Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
1 верасьня беларускія дзеці пайшлі ў школу, беларускае юнацтва – ва ўнівэрсітэты. Паўсюль адбываюцца фармальныя ўрачыстасьці і радасныя сустрэчы сяброў. Гучаць прамовы і музыка. Але амаль на 100% сьвята застаецца небеларускім і чужым для нашай культуры і цывілізацыі. Так было падчас расейска-савецкай акупацыі, а пасьля кароткага (і плённага!) пэрыяду аднаўленьня беларускай адукацыі ў роднай мове ў 1991-1995 гадах акупанцкае “статус-кво” працягвае дзейнічаць і нават набывае больш таталітарныя рысы. Абсалютная бальшыня маладога пакаленьня нашага народа навучаецца на чужой мове. Фармальны працэс навучаньня роднай беларускай мове (па колькасьці гадзін навучаньня і якасьці выкладаньня) зьяўляецца хутчэй павярхоўным азнаямленьнем, а не засваеньнем. Амаль чвэрць стагоддзя, ва ўмовах дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі (!) у нашай краіне працуе нізкаякасная правінцыйная машына русіфікацыі. У выніку на вачах падае інтэлектуальны ўзровень навучэнцаў, адбываецца дэзарыентацыі і дэмаралізацыя моладзі, яшчэ адно пакаленьне беларусаў фармуецца ў палоне “русского міра”. Многія бацькі разумеюць гэта і імкнуцца выратаваць, абараніць сваіх дзяцей ад антыбеларускай чужынскай сістэмы, каб выгадаваць паўнавартасных людзей, беларусаў, забясьпечыць ім веды ў роднай мове, даць пэрспэктыву разьвіцьця і самарэалізацыі ў роднай традыцыі і цывілізацыі. Людзі задаюць пытаньні. Што рабіць? Езьдзіць у беларускі клас праз увесь горад у перапоўненым грамадзкім транспарце? Выдаткоўваць на гэта па 2 гадзіны ў дзень? Працягваць хадзіць па бюракратычных кабінэтах і спрабаваць дамагчыся рашэньня? Ім цяпер ужо, як правіла, не грубяць, не абзываюцца. Ім расказваюць пра “цяжкасьці і праблемы”, абяцаюць “разгледзець пытаньне”. Часьцей за ўсё робіцца гэта на расейскай мове – беларусам дэманструюць, хто тут гаспадар. Групы зацікаўленых бацькоў усё ходзяць і ходзяць, а ім усё абяцаюць і абяцаюць. Гэта можа працягвацца настолькі доўга, што і атэстат ужо трэба атрымліваць ды школу пакідаць. Дарослым людзям жыцьцёвы досьвед павінен падказаць у гэтым выпадку, што абраны імі спосаб вырашэньня праблемы ня дзейнічае. Антыбеларускі бюракратычны мур не расхістаеш і не праб’еш. Сістэме патрэбныя “русскоговоряшчіе” рабы, і яна ўпарта забясьпечвае гэтую патрэбу (“Москва приказала!”). Няўдача часта выклікае дэпрэсію, расчараваньне і схільнасьць да капітуляцыі. Мы прапануем зірнуць на становішча зь іншага пункту гледжаньня. Сам факт утварэньня няхай сабе невялікай, але салідарнай групы бацькоў-патрыётаў ёсьць вялікай перамогай, калі ўлічваць абыякавасьць і канфармізм значнай часткі грамадзтва, а таксама важным крокам на абраным шляху. Калі гэтая група вычарпала ўсе фармальныя магчымасьці, абхадзіла ўсе кабінэты і напісала ўсе заявы і пэтыцыі – а ў выніку рэжымнага дазволу няма, то трэба пераходзіць да нефамальных магчымасьцяў. А яны ёсьць, і ніводная зь іх не зьяўляецца парушэньнем існуючага заканадаўства або двухсэнсоўным дзеяньнем. Групы бацькоў павінны ўтвараць свае нядзельныя школкі. Зьбірацца разам з дзецьмі на кватэрах, праводзіць заняткі, інтэрактыўныя гульні, віктарыны, сьвяты. Разам рабіць экскурсіі па роднай зямлі. Усё па-беларуску. І, зразумела, ў сям’і павінна жыць беларуская мова. Калі бацькам цяжка адразу перайсьці на родную мову, то трэба не саромецца вывучаць яе разам з дзецьмі. І не бяда, што такія заняткі ня будуць мець рэгулярнага дыдактычнага характару, як у расейскай школе. Не бяда, што дзеці будуць засвойваць матэматыку і фізіку з хіміяй на чужой мове. Не гэтыя навукі вызначаюць станаўленьне нацыянальнага характару і асабістай культуры чалавека. Трэба адваёвываць тое, што магчыма ў існуючай сітуацыі, а не чакаць пакуль антыбеларуская сістэма зробіць саступку (яна яе ня зробіць па прыродзе сваёй). Сустракацца ў гэтых “народных школках” на кватэрах можна і ўвечары працоўных дзён. Азнаямленьне дзяцей з гісторыяй, мастацтвам, музыкай Беларусі і іншых народаў у беларускай мове, арганізаванае шчырымі людзьмі, пакіне ў іхніх душах значна больш глыбокі сьлед, чым чужая школа. Памяшканьні, дзе праводзяцца заняткі павінны быць упрыгожаны нацыянальнай сымволікай, партрэтамі вялікіх беларусаў – так ствараецца атмасфэра гарманічнага беларускага жыцьця. Безумоўна, беларускія патрыёты, адукаваныя творчыя людзі акажуць дапамогу такім “народным школкам”: правядуць лекцыю, экскурсію, дапамогуць матар’яламі, парадай. Трэба толькі распачаць справу. Калі вы ня здолелі знайсьці аднадумцаў у блізкім навакольлі, то стварайце такі асяродак у сябе ў кватэры, для сваіх дзяцей. Забясьпечце ім хаця б раз на тыдзень сустрэчу з іншымі дзецьмі ў беларускім асяродку. Важна, каб беларускамоўныя дзеці пастаянна кантактавалі паміж сабой у сваёй мове). Не здавайцеся, не саступайце! Так рабілі іншыя народы, якія імкнуліся захаваць сваіх дзяцей, сваю будучыню ва ўмовах чужынскай акупацыі. Найбольш яркія прыклады – гэта палякі і албанцы. Падчас нямецкай акупацыі ў Польшчы дзейнічала цэлая сетка падпольных школ і ўнівэрсітэтаў у роднай мове. Каб супраціўляцца малоху сэрбскага дамінаваньня ў Югаславіі, паняволеныя албанцы стварылі ня толькі свае школы і ўнівэрсітэты, але і лакальную адміністрацыю, тэлебачаньне і радыё, СМІ, а калі спатрэбілася, то і нацыянальна-вызвольную армію, якая перамагла ворага. Гэта ёсьць шлях першых хрысьціян, якія пад чужой уладай, у варожым атачэньні, пасярод паганскага грамадзтва зьбіраліся ў сваіх дамах і разам вучыліся Хрыстовай праўдзе. Гэта ёсьць шлях стварэньня сапраўднай эліты нашага грамадзтва, якая ў блізкай будучыні прыме на сябе адказнасьць за нашу краіну пасьля канчатковага правалу ўсходняй імпэрыі. Бараніце сваіх дзяцей ад імпэрскага малоха! 6/9/2018 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |