды завершаная канцэпцыя “кансцыентальнай вайны”, то бок “вайны за сьвядомасьць”. На думку аўтараў гэтай канцэпцыі, вядомых сваёй блізкасьцю да Крамля, – Юрыя Крупнова і Максіма Калашнікава, – мэтаю “кансцыентальнай вайны” ёсьць “зьнішчэньне пэўных тыпаў і формаў чалавечай сьвядомасьці”, прычым аптымальным лічыцца зьнішчэньне невыгоднага Расеі тыпу сьвядомасьці шляхам прапагандысцкай “прамыўкі мазгоў” з фізычным захаваньнем “носьбіта сьвядомасьці”. Пасьля ж перамогі ў “кансцыентальнай вайне” за сьвядомасьць большасьці насельніцтва тэрыторыі, на якую прэтэндуе Расея, тыя, хто застаўся ўстойлівым да прапаганды, – “носьбіты непрыймальных тыпаў сьвядомасьці”, – мусяць быць фізычна зьнішчаныя ўжо “традыцыйнымі” ваеннымі ды паліцэйскімі сродкамі. Такім чынам, Расея ўжо даўно вядзе супраць суседніх краінаў, і ў асаблівасьці супраць былых рэспублік СССР, неабвешчаную “кансцыентальную вайну” на зьнішчэньне, якой у прыватнасьці Беларусь не супрацьстаўляе нічога, бо мы ня звыкліся ўспрымаць тое, што адбываецца ў інфармацыйнай сфэры, як частку ваеннага канфлікту да яго пераходу ў “гарачую” фазу. Між тым украінскі досьвед дэманструе, што пераход ад “кансцыентальнай вайны” да ўзброеных формаў “гібрыднай вайны” ажыцьцяўляецца вельмі хутка, а “вайна за сьвядомасьць” з’яўляецца цалкам прадуманай фазаю падрыхтоўкі наўпроставага ваеннага ўварваньня.

У кантэксьце падрыхтоўкі агрэсі Расеі супраць суседніх краінаў варта разьмяжоўваць прапаганду, накіраваную на розныя аўдыторыі, а менавіта:

- прапаганду, адрасаваную грамадзянам самой Расеі;

- прапаганду, адрасаваную прарасейскім групам уплыву ў краіне-ахвяры агрэсіі;

- прапаганду, накіраваную на іншыя групы насельніцтва краіны-ахвяры агрэсіі;

- прапаганду, адрасаваную грамадзтвам і палітыкуму краінаў “старой Эўропы” і Амэрыкі.

Гэтым розным мэтавым аўдыторыям даецца зусім розная “карцінка” і транслююцца мэсэджы, якія часта несумяшчальныя паміж сабою, але ў цэлым усе яны рыхтуюць кожную з названых аўдыторыяў да будучага расейскага ўварваньня.

Згодна з тэмаю нашага дакладу, нас у першую чаргу цікавіць прапаганда, адрасаваная патэнцыйнай прарасейскай “пятай калёне” ў краіне-ахвяры агрэсіі. Па сутнасьці яна нічым не адрозьніваецца ад прапаганды для ўнутрырасейскай аўдыторыі, у ёй толькі троху інакш расстаўленыя акцэнты:

Краіна-ахвяра агрэсіі прэзэнтуецца як “непаўнавартасная”, якая ўзьнікла “выпадкова”, у выніку “гістарычнай памылкі”, або “штучна адарваная ад Расеі Захадам”. Вельмі важнымі складнікамі гэтага прапагандысцкага “блёку” з’яўляюцца тэзісы пра распад СССР як “геапалітычную катастрофу” і “гістарычную выпадковасьць”, у той час як існаваньне Расейскай Імпэрыі ды СССР падаецца як гістарычна заканамернае, “натуральнае”, а пэрыяд жыцьця ў складзе Расеі (СССР) падаецца як найбольш пасьпяховы для ўсіх народаў, што жылі ў імпэрыі. Расейцы прэзэнтуюцца як адзіны народ на тэрыторыі былой імпэрыі, які здольны на самастойнае дзяржаўнае будаўніцтва, а ўсе астатнія народы – як “бездзяржаўныя” і “непаўнавартасныя”, заўсёды “залежныя ад іншых вялікіх народаў”.

Прынцыповай мэтаю гэтага прапагандысцкага блёку з’яўляецца пазбаўленьне суседзяў Расеі ўласнай суб’ектнасьці ды прадстаўленьне іх выключна ў ролі падпарадкаваных аб’ектаў, якія маглі быць альбо пад уплывам і кіраваньнем Расеі (што лепш), альбо пад уплывам і кіраваньнем іншых “вялікіх” краінаў – канкурэнтаў Расеі (што горш). Такое пазбаўленьне суб’ектнасьці зьяўляецца найважнейшай перадумовай для апраўданьня ўзброенай агрэсіі супраць гэтых краінаў – у карціне “рускага сьвету” вядзецца не пра агрэсію супраць незалежных краінаў, а пра “перадзел сфэраў уплыву паміж Расеяй і Захадам”.

Калі мэтавыя групы (аўдыторыі), на якія арыентаваная расейская прапаганда, дастаткова шматлікія, то актыўныя расейскія “групы ўплыву” ўяўляюць сабою нашмат меншую частку насельніцтва краіны-ахвяры агрэсіі. Аднак роля гэтых групаў на пачатковай стадыі “гібрыднай вайны” непрапарцыйна вялікая, што прымушае зьвярнуць на іх асаблівую ўвагу ў нашым дакладзе ды рэкамендаваць сваечасова выяўляць іх і, як мінімум, браць на ўлік (калі заканадаўства не дазваляе загадзя іх нейтралізаваць) і ўважліва адсочваць іх дзейнасьць.

Перш за ўсё, трэба зьвярнуць увагу на такую, здавалася б не зьвязаную з Расеяй, частку грамадзтва, як мясцовыя радыкальна-нацыяналістычныя арганізацыі. Паколькі гэтыя групы ды арганізацыі, як правіла, дэкляруюць яўную антырасейскую рыторыку, то на першы погляд разглядаць іх як частку пляну расейскага ўварваньня выглядае нелягічным. Аднак на самой справе менавіта ім адведзеная вельмі важная частка ў пляне падрыхтоўкі ды, асабліва, легітымацыі расейскага ўварваньня. У нашай краіне да такіх “унутраных здраднікаў” варта аднесьці таксама тыя суполкі, якія па сваёй рыторыцы выглядаюць максымальна антырасейскімі, але адначасова цалкам адмаўляюць суб’ектнасьць Беларусі ды беларусаў – гэтак званых “радыкальных ліцьвінаў”.

Наступнай групай актыўнага ўплыву, якой адведзеная значная роля ў ранніх стадыях агрэсіі, ёсьць мясцовы буйны і сярэдні капітал, у сваёй фінансавай дзейнасьці шчыльна зьвязаны з Расеяй.

Для разуменьня ролі гэтый групы ўплыву варта разумець, што ў сучаснай Расеі адсутнічае вольны рынак і не існуе буйнога бізнэсу, не зьвязанага шчыльна і наўпрост з дзяржаўным апаратам РФ. Па выніку некалькіх “мафіёзных войнаў” і пераразьмеркаваньня рынкаў і сфэраў уплыву да пачатку двухтысячных гадоў, у Расеі сфармаваўся адзіны кіроўны клан, заснаваны на шчыльным “сымбіёзе” выхадцаў са спэцслужбаў, дзейсных афіцэраў ФСБ і ГРУ, генэралітэту ды лідараў буйнейшых паліўна-энэргетычных карпарацыяў. Як мінімум, на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя гэты клан цалкам кантралюе ўсе больш-менш істотныя фінансавыя плыні ў РФ і яе зьнешнегандлёвую дзейнасьць. Такім чынам, варта разумець, што любыя фінансавыя плыні, якія зьвязваюць Расею і мясцовы бізнэс у постсавецкіх краінах, абавязкова кантралююцца спэцслужбамі РФ, а гэтак званыя “прыватныя” расейскія кампаніі заўсёды выкарыстоўваюцца ня толькі для атрыманьня фінансавага прыбытку, але і абавязкова як інструмэнт дзяржаўнай палітыкі РФ. Такое выкарыстаньне ёсьць неабходнаю ўмоваю, без якой расейскія кампаніі не атрымліваюць магчымасьці зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.

Скрайне важнай групаю актыўнага ўплыву зьяўляюцца мясцовыя “незалежныя” сродкі масавай інфармацыі, які наўпрост ці праз пасярэднікаў належаць расейскаму капіталу. Падобную ролю могуць граць таксама фінансаваныя з Расеі няўрадавыя арганізацыі, закамуфляваныя пад структуры грамадзянскай супольнасьці.

Асаблівую ўвагу варта зьвярнуць на групы актыўнага ўплыву, якія варта падзяліць на дзьве асноўныя часткі: “мірныя” групы, якія не бяруць наўпроставы ўдзел ва ўзброеным уварваньні, але выкарыстоўваюцца для яго палітычнай легітымацыі, і групы, што зьяўляюцца базай для стварэньня акупацыйных парамілітарных фармаваньняў на пачатковай стадыі агрэсіі.

“Мірныя” групы прадстаўленыя пераважна рознымі арганізацыямі па “вывучэньні расейскай мовы”, “абароне правоў расейскамоўных” (у Беларусі!), “захаваньні расейскай гісторыі і культуры”. Асабліва актыўнымі зь іх зьяўляюцца, як правіла, праваслаўныя царкоўныя арганізацыі ды арганізацыі “ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны”. Гэтым групам у пляне расейскага ўварваньня адводзіцца роля “рытуальнай ахвяры нацыяналізму” і “тых, каго трэба абараняць”. Менавіта такога кшталту арганізацыі грамчэй за ўсіх абвяшчаюць аб “нацысцкай пагрозе” і ў патрэбны момант выступаюць з публічнымі зваротамі да Расеі з просьбай “Пуцін, увядзі войскі!”.

Што ж датычыцца саміх расейскіх парамілітарных фармаваньняў, то іх касьцяк рыхтуецца задоўга да пачатку актыўных баявых дзеяньняў (ва Ўкраіне – з пачатку 2000-х гадоў):

- мясцовыя філіялы расейскіх нацыяналістычных арганізацыяў – РНЕ, ДПНЕ, НОД, НБП, “Другая Россія” і д.п. (частка зь іх забароненая ў самой Расеі з-за радыкалізму, але падтрымліваецца ФСБ РФ на тэрыторыі суседніх дзяржаваў);

- легальныя моладзевыя ваенна-спартовыя прарасейскія арганізацыі, часта закамуфляваныя пад арганізацыі “патрыятычнага выхаваньня” моладзі, у якіх “патрыятычнае выхаваньне” разумеецца ў савецкім стылі ды традыцыях;

- спартовыя (пераважна – “баявых адзінаборстваў”) клюбы, як правіла зьвязаныя зь мясцовым крыміналітэтам;

- арганізацыі, якія займаюцца пад выглядам “культурных і адукацыйных абменаў” адпраўкаю моладзі ў трэніровачныя летнікі ў Расеі;

- арганізацыі “казацтва” (фармальна этнакультурныя ды адукацыйныя, але з парамілітарнай структурай і дысцыплінай);

- арганізацыі ветэранаў Афганістана ды іншых лякальных канфліктаў (гэтак званых “войнаў-інтэрнацыяналістаў”).

Нарэшце, вельмі важную ролю ў стварэньні расейскіх парамілітарных фармаваньняў у Крыме і на Усходзе Ўкраіны згулялі ніяк не легалізаваныя і раней незаўважныя нефармальныя супольнасьці адстаўных афіцэраў савецкага войска, асабліва – адстаўных афіцэраў КДБ і ГРУ СССР. Як паказалі падзеі ў Крыме і на Данбасе, значная частка адстаўных афіцэраў, якія жылі пасьля адстаўкі цалкам мірным жыцьцём, аказалася ўдзельнікамі загадзя падрыхтаванай і задоўга да пачатку актыўнага ўварваньня “закансэрваванай” агентурнай сеткі расейскіх спэцслужбаў. У пачатку ўварваньня гэтыя афіцэры-адстаўнікі атрымалі загад аб выхадзе з падпольля ды перайшлі да актыўнай дзейнасьці. Менавіта такія адстаўнікі (разам зь лідарамі ваенна-спартовых прарасейскіх арганізацыяў) сталіся першымі “палявымі“камандзірамі” расейскіх парамілітарных фармаваньняў і першымі акупацыйнымі “мэрамі” ды “камендантамі” захопленых гарадоў.

Апрача тыповых зарэгістраваных, ці прынамсі структураваных, арганізацыяў, якія маюць відавочных лідараў і яўных удзельнікаў, падчас “гібрыднай вайны” супраць Украіны Расея ўпершыню выкарыстала новы тып арганізацыі масаў, які раней выкарыстоўваўся пераважна апазыцыйнымі аб’яднаньнямі, і ўпершыню паставіла яго на службу дзяржаве – вярбоўку і аб’яднаньне актывістаў праз сацыяльныя сеткі.

Калі Беларусь, якая ўжо зьяўляецца ахвярай расейскай “гібрыднай вайны”, хоча ўсё ж такі пазьбегнуць узброенага ўварваньня, то нам варта ўдзяліць асаблівую ўвагу своечасоваму вызначэньню і кантролю групаў непасрэднага актыўнага ўплыву, апісаных у гэтым дакладзе.

Перш за ўсё, перафразуючы вядомую францускаю прымаўку, “шукайце расейскія грошы!”.

У “рускага сьвету” хапае бескарысных абалваненых прыхільнікаў, аднак, як правіла, усе прарасейскія арганізацыі наўпрост ці праз пасярэднікаў атрымліваюць фінансаваньне з РФ. З пункту гледжаньня крамлёўскіх “гаспадароў” наўпроставая залежнасьць ад расейскага дзяржаўнага фінансаваньня забясьпечвае большую ляяльнасьць і магчымасьць пастаяннага кантролю дзейнасьці такіх арганізацыяў у параўнаньні з “ідэйнымі” адэптамі “рускага сьвету”, якія не залежаць ад Крамля непасрэдна.

Аднымі зь першых крокаў у арганізацыі супрацьдзеяньня расейскай агрэсіі павінны быць выяўленьне, пастаноўка на ўлік і наступны ўважлівы маніторынг усіх бізнэс-структураў, у эканамічнай дзейнасьці якіх гандлёвы ці фінансавы зварот з Расеяй стаіць на першым месцы, у параўнаньні зь іншымі краінамі, і асабліва тых структураў, у якіх ёсьць доля расейскага статутнага капіталу ці доля гандлёвага звароту з Расеяй складае больш за траціну агульнай сумы.

Наступным крокам павінна быць выяўленьне ды ўлік тых палітычных сілаў, якія атрымліваюць фінансаваньне наўпрост з Расеі ці са зьвязаных зь ёю бізнэс-структураў.

Вельмі важным ёсьць улік усіх тых няўрадавых арганізацыяў, якія атрымліваюць расейскае фінансаваньне, а таксама ўлік і маніторынг усіх мас-мэдыяў, у статутным капітале якіх прысутнічаюць расейскія грошы (незалежна ад таго, чым фармальна займаецца гэтае НДА ці на якой мове вядзе сваю дзейнасьць гэты СМІ).

Маніторынг іх дзейнасьці можа дапамагчы спрагназаваць пачатак крытычнай сытуацыі ды, такім чынам, ня даць патрыятычным сілам застаць сябе зьнянацку.

Натуральна, асаблівую ўвагу трэба зьвярнуць на выяўленьне і маніторынг арганізацыяў, якія зьяўляюцца фактарам патэнцыйнай наўпроставай пагрозы – патэнцыйным удзельнікам ваеннай інтэрвенцыі.

Апрача арганізацыяў, варта зарганізаваць асобны ўлік людзей, што ўяўляюць патэнцыйную небясьпеку, а менавіта:

- прарасейскіх актывістаў, нават фармальна быццам бы ляяльных Рэспубліцы Беларусь, але публічна прадукуючых тэксты ў падтрымку захопніцкіх дзеяньняў Расеі, настальгіі па СССР, апраўданьні рэпрэсіяў савецкага пэрыяду;

- усіх асобаў, якія праходзілі навучаньне падчас “культурных і адукацыйных абменаў” на тэрыторыі Расеі;

- усіх былых афіцэраў КДБ СССР, ГРУ УС СССР, іншых спэцслужбаў і спэцназу СССР, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, у незалежнасьці ад іх цяперашняга роду заняткаў.

Асаблівую ўвагу варта зьвярнуць на маніторынг сеткі Інтэрнет, дзе трэба адсочваць дзьве катэгорыі інфармацыі:

- весьці пэрсанальны ўлік блогераў, якія заклікаюць да падрыву нацыянальнай дзяржаўнасьці, або публічна выказваюць тэзісы ў падтрымку захопніцкай палітыкі РФ, настальгіі па СССР, апраўданьне рэпрэсіяў савецкай улады;

- весьці ўлік і штодзённы маніторынг дзейнасьці прарасейскіх групаў у сацыяльных сетках.

Маючы на ўвазе неабходнасьць інфармацыйнага ды інтэлектуальнага супрацьстаяньня рускамірным агрэсарам “гібрыднай вайны”, варта не выключаць магчымасьць ацэнкі іх выказваньняў у СМІ і ў Інтэрнеце з пункту гледжаньня адпаведнасьці гэтых выказваньняў прававым нормам Рэспублікі Беларусь, у прыватнасьці артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да дзеяньняў, скіраваным на шкоду зьнешняй бясьпецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдольнасьці).

Крыніца: http://narodny.org/?p=16352

14 сьнежань 2017 г. Ігар Лялькоў

1/8/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2018
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024