Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ГЛЕДЗЯЧЫ НАПЕРАД
Арышт і перасьлед сяброў ініцыятыўных групаў па збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта, правакацыя і ўзбуджэньне надуманай крымінальнай справы супраць кіраўніка ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай сьведчаць аб тым, што выбарчая кампанія адбываецца ва ўмовах рэпрэсіяў і перасьледу з боку рэжымнай ўлады, з грубымі парушэньнямі беларускага і міжнароднага права. Такія выбары ня могуць быць прызнаныя за справядлівыя, законныя і дэмакратычныя. Не сумняваюся, што ўзурпатарскі рэжым, ЦВК і кіраўнік рэжыму тое разумеюць. Справа для іх ужо ня йдзе нават пра бачнасьць законнасьці і пра прызнаньне выбараў. Справа йдзе пра захаваньне ўлады любым спосабам. Такі падыход суправаджаецца правакацыямі, рэпрэсіямі, перасьледам, арыштамі, пасадкамі за краты, фальшывымі судамі, планаваньнем разгрому грамадзянскай супольнасьці. Усё гэта ўжо было раней. Сёлета новая зьява — пагроза расстрэлу пратэстуючых людзей. Нягледзячы на цывілізацыйнае дзікунства рэжыму, усё гэта можна б было ацэньваць і бачыць просталінейна і адназначна, калі б ня чыньнік расейскай антыбеларускай палітыкі. Правакацыя і пагром 2010 года дала магчымасьць Маскве напалохаць узурпатара і прымусіць яго пагаджацца з палажэньнямі аб патрэбным для Масквы і некарысным для Беларусі Эўразійскім Эканамічным Саюзе. Шмат хто схільны бачыць цяпер паўтарэньне гэтага ж маскоўскага пляну на выбарах 2020 года і выкарыстаньне яго для новага інтэграцыйнага ціску на ўзурпатара. Выказваецца шмат домыслаў у стылі крамлёўскай кансьпіралогіі, але пытаньне існуе. Гэта відаць па паводзінах узурпатара. Вось асноўныя тэзісы апошняй псіхічнай плыні яго ўзбуджанай сьвядомасьці: Каму? Каму ён пагражае? Зразумела, што ўзурпатар напалоханы данясеньнямі разьведкі КГБ і навушкаваньнем расейскай агентуры. Галоўнымі ворагамі яму здаюцца, відаць, нейкія міфічныя сілы Захаду і рэальна — Масква, бо ўнутранага арганізаванага палітычнага супраціву ў Беларусі не існуе. Усё зьнішчана. Хіба што ёсьць яшчэ, як ён называе, “народзец”, якога “ўрагі” настройваюць супраць улады. Дык каму ўсё ж узурпатар пагражае не аддаць краіну? Хто такія “яны”, што “краіны не атрымаюць”? Страхі Лукашэнкі маюць рэальную падставу. Невыпадкова ён успомніў пра ўсе расейскія канфліктныя месцы і падзеі, ды і пра 2010 год ён не забыўся. Складваецца ўражаньне, што расейская агентура мэтанакіравана яго палохае і акуратна штурхае на жорсткае ўжываньне сілы, на сілавы разгром пратэстаў з успамінамі пра Карымава і Андыжан. Для Крамля гэта была б ідэальная сітуацыя. Правакатары (якіх хапае) арганізуюць “плошчу” і правакацыі. Узурпатар ужывае сілу і (што асабліва неабходна Маскве) страляніну. Тут усе ўбачаць тэрор, небясьпеку для дэмакратыі. Эўразьвяз будзе “заклапочаны” канфліктам ля яго межаў. “Некарысныя ідыёты” зьвяртаюцца да Пуціна, каб увёў войскі, просяць ратунку і дапамогі абараніць “правы чалавека” (тыпу, як Шушкевіч у 2009 годзе). І вось Пуцін на белым кані пад грукат танкаў ратуе “братьев” беларусаў ад самых сябе пад апладысмэнты Эўропы. (А Лукашэнку, відаць, выпадкова заб’юць, ці “сам памрэ”. Маскве суд непатрэбны). Гэта самы пануры сцэнар. Іншы варыянт яго можа быць больш рэальны, але ня менш разбуральны. Гэта калі перад пагрозай уводу расейскага войска ўзурпатару загадаюць падпісаць 31-ю дарожную карту. Ён падпіша і схлусіць. (Увогуле, што б ён ні казаў – будзе хлусьнёй.) 24-га чэрвеня ўзурпатар паедзе на ваенны парад у Маскву. Там, відаць, будуць дамаўляцца аб капітуляцыі. Калі аб капітуляцыі не дамовяцца, то “Плошчу” яму справакуюць і ўзурпатару, каб уратавацца, застаецца толькі выставіць збройны супраціў Маскве. (Дарэчы, тут якраз у яго былі б шансы выйграць і ацалець.) Але народжаны поўзаць лятаць ня будзе. Рэжымнага супраціву не прадбачыцца. Супраціўляцца акупацыі павінна будзе грамадзтва, усе беларусы. (Пачынаючы з 2014 года, я пастаянна нагадваю, каб беларусы рыхтаваліся да такога супраціву і партызанскай вайны з пуцінскай Расеяй. Яна амаль непазьбежная. Справа толькі ў абставінах і ў часе.) Вяртаючыся да палітыкі выбарчай кампаніі, мяркую, што трэба ўлічваць магчымыя скрайнія паводзіны ўзурпатара і Масквы. Ня думаю, што беларусам трэба баяцца “Плошчы”. Сутнасьць у тым, каб яна была народнай, але не правакацыйнай, бо калі б яна стала мільённай, то хапіла б аднаго лёзунгу: “Масква, ня лезь!” Рацыянальна асэнсаваны народны супраціў у палітычна разбураным грамадзтве мог бы разьвівацца (пры падтрымцы беларускіх патрыётаў) вакол кампаніі Ціханоўскіх. Гэта было відавочна і рэжым, не зважаючы на закон, пачаў душыць. Абгрунтаваньне рэпрэсіяў з боку ўзурпатара выглядае традыцыйна дэбільным. Вось, напрыклад, яго апошнія хваравітыя пэрлы: «Спачатку прадстаўнікі шэрагу ініцыятыўных груп злоўжываюць правам на правядзеньне пікетаў для разгойдваньня сітуацыі і дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі, потым яны сфармуюць каманды і групы баевікоў, якія, ня выключана, захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы. Да гэтага яны і заклікаюць людзей.” Па сутнасьці тут тыповы расейска-энкавэдзісцкі падыход да апанентаў: не дыскутаваць, але абылгаць і ліквідаваць. Любым спосабам, скарыстаўшы прапаганду і хлусьню. Практычна, рэжым аб’явіў вайну ўсяму беларускаму грамадзтву, засьведчыў, што будзе трымацца за ўладу ўсімі сіламі, з выкарыстаньнем Масквы, здрады і рэсстрэлаў. Тут выяўлены вельмі важны чыньнік дзеля ацэнкі так званых “выбараў”. Гэта ня выбары. Ну хто гэтага яшчэ ня бачыць ці не разумее? Яны (Ярмошына і ЦВК) зноў палічаць як захочуць. Фальсіфікацыйная машына працуе. Усе на месцы. Нічога не зьмянілася. Нават рыторыка. Якія паводзіны людзей мусяць быць на выбарах у становішчы агрэсіі, пагроз і рэпрэсій з боку рэжымнай ўлады, калі, практычна, зьнішчаныя ці загнаныя ў падпольле ўсе палітычныя партыі і ў краіне адсутнічае палітычны клас? Перш за ўсё мусіць быць байкот галасаваньня і масавы грамадзкі кантроль над прыходам на галасаваньне. Нельга галасаваць (нельга ўдзельнічаць у галасаваньні, каб не спрыяць фальсіфікацыі), але трэба масава назіраць за прыходам на ўчасткі і фіксаваць колькасьць прагаласаваных (у тым ліку і на так званым “папярэднім галасаваньні”). Тут будзе дапаўняльны аргумант для непрызнанья выбараў і працяг статуса нелегітымнасьці рэжыму. (Гэта вельмі важна для будучай рэстаўрацыі краіны.) Верагоднасьць, што ўзурпатар застанецца і рэжым ацалее на гэтых выбарах, вялікая. Але беларусам цяпер нельга прайграць сілам цемры і дапусьціцца да пагрому грамадзтва. Асабліва цяпер, калі зьявілася надзея на волю. Лёс ўзурпатара ўжо нядоўгі. Сіла рэжыму слабне. Сіла народа павялічваецца. Трэба ўмацаваць гэты працэс, накіраваць яго ў нацыянальна вызвольнае рэчышча. Зразумела, што сіла нашай партыі моцна аслаблена, амаль ўсё вынішчана па ўсёй краіне. Але працаваць на ніве свабоды трэба зь любой сілай і ў любой колькасьці. Асабліва ў пераломны час. Без свабоды і вольнай нацыі ня будзе ні дабрабыту ні працы ні ўласнасьці. Гэта асноўнае, што варта зразумець беларусам ў змаганьні з цемрай. Здаецца цяпер, перажыўшы зьнявагі рэжымных хамаў, людзі больш разумееюць вартасьць нацыянальнай мовы, нацыянальнага Сьцяга і гэрбу Пагоня дзеля свабоды Бацькаўшчыны. Там дзе будзе наша мова, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і Пагоня, там будзе і наша сьветлая будучыня. Тыя, што хочуць хлеба, ня будуць яго мець, не здабыўшы свабоды. Але беларускай свабоды ніколі ня будзе без беларускай мовы, Пагоні і Сьцяга. Гэта ёсьць знакі нашага вольнага існаваньня. 10 чэрвень 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/gledzacynaperad 17/6/2020 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |