Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ПАЎСТАНЦЫ АЖЫВАЮЦЬ Ў НАШАЙ ПАМЯЦІ

Тут зьмяшчаем матар’ялы Язэпа Янушкевіча — вядомага дасьледніка Паўстаньня 1863 года. Матар’ялы адчыняюць сістэматызаваныя зьвесткі пра Паўстанцаў, схопленых і забітых расейскімі акупантамі ў Вільні ў 1863-1864 гг. Парэшткі забітых (расстраляных і павешаных — разам 21 асоба) былі ськінутыя ў дол на Замкавай гары Гедзіміна са зьвязанымі ззаду рукамі, аблітыя вапнай. Закапаныя ў раскопах непадалёк адзін аднаго.

На месцы таго брацкага пахаваньня змагароў на Замкавай гары маскалі злáдзілі пляцоўку для забавы (гульні ў крыкет). Магіла забітых была з пашанай пазначана ў 1920-1930 гг. Пачынаючы з 1940 -х гадоў гэтае месца заставалася зруйнаваным, забытым і занядбаным новымі ўладамі. Але ў апошні час праведзеныя грунтоўныя археалагічныя раскопкі брацкай магілы. На 22 лістапада гэтага году прызначана афіцыйнае перапахаваньне паўстанцаў (з ганаровай вартай й салютаваньнем) у мэмарыяльнай капліцы на Віленскіх Росах.

Паводле месца нараджэньня 14 паўстанцаў паходзілі з этнічнай тэрыторыі Беларусі, 4 з этнічнай тэрыторыі Польшчы, адзін з Украіны і адзін зь Летувы. (Месца нараджэньня аднаго паўстанца пакуль ня вызначана). Мэмарыяльнае перапахаваньне паўстанцаў у гістарычнай сакральнай сталіцы Краю Вільні ёсьць данінай глыбокай памяці нашай супольнай гісторыі і барацьбы за Свабоду.

Ніжэй пададзены матар’ял зьяўляецца навуковым дасьледваньнем аўтара. Пры цытаваньні і выкарыстаньні спасылкі на старонкі публікацыі (”Народная Партыя” і “Беларуская Салідарнасьць”) абавязковыя.

24 кастрычнік 2019 г. Зянон Пазьняк

ПАЎСТАНЦЫ АЖЫВАЮЦЬ Ў НАШАЙ ПАМЯЦІ

1) Станіслаў Ішора (25 гадоў) — сын Станіслава і Марылі з Шантыраў (паходзіла з Валыні). Нарадзіўся ў Вільні 12.04.1838 г. (паводле іншых зьвестак – паходзіў з маёнтку Цэсарка пад Вількамірам (Wiłkomierz; цяпер Ukmergė), дзе роду Ішораў належала маёмасьць над аднайменнай рэчкай Цэсаркай (уласна летувіская назва на Жмудзі «Сасарка» (Sesarka). Выхоўваўся ў Піваруньцах (гміна Гедройці ў Гавэйкаўскай акрузе; 42 вярсты ад Вільні), вучыўся ў Віленскай гімназіі. Напачатку 1860-х гадоў вікарны ксёндз у мястэчку Жалудку Лідзкага павету (радзіма легендарнага паўстанцкага генерала Валяр’яна Урублеўскага). «Ужо 27 студзеня Ішора зачытаў народу маніфэст Часовага ўрада Літвы і Беларусі пра пачатак Паўстаньня і абвясьціў «мужыкам, каб не хадзілі на паншчыну». Тады ж ён паклікаў да сябе арганіста Адася Калясіньскага: «…ён чытаў мне, ня ведаю, нейкую «Харунгев свабоды» і зноў схаваў, а мне даў нейкія друкаваныя аркушыкі «Яська — з-пад Вільні гаспадар» і казаў, каб я параскідваў па рынках ці каму аддаў прачытаць…» 22 траўня / 04.06. 1863 г. (праз тыдзень пасьля прыезду ў Вільню Мураўёва) — Ішора быў расстраляны на Лукішках. Гэта было першае пакараньне сьмерцю ў Вільні. (Вельмі паказальна, што першыя пакараньні сьмерцю ў Менску і Вільні звязаны менавіта з распаўсюджваннем «Мужыцкай праўды)» (Генадзь Кісялёў. З думай пра Беларусь).
Вікарны ксёндз Ішора – адзіны, чые парэшткі не былі адшуканыя ў 2017-2019 гг. на гары Гедзіміна. Вельмі магчыма, што падчас Першай Сусьветнай Вайны яны былі выкапаныя й забраныя братамі-дамініканцамі і перапахаваныя ў віленскім касьцёле Святога Якуба, дзе ў памяць пра ксяндза Станіслава Ішору 4 чэрвеня 1933 г. была асьвечана мемарыяльная дошка.

2) Раймунт Зямацкі (53 гады) — сын Андрэя і Кацярыны з Камінскіх. Нарадзіўся 19.09.1810 г. у Дахнáх (пад Крэвам), ахрышчаны ў мястэчку Лоск (цяпер Валожынскі раён). Удзельнік Рэвалюцыі 1830-1831 (Лістападаўскага паўстаньня), цудам выжыў у Ашмянскай разьні, зладжанай расейскімі акупантамі ў красавіку 1831 г. Пробашч Вавёркаўскага касьцёла на Лідчыне. Расстраляны 24 траўня / 06.06.1863 г. ў Вільні за абвяшчэнне маніфеста Нацыянальнага Ўраду. Тамсама ў Вільні 23 ліпеня 1923 года ў касьцёле святога Рафала была асьвечана мемарыяльная дошка ў памяць сьвятара.

3) Альбэрт Лясковіч (23 гады ?) — сын Фэлікса (маці з дому Валіцкая). Нарадзіўся на Лідчыне 15.04.1840 г. у маёнтку Голдава Лідзкага павету (паводле іншых зьвестак – у Кір’я́наўцах таго самага павету; бацьку належалі маёнткі Кір’я́наўцы і Пя́ткаўшчына; цяпер вёскі ў Бердаўскім сельсавеце Лідскага раёна). Скончыў Віленскі шляхетчы інстытут. Пра ўдзел Альбэрта ў Паўстаньні зьвестак не захавалася. Адным з сур’ёзных доказаў акупанцкія ўлады палічылі замоўленыя Альбэртам у шаўца на пашыў боты з халявамі, што павінна было сьведчыць пра ягоную падрыхтоўку ўступіць у паўстанцкія шэрагі, а таксама «за заклікі да Паўстаньня сярод сялянаў». Расстраляны ў адзін дзень з кс. Раймунтам Зямацкім 24 траўня / 06.06.1863 г. «Целы іх абодвух адразу пасьля экзэкуцыі ўкінулі ў магілы, папярэдне выкапаныя перад слупамі, да якіх асуджданыя былі прывязаныя. Целы іх засыпалі зямлёй, магілы выраўнялі».

4) Баляслаў Кóлышка (25 гадоў) — сын Вінцэся і Апалёніі. Нарадзіўся 26.07/07.08 1837 ў фальварку Карманішкі Лідзкага павету (цяпер Эйшышскі раён Летувы). З хатняй адукацыяй здолеў стаць студэнтам Маскоўскага універсітэту (1860 г.), дзе ў той час дзейнічаў «польска-рускі гурток, у якім, зрэшты, рускія наўрад ці складалі i 1/4… Галавой вышэй за ўсіх нас у гэтым гуртку быў студэнт Калышка. Гэта быў чалавек выдатнага розуму, жалезнай энергіі, з велізарнай эрудыцыяй, які валодаў не абы-якім дарам слова i ў дадатак звабліваю прыгажосцю…» Падчас паўстаньня камандзір атраду касінераў у Жэмайціі (Ковенскі павет). Павешаны ў Вільні 28.05/09.06. 1863 г. ). У наш час, 18.08.2013 г., у Бутрыманскім касьцёле, дзе хрысьцілі Баляслава-Каятана, устаноўлена мемарыяльная дошка (навогул сям’я Колышкаў дала чатырох паўстанцаў: Баляслава-Каятана, Уладзіслава, Фэлікса-Гэнрыка, Яна-Вінцэнта).

5) Юльян Лясьнеўскі (31 год), сын Паўла. Паходзіў зь Любліншчыны (шляхціч Любельскай губерні). Падчас Паўстаньня аканом у маёнтку Вялікім Мажэйкаве Лідзкага павету графа Грабоўскага. Расстраляны загадам расейскіх акупацыйных уладаў 10/22 чэрвеня 1863 г. «за заклік сялян да мяцяжу»

6) Жыгімонт [Зыгмунт] Серакоўскі (36 гадоў) — сын Ігната і Фартунаты. Нарадзіўся 30.05.1826 г. у сяле Лісавое Луцкага пав. на Валыні. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце (1845-1848), адкуль за рэвалюцыйныя погляды быў высланы шараговым у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з гэткім самым ссыльным Тарасам Шаўчэнкам. Пазьней скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1859). Варшаўскі Паўстанцкі Камітэт прызначыў яго вайсковым начальнікам Паўстаньня ў Літве. 25-27.04/07-09.05. 1863 касінеры Серакоўскага былі разьбіты пад мястэчкам Біржы. Параненым трапіў у палон. Павешаны 15/27.06.1863 г. Пры павешаньні аказаў супраціў.

7) і 8) - Аляксандар (27 гадоў) і Язэп (36 гадоў) Раўкоўскія — шляхцічы Ашмянскага павету, сыны Тэафана. Абодва браты зараблялі на жыцьцё рамесьніцкай працай. Без суда, на моцы вайсковай канфірмацыі, прыгавораныя да павешаньня як падазраваныя ў выкананьні прысудаў Паўстанцкага Камітэта ў Літве над здраднікамі і згоднікамі. Павешаныя 07/19.08.1863 г.

9) Карóль Сіповіч (19 гадоў), — віленчук. Хоць і належаў да рэвалюцыйнай арганізацыі Паўстаньня на Літве – акупанцкія ўлады бяздоказна палічылі яго прыналежным да замаху на віленскага маршалка Дамейку. Павешаны ў Вільні 07/19.08.1863 г. Самы малады сярод 20 з адшуканых парэшткаў Паўстанцаў.

10) Юзаф Яблонскі (20 гадоў) — сын Караля, нарадзіўся ў Ломжы (Польшча). За прыналежнасьць да Нацыянальнай паліцыі і магчымы ўдзел у замаху на маршалку Дамейку павешаны ў Вільні 07/19.08.1863 г.

11) Генрык Макавецкі (27 гадоў) — сын Генрыка. Паходзіў з Магілёўскай губэрні. Падчас Паўстаньня жыў у Вільні, харужы корпусу лясьнічых. Абвінавачаны ў «дзяржаўнай здрадзе» расстраляны ў Вільні 17/29.08.1863. Ягоны брат Аркадзь-Антось (шляхціч Чэрыкаўскага павету) асуджаны да пазбаўлення правоў стану, канфіскацыі маёмасці і ссылкі на жыхарства ў Табольскую губерню.

12) Ян Бянькоўскі (26 гадоў) — сын Тамаша. Паходзіў з Варшавы. Загадам Варшаўскага паўстанцкага камітэта высланы ў Вільню з мэтай зьдзейсьніць прысуд над віленскім маршалкам Дамейкам за складаньне апошнім вернападданіцкіх адрасоў расейскаму цару Аляксандру ІІ. Як кінжальшчык павешаны ў Вільні 28.08/09.09.1863 г.

13) Ян Марчэўскі (24 гады). Паходзіў з Каралеўства Польскага, фэльчар. На падставе канфірмацыі Камандуючага Войскамі Віленскай Ваеннай Акругі павешаны ў Вільні 28.08. / 09.09.1863 г. “за служэньне Польскаму Рэвалюцыйнаму Камітэту ў якасьці шпега і паліцыянта ў горадзе Вільні з мэтай учыненьня забойстваў”.

14) Эдвард Чаплінскі (дата нараджэньня невядомая). Вучань аптэкара з Панявежскага павету. Падазраваны, што разам з Янам Бянькоўскім і Янам Марчэўскім рыхтаваўся да замаху на маршалка Дамейку. У выніку цяжкага катаваньня амаль у беспрытомным стане быў павешаны 28.08/09.09. 1863 г.

15) Уладзіслаў Нікаляй (Nikolai vel Nikolay; 26 гадоў) — сын Фрыдэрыка і Зоф’і. Паходзіў зь лютаранскай шляхты Віленскай губ. Падпаручнік Нараўскага пяхотнага палка. Расстраляны 13/25.09.1863 г. З роду Нікаляй, шляхцічаў Віленскай губерні, у Сібір былі высланы Багуслаў, Людамір, Станіслаў як “палітычна нядобранадзейныя”.

16) Казімер Сычук (ён жа Сацэвіч; 36 гадоў) — сын Адама. Нарадзіўся ў Вільні (?). Служыў кананірам Віленскай абарончай артылерыі. На заключэнне Аўдытарыята прысудам Камандуючага Войскамі Віленскай Ваеннай Акругі расстраляны 10/22.12.1863 г. «за дэзерцірства, далучэнне да шайкі мяцежнікаў і ўдзел зь імі ў дзеяньнях супраць войскаў, а пасьля палону — за ілжывае паведамленьне пра сваю саслоўную прыналежнасьць».

17) Мечыслаў Дарманоўскі (27 гадоў) — нарадзіўся ў Варшаве (?), прускі падданы. Сябра Варшаўскай паўстанцкай паліцыі, з сакавіка 1863 года сябра Віленскай арганізацыі, выконваў абавязкі камісара Віленскай губерні (псеўд. Людвік Сухадольскі). На падставе канфірмацыі Камандуючага Войскамі Віленскай Вайсковай Акругі павешаны 21.12.1863/ 02.01.1864 г. за тое, што “пасьля прыбыцьця ў Вільню з Варшавы, з тамтэйшага Рэвалюцыйнага Камітэта, асабіста дзейсна распараджаўся кіраваньнем у Вільні і ўсёй губеранскай рэвалюцыйнай арганізацыі, а таксама прымаў на сябе выкананьне ўсіх найважнейшых даручэньняў сяброў арганізацыі”.

18) Ігнат Здановіч (22 гады) — сын Аляксандра (1808-1868, вядомага гісторыка-пісьменьніка, які паходзіў з Ігуменшчыны) і Эміліі Пясеччанкі (роднай сястры філамата Казіміра Пясэцкага). Нарадзіўся 01/13.01.1841 ў Вільні. Студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта (1858-1862), які скончыў са ступеньню кандыдата матэматычных навук. Слухаў лекцыі ў Бэрлінскім універсітэце. Падчас Паўстаньня выконваў абавязкі Скарбніка (над гэтак званымі «Літоўскімі сумамі»), пэўны час начальнік паўстанцкай Вільні, найбліжэйшы паплечнік Кастуся Каліноўскага. Арыштаваны 26.09.1863. Катаваны ў следчай камісіі «трымаўся з рэдкай упартасьцю». Павешаны 21.12.1863 / 02.01.1864.

19) Цітус Далеўскі (23 гады), сын Аляксандра. Нарадзіўся 1/13.05.1840 ў фальварку Кункулка Лідзкага павету. Вучыўся ў віленскай гімназіі, пазьней ва ўніверсітэтах Масквы і Пецярбурга, удзельнічаў у таемным студэнцкім руху. Сябра віленскай паўстанцкай арганізацыі, адзін з найбліжэйшых памочнікаў К. Каліноўскага. На падставе канфірмацыі Камандуючага Войскамі Віленскай Вайсковай Акругі расстраляны 30/12.1863 / 11.01.1864 у Вільні за прыналежнасьць да рэвалюцыйнай арганізацыі на Літве ў якасці экспедытара і сакратара пры ўпаўнаважаным Камісары Літвы і непасрэдны ўдзел ва ўсіх апошніх распараджэньнях арганізацыі, што мелі мэтай абуджэньне ў краі ўжо згаслага мецяжу.

20) Якуб Чэхан (іншае імя ў дакументах Юзаф-Язэп; аднолькава як і прозьвішчы Чэхановіч, Цехановіч; 40 гадоў?). Дакладная дата і месца нараджэньня невядомыя. Як шараговец унутранай варты Віленскага батальёна на падставе канфірмацыі Камандуючага Войскамі Віленскай Ваеннай Акругі і прысуду Аўдытарыята ад 30 сьнежня 1863 г. расстраляны ў Вільні 13/25.01.1864 г. “за дэзерцірства, уступленьне ў шэрагі мяцежнікаў, знаходжаньне ў іхняй шайцы і збройнае выступленьне супраць войскаў”.

21) Кастусь Каліноўскі (Канстанцін-Вінцэнт; 26 гадоў) — сын беззямельнага шляхціча, уладальніка невялічкай «фабрыкі» (майстэрні) ільняных вырабаў Сымона Каліноўскага і Веранікі з Рыбінскіх. Нарадзiўся 21.01 /02.02. 1838 ў вёсцы Мастаўляны Гародзенскага павета (цяпер у межах Беластоцкага ваяводзтва ў Польшчы) Павешаны расейскімі акупацыйнымі ўладамі 10/22.03.1864 за тое, што “быў сябрам Рэвалюцыйнай Арганізацыі і самастойным кіраўніком паўстаньня ва ўсім Літоўскім Краі”. Лічыцца, што гэта была апошняя экзэкуцыя акупантамі ў Вільні. У народзе Кастуся называлі «апошнім каралём Літвы».

24-Х-2019. Язэп Янушкевіч

25/10/2019 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2019
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024