Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: САНКЦЫЙНАЯ ПРАВАКАЦЫЯ І ПАЛІТЫКА МАСКВЫ

З дня ў дзень група, сфармаваная на грунце газпрамаўска-крамлёўскага электаральнага плану 2020 года (П. Латушка, В. Цапкала, В. Бабарыка, С. Ціханоўская і інш.), няспынна патрабавала ад Захаду і паўтарала: Санкцыі! Абкласьці санкцыямі і спыніць “Беларуськалій”, гродзенскі “Азот”, “Нафтан”, МАЗ, БелАЗ, Трактарны завод і г. д., спыніць інвестыцыі ў беларускую эканоміку, адключыць ад Беларусі міжнародную фінансавую сістэму разьлікаў SWIFT, ануляваць крэдыты для Беларусі, не купляць беларускіх тавараў, спыніць палёты беларускіх самалётаў “Белавіа”, спыніць беларускія чыгуначныя перавозкі і т. п. І ўсё гэта, маўляў, для таго, каб фінансава задушыць дыктатара Лукашэнку, ліквідаваць яго ўладу. (І ні слова пра санкцыі супраць Расеі, якая фінансуе тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі.)

З боку ўлады Лукашэнкі выступае міністар МЗС У. Макей і заяўляе, што калі Захад увядзе санкцыі, тады ўлада зьнішчыць беларускую грамадзянскую супольнасьць.

Працэс пайшоў. Захад уводзіць санкцыі, а рэжым Лукашэнкі нішчыць беларускую грамадзянскую супольнасьць, ліквідуе беларускія арганізацыі, тэатры, мастацтва, сродкі масавай інфармацыі, блакуе Інтэрнэт, рэпрэсуе разумных людзей, душыць эліту нацыі, катуе і забівае беларусаў у турмах, выганяе з краіны. Разбурэньне Беларусі йдзе з двух бакоў.

Вялікая колькасьць акалпачаных дэнацыяналізаваных беларусаў пры падтрымцы Эўропы і разам з Латушкам-Ціханоўскай, патрабуюць, вобразна кажучы, спаліць свой Беларускі дом разам зь ненавісным сатрапам. (”Абы ня Лукашэнка!”). Што будзе потым — пагарэльцы ня ведаюць.

А будзе вось што. (Але спачатку пра сатрапа.) Ніякія эканамічна-фінансавыя санкцыі, нават самыя жорсткія, усеагульныя і татальныя, не ліквідуюць рэжым Лукашэнкі. Яго возьме на паўгалоднае ўтрыманьне пуцінская Расея, каб за бясцэнь (ці нават за свае ранейшыя пазыкі рэжыму) забраць беларускую эканоміку, якую перад гэтым разбурыць санкцыямі і пакладзе на лапаткі Захад. Санкцыі супраць Беларусі перш за ўсё адпавядаюць інтарэсам Расеі.

Дзеля ўтрыманьня рэжыму Лукашэнкі на пэрыяд захопу нацыянальнай эканомікі рускім алігархатам у Расеі ёсьць усе фінансавыя магчымасьці. Тут для Масквы не вялікія грошы.

Пасьля захопу прыбытковых беларускіх прадпрыемстваў і ключавых пазыцый вытворчасьці стратэгічнае пытаньне “беларускага балькона” вырашаецца хутка, прысутнасьць рускіх войскаў у Беларусі забясьпечана. Фармальна тут ня будзе ніякай адказнасьці Крамля. Адказным будзе “суверэнны” сатрап Лукашэнка, якога гэты статус таксама задаволіць.

Далейшая палітыка — жорсткае задушэньне народа і ўсяго беларускага аб’яднанымі сіламі Масквы і мясцовых прыслужнікаў. А ў выніку мусіў бы стацца “канец гісторыі” Беларускай нацыі. Такая вось ілюзорная, але злавесная крамлёўская візія “рускага міра”.

Шкодную ролю супраць беларускіх нацыянальных інтарэсаў адагрываюць тут групоўкі Латушкі-Ціханоўскай (і гэта толькі частка іхняе шкоды).

Нельга дапусьціць, каб антыбеларуская палітыка “русского міра” і Крамля разьвівался. Складанасьць у тым, што ўтварылася становішча, дзе ўвесь народ стаў закладнікам вар’ята Лукашэнкі. Калі яго цяпер раптоўна выдаліць ад улады ці ліквідаваць, то найбольш верагодны сцэнар, што ўладу могуць зноў захапіць і пераняць прамаскоўскія сілы, — і тады запрацуе разбуральны для Беларусі электаральны крамлёўска-газпрамаўскі план 2020-га года.

Калі ж лукашысцкі рэжым застанецца, то ён зьнішчыць, выдушыць і перадушыць усё жывое ў Беларусі і ўрэшце таксама здасьць краіну пад Маскву. Нельга, каб такі рэжым існаваў у Беларусі.

Станоўчы выхад з прамаскоўскага “клінчу” (імпэрцаў і канторскай “апазыцыі”) толькі адзін — гэта шлях, які паказаў і праклаў Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” ў 1988-1991 гадах, калі збавіўся ад камунізму і дамогся Незалежнасьці краіны.

Мусіць быць арганізавана і адроджана беларуская нацыянальная палітычная сіла (а яна жыве), якая шануе нацыянальныя каштоўнасьці, незалежнасьць, свабоду, беларускую мову, беларускі народ, законную беларускую Канстытуцыю, законы і зыходзіць зь беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Такой сілай будзе народны рух “Вольная Беларусь”. Апора — на сябе, на свой народ. Рэвалюцыйная барацьба з бандыцкім рэжымам і яго каланіяльнай палітыкай.

Мабілізацыя барацьбы і ліквідацыя антынароднай улады (так будзе) павінна весьціся ўсімі спосабамі (народ мае права), якія дадуць жыцьцё і вольную будучыню Беларускай нацыі.

12 чэрвень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

14/6/2021 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2021
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024