Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: Беларуская Народная Рэспубліка і Беларуская Нацыянальная ідэя У мінулым годзе беларусы адсьвяткавалі стогоддзе аб’яўленьня незалежнасьці БНР. Быў шэраг публікацый, адбыліся лекцыі і канфэрэнцыі, на якіх прагучэлі каштоўныя ацэнкі гісторыі і новыя ідэі. Бадай што найбольш важным заключэньнем было асэнсаваньне таго, што стварэньне БНР і аб’яўленьне незалежнасьці БНР абазначала палітычнае зьяўленьне новай Беларускай нацыі на месцы Вялікага Княства Літоўскага. Новая беларуская нацыя – найвялікшая наша грамадзкая і палітычная каштоўнасьць. Дзеля таго каб нацыя ўтварылася і засьведчыла пра сябе, павінны ўзьнікнуць нацыянальная ідэя і рух за яе рэалізацыю. З гэтага вынікае таксама, што калі няма імкненьня і руху за стварэньне нацыянальнай дзяржавы, то няма і нацыянальнай ідэі і няма нацыі. Прыклады ёсьць, і адзін зь іх карэніцца ў нашай гісторыі. Узьнікненьне нацыянальнай ідэалёгіі ў Эўропе пачынаецца ў другой палове XVIII стагоддзя. Але якраз у гэты час адбылася наша гістарычная народная катастрофа – было разбурана наша Вялікае Княства Літоўскае, страчана дзяржава і незалежнасьць, народ і тэрыторыя трапілі пад маскоўскі забор. Пачалося небывалае вынішчэньне культуры, рэлігіі і соцыюма ВКЛ. Супадзеньне гэтых дзьвюх зьяў (цывілізацыйнай і акупацыйнай) стала фатальным для лёсу народу Вялікага Княства. І тым ня менш у гэты час, ва ўмовах паўстаньняў і супраціву, нацыянальная ідэя ўзьнікла, і ў канцы ХІХ стагоддзя пачаўся рух за яе рэалізацыю ў клясычным варыянце – стварэньне нацыянальных партый, нацыянальнай літаратуры і нацыянальнай ідэалёгіі. Гэта ўжо быў рух у нацыянальным выяўленьні і ў новай форме. Нацыянальная ідэя Вялікага Княства стала разьвівацца пад здаўна вядомай назвай – Беларусь. Сілы, якія дзейнічалі пад родавай назвай ВКЛ, нацыянальнай ідэі ня вылучылі. Ідэі адрадзіць Вялікае Княства былі. Асабліва ў пэрыяд французка-маскоўскай вайны, паходу Напалеона і пазьней. Але гэтыя ідэі ня сталі нацыянальным рухам па той прычыне, што не выдзеліліся з супраціву усёй Рэчы Паспалітай, які вымагаў адзінства ў барацьбе з Масквой. Тым часам асобны рух ВКЛ не падтрымліваўся палякамі. Палякі вельмі хваравіта адносіліся да посьпехаў вялікакняскага супраціву Маскве, парашкаджалі разгарнуцца і Якубу Ясіснаму, і Кастусю Каліноўскаму. Аб’ектыўна становішча вымагала ад самаісных нашчадкаў ВКЛ альбо здамінаваць змаганьне ў Рэчы Паспалітай, альбо аддзяліцца. Натуральным чынам дбылося аддзяленьне. Ці, дакладней, вылучэньне ў асобны рух. Гэты рух быў нацыянальны. Вылучылася і пайшла асобным шляхам тая частка шляхты, якая ставіла нацыянальныя задачы. Гэта значыць гуртаваньне і разьвіцьцё народа на аснове нацыянальнай культуры, на грунце народнай (беларускай) мовы і гаспадаркі на нацыянальнай тэрытопыі; у пэрспэктыве дасягненьне свабоды і дзяржаўнай незалежнасьці. Тым часам іншая рэшта шляхты ВКЛ засталася ў палоне ўяўленьняў аб Рэчы Паспалітай, змагалася і марыла аб яе аднаўленьні, падтрымлівала і карысталася польскай мовай, ня мела перакананьняў аб незалежнасьці былога ВКЛ асобна ад Польшчы. Гэты супраціў ня быў карэнным нацыянальным рухам. Ня меў асобнай (сэпаратнай) нацыянальнай ідэі. Пазьней выліўся ў ідэалёгію «краёўцаў», і растварыўся ў польскім нацыянальна-вызваленчым руху. Нацыянальныя «вялікакнясцы» абаперліся на «народ», гэта значыць на сялян, якіх было каля 90 адсоткаў на забранай тэрыторыі. Адпаведна яны арыентаваліся і на «народную» (беларускую) мову, культуру і інтарэсы. Нацыянальная плынь Вялікага княства дыстансавалася ад паланафілаў і «рэчпаспалітчыкаў». Найбольш выразна і нават жорстка акрэсьліў такую пазыцыю Кастусь Каліноўскі. які у час паўстаньня нават заклікаў сялян распраўляцца з той запрадажнай шляхтай, што адвярнуліся ад народа. Ягоны знакаміты паўстанцкі пароль («Каго любіш? Люблю Беларусь. Так. Узаемна.») – гэта дакладнае выяўленьне палітычнай пазыцыі і ідэалогіі нацыянальнага руху на тэрыторыі былога Вялікага Княства. Каліноўскі падсумаваў нацыянальна культурныя тэндэнцыі, якія разьвіваліся пад значэньнем і гаслам Беларусі і абазначыў іх у палітычную дэклярацыю нацыянальна-вызвольнага руху беларускага народа. І што важна, Беларускую ідэю і стаўку на сялянства Каліноўскі засьведчыў і замацаваў сваёй крывёй і апошнім лістом з-пад шыбеніцы. Гэта навечна. Пасьля Каліноўскага ідэя Беларусі разьвівалася як палітычная нацыянальна-вызвольная ідэя, якая, у асобах яе прыхільнікаў, змагалася за сваю рэалізацыю ў нацыянальнай дзяржаве, супраціўлялася маскоўскаму імпэрыялізму і польскаму шавінізму. Адбылося разьдзяленьне і з Расеяй, і з Польшчай. Беларусь пайшла сваёй нацыянальнай дарогай. Калі б таго не адбылося, то сталася б адно з двух: альбо Польшча была б за Смаленскам, альбо Масква за Беластокам. Ніякага незалежнага Вялікага Княства Літоўскага ў старой Рэчы Паспалітай, якую хацелі адрадзіць, ліцьвінскія шляхецкія змагары за «Рэч» ужо не было б, бо ў іх не было нацыянальнай ідэі незалежнасьці ВКЛ, ня ўзьнікла нацыянальнай моўнай пазыцыі, не існавала і нацыянальна-культурнай канцэпцыі, акрамя краёвага тэрытарыяльнага месьніцтва. Пазыцыя фэдэралізму ВКЛ з Польшчай вылілася пазьней (з узмацненьнем польскага нацыяналізму) у ідэалёгію «краёўцаў» – зьяву ў той час станоўчую, але абсалютна беспэрспэктыўную для народу былога ВКЛ. Ніхто з пазьнейшых культурнікаў-краёўцаў, якія спрыялі адраджэньню культуры ВКЛ: ні Фэрдынанд Рушчыц, ні Ян Булгак, ні Тадэвуш Урублеўскі, ні Люцыян Жалігоўскі, ні нават Язэп Пілсудзкі, які ў маладосьці называў сябе беларусам, — увогуле ніхто ня стаў на пазыцыі беларускага Адраджэньня. Усе яны палітычна засьведчылі сябе на баку Польшчы. Беларусь стала Боскім выратаваньнем для будучыні краіны. Яно каштавала, аднак, вялікіх ахвяр і цяжкіх пакут. Далейшыя падзеі ішлі ў разьвіцьці. Праз пяцьдзесят гадоў пасьля Каліноўскага народ ужо стварыў Беларускую нацыянальную літаратуру, Беларускі нацыянальны тэатр, Беларускія палітычныя партыі, Беларускі пэрыядычны друк і што важна – моцную і прыцягальную нацыянальную ідэалёгію “Адраджэньне”. Сутнасьць гэтай нацыянальнай ідэалёгіі заключаецца ў адраджэньні велічы і культуры Вялікага Княства Літоўскага ў нацыянальнай дзяржаве Беларусі. У пачатку 1990-х, калі мы рыхтавалі Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, нам, дэпутатам Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», найбольш працяглую і ўпартую барацьбу прышлося вытрымаць за прэамбулу Канстытуцыі, дзе па нашай прапанове павінна было быць названа Вялікае Княства Літоўскае, яго дзяржаўнасьць і законы як грунт Рэспублікі Беларусь, якая ёсьць працягам ВКЛ. Камуністы завалілі гэтыя палажэньні. У 2005 годзе ў брашуры «Прамаскоўскі Рэжым» я спэцыяльна спыняўся на тэме гістарызму нашай дзяржавы. Канстытуцыя павінна засьведчываць гісторыю нацыі і дзяржавы ў намінальных (назыўных) тэрмінах. Сама назва дзяржавы павінна адлюстроўваць гістарычны аспэкт суверэнітэту і самастойнага існаваньня. Так прынята ў шмат якіх краінах з добрай гісторыяй дзяржаўнасьці. Назва ВКЛ можа прысутнічаць ў разгорнутым назове Рэспублікі Беларусь. Існуе мэтадалогія, якая не пярэчыць правілам. Гэта магло быць ажыцьцёўлена ўжо ў 1994 годзе, калі б не адбылася трагедыя пераняцьця ўлады прамаскоўскімі сіламі і ўсталяваньня рэжыму ўнутраннай акупацыі. Нацыянальнае афармленьне Беларусі прысьпешылі Сусьветная вайна і лявацкі пераварот у Расеі. 9-га сакавіка 1918 года аб’яўлена аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі. 25-га Сакавіка аб’яўлена аб Незалежнасьці БНР. Адбылося! Сталася насуперак немцам, Антанце і Расеі. Беларуская нацыянальная ідэя засьведчыла сваю моц і пэрспэктыву. Поўнай перамогі, аднак, яшчэ не дасягнулі, бо ва ўмовах акупацыі не ўдалося стварыць паўнавартасную дзяржаўную ўладу і, галоўнае на той час, — не пасьпелі стварыць моцную беларускую армію. Вынік – расейска-бальшавіцкая акупацыя і наступны падзел тэрыторыі Беларусі паміж Масквой і Польшчай. Але нішто, ніякія ахвяры, расстрэлы, гулагі, Курапаты, ніякая ахвярная кроў, ніякія пагрозы не змаглі ўжо спыніць Беларусі. Нацыянальная ідэя палітычна моцна засьведчыла пра сябе. Далейшы шлях мусіў быць толькі да перамогі. Расейская акупацыйная палітыка па вынарадавеньні і русіфікацыі Вялікага Княства пацярпела каласальную і нечаканую паразу там, дзе імпэрцы не спадзяваліся. У рускай фразеалогіі гэта называецца «за что боролись – на то и напоролись». Праз сем гадоў авантура абанкроцілася. Імпэрцы зразумелі, што лепш ім пра «белоруссию» ўвогуле памаўчаць. Газэта стала назаыацца «Северо-Западная жизнь», расейская антыбеларуская палітыка перайшла на пазыцыі «заходнерусізму». Лубянка прафэсійна выкарыстоўвае асаблівсьці маргінальнай мэнтальнасьці ў некаторых людзей – фантомную падмену рэчаіснасьці гістарычнымі паняцьцямі тыпу крывічоў, арыяў, яцьвягаў, ліцьвінаў, паганцаў і т. п. Мэтадалогія нікчэмная, але мэта лубянскай дзейнасьці тут канкрэтная – засьмечваньне ўяўленьняў грамадзтва і ськіраваньня ўсяго гэтага «тролінгу» супраць Беларусі і Беларускай нацыі. У дакладзе на стагоддзе БНР я асабліва адзначыў абставіны, у якіх адбываўся Першы Усебеларускі Кангрэс у сьнежні 1917 года і наступнае аб’яўленеьне незалежнасьці краіны ва ўмовах нямецкай акупацыі. Абставіны сьведчылі, што Беларуская ідэя захапіла шырокія масы насельніцтва, інтэлігенцыі, моладзі і жаўнераў на фронце. Падтрымка была моцная. Ідэалы дасягнулі грунту. Далейшая катастрофа – расейская акупацыя, падзел краіны і генацыд насельніцтва была зьвязана найперш з агрэсіяй рускага бальшавізму і з геапалітычнымі абставінамі ў гэтай частцы Эўропы. Тым часам беларускі рух быў бы на той час больш моцны і, магчыма, удалося б не дапусьціць бальшавіцкай акупацыі, калі б палітычныя сілы, якія яго апанавалі, не былі б левага сацыялістычнага кшталту. Праўда, на той час выбар быў невялікі. Вастрыё палітычнай барацьбы супраць маскоўскага царызму палягала тады ў сфэры фальшывых сацыялістычных ідэй. Яны былі дыямэтральнай альтэрнатывай імпэрскаму “самадзяржаўю, праваслаўю і народнасьці” (чытай – шавінізму). Тым часам Расея бальшавіцкая аказалася для Беларусі яшчэ больш небясьпечнай і вынішчальнай, чым Расея царская. Гістарычны вопыт даказаў і працягвае даказваць, што любая Расея ці то царская, ці то бальшавіцкая, ці крымінальна-гэбісцкая ёсьць небясьпечнай для чалавецтва. Гэта абсалютнае рэліктавае зло, якое не павінна існаваць. Супрацьвага гэтаму злу існуе моцная і надзейная. Для нас, беларусаў, — тут ёсьць якраз ідэалы 25 Сакавіка 1918-га і перамога 25-га Жніўня 1991-га: Беларуская нацыянальная ідэя, Беларуская нацыянальная незалежная дзяржава, Беларуская мова, Беларуская салідарнасьць і Беларуская свабода. Гэтыя ідэалы ў 1988 годзе ўзьняў Беларускі Народны Фронт, які рэальна дамогся перамогі Беларускай нацыянальнай ідэі. 25 Жніўня 1991 года Беларусь стала незалежнай дзяржавай, якую прызнаў увесь сьвет. Нявырашана было, аднак, пытаньне ўлады. Гэта прывяло да фатальных вынікаў – да ўмяшаньня Расеі ва ўнутраную палітыку Беларусі, прывядзеньне да ўлады прарасейскіх стаўленікаў, ажыцьцяўленьне празь іх антыбеларускай палітыкі, накіраванай на разбурэньне Беларускай нацыі. Мы, беларусы, ужо чвэрць стагоддзя перажываем гэты цяжкі час і той стан, на які аказалася здольнай Расея ў змаганьні супраць нашага нацыянальнага існаваньня. Але мы церпім гэты час у становішчы нацыі і сувэрэннай дзяржавы. Галоўным пытаньнем для нас ёсьць пытаньне зьмены ўлады і абароны незалежнасьці краіны. Гэта ўзровень, які даў нам 25 Жнівень. Гэты ўзровень непараўнальны з нікчэмнымі магчымасьцямі БССР. Але рэалізаваць нашыя нацыянальныя магчымасьці мы зможам толькі абапіраючыся на Беларускую ідэю, на ідэалы 25 Сакавіка, на дасягненьне незалежнага Жніўня. Слава Айчыне!
8/4/2019 › Навіны, Зянон Пазьняк |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |