Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ПЕРШЫ КРОК – ПАЗБАВІЦЦА АД ЛУКАШЭНКІ

(Развагі перад студзеньскім 2020 г. Соймам КХП – БНФ)

Гэты год пачаўся для нас з сумнай падзеі. Адышоў нечакана ў лепшы сьвет наш сябра і змагар Віктар Рабушка. Гэта вялікая страта для нас усіх, для Партыі і для лепшай Беларусі. Але мусім падпарадкоўвацца лёсу і волі Божай. Вечная яму памяць!

Працягваюцца таксама трывожныя для незалежнасьці нашай дзяржавы дні. Пуцінская кліка ўзяла ў сур’ёзную распрацоўку свайго сатрапа ў Беларусі, прымушаючы яго да здачы сувэрэнітэту краіны за нафту і газ. Гандаль доўжыцца некалькі месяцаў, але змоўшчыкі пакуль што не зышліся ў цане. Яны публічна дэманстравалі здраду Беларусі і злачынныя дзеяньні. Гэта выклікала абурэньне людзей. Пачаліся пастаянныя пратэсты супраць прадажнай палітыкі ў Менску і іншых гарадах. І хоць пратэсты былі нешматлюдныя, яны засьведчылі агульны настрой і непрыняцьце бальшынёй беларусаў прадажнай палітыкі інтэграцыі, за якой стаіць намер расейскага аншлюсу Беларусі.

З новага году змоўшчыкі зрабілі перапынак, стараюцца прадставіць свае нізкія дзеяньні як салідную палітыку. У сераду, 15 студзеня, мы сталі сьведкамі чарговай расейскай тактыкі – дэманстрацыі новых расейскіх плянаў па ўвекавечваньні ўлады Пуціна. Аб’яўлена аб зьменах у расейскую канстытуцыю, якія плянуецца прыняць на рэфэрэндуме. Гэта той унутраны варыянт, пра які ў Расеі казалася даўно. Ён рана ці позна мусіў бы быць запушчаны, бо зьяўляецца асновай інтэграцыйнага пляну.

Фактычна, 15-га студзеня ў Расеі аб’яўлена аб пачатку павольнага дзяржаўнага перавароту, які адбываецца дакладна па схеме лістападаўскага перавароту 1996-га году ў Беларусі, толькі маскоўскі пераварот падрыхтаваны больш дакладна і рацыянальна. Галоўныя тонкасьці гэтага пляну і вузкія месцы – вынесьці папраўкі ў канстытуцыю на рэфэрэндум і аб’явіць гэта як прыняцьце новай канстытуцыі Расеі. Прыняцьце новай канстытуцыі расцэньваецца як зьяўленьне новага суб’екта міжнароднага права (як абнаўленьне краіны) у выніку чаго Пуцін атрымае права зноў выбірацца прэзыдэнтам на два тэрміны.

Вузкія месцы гэтага пляну таксама ў тым, што па расейскіх законах прапанаваныя папраўкі не таго ўзроўню, каб выносіцца на рэфэрэндум. Але, паколькі тут сітуацыя стане спрэчнай, то яна будзе пераадолена групай улады.
Другую праблему – прызнаньне паправак, вынесеных на рэфэрэндум, як прыняцьце новай канстытуцыі — пуцінская ўлада таксама ў стане пераадолець. Ужо створаная вялікая канстытуцыйная камісія па ўдакладненьню канстытуцыі і прыступае да працы. Працэс пайшоў. Можна зь вялікай доляй упэўненасьці сказаць, што для Пуціна ён скончыцца пасьпяхова.

Зразумела, што гэты плян даволі грубы, больш лапідарны, чым ракіроўкі зь Мядзьведзевым і юрыдычна не бездакорны, але ажыцьцяўленьне яго дазволіць крамлёўскім гномам захаваць сваё статус-кво ва ўладзе. Недахопам камбінацыі – будзе яе нізкая міжнародная ацэнка (на якую пуцінскай групе збольшага начхаць) і непапулярнасьць у Расеі, якая Крэмль таксама ня спыніць, але зь якой, праўда, яму прыдзецца лічыцца.
Для падняцьця папулярнасьці ўвесь час будзе працягвацца палітыка паўзучага аншлюсу Беларусі (“паглыбленай інтэграцыі”). Пазыцыі, якія заняла Масква ў канцы 2019 года, даюць ёй магчымасьць пасьлядоўна эканамічна душыць рэжым Лукашэнкі і на радасьць “глыбіннаму рускаму народу” заганяць свайго сатрапа ў сеткі пакрокавай “інтэграцыі” і здачы сувэрэнітэту краіны, што ўзвысіць прэстыж Пуціна як лідэра Расеі і прымусіць грамадзтва праглынуць дзяржаўны пераварот і маніпуляцыі з канстытуцыяй. (Цікава, што ў каторы раз крамлёўская лабараторыя з рэжымам Лукашэнкі становіцца прыкладам для расейскага бяспраўя).

Пры разглядзе расейскіх дзеяньняў і, ведаючы агрэсіўны характар расейскай імпэрскай палітыкі, можна зрабіць выснову, што захоп Беларусі прадуманы ў Крамлі дастаткова грунтоўна як пасьлядоўны працэс. У канцы 2019 года апрацоўка сатрапа Масквой ўперлася ў цану на нафту і газ. Гэта, маўляў, асноўная перашкола перад прыняцьцем 31-й дарожнай карты (гэта значыць палітычнай здачы сувэрэнітэту Беларусі). Тут Крэмль зрабіў перапынак, каб забясьпечыць сябе тыл і пачаў акцыю 15-га студзеня.

Па лёгіцы расейскай агрэсіі, калі б тое было, скажам, нават у першай палове ХХ стагоддзя, атака вырашалася б проста. Якая там цана?! Даем вам нафту і газ задарма і бестэрмінова. Падпісвайце 31 карту і будуем “паглыбленую інтэграцыю”. У “паглыбленай інтэграцыі” гэтая цана і бясцэнь ўжо ня мелі б значэньня. Памятаем захоп Прыбалтыкі: даем вам Вільню, дазвольце трымаць у вас нашыя войскі і вайсковыя базы. Дазволілі. Тады Масква забрала Летуву разам зь Вільняй .

Цяпер такая грубая камбінацыя была б небясьпечнай. Беларусь ня Крым і не Данбас, а сувэрэнная краіна, суб’ект міжнароднай супольнасьці, і ЗША пра гэта нагадалі. Ды й Будапэшцкі мэмарандум ніхто не адмяняў, ды й прэзыдэнт Трамп не Абама. Таму запаволілі націск і пачалі забесьпячэньне тылу. Але небясьпека для Беларусі тым больш узрасла.

На гэтым аспэкце я спыніўся больш падрабязна, бо адразу, ужо 15-га студзеня, затарабаніла агентура ў СМІ. Маўляў, усё – Беларусь Расею ўжо не цікавіць, “інтэграцыя” адмяняецца і т.п.
Тым часам некаторыя нават дастаткова сур’ёзныя рускія агентурныя палітыкі (Андрэй Іларыёнаў, напрыклад, у 2017 г.) адкрыта паведамляюць, што Беларусь ёсьць кандыдат №1 для расейскай інтэрвэнцыі і ўварваньня, але гарантыяй сувэрэнітэту ў гэтым выпадку, маўляў, зьяўляецца А. Лукашэнка. Гэта, дарэчы, той выпадак, калі ў рускай аналітыкі канторскія вушы вылазяць.

Галоўнай небясьпекай для сувэрэнітэту Беларусі быў і ёсьць Лукашэнка. У гэтым становішчы трэба ад яго пазбаўляцца любым спосабам. Інакш Беларусь чакае няшчасьце.

Любы новы, нават слабы ўрад, павінен адкінуць шызафрэнічную палітыку спадзеву на танныя энэрганосьбіты з Масквы, павінен будзе пераходзіць на сусьветныя цэны і праводзіць хуткія эканамічныя рэформы з апорай на сваё грамадзтва, на свой народ; жыць так як усе нармальныя краіны ў Эўропе. Тупіка няма. Ёсьць тупіковае думаньне і тупіковыя людзі.

Прытым расейскай інтэрвэнцыі баяцца тут ня трэба. Калі палезуць з танкамі ды з “зялёнымі чалавечкамі”, то тут ім будзе і магіла, і канец пуцінскага рэжыму ў Расеі. Толькі каб хоць частка беларусаў зразумела, што за краіну трэба будзе ваяваць.

Сімптаматычныя паводзіны рэжыму ў сувязі з пратэстамі супраць змовы аб інтэграцыі і плянаваньня дзяржаўнага злачынства. Рэжым дэманструе сваю традыцыйную акупацыйную палітыку ў дачыненьні да насельніцтва, праводзіць масавыя судзілішчы над людзьмі, якія выступалі ў абарону незалежнасьці і канстытуцыі супроць намераў аншлюсу Беларусі пад выглядам інтэграцыі. Людзей інтэлігентных, адукаваных, заслужаных для нацыі публічна прыніжаюць, зачыняюць за краты ў спэцыяльна створаныя антысанітарныя быдлячыя ўмовы, абдзіраюць велізарнымі штрафамі, ілгуць ім у вочы.

У акупацыйнай палітыцы антыбеларускага рэжыму шмат каго з добрых людзей не перастаюць зьдзіўляць адносіны да арыштаваных інтэлігентаў, жанчын, з боку рэжымных выканаўцаў (суддзяў, міліцыі, функцыянэраў арышту і турмы). Тут, як правіла, асобіны, якія дзейнічаюць з парушэньнем закону, прыстойнасьці і маралі, гатовыя выконваць самыя безадказныя распараджэньні зьверху не пагрунтаваныя на праве. У асяроддзі ведамстваў унутраных спраў ілжэсьведчаньне (што зьяўляецца злачынствам) стала нормай сістэмы. Калі рэжым хоча пасадзіць за краты палітычна нязручнага чалавека, ці садраць зь яго грошы ў выглядзе вялікага штрафу, то абавязкова выстаўляе двух ілжэсьведкаў з боку міліцыі. І гэтая сістэма за 25 гадоў ніколі не дала збою, колькасьць падонкаў у гэтай сістэме ўражвае.

Апошнім часам у некаторых сродках масавай інфармацыі зьявіліся публікацыі прозьвішчаў рэжымных суддзяў і месца іх працы (пакуль што бяз месца жыхарства). Гэта добрая (хоць і запозьненая) ініцыятыва. Абавязкова павінен весьціся падрабязны ўлік ілжэсьведкаў. Ніхто зь іх (хоць іх сотні, а можа і тысячы) не павінен пазьбегнуць пакараньня. Гэта неасуджаныя злачынцы. Вопыт дваццаці пяці гадоў зьдзеку над людзьмі паказаў, што ніхто з выканаўцаў рэжымных судовых злачынстваў не павінен уцячы ад расплаты.

Тут я яшчэ раз нагадаю аб абавязковасьці люстрацыі пры сацыяльна-палітычных зьменах пасьля таталітарнага, антыдэмакратычнага, акупацыйнага, сацыялістычнага і любога іншага антынароднага рэжыму. Усё грамадзтва і асабліва ведамствы ўлады мусяць быць пралюстраваныя. Інакш перамены ня маюць сэнсу. Яны проста не адбудуцца, бо функцыянеры і памагатыя антынароднага рэжыму зноў застануцца пры ўладзе і ў палітыцы. Мусіць быць люстрацыя, каб абмежаваць такім асобам доступ да ўлады. У Беларусі асаблівым чынам павінна быць пралюстравана КГБ, ведамства унутранных спраў, міліцыя, пракуратура і суды. Асаблівы крытэр люстрацыі – дзеяньні супраць права, Канстытуцыі, закону, і нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Паўтаруся, перамены немагчымыя, калі гэтага не зрабіць.

Цяпер, каб вінавайцы не схаваліся ад адказнасьці, пацярпелыя ад рэжыму мусяць абавязкова выкарыстаць усе законныя сродкі абароны і сродкі вяртаньня справядлівасьці. Супраціў абавязковы. Апэляцыі трэба выканаць па ўсёй судовай лінейцы зь нізу да верху і потым падаць іск на міліцыю і суды і далей – зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека пры ААН. У прынцыпе гэта павінны былі б зрабіць усе сотні несправядліва асуджаных, зьняважаных і матэр’яльна абадраных абаронцаў незалежнасьці.

Перад нашай партыяй і перад усёй беларускай інтэлігенцыяй цяпер, у час напружаньня, важнае значэньне мае беларускае асьветніцтва людзей. Пратэст, які вымкне нечакана і ў любым месцы, павінен мець асэнсаваны беларускі зьмест, бо змаганьне ідзе за нашае нацыянальнае жыцьцё і вольнае існаваньне.
Слава Айчыне!
Жыве Беларусь!

Зянон ПАЗЬНЯК

19.02.2020.

20/1/2020 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2020
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024