Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: НАШЭСЬЦЕ ГНОМАЎ (Ліст на травеньскі Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Згодна рэкамендацыяў і рашэньняў красавіцкага Сойму мы падрыхтавалі два зьмястоўныя дакуманты: “Мэмарандум да ўрадаў заходніх краін і грамадзтва” і падпісны ліст аб прызнаньні пэрсонай “нон-грата” рускага спэцамбасадара Бабіча. Пачалося зьбіраньне подпісаў, але тут здарыўся рэдкі выпадак – падзеі апярэдзілі нашу ініцыятыву. Маскоўцы адклікалі Бабіча. Маўляў, ён сваю справу зрабіў, мы яму дзякуем і адклікаем. Бабіч, сапраўды, нарабіў шмат, пашыхтаваў усю расейскую рэзыдэнтуру, накіраваў яе на стварэньне паралельных структураў улады на мясцовым узроўні на выпадак прыходу ў Беларусь маскоўскіх “зялёных чалавечкаў” (акупантаў). Але самае галоўнае, што зрабіў шпіён Бабіч – гэта пачаў рыхтаваць расейскую агентурную змову па адхіленьні Лукашэнкі ад улады. Усё яно рабілася амаль адкрыта, бо вакол свае маскоўскія кадры, расстаўленыя іхным жа “сукіным сынам”. Такі лубянскі кадр у Маскве, як журналіст Дарэнка, адкрыта вяшчаў, што, маўляў, чакайце, наш Бабіч там паламае «яму» клыкі. Італьянская камэдыя: “шпіён жыве на паверх вышэй”. У гэты ж час Масква арганізоўвае сваю дробную агентуру, каб страшыць і нэрваваць кліента. Выскачыў раптам спадар Лябедзька і пачаў прад’яўляць ультыматумы правіцелю, — маўляў, альбо адкажы на пытаньні, чаму давёў Беларусь да ручкі, альбо зыходзь. Маўляў, даю 24 гадзіны на прыняцьце рашэньня. Выступаць у ролі паяца яму не ўпершыню, таму паўтарыў свой “ультыматум” яшчэ два разы. І вось у гэты час нешта пайшло ня так. Пра ўсё даведаўся Правіцель, паехаў да Пуціна і закаціў гістэрыку. У выніку Бабіча адклікалі, а былога начальніка аховы эфэсбіста, маскоўца Вцюрына (ён жа па сумяшчальніцтву выхавацель байструка правіцеля), арыштавалі, нібыта, “за хабар”. Тым часам іншы кадр у Маскве, той жа вось Дарэнка заявіў, што рыхтуе перадачу ў эфір, дзе раскажа, што насамрэч адбылося ў Менску, наконт змовы. Праз дзень Дарэнка памірае ад разрыву сэрца, едучы на матацыкле. Ягоная дачка тут жа піша ў пракуратуру, каб рассьледвалі, ад чаго ў сапраўднасьці памёр Дарэнка, бо ў яе ёсьць падставы меркаваць, што яго зьвялі. (Праўда, гэта марны занятак ў такіх абставінах у гэбоўскай Расеі. Напішуць, што ўсё ў норме.) Такія вось козьні рэжымнага двара. Выпадак з Дарэнкам, аднак, паказвае, што ў гэтай злачыннай дзейнасьці замешана некалькі расейскіх груп (якія дрэнна каардынуюцца). Важна не забывацца, што тут не суперніцтва палітычных сьветапоглядаў і палітычных фармаваньняў, дзе ўлічваюцца законы, субардынацыя, папулярнасьць, электарат, «эстэблішмэнт» і т.п. Тут крымінальныя разборкі злачынцаў, зладзеяў, якія апанавалі краіны, смокчуць іх, як упыры, і пагражаюць апанаваць увесь сьвет, прытым ужо без ідэалёгіі (бо камунізм ляснуў), а так сабе – па паняцьцях. Я пішу пра ўсё гэта зь іроніяй, успамінаючы свае ранейшыя словы, што калі маскалі палезуць у Беларусь, як на Украіну, то знойдуць тут сваю магілу. Сітуацыя ў Беларусі даўно склалася як крытычная. Разбураныя і вынішчаюцца асновы існаваньня нацыі, эканоміка, адукацыя, сацыяльныя магчымасьці, грамадзянская супольнасьць, разбурана вёска, адбываецца дэмаграфічная катастрофа, прыніжэньне асобы, уведзены кантроль за кожным чалавекам, які павялічваецца. Пры гэтым створаны такія дачыненьні, што народ адхілены ад фармаваньня ўлады і назіраньня за ёй (замест выбараў прафанацыя, адміністрацыйны кантроль рэжыму). Ліквідаваныя ўсе магчымасьці канстытуцыйнай зьмены ўлады. Поўны тупік. Антыбеларуская ўлада праводзіць антынародную акупацыйную палітыку, і грамадзтва нічога ня можа зрабіць, толькі назіраць, як нішчацца правы людзей і прадаецца сувэрэнітэт краіны. Нацыя становіцца пасіўным сьведкам нацыянальнага забойства, закладнікам здрады. Тут ёсьць некалькі варыянтаў падзей. Першы. Грамадзтва будзе даведзена да поўнай дэградацыі, краіна ліквідавана, тэрыторыя аддадзена ў расейскае рабства. Другі варыянт – рэвалюцыя, паўстаньне, сілавое зьвяржэньне рэжыму. Вось гэты лапідарны варыянт і хацелі скарыстаць Бабіч, Вцюрын і іншая масква ў сваіх інтарэсах. Антынародная дыктатура сама вызначае характар зьмены сваёй улады. Нажаль, ён не прыдатны для беларусаў, бо мала што зьменіць па сутнасьці. Корань зла, вока спрута крыецца ў крамлёўскага гнома. І не выпадкова, што якраз гном хацеў скарыстацца крымінальным варыянтам, каб павялічыць свае акупацыйныя магчымасьці (якія і так бязьмежныя). Змаганьне зь метастазамі ня вылечыць анкалагічнай хваробы ў Менску, калі пухліна стварылася ў Маскве. Я не выпадкова пачаў гэтую гаворку, бо зьявіўся рэальны прэцэдэнт, і ў грамадзтве даўно ўжо ня толькі правакатары, але нават цалкам рэспэктабэльныя людзі пачынаюць у голас казаць, што краіна гіне, можа страціць незалежнасьць, што поўны тупік і адзіны выхад – забіць драня, бо іншых выхадаў не існуе. Дарэчы, усё правільна. У гэтым характэрнасьць дыктатарскай улады. Зьмясьціць Гітлера не было іншай магчымасьці, акрамя яго фізычнага зьнішчэньня. І немцы паспрабавалі зьмяніць гісторыю такім чынам. Але гісторыя, відаць, мусіла дайсьці да свайго выніку, не спыняючыся на паўстанках. Асаблівасьць палітычных дачыненьняў у Беларусі выклікае непакой, бо няма адзінага рацыянальнага разуменьня прычыны і выніку становішча. Антыпатыя і непрыняцьце ўзурпатара вырастае да масавага маштабу, але шмат хто (нават не распрапагандаваная большасьць) не разумее, што корань зла ў Крамлі, у яго імпэрскай агрэсіўнай палітыцы, у крамлёўскіх гномах, якія маніпулююць залежным ад іх калгасным сатрапам і праз яго вядуць сваю антыбеларускую палітыку. Зьмена сатрапаў ня зьменіць антыбеларускай палітыкі, калі ня будзе агульнанацыянальнага супраціву Маскве. Тлумачу рэальнае становішча. Беларусы, якія думаюць уратаваць краіну і зьнішчыць цмока, на самой справе зробяць гэтым паслугу Вцюрыну-Бабічу, пазбавяць іх ад неабходнасьці выканаць тое самае. У краіне пры дапамозе “іхняга сукінага сына” створана акупацыйная сістэма ўлады. Увесь Савет бясьпекі краіны (акрамя адной прадажнай асобы) складзены з расейцаў, выхадцаў з Расеі і рускай агентуры. Міністэрства ўнутраных спраў (і ўсе ўнутраныя сілавыя структуры) знаходзяцца пад начальствам расейца кагэбіста-эфэсбіста з Луганшчыны, які навіду ўсіх ходзіць у форме злачыннага савецкага НКВД. Кіраўніцтва войска, генэралітэт складаецца з выпускнікоў расейскай вайсковай акадэміі і агентуры; ключавыя міністэрствы (адукацыі, культуры, інфармацыі і інш.) займаюць расесйкія агенты, камуністы, не грамадзяне Беларусі. Камітэтам Дзяржбясьпекі Беларусі кіруе расеяц і расейскі агент, не кажучы ўжо пра тое, што КГБ і рускае ФСБ цяпер, фактычна, адно ведамства, якое наладзіла ў Беларусі цэнтралізаваную сістэму відэаназіраньня за грамадзянамі краіны (500 тысячаў відэакамэр). Уся ахова сатрапа (дзьве тысячы ахоўнікаў) таксама складаецца з расейцаў тыпу Вцюрына. Беларусаў там няма. І ўсё гэта стваралася на вачах народа, паплёўваючы беларусам у твар, з дапамогай “іхняга сукінага сына”, які хоча быць вечным начальнікам над гэтым балотам. І быў бы, калі не ўзьніклі праблемы ўлады ў крамлёўскага гнома, дзе трэба сьпяшацца. Маскоўскі план быў просты. Зьмяняюць наравістага «сукінага сына» на іншага сукінага сына – і ўсё. Больш нічога ня трэба рабіць, толькі прымаць рашэньні. Акупацыя, лічыце, адбылася, бо акупацыйная сістэма ўжо існуе. Ніхто нават не заўважыць, што краіны няма. (Тут зноў нагадаю, што Захад на сёньняшні дзень бяссільны перад гібрыднай вайной, тэхналёгія супроцьдзеяньня ня створана. Там ня ведаюць, што рабіць). Першая спроба маскоўцам не ўдалася. Але план застаўся. Цяпер мы бачым, што антыканстытуцыйнае прысьпешваньне псэўдавыбараў у Беларусі патрэбна Маскве. Намеры празрыстыя – захапіць “палатку” і наладзіць дэмарш (улічваючы, што Цэнтральнай выбарчай камісіяй кіруе ФСБ). Што тут могуць беларусы? Могуць шмат што. Практычна, — усё. Але для гэтага трэба стаць беларусамі, людзьмі, годнымі сваёй нацыі. Цмок сядзіць у Крамлі. У Менску – сатрап. Для суду над ім павінен быць як найхутчэй створаны Народны трыбунал. Любое рашэньне Народнага трыбунала, пагрунтаванае на Канстытуцыі і законах, будзе ў гэтых абставінах легітымным і падлягае выкананьню. Рашэньні трыбунала паспрыяюць правядзеньню законных выбараў і прыпыняць крамлёўскія авантуры “Вцюрыных-Бабічаў”. Але пра шмат што мы тут ня кажам, разумеючы нязначнасьць слоў там, дзе патрабуецца справа. 12 траўня 2019 г. Зянон ПАЗЬНЯК Пост скрыптум На 9-га траўня (савецкі дзень сканчэньня вайны ў Эўропе і Афрыцы) гэтая ваен-чартоўшчына дабралася і да Беларусі. У Менск (як некалі ў Данбас) наехала шмат расейскіх “турыстаў” у форме НКВД, якія бадзяліся і галёкалі маскоўскія лёзунгі, кшталту “спасибо деду за победу”. Цяперашняму рускаму ватняму грамадзтву крамлёўскія гномы ўклалі ў мазгі, што гэта толькі Расея, а не антыгітлераўская кааліцыя, начале з Вялікабрытаніяй і Амэрыкай (якія кіравалі стратэгіяй вайны), перамаглі нямецкі нацыянал-сацыялізм. Дзякуючы, перш за ўсё, Вялікабрытаніі і Амэрыцы, сусьветная бойня, разьвязаная Сталіным-Гітлерам і іхным злачынным сацыялізмам, была спынена і асуджана. Дзень яе завяршэньня ў Эўропе — гэта дзень страшлівай балючай памяці і жалобы. Загінулі дзясяткі мільёнаў людзей, сталі ахвярай антычалавечай камуна-нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі. Асабліва трагічная гэтая памяць для нас беларусаў, у якіх акупанты з усходу і захаду забілі асмаль трэць насельніцтва, разбурылі гарады, спалілі тысячы вёсак, зьнявечылі зямлю. Потым, ужо у канцы 1960-х гадоў, савецкія акупанты, прыватызавалі сабе перамогу над гітлераўскай Нямеччынай і ператварылі 9 травень у пампезнае “сьвята перамогі”, у прыладу прпаганды, фальсіфікацыі гісторыі і абалваньваньня людзей, ськідваньне віны з сябе за разьвязваньне антычалавечай вайны толькі на Гітлера і Нямеччыну. Але нават тады, пры Брэжневе, не было такога дзікага шызафрэнічнага маразму, такой вар’яцкай ваеннай чартоўшчыны, як цяпер пад рэжымам Пуціна. Ідзе паталагічная прапаганда вайны. Пра яе ўжо мроіць тупое пакаленьне, што ўзьнікла за часы Пуціна і наглядзелася пуцінскага кінематографа. Злачынная гісторыя расейскіх войнаў паказвае, што калі расейскае скопішча жадае і хоча вайны, то вайна будзе, калі не здарыцца, аднак, выпадку ў гісторыі і Сталін з Гітлерам прападуць. 12.05.2019 16/5/2019 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |