Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Нядаўна памёр Кебіч. У паняволеным грамадзтве, калі на версе сядае чарговы злы тыран, то частка насельніцтва, зьбянтэжаная яго антылюдзкасьцю, пачынае любіць былога, папярэдняга тырана. Так узьнікла любоў да сэрыйнага злачынцы ўсіх злачынцаў Сталіна, да русіфікатара і самадура Машэрава, а ў расейцаў нават да цара Міколкі Крывавага. Ня трэба крыўдаваць, але гэта праява нявольніцкай псіхалогіі, бо бывае, што тыраны ствараюць тыранію тады, калі людзі хочуць тыранаў. Кебіч, якога цяпер пачалі хваліць некаторыя сучасьнікі, узгадаваныя пад рэжымам лукашызму, вядома ж, быў не тыран, не самадзержац, і нават не самадур, і нават ня вораг Беларусі. Ён быў савецкім прэм’ер-міністрам з халуйскім страхам перад Крамлём і з натурай падпарадкаваньня Маскве. У залежнасьці ад абставінаў, ён мог заартачыцца, але тут жа сагнуцца перад пагрозай і пакласьці ўсё пад ногі Крамлю — натура залежнага савецкага начальніка, якога зьверху пастаянна трэба было страшыць і кантролю не спускаць. Шмат разоў я быў сьведкам такіх халуйскіх паводзінаў Кебіча і страху перад Масквой, нават у асабістых яго дачыненьнях. Яму падабалася быць прэм’ерам. Яму хацелася мець уладу і кіраваць. Ён быў таемным функцыянерам савецкіх спэцслужбаў і ўдзельнікам карпаратыўнай намэнклятурнай савецкай мафіі, у якой не іграў рашаючай ролі. У выніку мафія паставіла над краінай новага стаўленьніка, і Кебічу заставалася толькі з штучнай важнасьцю у мэмуарах сваіх напісаць, як яны з Лукашэнкам рабілі агульную справу, каб не дапусьціць да ўлады Народны Фронт (Пазьняка). І, маўляў, яшчэ невядома, пісаў Кебіч, чый уклад у гэтую іхнюю агульную справу быў “весомее”. Палітычная віхлястасьць Кебіча была ягонай сутнасьцю. Чалавек-гума. Зь ім можна было дамовіцца, але цяжка было дамоўленае ажыцьцявіць. На любым этапе ён мог цябе “кінуць”. 25 жніўня 1991 года на Сэсіі Незалежнасьці Вярхоўнага Савета, убачыўшы, як напалоханая камуністычная намэнклятура падае і аварыйна ратуе сябе, пагаджаючыся на незалежнасьць ад СССР, Кебіч падтрымаў пазыцыю дэпутатаў Народнага Фронту і незалежнасьць Беларусі. У сьнежні гэтага ж года ён падпісаў Белавежскія пагадненьні аб ліквідацыі СССР. Але пазьней (са зьменай абставінаў) адмовіўся ад свайго подпісу і пачаў казаць пра інтэграцыю з Расеяй. У 1990-м годзе мы ў парляманцкай Апазыцыі БНФ грунтоўна рыхтавалі ініцыятыву па ўвядзеньні беларускіх нацыянальных грошай. Я надрукаваў шэраг артыкулаў па гісторыі беларускага талера, дамовіўся з Кебічам аб падрыхтоўцы ўвядзеньня талера (ён быў “за”) і даў заданьне фронтаўскаму мастаку сябру Сойма БНФ Лявону Бартлаву таемна падрыхтаваць эскізы талераў, згодна пэўнай намэнклятуры вобразаў на банкнотах. (Праз 25 гадоў, дарэчы, гэты мастак, не пасьвечаны ў сутнасьць справы, распавядзе пра сябе цэлую гісторыю і “бочку арыштантаў”.) Эскізы былі зроблены добра, і Кебіч, атрымаўшы ад мяне матэрыялы, урачыста паклаў папку з матар’яламі пра талеры і з эскізамі грошай ва ўрадавы сэйф. Неўзабаве сітуацыя перамянілася, акрыяла намэнклятурная рэакцыя, і Кебіч рашуча выступіў супраць увядзеньня беларускіх грошай, зноў стаў арыентавацца на Маскву і прапіхваць увядзеньне ў Беларусі расейскага рубля (”объединение денежных систем”). У 1993 годзе, дзякуючы гэтай дзейнасьці Кебіча, суверэнітэт краіны ўжо вісеў на валаску. Авантура з увядзеньнем расейскага рубля рэальна магла адбыцца. Але на адным з этапаў кебічаўскай здачы Беларусі справу прытрымаў дырэктар Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Станіслаў Багданкевіч, які адмовіўся паставіць свой подпіс пад базавымі дакумантамі і здачай фінансавай сістэмы краіны. Справа затармазілася. Тым часам, каб штурхаць “объединение”, Кебіч стварыў тады антыканстытуцыйны ворган ва ўрадзе — Дзяржаўны сакратарыят, — начале якога паставіў куратара КГБ па Менскай вобласьці Генадзя Данілава, набраў туды групу гэбістаў, аднаму зь іх (Гайдукевічу) выдзеліў каласальныя сродкі і даў заданьне стварыць антыфронтаўскую арганізацыю “Народное движение Белоруссии.” (Яна было фармальна створана і нейкі час бяздарна існавала, пакуль ня скончыліся грошы.) Курс Кебіча на аб’яднаньне грашовых сістэм і на інтэграцыю з Расеяй ішоў поўным ходам. Калі б у 1994 годзе прэзыдэнтам стаў Кебіч, пагроза для незалежнасьці краіны ня зьменшала б. Увогуле, амаль што ўся каланіяльная савецкая намэнклятура, што пасьля нацыянальнай рэвалюцыі і дасягненьня Незалежнасьці краіны ацалела пры ўладзе ў Беларусі, была схільная да гандлю суверэнітэтам дзяржавы і пагаджалася падпарадкоўвацца Маскве за льготы і танныя энэрганосьбіты. Тым часам Масква перанакіравала выбарчую авантуру на Лукашэнку, і Кебіч зыйшоў у цень. Новы стаўленьнік працягнуў “дзела Кебіча” і пайшоў далей — зьнішчыў дзяржаўную мяжу з Расеяй, ліквідаваў нацыянальныя дзяржаўныя сімвалы Беларусі, пазачыняў беларускія школы, спаліў беларускія падручнікі і, пахваліўшы Гітлера, распачаў сістэмнае вынішчэньнге Беларускай нацыі, рыхтуючы сабе трамплін скоку ў маскоўскі Крэмль. У пачатку 90-х гадоў урад Кебіча, насуперак інтарэсам краіны, падтрымаў штучную інфляцыю савецкіх грошай (справакаваную з Масквы), даўшы магчымасьць намэнклятуры абрабаваць народ і эканоміку. Мы, дэпутаты Фронта, патрабавалі тады хутчэй увесьці беларускія грошы, каб спыніць рабаўніцтва народу і краіны. Калі сітуацыя дайшла да крытычнай мяжы, Кебіч запанікаваў. Беларускай валюты ён не хацеў, але кампрамісна пагадзіўся з намі на ўвядзеньне грашовых купонаў і прыняў нашыя прапановы зрабіць купоны з поўнай валютнай абаронай, як сапраўдныя грошы. Так зьявіліся “зайчыкі”, якія прадухілілі крах эканомікі. Рэальна гэта была ўжо валюта, але яна ня мела маральнай вагі і не валодала маральным грашовым аўтарытэтам. Зазначу яшчэ, што Кебіч прыняў маю прапанову прызначыць адказным за стварэньне грашовых знакаў дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Слабчанку. Слабчанка арганізаваў і давёў справу стварэньня абароненых купонаў да завяршэньня. (Дарэчы, для даведкі. Пазьней нам усё ж удалося правесьці праз Вярхоўны Савет пастанову аб стварэньні беларускіх грошай. Праўда, намэнклятура і Шушкевіч не прапусьцілі гістарычнага з часоў ВКЛ назову “талер” і прпанавалі больш старажытную назву з часоў Полацкага Княства – “рубель”. Ім падабалася, што і ў Маскве быў “рубель”. Беларускія грошы былі аддрукаваныя ў Швайцарыі і завезеныя ў падвалы Нацыянальнага банку. У гэты час ва ўладзе зьявіўся Лукашэнка, і ўвод нацыянальных беларускіх грошай быў забаронены. Купюры з Пагоняй, здаецца, потым па яго загаду былі зьнішчаныя. Хаця пра гэта кружыліся таксама іншыя зьвесткі, быццам грошы ацалелі.) Прытармазіўшы падзеньне краіны ў бездань шляхам увядзеньня абароненых “зайчыкаў”, і, нажыўшыся на інфляцыі (фірма “Пушэ” і т. п.), Кебіч ня стаў разьвіваць далей самастойную фінансавую і эканамічную палітыку краіны (ды й ня ведаў, як тое рабіць), але ськіраваўся на Маскву, на расейскую нафту і газ — узамен за свабоду. Падначаленая перад Масквой эгаістычная намэнклятурная палітыка, якую ажыцьцяўляў Кебіч, вяла да страты суверэнітэту Беларусі. Гэта (як і гэбоўская залежнасьць) яднала яго з Лукашэнкам. Грамадзтва рэзка адмаўляла эгаістычную зладзейскую палітыку Кебіча ў эканоміцы, які цалкам абрабаваў грашовыя зьберажэньні насельніцтва і пагоршыў матэрыяльнае жыцьцё беларусаў. Кліч “абы ня Кебіч” стаў натуральным лёзунгам стыхійнага эмацыйнага супраціву людзей, якія пры адсутнасьці нацыянальнага палітычнага думаньня і вопыту свабоды, вымасьцілі гэтым лёзунгам дарогу ў няволю, пакараўшы нават нашчадкаў. Людзі тады не парупіліся задумацца, што іх новы кумір “антыкебіч” яшчэ горшы за Кебіча, бо адкрыта пазіцыянаваў сябе ворагам беларускай нацыі і дзяржавы, клічучы ўсіх назад у СССР (якога ўжо не было), яны не разумелі, што гэта шлях у няволю, у варварства і несвабоду. Не разумелі, што баронячыся ад Масквы, Народны Фронт бараніў ім свабоду, і працу, і вынікі працы, і культуру, і гаспадарства на роднай зямлі. Нацыянальна не разьвітае грамадзтва стаіць на месцы і нікуды ня рухаецца. Стагнацыя паўтараецца, пераменаў не адбываецца, бо галоўнае, чаго не ўсьведамляе такое грамадзтва, — гэта прычыны прычын — небясьпекі з Масквы, пагрозы свабодзе, агрэсіі рускага імпэрыялізму. Пуцінская крэатура Бабарыкі ёсьць такая ж самая, як і маскоўская крэатура Лукашэнкі (і нават больш небясьпечная). Фантастычная электаральная гастроль невядомай Ціханоўскай ёсьць прыкладам вырабленай палітычнай прафанацыі (рэжысёры якой не ў Беларусі). Аднак тое казаць людзям, што ня памятаюць гісторыі і сэнсу слоў “абы ня Кебіч”, — ёсьць няўдзячная справа, як і 26 гадоў таму. Але казаць трэба. 20 сьнежань 2020 г. Зянон ПАЗЬНЯК POST SCRIPTUM Мушу падкрэсьліваць зноў і зноў важную фармальную ўмову нашай свабоды. Беларусь мусіць вярнуцца да парлямантарызму. Пакуль людзі будуць хацець прэзыдэнта — свабоды (у гэтых абставінах) ня будзе. Прытым выбары парляманта мусяць адбывацца цяпер толькі па мажарытарнай сістэме. Катэгарычна не па прапарцыйнай. Тлумачу. За гады антыбеларускага рэжыму ў краіне амаль зьнішчаны нацыянальны палітычны клас, разбураныя, зьведзеныя да мінімуму беларускія палітычныя партыі. У гэтых умовах лепш, калі парлямант будзе непасрэдна выбіраць сам народ па аднамандатных акругах. Гэтым можна прадухіліць захоп парляманту агентурай чужой краіны, якая ў стане (у цяперашніх абставінах) ствырыць тут свае фантомныя партыі на замежныя грошы (напрыклад, Газпраму) і напампаваць у наш парлямант сваіх крэатур. Першы парлямант пасьля дыктатуры варта выбраць тэрмінам на два гады (каб пазьбегнуць магчымых тупіковых праблем). Шлях да гэтага ёсьць дакладны, просты і законны, але першым чынам неабходна любым спосабам (пажадана бяскроўным) ліквідаваць незаконную аўтарытарую ўладу Лукашэнкі і вынікі антыканстытуцыйнага лістападаўскага дзяржаўнага перавароту 1996 года. Адраджаецца дзейнасьць нацыянальных палітычных партый і інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, адмяняюцца антынародныя лукашысцкія законы і дэкрэты, ствараецца заканадаўства вольнай Беларусі на карысьць людзям, дзеля сацыяльных, культурных каштоўнасьцяў і нацыянальных інтарэсаў. Цяпер зьвярніце ўвагу, што пастаянна кажа прамаскоўская альтэрнатыва так званых “невероятных” (Латушка, гаворачая галава Ціханоўскай і ўся газпрамаўска-эфэсбоўская групоўка). Паводле іхняга плану і іхняй рыторыкі мусяць быць новыя выбары прэзыдэнта па лукашысцкіх законах і пры лукашысцкай уладзе, потым мусіць адбыцца зьмена законнай Канстытуцыі 1994 года (тое, што рабіў Лукашэнка, галоўнае задача канстытуцыйнай прэпарацыі — зацьвердзіць там лукашысцкую моўную русіфікацыю і спыніць пэрспэктыву беларускага нацыянальнага раэьвіцьця). Далей — выбары парляманту па прапарцыйнай (гэта значыць па партыйнай) сістэме. Прытым усе яны маўчаць аб тым, што калі выбраць прэзыдэнта па лукашысцкай канстытуцыі і законах, то ўся абсалютная ўлада апынецца ў руках новага прэзыдэнта. Пра астатняе тады можна ўжо не гадаць. У такіх абставінах кожная кантраляваная з КГБ і з Масквы кухарка можа стаць больш небясьпечным прэзідэнтам для існаваньня беларускай дзяржавы чым калгасьнік з псіхапатыяй. (Ня кажам ужо пра кандыдатаў службістаў, газпрамаўцаў ды кагэбістаў.) План Лукашэнкі чыста азіяцкі і просты, як аглобля — стварыць “дэмакратычны” калектыўны ворган тыпу народнага хурала, дзяржсавета, народнага сходу і т. п., рэфармаваць пад яго сваю незаконную канстытуцыю, надаўшы яму функцыі абсалютнай улады, перанятай ад прэзыдэнта (які застаецца грамаадводам) і начале гэтага хурала паставіць сябе, дабраахвотна адмовіўшыся ад прэзыдэнцтва. План Крамля рафінаваны, гнуткі і ўнівэрсальны накіраваны для дасягненьня адной задачы — поўнага кантролю над уладай ў Беларусі і стварэньня ўмоваў для аншлюсу, анэксіі краіны. (Беларусам трэба ўясьніць адну нязьменную імпэратыўную праўду, няведаючы яе нельга займацца палітыкай. Праўда ў тым, што маскоўскі план аб падпарадкаваньні і ліквідацыі Беларусі пэрманэнтны і не залежыць ад сутнасьці і характару ўлады якая сядзіць і будзе сядзець у Крамлі.) У залежнасьці ад абставінаў Крэмль гатовы ўратаваць і падтрымаць аслабленага і міжнародна заблакаванага Лукашэнку, які ратуючыся, змушаны будзе здаць Маскве па частачках нацыянальны суверэнітэт, нацыянальную маёмасьць і ўсю краіну. У іншай сітуацыі Масква гатовая таксама сьпіхнуць і нават ліквідаваць, загнанага ў кут Лукашэнку, ды падтрымаць новыя выбары прэзыдэнта ў Беларусі на маскоўскіх умовах, якія забясьпечаць прыход да ўлады новага маскоўскага стаўленьніка (тыпу Бабарыкі, Цапкалы ці нават поўнасьцю павязанай гаворачай галавы Ціханоўскай). У пэўных абставінах (якія рыхтуюцца з абодвух бакоў) Масква будзе гатовая таксама сесьць за стол перамоваў з Францыяй і Нямеччынай, каб абазначыць сфэры ўплыву і ўмоўны падзел Беларусі. Усе гэтыя планы йдуць пакетам на нашых вачах. Выбар за Масквой. За Масквой — пакуль не зьявіцца на паверхні арганізаваная беларуская нацыянальная палітычная сіла. Яна пазнавальная, бо ў адрозьненьні ад калабарантаў скажа: прэч з Масквой, Беларусь — гэта сьвятое, мы — Нацыя, наша мова — Беларуская. http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/abynakebic 20/12/2020 › Навіны, Зянон Пазьняк |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |