Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ЭМІГРАЦЫЙНЫ КРЫЗІС НА МЯЖЫ БЕЛАРУСІ І ЯГО ВЫРАШЭНЬНЕ

На мяжы Беларусі з балтыйскімі краінамі і Польшчай узьнік штучны эміграцыйны крызіс. З Блізкага ўсходу (найперш з Іраку) у Менск самалётамі пад выглядам турыстаў едуць вялікія групы людзей (лукашысцкім распараджэньнем дазволена на 10 дзён прыехаць у Беларусь бяз візы).
“Турысты” гуртуюцца ў групы і нелегальна пераходзяць межы Летувы, Латвіі і Польшчы ў якасьці ўцекачоў. Законы Эўразьвязу абавязваюць прыняць кожнага ўцекача, які перакрочыў дзяржаўныю мяжу. У гэтым заключаецца заходняя палітыка правоў чалавека.

Аднак, калі колькасьць уцекачоў перавысіла некалькі тысячаў, летувісы сталі іх не пускаць на тэрыторыю і прымусам вяртаць назад за мяжу. Выставілі кардоны паліцыі, войска, сталі страляць у паветра, выштурхоўваць уцекачоў на беларускі бок.

Тое ж самае сталі рабіць Польшча і Латвія. На нэўтральнай паласе паміж Польшчай і Беларусяй польскія памежнікі заблякавалі вялікую групу ўцекачоў. Людзі ўжо шмат дзён сядзяць на зямлі ў атачэньні войска з абодвух бакоў бяз ежы і вады, сьпяць на зямлі, спраўляюць фізіялагічныя патрэбы і г. д.

Агулам гэта выглядае зьдзекам над жывымі істотамі. Але сытуацыя на простая, бо мяжа мае свае законы. Польскія апазыцыйныя палітыкі сталі прыязджаць на мяжу, абурацца і праз галовы жаўнераў кідаць уцекачам пачкі з прадуктамі.

Тым часам беларускі бок афіцыйна стаў падвозіць заблякаваным людзям прадукты, ваду, адзеньне і нават цыгарэты. Але на беларускую тэрыторыю вяртацца ім не дазваліў.

Гэтая нестандартная зьява выклікала буру ў польскіх мэдыях і ў польскай палітыцы. Вызначыліся дзьве супрацьлеглыя пазыцыі. Лева-эўразьвязаўская пазыцыя патрабуе праявіць чалавечнасьць і, згодна “каштоўнасьцяў дэмакратыі”, прапусьціць гэтую групу ўцекачоў у Польшчу і забясьпечыць іхныя правы.

Дзяржаўна-патрыятычная група даводзіць, што калі прыняць гэтых уцекачоў, то яно стане знакам для іншых, жадаючых уцячы з Іраку ды Аўганістану, і тады на польскай мяжы апынуцца дзясяткі тысячаў уцекачоў (адзін палітык сказаў нават, што “мільён”).

На гэтых патавых пазыцыях і адбываецца спрэчка. Ніхто ня ведае і не прапануе выхаду з абставінаў.

Польскі ўрад, праўда, ацаніў гуманітарныя дзеяньні беларускага боку і, зразумеўшы слабасьць сваёй паставы, прапанаваў гуманітарную дапамогу Беларусі дзеля тых групаў уцекачоў, што бадзяюцца ўздоўж польскай мяжы (што, праўда, трохі дзіўна, бо гэтых уцекачоў цалкам забясьпечвае беларускі бок).

Тым часам ёсьць некалькі вырашэньняў гэтай сітуацыі. Але трэба найперш ведаць прыроду зьявы.

Адкрыцьцё эміграцыйных шлюзаў ёсьць адказам рэжыму Лукашэнкі на палітыку эканамічных санкцяў Захаду супраць Беларусі і зьяўляецца вынікам гібрыднай вайны супарць Эўразьвязу, узгодненай з Масквой і кіруемай з Крамля.

Арганізацыяй уцекачоў з Блізкага Усходу, дастаўкай іх у Беларусь і да межаў з краінамі Эўразьвязу займаюцца расейскія і лукашысцкія спэцслужбы. Задума Масквы — накаліць абстаноўку на беларуска-польскай мяжы, давесьці становішча да сур’ёзнага канфлікту і з мэтай стабілізацыі і прадухіленьня канфлікту увесьці сваё войска ў Беларусь і стварыць тут свае вайсковыя базы.

Што гэта будўзе азначаць для Беларусі і для Польшчы — ня буду нават казаць. (У мяне, парўда, складваецца ўражаньне, што некаторыя польскія палітыкі таго ня могуць сабе ўявіць.)

Тым часам расейскае войска ў сувязі з вайсковымі вучэньнямі “Захад-21″ ужо завезена ў Берасьцейскую і Гарадзенскую вобласьці, прытым колькасьць увезенага навейшага ўзбраеньня і колькасьць вагонаў большая, як звычайна, у шмат разоў.

Паранойная мэта Лукашэнкі ў стварэньні эміграцыйнага крызісу — гэта помста за санкцыі. Рацыянальная мэта — адмена санкцый.
Крызіс на нэўтральнай памежнай паласе можна было спакойна вырашыць паступовым забіраньнем людзей з-за пагрозы іхняму жыцьцю і здароўю, спачатку жанчын і дзяцей (праўда, тут палякі ўжо спазьніліся — жанчын і дзяцей забралі беларусы), потым хворых, потым асобаў ва ўзросьце вышэй 50-ці і г. д., калі хацець гуманна і палітычна думаць. І ніякага “мільёна” эмігрантаў на мяжы не зьявіцца.

Прадухіленьне далейшага пранікненьня ўцекачоў можна вырашыць дваяка. Першы спосаб (тэхнічны, але палітычна ўразьлівы і заганны) — пабудова плоту з калючага дроту.

Другі спосаб разумны і выніковы — стрыманьне антынароднай палітыкі эканамічных санкцыяў, замарожваньне іх і адмена, пры ўмове спыненьня арыштаў, катаваньняў і рэпрэсіяў па палітычных матывах у Рэспубліцы Беларусь. З боку рэжыму мусіць быць мараторый на арышты і на разбурэньне грамадзянскай супольнасьці, з боку Эўразьвязу і ЗША — мараторый на эканамічныя санкцыі. Сумняваюся, каб Брусэль пра тое задумаўся. Цяпер ён мяркуе, што “гандаль больш не прымальны”.

Але ў гэтым, калі думаць стратэгічнымі катэгорыямі, мусіла б была зацікаўлена Рэспубліка Польшча. Польшча ў яе ж інтарэсах магла б аднавіць авіяцыйную, чыгуначную і матырызаваную пасажырскую сувязь зь Беларусяй. Гэта патрэбна, перш за ўсё, беларускаму народу і беларускай народнай апазыцыі супраць рэжыму.

Жалезная заслона і спыненьне пасажырскіх камунікацыяў ёсьць падарунак антынароднаму рэжыму Лукашэнкі і найперш — Маскве. Я ня ўпэўнены, ці абавязкова Польшча павінна слухацца памылковай палітыкі Брусэлю, калі ў яе ёсьць свае польскія інтарэсы (і свая Канстытуцыя).

Важны польскі стратэгічны інтэрас, які існуе аб’ектыўна, — гэта незалежная Беларусь і дабразчычліва настроены да Польшчы беларускі народ. Ці трэба тое тлумачыць? Пакуль што гэта ўсё ёсьць, дзякуючы ў значнай ступені якраз добраму разуменьню палякамі такога становішча. Але з кожным годам гэты стан пад пагрозай. І, як некалі, наступ ідзе з абодвух бакоў.
ЗАГАННУЮ ПАЛІТЫКУ ТРЭБА СПЫНІЦЬ
Мушу ізноў вярнуцца да ацэнкі заганнай палітыкі эканамічных санкцыяў і эканамічнай блакады
краін з мэтай зьмены ўлады ў гэтых краінах. Ні эканамічная блакада, ні жорсткія эканамічныя санкцыі не абвальваюць (і нідзе не абвалілі) антынародны рэжым. Блакада і эканамічныя санкцыі нішчаць народ і краіну, але дыктатар і антынародны рэжым застаюцца.

Больш таго, антынародныя рэжымы для захаваньня абсалютнай улады самы зацікаўлены ў жалезнай заслоне, у спыненьні сувязяў паміж людзьмі. Жалезную заслону ў СССР стварыў ня зьнешні сьвет, а Ленін, Сталін і камуністычны рэжым. І калі зьнешні сьвет па радыё, напрыклад, нешта хацеў у падсавецкае грамадзтва сказаць, то камуністы паставілі глушылкі і глушылі вольнае слова. Тое ж самае цяпер у поўночнай Карэі, на Кубе і ў дыктатуры Лукашэнкі.

У эўрапалітыцы, якую функцыянеры дэманструюць супраць рэжыму Лукашэнкі, усё нібы пастаўлена з ног на галаву. Тое зьдзіўляе. Але калі дапусьціць, што існуе падвойнае дно і падвойныя інтарэсы, тады няма чаму зьдзіўляцца.

Мы, Беларускі Нацыянальны Сакратарыят “Вольная Беларусь”, афіцыйна паведамілі усім кіруючым структурам Эўразьвязу і Польшчы аб заганнасьці эканамічнай блакады, спыненьні авіяцыйных сувязаў і палітыкі эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Слова праўды абавязкова павінна быць сказана.

Заганную палітыку антынародных эканамічных санкцыяў супраць Беларусі пад выглядам ліквідацыі дыктатуры Лукашэнкі трэба спыніць. Такая палітыка гробіць народ і краіну, але ніколі не зьнішчае уладу дыктатара (дастаткова глянуць на Кубу ці Паўночную Карэю). На Захадзе ёсьць людзі, якія тое таксама разумеюць.

Усё трэба рабіць якраз наадварот, паставіць рэальнасьць на ногі. Не блакаду трэба цяпер ствараць беларускаму грамадзтву, каб яно задыхалася пад рэжымам, як ў бутэльцы, і ня мела б сувязяў з сваёй эміграцыяй, а разьвіваць сувязі з гэтым грамадзтвам, транспартныя, пасажырскія, кантактныя, гуманітарныя і іншыя. Сувязі асабліва важна цяпер, калі бальшыня беларусаў супраць Лукашэнкі і супраць маскоўскага ўмяшаньня.

Эканамічныя санкцыі першым чынам ўдараць па народзе. (Рэжым галадць ня будзе. З гісторыі прыклад — у савецкай Расеі голад, на паволжы людаедзтва, а Ленін, Дзяржынскі, Менжынскі, Уншліхт і ўся крамлёўская камарыльля канкрэтна “балычком баловалісь, да ікрой, да рябчіком з ананасамі”.) Усё ж вядома. Галодныя людзі думаюць найперш, аб тым, каб паесьці, а не пра свабоду.

Каму выгадная блакада авіясувязяў Беларусі, справакаваная Масквой? Маскве і выгадна. Палітычна маскоўскі дыктат над Беларусяй павялічыўся, а беларусы сталі змушаныя лятаць праз Маскву, кідаючы грошы ў маскоўскую машну.

Газпрамаўская гастрольная палітгрупа (Ціханоўская, Латушка) не перастае выпрошваць у Захада, каб Беларусь адключылі ад SWIFT. Ня думаю, каб яны ня ведалі, што гэта ёсьць. Лукашэнка ад такога адключэньня ня зваліцца. Але ўсе разьлікі прадпрыемстваў, устаноў і насельніцтва пойдуць праз Маскву, і банкі, і грошы беларускія неўзабаве апынуцца там.

Паўтараю, Лукашэнку тое не зваліць, яно фінансава зваліць толькі Беларусь Таму патрабаваньне адключэньня Беларусі ад SWIFT — гэта што? Гэта чыя палітыка?

Выснова з усяго складваецца такая: Беларусы могуць толькі самы расправіцца з антыбеларускім рэжымам. Дадуць рады нават з Масквой. Толькі б Эўразьвяз не нашкодзіў.

23 жнівень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

24/8/2021 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2021
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024