Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

50-я ўгодкі акупацыі Пражскай вясны

У гэтым артыкуле мы ня ставім задачу ўсебаковага аналізу драмы жніўня 1968-га. У юбілейныя дні ў інфармацыйнай прасторы зьяўляецца маса шматгранных аналітычных матар’ялаў. Хацелася б асьвятліць тое, што засталося ў асабістай памяці і карэліраваць гэта з пазьнейшымі думкамі і падзеямі.

На пачатку (нават тады) была абсалютна гібрыдная сітуацыя. У савецкіх СМІ ішла шалёная кампанія абылганьня падзей і тэндэнцый у Чэхаславакіі на працягу ўсяго пэрыяду дэмакратычных рэформ, разгорнутых камуністычным кіраўніцтвам краіны “савецкага лягеру”. І ў той жа час у кожным шапіку ў нашых гарадах можна было купіць пражскую газэту “Rude pravo”. Беларусы (асабліва тыя, хто ўмеў чытаць па-польску) даволі лёгка разумелі газэтныя тэксты, дзе адлюстроўвалася праўда. Як толькі пачалася інвазія, пражская газэта зьнікла, прычым на некалькі гадоў.

З першых дзён 1968-га года інфармацыйная вайна супраць чэхаў і славакаў прыкметна ўзмоцнілася. Аналізуючы разьвіцьцё падзей post factum, прыходзіш да высновы, што Крэмль і не чакаў бы да канца лета, яшчэ 9 месяцаў, а ўжо ў студзені кінуў бы на “бунтарскую” краіну сваю армію і лубянскую арду. Абсалютна нелагічным было даваць магчымасьць паглыбіцца працэсам і структурыравацца змагарнаму грамадзтву ў краіне, якая выразна выбівалася з-пад маскоўскага кантролю. Адзіным тлумачэньнем гэтаму можа быць тое, што ў гэты самы час саветы рыхтавалі “магутны ўдар па амэрыканскаму імпэрыялізму”. А менавіта так званы “Наступ Тэт” у Паўднёвым В’етнаме, які знаходзіўся пад кантролем амэрыканцаў.

Па знакамітай “сьцяжыне Хашыміна” на тэрыторыі Лаоса з камуністычнага Паўночнага В’етнама, як мурашы, ішлі бясконцым гужам войскі, якія несьлі на сябе размантаваныя на часткі гарматы і мінамёты, скрыні з баепрыпасамі і ўсё неабходнае для вялізнай арміі і шырокамаштабных ваенных дзеяньняў на поўдні. Гэтыя грузы штодня прыбывалі ў Паўночны В’етнам з Савецкага Саюза. У шэрагу месцаў Паўднёвага В’етнама канцэнтраваліся вялікія масы войскаў і партызанскія сілы для атакі на сталіцу Сайгон, буйныя гарады і вайсковыя базы. 31 студзеня 1968 г., у дзень будыйскага сьвята месячнага Новага года (Тэт), апэрацыя пачалася сінхроннымі атакамі па ўсёй краіне. Паўднёвав’етнамскія і амэрыканскія войскі некалькі дзён знаходзіліся ў шоку. Не зважаючы на страты, чырвоныя войскі захоплівалі гарады і аб’екты, уздымаючы паўсюль сьцягі В’етконга. Яны авалодалі нават паловай Сайгона і ўварваліся ў комплекс будынкаў амбасады ЗША. Амэрыканцы здолелі вызваліць сваю амбасаду толькі высадзіўшы дэсант з верталётаў на дах будынка. З усіх навакольных краін, дзе былі амэрыканскія вайсковыя базы, і з ЗША штодня прыбывалі ўсё новыя войскі. Лютыя баі працягваліся амаль месяц. Урэшце чырвоныя войскі былі выбіты з усіх захопленых пазыцый. Яны панесьлі такія каласальныя страты (в’етнамскі галоўнакамандуючы генэрал Зяп пракамэнтаваў сітуацыю: “Гэта ня мае ніякага значэньня…”), што на працягу некалькіх гадоў партызанская вайна не магла аднавіцца ў папярэдніх маштабах.

Індакітайская драма суправаджалася актывізацыяй левых сілаў па ўсім сьвеце. “Рух за мір, супраць амэрыканскага імпэрыялізма” шчодра аплочваўся з крамлёўскай касы і кіраваўся з таго ж месца. Паўсюль праходзілі шматтысячныя дэманстрацыі, сутычкі з паліцыяй, факельныя шэсьці, палілі амэрыканскія сьцягі. Формула “па ўсім сьвеце” распаўсюдзілася нават на нашу гомельскую школу. Пасярод лекцыі ў клас зайшлі актывісты ў піянэрскіх гальштуках з важным выразам на тварах і заявілі, што ўсім нам трэба падпісаць калектыўны пратэстны ліст на адрас Белага дома. Малыя савецкія людзі падпісваліся па чарзе. Заўпарціўся толькі Пётра Дайнэка: “А я ня буду! Не хачу і ня буду!” Галоўная актывістка зрабіла халодныя вочы гарпіі і пасьля некалькіх спробаў прымусіць яго, гукнула пагрозьліва: “Усяроўна потым прыйдзеш у настаўніцкую і падпішаш!” Цікава, што настаўніца маўчала. Маўчала і Людка Асадчая. Хто б мог падумаць, што яна атрымае падзяку за свой подпіс на ўзьбярэжнай Сайгона. Калі праз 40 гадоў была сустрэча аднакласьнікаў, Людка паказвала ўсім доўгі шрам на галаве. Яна працавала ў абслузе турыстычнага лайнэра ў 1990-я гады. Постсавецкія людзі сыходзілі з трапа на сайгонскі бераг, як раптам па іх далі чаргу з кулямёта. Кулька чыркнула па ейнай галаве, але на шчасьце ляцела дастаткова высака…

Мы спыняемся на гэтай паралельнай тэме таму, што яна мае тыпалагічны характар. Так жа сама Масква не магла зьдзейсьніць запланаванае і ў нашай Беларусі адразу пасьля інтранізацыі свайго васала ў 1994 годзе. Крамлю і хацелася б, але тады ж пачалася 1-я Чачэнская вайна. Абяцаньні ўзяць Грозны “за тры дні” ганебна праваліліся. Там толькі за адну навагоднюю ноч была спалена цэлая танкавая дывізія “дорогих россиян”. Ды і ўсё пайшло зусім ня так, як хацелася крамлёўскім. А ў жніўні 1996 года толькі Масква паабяцала зьдзейсьніць “воссоединение Белоруссии и России” (пра гэта былі папярэджаны ўсе рэжымныя структуры), аж горскія атрады захапілі Грозны і разграмілі ўшчэнт расейскі гарнізон. Давялося займацца тушэньнем гэтага полымя. А шматтысячныя дэманстрацыі за незалежнасьць ў нашых гарадах і абяцаньне беларускіх патрыётаў бараніць краіну са зброяй у руках у выпадку маскоўскай агрэсіі канчаткова прымусілі Крэмль зьмяніць планы і перайсьці да стратэгіі паступовага аслабленьня і падпарадкаваньня нашай краіны. Імпэрыя не магла дазволіць сябе вайну на два франты.

Калі стабілізавалася становішча ў В’етнаме, Масква пайшла на рызыку ў цэнтры Эўропы. Беларускія дзеці, якія былі “па абмену” ў лягярах адпачынку ў Чэхаславакіі, распавядалі потым: “Нас тэрмінова пасадзілі ў аўтобусы і павезьлі ў бок савецкай мяжы. Мы ледзь прадзіраліся па дарогах. Паўсюль насустрач нам ішлі танкі, танкі, танкі…” Цікава, што для чэхаў і славакаў, а таксама і для “прагрэсіўнай грамадзкасьці” сьвету савецкая інвазія была поўнай нечаканасьцю. Тыя ж масы, што нядаўна дэманстравалі з паходнямі супраць амэрыканцаў, цяпер выйшлі на пратэсты супраць савецкага імпэрыялізма. Мноства членаў пакідалі камуністычныя партыі ў розных краінах, аўтарытэт саўдэпіі моцна пахіснуўся нават у самых левых.
Як заўжды, без беларусаў Масква ніяк не магла абысьціся. Многія з нашых юнакоў і мужчын сядзелі на тых танках і толькі пасьпявалі ўхіляцца ад розных прадметаў, якімі кідаліся ў іх чэхаславацкія натоўпы.

Малады менскі скульптар Іван Місько, мабілізаваны на інвазію, атрымаў непаўторную магчымасьць убачыць гатычную і барочную пластыку Прагі. Ня трэба думаць, што ўсе анекдоты пра савецкіх – гэта толькі набор мэтафар. “Замежнік кажа савецкаму: “Я люблю падарожнічаць на самалёце. А ты?” Той адказвае: “А я на танку…” Мастацтвазнаўца, навуковы супрацоўнік Мастацкага музэя Беларусі Раман Бадзін маршыраваў са сваім палком на працягу некалькіх дзён з Менску ў бок заходняй мяжы. Іх ужо папярэдзілі, што “пойдзем на Чэхаславакію”. Але калі стала зразумела, што чэхаславацкая армія не аказвае супраціву, рэзэрвістаў распусьцілі па хатах. Наступным разам сітуацыя паўтарылася ў сьнежні 1981 года, калі Масква рыхтавалася да здушэньня руху “Салідарнасьці” ў Польшчы. Беларусы зноў спатрэбіліся, бо, у адрозьненьні ад нас, для абсалютнай бальшыні расейцаў што Марс, што Польшча – цалкам незнаёмая плянэта. Пазьней я даведаўся, што разам з тысячамі іншых беларусаў быў уключаны ў сьпісы на мабілізацыю ў палкі авангарда інвазіі. Туды зьбіралі беларусаў, якія ўмелі размаўляць і чытаць па-польску. Але і гэтым разам абышлося.

Старэйшыя фронтаўцы, якія пабылі на той інвазіі, успамінаюць пра стан дэмаралізацыі чэхаславацкай арміі: “Мы ўваходзім на тэрыторыю вайсковай часткі. Пастарунковых няма. Бальшыні афіцэраў няма, бо выходны дзень (!). У казармах моладзь п’е піва, на дахах загараюць. Усё было ўзята пад кантроль на працягу лічаных хвілін…” Цывільнае грамадзтва краіны, мільёны бяззбройных людзей аказаліся больш падрыхтаванымі да супраціву ворагу, чым узброеная структура, абавязкам якой ёсьць абарона дзяржавы і народа. Дарэчы, убачанае і перажытае падчас інвазіі праз 20 гадоў – у 1988-м – прывялі гэтых людзей у шэрагі Народнага Фронта.

Паўстае рытарычнае пытаньне: і хто ж гэта давёў да такога стану нацыянальную армію? Беларусы і ўкраінцы цяпер добра ведаюць адказ на яго. Мы ўсё гэта пабачылі і бачым у сучаснасьці. Так бывае, калі нацыянальная армія напхана маскоўскімі афіцэрамі і генэраламі, калі каманды яна атрымлівае з Масквы.

А вось па той бок фронту змаганьня сітуацыя была і ёсьць цяпер адваротная. У 1968 годзе савецкая прапаганда трубіла з усіх СМІ аб тым, што войскі НАТО, перш за ўсё нямецкія, “ужо стаяць на мяжы ЧССР, каб уварвацца і скарыць няшчасны народ”. Чэхаславакам трэба дапамагчы! Дзесяткі тысяч беларускіх рэзэрвістаў атрымалі позвы ў ваенкаматы. Сем’і хваляваліся, чакаючы вайны. Але недзе 24-25 жніўня бацькі і старэйшыя браты вярнуліся дахаты, сказаўшы, што “адбой”. Ура крычалі на ўсю уліцу ня толькі падлеткі. У Масквы ўсё йшло паводле раскладу. Разьвіцьцё цэнтральнаэўрапейскай краіны было спынена на 21 год – да “аксамінай рэвалюцыі” 1989 года.
На пачатку 1990-х прэзыдэнт РФ Б. Ельцын пачаў паляпшаць “чалавечы твар” Імпэрыі Зла. У Гэльсінках ён заявіў быў, што інвазія супраць Фінляндыі ў 1939-40 гадах “была памылкай”. А потым яны прызналі “палітычнай памылкай” і ўварваньне ў Чэхаславакію. Прызналі крывадушна і дэмагагічна, бо ў той самы час пачыналі выконваць сваю дзяржаўную стратэгічную праграму па аднаўленьні маскоўскага панаваньня на постсавецкіх абшарах, рэстаўрацыю савецкага Райху ў былых межах.

Адна з важнейшых лекцыяў чэхаславацкай драмы ў тым, што яна адчыніла людзям вочы. Імпэрская арда душыць, зьнішчае і захоплівае ўсё вакол сябе незалежна ад фармальных абставінаў: і пры жахлівым Іване, і пры шалёным Пятры, і пры Аляксандры-“вызваліцелі”, і пры Мікалаі Крывавым. Яна не спынялася ні пры таталітарных Леніне-Сталіне-Хрушчове-Брэжневе, ні пры “рэфарматарах-дэмакратах” Гарбачове-Ельцыне. Яна працягвае сваю дзікую экспансію пры цяперашней лубянскай хунце. І ня трэба мець ілюзій. Пачвара ня спыніцца, пакуль будзе існаваць.

Украінцы паказалі, як трэба бараніць сваю краіну і цывілізацыю. Іншага шляху няма ў народаў і дзяржаў, якія маюць няшчасьце існаваць побач з імпэрскім монстрам.

Валеры Буйвал

25/8/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2018
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024