Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: БУДУЧЫНЯ НАЛЕЖЫЦЬ РАЗУМНЫМ (Зачытана на ліпеньскім 2019 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”) … Абвастрылася пагроза для нашай незалежнасьці, небясьпека для якой існуе пастаянна з боку Расеі. Абвастрэньне зьвязанае з пабудовай вечнага прэзідэнтцтва для Пуціна і непарушнасьці для ўсёй расейскай гэбоўскай групы ўлады. Палітычным мэтадам дзеля дасягненьня цягласьці пуцінскай улады стаў план захопу Беларусі шляхам фармальнага стварэньня так званай “саюзнай” квазідзяржавы, пад шапкай якой мусіла б адбыцца паглынаньне Беларусі Расеяй. Авантура неажыцьцявілася. Да ўлады ў Крамлі прыйшоў КГБ, які паставіў свайго стаўленьніка, нікому невядомага Пуціна. Паступова Пуцін ператварыўся ў самастойную фігуру, якой захацелася кіраваць у Расеі вечна і ўплываць на існаваньне ўсяго сьвету. Такая кароткая гісторыя ўлады постсавецкага рускага імпэрыялізму, які агрэсіўна пагражае Беларусі, Украіне, Грузіі, Малдове, Прыбалтыцы, Польшчы і ўсяму чалавецтву. Параўноўваючы цяперашнюю сітуацыю з пагрозамі 90-х гадоў, мы бачым як зьмяніліся акцэнты абароны і небясьпекі для нашай незалежнасьці. 25 гадоў унутранай акупацыі, антыбеларускай палітыкі і этнацыду не мінулі бяссьледна. Страты велізарныя. Падарваныя этнічныя (вёска), грамадзкія (правы, свабоды), адукацыйныя (школа), эканамічныя асновы нацыі. Нацыя аслаблена. Самае трывожнае і небясьпечнае, што ў выніку збочанай антынацыянальнай адукацыі, русіфікацыі і пэрманэнтнай ілжы вырасла абмежаванае пакаленьне, якое збольшага няздольнае ні на што, ня думае пра агульныя інтарэсы, акрамя прыватных, якія таксама ня ў стане на ўзроўні ажыцьцявіць. У выніку адбываецца сацыяльная дэградацыя грамадзтва, апусканьне на ніз, дэзінтэлектуалізацыя, адток моладзі за мяжу. Кожны рэжым акупацыі, ці то царскі, ці савецкі, ці прамаскоўска-лукашысцкі, выхаваў такі тып пакаленьня ў выніку змасаванай ілжы, прапаганды, антынацыянальнай адукацыі і рэпрэсій. Нічога дзіўнага, што беларускі палітычны рух супраціву заўсёды быў рухам авангарду грамадзтва, які часта гінуў, але даваў штуршок для працягу. Два разы ў гісторыі нацыянальны авангард, падтрыманы асьмялеўшым народам, дасягнуў посьпеху – у сакавіку 1918-га і ў жніўні 1991-га. І дзякуючы гэтаму Беларусь жыве. Пагроза незалежнасьці Беларусі, якая ўзьнікла ў другой палове 90-х, была вельмі агрэсіўнай і небясьпечнай. Разбуральны план Масквы праваліўся, аднак, найперш таму, што была яшчэ моцная сіла беларускага супраціву. Найперш Народны Фронт. Былі грандыёзныя шматтысячныя выступы супраць акупацыйнай інтэграцыі ў Расею, бойкі на вуліцах з рэжымнымі сіламі і перамогі супольнага духу ў абароне нацыянальнай незалежнасьці ад здрады і рускага авантурызму. Тады было яшчэ ўзбуджанае грамадзтва, існавала нацыянальная арганізаваная сіла, якая акумулявала абарону свабоды і незалежнасьці. Сітуацыя, якую маем цяпер, нагадвае краявід пасьля патопу. Самае істотнае – разбураны палітычны рух Беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Засталася толькі адна наша адраджэнская партыя КХП-БНФ, зьвязаная па руках і нагах акупацыйнымі наваротамі рэжымнай адміністрацыі і загнаная ў паўпадпольнае існаваньне. Моцна панішчаная грамадзянская супольнасьць. Поўнасьцю адсутнічаюць беларускія нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі. У сфэры інфармацыі ў эфіры безразьдзельнае панаваньне антыбеларускай дзейнасьці чужой дзяржавы, якая ажыцьцяўляе русіфікацыю і апрацоўку мазгоў беларускага насельніцтва (зьява ўнікальная і фэнамэнальная). І што характэрна, бальшыня нешматлікіх і мізэрных недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі на беларускай мове, што абмежавана прысутнічаюць у Інтэрнэце, таксама стаяць на палову (а то і цалкам) на згодніцкіх пазыцыях да антыбеларускага рэжыму, асьвятляюць без ацэнак кожны крок узурпатара і ягонага байструка, складаюць нікому не патрэбныя мапы, у якіх раёнах і па колькі разоў гэты “сукін сын” быў, а дзе ён яшчэ ня быў, з сур’ёзным выглядам пішуць пра «гістарычнае значэньне» гэтага драня для Беларусі і г.д. На гэтакім гнілым фоне пачаўся чарговы этап маскоўскай акупацыйнай інтэграцыі. Новае ў гэтым становішчы толькі супярэчлівая пазыцыя самога сатрапа, які пачаў разумець, што маскоўская “братва” яго хоча ашукаць і пазбавіць неабмежаванай улады. Ідзе паддыванны гандаль краінай, сувэрэнітэтам і незаконнай уладай. Валтузьня мае крымінальны характар у форме палітыкі. І гэтым яна небясьпечная для нашага народу, бо вынікі могуць наступіць толькі антызаконныя і антылюдзкія, на шкоду нашай Радзіме. Антымаскоўская рыторыка, якая цяпер часам гучыць з горла сатрапа, рэальна нічога ня значыць. Пад гэтую рыторыку робяцца подлыя антыбеларускія справы; павадкі гэтага суб’екта мы ведаем. Прытым асяроддзе ўзурпатара, як заўсёды, маўчыць. Гэтай публіцы начхаць на Беларусь (на ўладу Лукашэнкі, дарэчы, ім таксама начхаць; гэта самадастатковая праслойка, вертыкальная абслуга). Тут крыецца вялікая сацыяльная бяда Беларусі. Адміністрацыйны клас рэжыму (антынацыянальная мутацыя якога адбылася яшчэ за саветамі) амаль спрэс пазбаўлены нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Тут спажыўнае асяроддзе для любой акупцыі: антынародны рэжым, антынародная адміністрацыя, якая гадзіць на Беларусь і душыць уласны народ. Зараз яны ўсе прывучаюць людзей да анэксіі, што плануе Масква. Вось тыповыя выказваньні і загалоўкі абслужлівай прэсы: “Едіная валюта Беларусі і Расеі возможна как фінал інтеграціі” (“Нар. Воля”). І далей інфармацыя: “Национальный банк Беларуси (НББ) подтверждает свою позицию относительно возможности создания единой валюты Беларуси и России как финального этапа интеграции, заявил в Минске заместитель председателя правления НББ Сергей Калечиц». Сэнтэнцыі такіх дывэрсантаў раскіданыя па ўсім друку. Назвы артыкулаў – гэта інфармацыйная прапаганда. Тое ведаюць нават школьнікі. Наступны загаловак. “25 год Лукашэнкі. У чым яго гістарычная місія і асабістая трагедыя” (“Нар. Воля”). Трэба разумець, што “сукін сын”, які дапамог Маскве ўгробіць нацыю, ёсьць трагічная асоба ў гісторыі. Вучыцеся, дзеці. Ёсьць такі эканаміст Леанід Заіка, майстар безадказных выказваньняў (некалі заклікаў беларусаў выязджаць зь Беларусі). Цяпер у тэме актыўнай палітыкі Масквы эканаміст выдаў наступнае: «Белорусский рубль – не признак суверенитета» (загаловак “Нар. Волі”). І пішуць жа, вучоныя так бы мовячы. І ня сорамна. Словам, сітуацыя ня надта і стракатая. Нікчэмны друк і халуйская рэжымная адміністрацыя дэманструюць гатовасьць да рускага рабства і страты незалежнасьці. Толькі сатрап часам б’е ў хамут, пакуль не дадуць бізуна да не павешаюць торбу з аўсом. А як жа – «трагічная асоба» ў подлай гісторыі. Карціна брыдкая і невясёлая. Што рабіць патрыётам і прыстойным людзям? Нацыянальныя страты вялікія. Але ёсьць і важныя набыткі, здабытыя насуперак палітыцы і антынароднай волі рэжыму. Калі параўнаць з 90-мі гадамі, то мы цяпер маем большую нацыянальную кансалідацыю грамадзтва на аснове незалежнай дзяржавы. Сваю дзяржаву сталі цаніць больш, чым у 90-х прытым фіксуецца даволі масавае імкненьне (да 86%) яе абараняць ад ворагаў у выпадку вайны. Вельмі важная наступная характарыстыка. Вялікая колькасьць беларускага насельніцтва (недзе каля паловы) нарэшце насуперак маскоўскай прапагандзе ўсьвядоміла, што Расея ёсьць гістарычны і натуральны вораг беларускай нацыі, гробакапацель беларускай незалежнасьці, краіна крымінальных нораваў і дзікай мэнтальнасьці, пагроза міру, рассаднік тэрарызму і агрэсіі, “скопішча зла”. Другая палова людзей, якая знаходзіцца пад уплывам татальнай рускай дэзінфармацыі і рускіх СМІ таксама як бы ня ворагі сваёй краіне. Яны нават па-свойму патрыёты, але ня лічаць Расею ворагам, мяркуюць, што ў Расеі ім было б лепш, пэнсіі большыя, думаюць што Украіна напала на Расею, што ва ўсім вінаватыя амэрыканцы і т.п. — паўтараюць прапагандысцкія нарыхтоўкі расейскай журналістыкі, пачутыя праз тэлевізар. Гэтае ачмурэньне сур’ёзнае і небясьпечнае для псіхічнага здароўя людзей пакуль вяшчае тэлевізар, бо пацьверджана, што тэлеінфармацыя мацнейшая за рэчаіснасьць. Тэлевяшчаньне робіць хлусьню непераможнай. Масы вераць тэлевізару, а не рэчаіснасьці. Але калі адключыць тэлевізар (тым больш чужы тэлевізар), ачмурэньне паступова мінае. Людзі пачынаюць бачыць рэальнае жыцьцё. (У барацьбе з манаполіяй тэлевізара дапамагае Інтэрнэт, манапалізаваць які амаль немагчыма. Хіба што адключыць для народа, як у Паўночнай Карэі). Істотным чыньнікам цяперашняга стану ёсьць тое, што, нягледзячы на неверагодныя высілкі Масквы і здрадніцкага антынацыянальнага рэжыму зьнішчыць беларускую мову ім не ўдалося. Не ўдалося найперш таму, што Беларуская мова ёсьць вялікая мова, дасканалая мова, мова вялікай культуры і прыгожай людзкай літаратуры. Каштоўнасьць Беларускай мовы тым больш узрастае ў вачах разумных людзей, калі яны параўноўваюць яе з маскоўскай мовай – галоўным сродкам расейскай русіфікацыі. Параўноўваюць і тут жа бачаць амярцьвелую штучнасьць расейшчыны, грувасткасьць, недаразьвітасьць у тонкіх сфэрах людзкіх дачыненьняў. Асабліва здумляе немагчымасьць перакладу па-руску шэдэўраў беларускай літаратуры. У той час, калі, напрыклад, па-украінску, па-польску ўсё перакладаецца дасканала. Нахабная, чванлівая русіфікацыя, заснаваная на прыдуманым міфе нібыта “могучего русского языка” (значыцца, маскоўскага) прымусіла разумных людзей глыбей зацікавіцца гэтым “могучим языком” у параўнальных характарыстыках, і высьветлілася, што маскоўская мова грувасткая, сумбурна распрацаваная ў правілах і больш таго — аддаленая ад усіх славянскіх моваў, саступае ім нават у лексіцы. Зусім яна, аказваецца, не «магучая», а надта нават шараговая. Для некаторых беларусаў цяпер гаварыць па руску – гэта азначае выяўляць разумовую руціну (гэтакі «маветон»). Тым часам не размаўляць па-беларуску як для інтэлектуала дык неяк ужо й не стасуецца. Так што беларусу часам, каб стаць сабой, трэба пабольш русіфікацыі ды на «магучым», з ужываньнем слова «маць», «в каком разгаварывал Ленін». Такім чынам, нягледзячы на катастрафічныя страты, нашае грамадзтва і ў нацыянальнай ідэалогіі, і ў сацыяльнай арганізацыі, як ня дзіўна, але набыло ўжо якасьці патэнцыйна моцныя для супраціву маскоўскай агрэсіі з усходу. Самаарганізацыя ўзьнікне ў зьменных абставінах. Ня трэба панікі і пэсімізму. Лепш – рабіць беларускую працу і пашыраць супраціў русіфікацыі і паскудзтву, мацаваць палітычную ідэалогію Беларускага Адраджэньня, гуртаваць, як пісаў Купала, «на бітву будучыя сілы». Некаторыя нашы інтэлектуалы прапаноўваюць розныя праекты, варыянты, рэформы, нават думкі аб “паляпшэньні” рэжыму. Добра, калі людзі думаюць. Але ні да чаго не прывядзе думаньне, калі беларусы ня будуць абапірацца на Беларускую нацыянальную ідэю (нагадаю – гэта Адраджэньне, ідэалёгія, сфармаваная яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя), на Беларускую мову, на незалежную Беларусь і не ўсьведамяць, што Маскоўшчына (цяперашняя РФ) ёсьць натуральны і сьмяртэльны вораг Беларускай нацыі. Калі гэтага ня будзе ў беларускай палітыцы, ня будзе і Беларусі. Будучыня павінна належыць разумным. 14 ліпеня 2019 г. Зянон ПАЗЬНЯК 16/7/2019 › Навіны, Зянон Пазьняк |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |