Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ДАДАТАК ПРА БАЙПОЛ І “ПЕРАМОГУ”
Байпол (міжнародная абрэвіятура, што абазначае “беларуская паліцыя”) — гэта самастойная група, якая складаецца з былых супрацоўнікаў Міністэрства абароны і Міністэрства ўнутраных спраў (пракуроры, сьледчыя, апэратыўнікі і інш.), якія адмовіліся працаваць на тэрарыстычны антыбеларускі рэжым Лукашэнкі і выехалі за мяжу, дзе працягваюць змаганьне з рэжымам за вольную Беларусь. Байпол не карыстаецца з фінансаваньня групоўкі, што створана вакол Ціханоўскай і Латушкі. Сьціплыя сродкі для дзейнасьці Байпола складаюцца з ахвяраваньняў беларусаў і грамадзкіх арганізацыяў. З прапановай аб гэтых ахвяраваньнях Байпол зьвяртаецца да суайчыньнікаў. Дзеля гэтага ўжо створана фундацыя “Байпол”. Байпол — гэта самадастатковая група, якая кантактуе зь іншымі групамі. – Дачыненьні – Адносіны Байпола да групоўкі Ціханоўскай і Латушкі вынікаюць з дыпляматычнага разуменьня салідарнасьці пазыцыяў супраць лукашысцкага рэжыму (там, дзе пазыцыі супадаюць). Пазыцыя Байпола — абарона суверэнітэту і незалежнасьці Беларусі, аднаўленьне законнасьці, вяртаньне законаў і законнай Канстытуцыі 1994 года; першая справа — правядзеньня выбараў у Вярхоўны Савет па мажарытарнай сістэме. Тым часам пастава насьледнікаў крамлёўска-газпрамаўскай палітыкі (Ціханоўскай-Латушкі) іншая — выбары не парляманта па законнай Канстытуцыі 1994 года, а новыя выбары прэзыдэнта па існуючым лукашысцкім заканадаўстве. Пры такім падыходзе Масква атрымлівае вялікія магчымасьці зноў правесьці сваю кандыдатуру на абсалютнага правіцеля Беларусі. * * * – Па сутнасьці – Нагадваю, што план “Перамога” — гэта ёсьць не палітычная платформа, але прылада, механізм ліквідацыі тэрарыстычнай ўлады ў Беларусі. Гэта механізм апэратыўнай народнай рэвалюцыі, які рэальна можа спрацаваць пры масавым удзеле людзей у мабілізацыі ў адпаведны час. Пасьлядоўнікі Адраджэньня, беларускія патрыёты і прыхільнікі Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту “Вольная Беларусь” (БНС) могуць запісвацца ў мабілізацыю “Перамога” і ў патрэбны час дапамагчы Беларусі. Аднак усім трэба працягваць фармаваньне сваіх гарызантальных структураў (ствараць зьвязы па два чалавекі) у руху “Вольная Беларусь”, рабіць усю працу, задэкляраваную намі яшчэ з 2014 года. Суполкі “Вольнай Беларусі” робяцца часткай мабілізацыі “Перамога», але застаюцца таксама асобнымі ў сітуацыі, якая створыцца. – У нацыянальных інтарэсах – Трэба разумець, што ў аўтарытарным, антыбеларускім, тэрарыстычным рэжыме міліцыя ня можа быць “з народам” (як тое гукаюць некаторыя людзі). Тым больш, трэба цаніць тых нешматлікіх сумленных супрацоўнікаў у сфэры ведамства унутраных справаў, якія ахвяраваліся дзеля краіны і народа Беларусі, эмігравалі за мяжу ў цяжкае існаваньне, каб змагацца і працаваць дзеля волі і свабоды Айчыны. Чаму мы (БНС “Вольная Беларусь”) падтрымалі Байпол і праект “Перамога”? Перш за ўсё таму, што гэты план арыентаваны на ўнутраннае вырашэньне праблемы ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі сіламі самога Беларускага народа (без прэсаваньня народа чужымі санкцыямі, абяцанкамі «дыялогаў» з бандытамі і т. п.). Арыентацыя на ўнутраннае народнае вырашэньне праблемы ўлады — гэта падыход, які адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам. Тым часам рыторыка груповак Латушкі-Ціханоўскай, якія бяруць пачатак ад газпрамаўска-крамлёўскага праекту перамены ўлады ў Беларусі, з’арыентавана на зьнешняе вырашэньне беларускага пытаньня чужымі сіламі — Эўразьвязу і Расеі, якія шляхам “дыялогу” (з удзелам гэтых груповак) павінны сесьці за стол “перамоваў” з бандыцкім рэжымам і вырашыць лёс Беларусі (у сваіх інтарэсах, вядома). Групоўкі Латушкі-Ціханоўскай тут, у ілюзорных перамовах (калі б яны адбыліся), удзельнічалі б толькі для антуражу, бо гэта марыянэткі, якія кантралююцца спэцслужбамі і ўтрымліваюцца на грошы перамоўшчыкаў. Але праўда такая, што ніякія «дыялогі» і «перамовы» са злачынцамі не адбудуцца, бо немагчымыя. – Шырма павалілася – 3–5-га чэрвеня, напрыклад, быў наладжаны чарговы спэктакль з візітам гэтай кампаніі ў Польшчу. Слабая арыентацыя ў палітыцы і прыблізнае ўяўленьне аб тым, куды іх прывезьлі, прывяла да паказальнага скандалу. Сьвятлану Ціханоўскую запрасіў у госьці прэзыдэнт Варшавы лібэрал Рафал Тшаскоўскі, які ёсьць у апазыцыі да кіруючай партыі і ўраду і які рыхтуе вялікае апазыцыйнае мерапрыемства “Campus Polska Przyszłosci” насуперак кіруючай партыі. Тшаскоўскі запрасіў Ціханоўскую на Campus Polska, і яна пагадзілася ўдзельнічаць. Тады Тшаскоўскі падзякваў яе за згоду ўдзельнічаць у “Кампусе” і паведаміў: “Ціханоўская будзе з намі на @Campus_Polska. Нас чакае незвычайнае і несумненна павучальнае спатканьне.” У выніку тут жа пачуўся рэзкі выкрык намесьніка старшыні польскага Сэйму і кіраўніка парляманцкай бальшыні Сэйму спадара Рышарда Тэрлецкага, які прагучэў дакладна так: “Калі Ціханоўская хоча рэкламаваць антыдэмакратычную апазыцыю ў Польшчы і выступаць на мітынгу Тшаскоўскага, дык няхай шукае дапамогі ў Маскве”. Цяпер гэты скандал абмяркоўваюць польскія палітыкі і журналісты. (Пакуль што бальшыня на баку Тэрлецкага. Сьвятлана адказала: “Хай ён (Тэрлецкі) паглядзіць у вочы маім дзецям” і г. д. https://wiadomosci.onet.pl/). Камэнтары тут не патрэбныя. Так маглі пакрыкваць на прыслугу ў гістарычныя часы, а не на “пані прэзыдэнт”, якую вось ужо паўгода з фальшывым пафасам разыгрываюць у Эўразьвязе. Камэдыя пагарэла. Шырма павалілася. Глядач убачыў рэчаіснасьць. А ўвогуле ўсё гэта ганебна. – Пазытыўная справа – План “Перамога” — гэта сур’ёзны праект, падрыхтаваны беларусамі, якія прафэсійна разьбіраюцца ў тым, што прапануюць. Небясьпеку плана “Перамога ” рэжым Лукашэнкі ўспрыняў зь непакоем. Пачаўся трольны галас, пасыпаліся розныя фальшыўкі, залемантавала агентура, неўрастэнікі ў сацыяльных сетках і т. п. — усё, як звычайна. Дзелавыя людзі на лямант і на троляў не зьвяртаюць увагі, не марнуюць час на пустыя гаворкі з заўзятарамі, калі ёсьць ідэя, мэта і праца. Павінна рабіцца пазытыўная справа і падрыхтоўка вызвольнага Праекта. – Рашэньне – Першыя дні пасьля абвяшчэньня плану паказалі, што найбольшай перашкодай да хуткага дзеяньня зьяўляецца зразумелы недавер беларусаў да рэжымнай міліцыі і асобаў з судова-міліцэйскага асяроддзя. Нянавісьць да міліцэйскіх садыстаў і судовых мярзотнікаў такая, што яна аўтаматычна экстрапалюецца на ўсіх, хто належыць да судова-сілавога ведамства. Але ёсьць выключэньні. Хоць і няшмат, але ёсьць патрыёты. Адзінае, што тут можна параіць, — супакоіцца, уключыць галаву, падумаць і прыняць рашэньне ўдзельнічаць у праекце. Рызыкі тут няма. Ні прозьвішчы, ні адрасы дабраахвотнікаў нідзе не фігуруюць. Іх не існуе. Сувязь праз Тэлеграм адразу выдаляецца. Застаецца толькі аднабокі канал у “Перамозе”, які недасяжны. – Працяг – Зразумела, што найважнейшымі будуць дзеяньні пасьля рэалізацыі плану “Перамога” (гэта значыць пасьля ліквідацыі ўлады тэрарыстычнай хунты і вяртаньня ў законнае прававое поле). Тут важна будзе прадухіліць умяшаньне зьнешніх сілаў і забясьпечыць беларусам магчымасьць самым ажыцьцявіць перамены, перабудову ўлады і грамадзтва. Праграма “Вольная Беларусь” (абмеркаваная яшчэ ў 2017 г. і вядомая грамадзтву) прадугледжвае стварэньне тымчасовага пераходнага рэвалюцыйнага ўраду, які забясьпечыць парадак, абарону суверэнітэту, верне законнасьць, адновіць законную Канстытуцыю 1994 года, правядзе выбары ў Вярхоўны Савет, які сфармуе законны урад. Палітычную ініцыятыву стварэньня пераходнага рэвалюцыйнага ўраду і адказнасьць у дзеяньнях бярэ на сябе Беларускі Нацыянальны Сакратарыят “Вольная Беларусь”, які з каардынацыйнага воргана за мяжой будзе пашыраны на ўсю Беларусь. Беларусы самы ўладкуюць сваю краіну, зробяць парадак і вызначаць самастойную будучыню Беларусі. 5 чэрвеня 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/dadatakprabajpoliperamogu 7/6/2021 › Навіны, Зянон Пазьняк |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |