Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Беларуская дзяржава і беларуская салідарнасьць – гарантыя вольнай будучыні для беларусаў

(Студзеньскі Сойм 2019 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

13 студзеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” «Крамлёўскі тэатр гібрыдных дзеяньняў» (публікуецца). Старшыня прааналізаваў палітычныя і інфармацыйныя працэсы вакол чарговай “кампаніі інтэграцыі” Беларусі ў Расею, даў ацэнку гэтай зьяве. Прапаганда спрабуе стварыць фальшывы вобраз змаганьня паміж двума бакамі – Масквой і афіцыйным Менскам. Але зразумела, што гэта ёсьць паўтор мінулых тэатральных пастановак, якія цяпер ужо не пераконваюць людзей. Расейская імпэрыя, здольная толькі на экстэнсіўнае пашырэньне, шукае спосабаў захавацца пасярод глыбокага разбуральнага крызісу, які ахапіў яе. Толькі сам беларускі народ можа і павінен выратаваць сваю Дзяржаву ад акупацыі і паглынаньня маскоўскай ардой. Беларусы павінны рыхтавацца да абарончай вызвольнай барацьбы за сваю волю.

З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту. Выступоўца падвёў вынікі дзейнасьці Партыі за прамінулы 2018 год. Год быў напоўнены актыўнай палітычнай і арганізацыйнай працай. У Менску ў сакавіку і жніўні былі праведзены дзьве навукова-практычныя канфэрэнцыі, прысьвечаныя 100-м угодкам абвяшчэньня БНР і 30-м угодкам утварэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. На канфэрэнцыях выступілі навукоўцы, мастакі, палітычныя і грамадзкія дзеячы, быў абнародваны шэраг невядомых шырокай публіцы фактаў і матар’ялаў, сваімі ўспамінамі падзяліліся пачынальнікі фронтаўскага руху. Было падкрэсьлена, што менавіта БНФ “Адраджэньне” на чале з Зянонам Пазьняком былі той авангарднай сілай, якая павяла патрыётаў на змаганьне за вольную Беларусь і дамаглася перамогі ў 1991 годзе.

Народны Фронт і яго Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ і цяпер працягваюць нацыянальна-вызвольнае змаганьне. За гады быў накоплены вялікі палітычны досьвед, вырасла пакаленьне патрыётаў, выхаванае на ідэалах Незалежнасьці. У лістападзе КХП-БНФ разам з Амбасадай Летувіскай Рэспублікі ў Менску правялі міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную адкрыцьцю, абароне Курапацкай сьвятыні і стварэньню Народнага мэмарыяла Курапаты. На канфэрэнцыі выступілі летувіскія гісторыкі і грамадзкія актывісты, а таксама беларускія гісторыкі, археолагі і ўдзельнікі стварэньня і абароны Курапатаў.

Сябры КХП-БНФ правялі 24 сакавіка сьвяточны мітынг-канцэрт у Менску і 25 сакавіка ўзялі ўдзел у вялікім народным сходзе ў гонар 100-дзя БНР у Менску. КХП-БНФ арганізавала шматлюдны юбілейны мітынг у Курапатах 3 чэрвеня, прысьвечаны 30-годдзю адкрыцьця Курапатаў. Былі выступы навукоўцаў, палітычных і грамадзкіх дзеячаў, мэмарыяльная праграма мела паэтычнае чытаньне і выступы музыкантаў.

На Дзяды 28 кастрычніка КХП-БНФ арганізавала традыцыйныя мэмарыяльныя шэсьце і мітынг у Курапаты, а 4 лістапада ў Лошыцу. Сотні людзей ўшанавалі памяць сьвятых пакутнікаў нашага народа. 25 лістапада КХП-БНФ правяла штогадовыя мерапрыемствы на Случчыне, прысьвечаныя ўгодкам Слуцкага Збройнага Чыну 1920 года, у якіх ўзялі ўдзел патрыяёты з розных куткоў краіны. Адбыліся партыйныя мерапрыемствы ў розных рэгіёнах краіны, арганізаваныя мясцовымі актывістамі. Трэба зазначыць, што некаторыя з запланаваных мерапрыемстваў КХП-БНФ былі забаронены ўладамі пад надуманымі зачэпкамі і з парушэньнем заканадаўства.

Выступоўца спыніўся на кампаніі ў інфармацыйнай прасторы, прысьвечанай чарговай кампаніі Масквы па прымушэньню Беларусі да “больш сьціслай інтэграцыі, яднаньня” і г.д. Важна, каб было разуменьне нашага грамадзтва, што існуючы ў Беларусі рэжым не зьяўляецца абаронцам незалежнасьці і дзяржавы. Гэтыя людзі пастаўлены ва ўладу Масквой, яны выконваюць і будуць выконваць загады Масквы. Бараніць сябе і сваю краіну будзе сам народ, арганізаваны патрыятычным авангардам. Ужо цяпер неабходна рыхтавацца да абароны – у адпаведнасьці з Канстытуцыяй. Трэба пераканаць людзей, што Пуцін і Расея нічым ня лепшыя за сваіх мясцовых стаўленікаў. Самае важнае, каб Беларусь здолела застацца па-за трагічнымі падзеямі крывавага развалу расейскай імпэрыі, які ўжо насоўваецца на суседнюю дзяржаву. Незалежнасьць Беларусі і беларуская салідарнасьць– гарантыя паратунку для ўсіх нас.

Дыскусію працягнулі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. За дзесяцігоддзі незалежнасьці бальшыня беларускага грамадзтва на ўласным досьведзе пераканалася ў перавагах незалежнай дзяржавы. Матывацыі бываюць розныя, але людзі ня хочуць жыць у складзе Расеі, іх не падманеш. Тым ня менш, паводле назіраньняў выступоўцаў, апошнім часам ўзмацняецца прапагандысцкая кампанія гібрыднага тыпу. Прапаганда ўжо не карыстаецца лабавымі і прымітыўнымі мэтадамі, як раней. Патрыётаў не называюць фашыстам, усё робіцца хітрэй. У некаторых СМІ, якія прэтэндуюць на званьне “апазыцыйных” публікуюцца заклікі: “Беларусы, не партызаньце!”, “Пытаньне незалежнасьці можна вырашыць толькі на рэфэрэндуме” і т.п. хлусьня. На рэфэрэндуме лёс дзяржавы не вырашаецца. Тут табу, адлюстраванае ў канстытуцыі. Трэба тлумачыць людзям, што гэта ёсьць мэтады гібрыднай вайны супраць нас.

Сябры паведамілі таксама пра водгукі падзей рэлігійнага жыцьця ў суседняй Украіне. Многія вернікі задаюцца пытаньнем: як жа РПЦ можа служыць, калі гэтая арганізацыя ня мае Томасу (фактычна, зьяўляецца нелегальнай, самазванчай структурай)? Многія беларускія сьвятары вяртаюць беларускую мову ў храмы, вядуць літургію на роднай мове, і гэта выклікае падтрымку вернікаў. Кіраўніцтва РПЦ, напалоханае падзеямі ва Украіне, імкнецца брутальна і гэбоўскімі мэтадамі спыніць гэтыя працэсы. У храмах усталёўваюцца камэры сачэньня, інфармацыя зь якіх ідзе да начальства РПЦ. Стала вядома, што Масква мае намер выслаць беларускіх сьвятароў на прасторы Расеі: у Сібір, Запаляр’е, Далёкі Усход. А ў беларускія храмы прызначыць прысланых з Расеі папоў. Усё наша грамадзтва павінна ўстаць на пратэст супраць запаўненьня нашай краіны імпартаванымі расейскімі канторскімі спэцамі ў расах.

Трэба разумець, што гэбоўская РПЦ ад пачатку ня мае кананічнага права прысутнічаць на беларускай тэрыторыі. Яна тут нелегальная царква. Томас Украінскай праваслаўнай царкве дае магчымасьць беларусам рацыянальна ўспомніць пра Вялікае Княства Літоўскае і адрадзіць нашу Літоўскую праваслаўную мітраполію, якая пазьней была перанесена ў Кіеў, які мае цяпер томас. А гэта значыць, што аўтакефалія беларускай праваслаўнай царквы будзе цяпер ляжаць праз Кіеў і не залежыць ад нелегальнай гэбоўскай секты РПЦ.

Сьвятары і вернікі павінны гуртавацца вакол ідэі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, якую трэба адраджаць на нашай зямлі. Толькі трэба быць уважлівымі і не ісьці за фальшывымі дзеячамі, якія спрабуюць называць сябе прадстаўнікамі гэтай Царквы. Сваімі прафанацыйнымі акцыямі яны ўжо прадэманстравалі сваю сутнасьць.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
13 студзеня 2019 г.

18/1/2019 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2019
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024