Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ЭТАПЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

Даклад на канфэрэнцыі па тэме “27 гадоў Незалежнасьці Беларусі”. Канфэрэнцыя адбылася 2 верасьня 2018 г. у Менску.

Паважаныя спадарыні і спадары, вітаю Вас у Бацькаўшчыне, віншую з 25 Жнівенем, з 27-й гадавінай Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і са стогадовым юбілеем аб’яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Мае развагі тут аб гэтых двух вялікіх датах.

25-га жніўня 1991 года, пасьля надзвычай зацятага змаганьня дэпутатаў Беларускага Народнага Фронту супраць дэпутатаў камуністычнай намэнклятуры, пры падтрымцы тысячаў людзей на плошчы Вярхоўны Савет Беларусі надаў статус канстытуцыйнай сілы Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Гэты акт надзвычайнай важнасьці. У выніку яго прыняцьця і абвяшчэньня Беларусь здабыла рэальную дзяржаўную незалежнасьць. За кароткі час была пабудавана рэальная незалежная дзяржава з усімі атрыбутамі суверэнітэту, з урадам, з усімі міністэрствамі, бюджэтам, заканадаўчай сістэмай, войскам, грашыма, межамі, дзяржаўнымі сымваламі, прызнаная ўсім сьветам. Гэта вялікая гістарычная падзея і вялікая справа. Дзень 25 Жніўня зьяўляецца ўрачыстым нацыянальным сьвятам незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Гэта ўжо слаўная наша гісторыя, якую мы сьвяткуем.

Палітычны і праўны пачатак дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі адлічваецца ад 25 сакавіка 1918 года. Менавіта тады Беларуская Нацыянальная ідэя рэалізавалася ў абвяшчэньні незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлета мы сьвяткуем сто гадоў гэтай знакамітай даты гісторыі.

Палітычна і працэсуальна (легіслацыйна) Беларуская Народная Рэспубліка была аб’яўлена як клясычная незалежная дзяржава з праекцыяй усіх атрыбутаў дзяржаўнага суверэнітэту. Але ня ўсё ўдалося адразу ажыцьцявіць з прычыны вонкавых палітычных абставінаў.

БНР была створана і аб’явіла пра дзяржаўную незалежнасьць ва ўмовах 1-й Сусьветнай вайны і нямецкай акупацыі. Прытым немцы, паводле вымогаў Берасьцейскага міру, не павінны былі дапускаць ніякіх дзяржаўных сэпаратных нацыянальных утварэньняў на акупаванай тэрыторыі. Адпаведна і папярэднія акупанты расейцы прэтэндавалі на беларускую зямлю плюс агрэсіўная Польшча, якая адраджалася пры падтрымцы Антанты.

У гэтых складаных акупацыйных абставінах беларускія адраджэнцы змаглі арганізаваць дзяржаўныя структуры і аб’явіць незалежнасьць краіны. Немцы не ўжывалі жорсткіх рэпрэсіяў супраць БНР, але заблакавалі магчымасьці дзяржаўнага разьвіцьця. Было забаронена ствараць войска, фінансавую сістэму, банкі, міністэрствы прамысловасьці, гандлю, мець свае грошы, бюджэт і г. д. Акупанты не забаранілі толькі школьніцтва і культуру. І тут кіраўніцтва БНР пасьпела зрабіць шмат добрага.

Акупацыйная нямецкая палітыка і блакаваньне дзяржаўнага разьвіцьця БНР ёсьць важны гістарычны чыньнік, які абавязкова трэба ўлічваць пры ацэнцы незалежнага існаваньня Беларускай дзяржавы.

Акупацыйныя ўмовы і забароны затармазілі натуральныя працэсы разьвіцьця дзяржаўнасьці і ўлады, дэфармавалі яе функцыі і структурныя сувязі. Стварылася акупацыйнае статус-кво, якое было адлюстраваньнем дэфармацыі, але не натуральных працэсаў разьвіцьця дзяржавы.

Гэтакая зьява тыповая для акупацыйнай палітыкі. Яна істотная для ацэнкі і характарыстыкі антыгістарычнага падыходу і антыбеларускай прапаганды.

Антыгістарычны падыход пры ацэнцы БНР за аснову зьявы бярэ акупацыйнае статус-кво, і на падставе гэтай дэфармацыі імкнецца даказаць нясьпеласьць, недасканаласьць БНР, неразьвітасьць нацыянальнай ідэі. Але ў гэтым сэнсе тут якраз усё было ў парадку, бо мелася разуменьне і гатовасьць да правільнага будаўніцтва дзяржавы. Тым часам прышлося рабіць тое, што было магчымым (і нават немагчымым). І гэта была ў тых умовах вялікай справай.

Увогуле, падмена рэальнасьці акупацыйным статус-кво (якое спэцыяльна ствараецца) — гэта асноўная мэтадалёгія акупацыйнай прапаганды і антыгістарычнага падыходу ў імпэрскай заідэалагізаванай навуцы.

Такая карціна вельмі характэрная была для савецкай ідэалогіі і гісторыі, калі за аснову браўся гвалтам дэфармаваны сьвет, перакулены з ног на галаву, якому прыпісваліся іманэнтныя якасьці такога збочанага культурнага разьвіцьця і прычынна абумоўленага існаваньня. Падыход з гледзішча акупацыйнага статус-кво вельмі характэрны ўвогуле для расейскай прапаганды ва ўсе часы. Асабліва цяпер у прапагандысцкіх атаках на Рэспубліку Беларусь і яе народ. Вынікі гвалту над нацыяй і народам прадстаўляюць як натуральную зьяву і такім чынам паклёпнічаюць на ўсю нацыю.

Нягледзячы на тое, што БНР ня мела магчымасьці ў тых умовах рэалізавацца як паўнавартасная дзяржава, стварэньне і аб’яўленьне яе незалежнасьці мела велізарнае значэньне ў гісторыі Беларусі.

Гэты акт быў глыбока ідэёва і палітычна падрыхтаваны. Ён стаў чыньнікам разьвіцьця нацыі і пунктам адліку яе новай дзяржаўнай гісторыі. Без 25 Сакавіка 1918 года не было б 25 Жніўня 1991-га і паўнавартаснай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

Аб’яўленьне незалежнасьці БНР засьведчыла нацыянальную ідэалёгію новай краіны. Гэтая ідэалёгія называецца Адраджэньне і абазначае пабудову новай дзяржавы Беларусі на груньце культуры і гісторыі нашай гістарычнай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. Акт 25 Сакавіка абазначыў тэрыторыю і межы Беларусі, усталяваў і сакралізаваў дзяржаўны гістарычны гэрб Пагоня і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, замацаваў найважнейшы чыньнік нацыі — дзяржаўнасьць беларускай мовы.

Гістарычна істотным зьяўляецца тое, што ўтварэньне БНР і аб’яўленьне незалежнасьці БНР сцьвердзіла існаваньне новай беларускай нацыі, абазначыла палітычную пэрспэктыву беларускага народу.

Фактам стала тое, што на аснове Вялікага Княства Літоўскага адрадзілася новая беларуская супольнасьць. Фактычна, тут адбылося адраджэньне Літвы і яе народа пад новай назвай Беларусь і ў новай сьведамасьці. Новая назва ўкаранілася моцна і глыбока, бо замацавана крывёй. За Беларусь былі пралітыя рэкі крыві, заплочана генацыдам, мільёнамі народных жыцьцяў. Ворагі Беларусі хочуць дэмагагічна заблытаць зьяву, перакруціць гісторыю і раскалоць грамадзтва, але гэта безнадзейна, бо варожа.

У вольнай Беларусі, збаўленай ад антыбеларускага рэжыму, не сумняваюся, адбудзецца сінтэз працэсу і пашырэньне назвы краіны з улікам яе гісторыі.

Аб’яўленьне незалежнасьці БНР, нягледзячы на ўсе складанасьці, прадвызначыла сэнс змаганьня за Беларусь у наступных пакаленьнях. Нават тое, што пад уплывам БНР была створана БССР — аблегчыла барацьбу за незалежнасьць і дасягненьне яе ў 1991 годзе.

Аналізуючы становішча грамадзтва і краіны ў 1980-х–пачатку 90-х гадоў, я схіляюся да думкі, што на той час узьнік такі ўнікальны і караткабежны зьбег абставінаў, які мяжуе з цудам. І вельмі важна было правільна яго скарыстаць.

Крызіс у СССР меў пэрспэктыву пераменаў, бо ўзьнікла барацьба за ўладу ў кіраўніцтве КПСС. Стварыліся два цэнтры сілы, на чале якіх выступалі дзьве асобы — Гарбачоў і Ельцын. Змаганьне пайшло па нетыповым і небясьпечным для саветаў сцэнары, які некалі хацеў скарыстаць Лаўрэнцій Берыя, але быў расстраляны артадаксальнымі супернікамі. Стаўка была зроблена на суверэнізацыю Расейскай Фэдэрацыі ў сістэме СССР. Гэта дало перавагу Ельцыну, які стаў старшынёй Вярхоўнага Савета фармальна “суверэннай” РСФСР.

У адказ генсек КПСС і прэзыдэнт СССР М. Гарбачоў ініцыяваў суверэнізацыю ўсіх так званых саюзных рэспублік з мэтай заключэньня потым новага саюзнага дагавору, які абнавіў бы СССР, сцьвердзіў яго новы статус і забясьпечыў вяршэнства ўлады Гарбачову.

У планах абнаўленьня СССР Гарбачоў выявіў сябе як хітраван і тыповы імпэрыяліст. Тым ня менш, павелічэньне ўлады “лібэрала” Ельцына, чарговае ўмацаваньне ўлады блытаніка Гарбачова, і нават мінімальная лібэралізацыя новага СССР (які павінен быў называцца “Саюз Суверэнных Дзяржаў”) прышлася не да спадобы КГБ, і найбольш рэакцыйным камуністам у верхавіне ўлады.

20-га жніўня 1991 г. мусіла б вырашыцца пытаньне аб новым саюзным дагаворы, а 19-га — распачаўся вядомы ў гісторыі кагэбісцка-камуністычны путч, так званы ГКЧП.

Нам, дэпутатам Фронта, было зразумела, што путч пацерпіць паразу, і вельмі хутка, бо камунізм ужо ня меў пэрспэктывы.

Настаў крытычны моманнт у нашай гісторыі. Трэба было дзейнічаць хутка і дакладна.

ЦК кампартыі БССР адразу прызнаў ГКЧП і разаслаў указаньне па арганізацыях выконваць загады ГКЧП. Дэпутаты Апазыцыі БНФ нараніцы 19-га жніўня сабраліся ў Вярхоўным Савеце, навязалі сувязь з Масквой, з камандай Ельцына, з арганізацыямі БНФ і з дэпутатамі БНФ у мясцовых саветах, сабралі людзей на плошчы ў Менску, паслалі сваіх прадстаўнікоў у некаторыя вайсковыя часткі. 20-га жніўня аб’яўлена аб стварэньні Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў, пачалі ціснуць на кіраўніцтва Вярхоўнага Савета, каб яно заявіла аб непрызнаньні ГКЧП. Вечарам 21-га стала вядома, што путч праваліўся. Нараніцы 22-га падпісана капітуляцыя ГКЧП. У гэты ж дзень дэпутаты Фронта запатрабавалі ад старшыні Вярхоўнага Савета М. Дземянцея сабраць нечарговую сэсію Вярхоўнага Савета. Дземянцей ухіліўся. Тады запатрабаваньне аб скліканьні надзвычайнай сэсіі на 23 жніўня было выстаўлена першаму намесьніку старшыні Вярхоўнага Савета С. Шушкевічу. Шушкевіч выдаў распараджэньне аб скліканьні сэсіі на 24 жніўня. 23-га жніўня і цэлую ноч дэпутаты Апазыцыі БНФ працавалі над парадкам дня сэсіі і падрыхтоўкай праектаў заканадаўчых дакумантаў.

Перад намі стаяла задача забараніць дзейнасьць кампартыі і канстытуцыйна аб’явіць незалежнасьць Беларусі.

Лагічна і арыфмэтычна гэта выглядала немагчымым. Унікальнасьць становішча выглядала так: Апазыцыя БНФ у камуністычным Вярхоўным Савеце (дзе было 345 дэпутатаў) налічвала 27 дэпутатаў, плюс з дзясятак падпісантаў праграмы Апазыцыі, плюс 50-60 хісткіх асобаў з дэмклуба (амаль усе камуністы), плюс некалькі вольных дэпутатаў. Астатнія — камуністычная намэнклярура, ветэраны НКВД і т. п. Нашых магчымых галасоў не хапала нават на траціну.

Камуністы, усе сакратары абкамаў і райкамаў падтрымалі ГКЧП і цяпер сядзелі ў залі ў панічным жаху, баючыся адказнасьці. Пагрозай для іх былі Народны Фронт і народ.

Тым часам забараніць іхную кампартыю і аб’явіць незалежнасьць можна было толькі іхнымі галасамі. Але яны супраць сябе галасаваць ня будуць. За незалежнасьць, што падняло б у гару Народны Фронт, — таксама ня будуць галасаваць. Вярхоўны Савет быў у іхных руках. Прытым іхняя перавага — татальная. А праз нейкі час у іх мог і страх прамінуць.

Што рабіць? Дык вось рабіць трэба было тое, што трэба было рабіць, памятаючы галоўнае, што палітыка — гэта мастацтва немагчымага. У гэтым раскладзе вельмі важна было для нас не зрабіць ніводнай памылкі, бо мы ня мелі галасоў.

Была ўжыта тактыка магутнага націску на намэнклятуру з мэтай павелічэньня іхняга страху. Націск быў жорсткі, але дазаваны і кантраляваны, каб моцна не перапалохаць, паказвалі ім выхад, сьвятло ў канцы тунэлю, каб яны не разьбегліся, бо тады сэсія не адбылася б. Дзеля гэтага дружына БНФ на плошчы ўзяла пад кантроль увесь парадак, і нават міліцыю, каб запабегчы правакатарам. На плошчу вывелі трансьляцыю сэсіі па гучнагаварыльніках. Тут жа стварылі нацыянальную гвардыю (тысяча мужчын). Далі магчымасьць прадстаўніку плошчы выступіць у парляманце. Жорстка заблякавалі і сагналі з трыбуны першага сакратара ЦК КПБ Малафеева (фактычнага злачынцу ГКЧП). Пры гэтым пераконвалі камуністаў, што калі не спыніць дзейнасьць кампартыі і ня выйсьці з СССР у незалежнасьць, то Масква, дзе кіруе ўжо Ельцын, расправіцца з гэкачэпістамі ў Беларусі, і мы дапаможам.

У апошнім сваім выступе я акцэнтаваў ўвагу на імпэрскім характары Ельцына і будучай Расеі, аб неабходнасьці абараніць сваё.

Урэшце адбыўся пералом, здаўся Малафееў, Кебіч перайшоў на наш бок і камуністы здаліся, прынялі нашыя прапановы, прыпынілі дзейнасьць кампартыі ў Беларусі і потым усе разам аднагалосна прагаласавалі за незалежнасьць краіны, надаўшы Дэклярацыі аб суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона.

Адзіным дэпутатам, які ўпарта і да канца, да апошніх хвілін выступаў супраць незалежнасьці Беларусі, называючы гэта жартам і бязглузьдзіцай, быў віцэ-сьпікер Станіслаў Шушкевіч. Ён шмат перашкаджаў у вядзеньні сэсіі, падыгрываючы камуністам, але ўрэшце і сам заблытаўся, а потым, убачыўшы, што застаўся ў адзіноце, падтрымаў галасаваньне і павіншаваў беларускі народ з набыцьцём незалежнасьці.

Вечарам мы, дэпутаты Фронта, вышлі на плошчу, абымаліся зь людзьмі, сьмяяліся і плакалі ад радасьці, сьпявалі народныя песьні. Як сказаў наш знакаміты фронтаўскі дэпутат Пётра Садоўскі, — “гэта быў час, калі мы былі гістарычна шчасьлівымі”.

За два гады ў пастаянным змаганьні з намэнклятурай, якая засталася пры ўладзе, нам удалося ўсё ж закласьці грунт незалежнай дзяржавы. Створана была заканадаўчая база, нацыянальнае войска, межы, амбасады, свае грошы і г. д. Бяда была аднак у тым, што не ўдалося адразу зьмяніць уладу. Нас было няшмат у парляманце, а грамадзтва хоць і падтрымлівала перамены, але ня выйшла яшчэ з-пад савецкага мэнтальнага ўплыву. Ды й улада на месцы і калгасы засталіся тыя самыя.

Істотным адмоўным чыньнікам стала таксама пазыцыя С. Шушкевіча, які заняў пасаду Старшыні Вярхоўнага Савета і поўнасьцю перайшоў на бок камуністычнай намэнклятуры, усяляк перашкаджаў дэпутатам Народнага Фронту.

Падзяліўшы ўладу ў Маскве, былыя расейскія камуністы хутка апамяталіся і заняліся сваёй звычайнай справай: агрэсіяй, пераваротамі ў краінах, тэрарызмам і вайной. З 1992 года рыхтуецца агрэсія супраць Чачэніі, вайна ў Малдове, у Сярэдняй Азіі, на Каўказе, перамены ў Беларусі. У Беларусі падрыхтоўвалася ўнутраная акупацыя краіны (тое, што цяпер сталі называць гібрыднай вайной).

У 1994 годзе, Масква, валодаючы каласальнай савецкай рэзідэнтурай ў Беларусі, выкарыстала выбары прэзыдэнта і ўнутраная акупацыя пасьпяхова адбылася пры амаль поўным неразуменьні грамадзтва, што адбываецца і што зь ім робяць.

24 гады антыбеларускага рэжыму пакінулі страшную карціну нацыянальнага разбурэньня Беларусі. Антыбеларускі рэжым за 24 гады існаваньня вынішчыў тое, што ня здолеў зрабіць савецкі рэжым за 73 гады панаваньня і генацыду. Калгасны выканаўца Масквы і вертыкальны рэжым антыбеларускай улады, практычна, разбурылі беларускі этнас, зьнішчылі беларускую вёску, зьнішчылі беларускую школу, амаль задушылі беларускую мову, рэзка абнізілі адукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва, выгналі моладзь за межы краіны, распрадалі нацыянальную маёмасьць, ліквідавалі нацыянальную інфармацыю, разбурылі грамадзянскую супольнасьць.

І тым ня менш увесь гэты час Беларусь яшчэ жыве, цепліцца, бароніць ад вынішчэньня сваю мінуласьць і будучыню. Жыве насуперак усёй палітыцы нацыянальнага вынішчэньня. Чаму так адбываецца — дае адказ 25 Жнівень 1991 года. Дзяржаўная незалежнасьць для нацыі ёсьць каштоўнасьцю, вышэйшай за ўладу. Нават калі ўлада антынацыянальная, антынародная, рэпрэсіўная, незалежнасьць сама па сабе спрыяе захаваньню і кансалідацыі людзей, пакідае для іх сваё асяроддзе, магчымасьць пераменаў і надзею на будучыню. Нават антынародны рэжым вымушаны трымацца за дзяржаву і за незалежнасьць, каб зьберагчы сваю ўладу, каб захаваць сябе.

Шлях нацыянальнай ідэі яшчэ не завершаны. Ён замкнецца тады, калі ў незалежнай краіне будзе існаваць нацыянальная ўлада, якая зыходзіць з інтарэсаў нацыі, як ёсьць такое ва ўсім сьвеце.

Гаворачы пра нашыя вялікія даты 25 Сакавіка і 25 Жніўня і сьвяткуючы іх як сьвяты нашага змаганьня за волю і незалежнасьць, трэба зыходзіць з добрага правіла нацыянальнага існаваньня ў дачыненьні да сьвятаў.

Нацыянальныя сьвяты павінны адлюстроўваць важныя даты і падзеі нацыянальнай гісторыі.

Нацыянальных сьвятаў павінна быць шмат. Гэта добра для людзей і грамадзтва. Сьвяты зьяўляюцца натуральным чыньнікам нацыянальна-культурнай асьветы ўсёй нацыі ад вяршыні і да самых нізоў. Класічны і найлепшы прыклад — сістэма сьвяткаваньняў габрэйскага народа. Ягоная гісторыя ў сьвятах крочыць разам зь ім. І ня ведаць яе немагчыма

Нацыянальнае сьвята павінна сьвяткавацца, мець свой рытуал, традыцыю сьвяткаваньня, гісторыю, зьяўляцца нерабочым днём.

У Рэспубліцы Беларусь адразу так і пачыналася. Мы ўжо мелі і два Вялікадні, і два Раствы, і Дзяды, і Радаўніцу, і Дзень Беларускай Вайсковай Славы. Усё разьвівалася натуральна. Антыбеларускі рэжым ліквідаваў беларускія сьвяты, сымвалы і даты. Але яны нікуды ня зьніклі. У пэрыяд уціску шмат хто зразумеў, што чым больш нацыянальных сьвятаў, тым лепш для нацыі. Сьвяты — гэта жывая праекцыя нацыянальнай гісторыі і культуры ў сучаснасьць.

Як толькі спадзе антыбеларускі рэжым, вернуцца ня толькі беларуская сімволіка, школа і Канстытуцыя, але і сьвяты, якія ўзвышаюць нашых людзей у гісторыі, вяртаюць ім годнасьць і ўпэўненасьць у сваіх сілах. Будуць сьвяткавацца ўсе сьвяты незалежнасьці, змаганьня і культуры усім вольным беларускім народам.

Жыве Беларусь!

2 верасьня 2018 г. Зянон ПАЗЬНЯК

3/9/2018 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2018
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024