Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ПАВАРОТ ДА КАМПРАМІСУ

Практычна, амаль усё, што можа вынікаць зь міграцыйнай атакі на мяжу Польшчы, складваецца не ў карысьць Беларусі. Выйграе, найперш, Пуцін пры ўсіх раскладах. Эўразьвяз, здаецца, пачаў разумець небясьпеку правакацыі і робіць крокі да перамоваў з агрэсарамі (Пуціным і Лукашэнкам). Гэты варыянт лепшы, чым адсутнасьць перамоваў.

(Зазначу, што гаворачы пра “лепшыя” і “горшыя” варыянты, маецца на ўвазе параўнаньне дрэннага зь яшчэ горшым. Палітыкай у дачыненьні да Беларусі цяпер распараджаюцца чужыя сілы.)

Цана вымушаных перамоваў з рэжымам для Эўропы звычайная — кампраміс на фоне амбіцый. Зьява ў гэтай частцы сьвету прывычная. Прытым самы вінаватыя, бо зрабілі грубую памылку з увядзеньнем эканамічных санкцыяў супраць народа Беларусі, прымітыўна думаючы ліквідаваць гэтым уладу Лукашэнкі (якая дзьвюма нагамі загразла ў Крамлі). Намеры нерэальныя.

Нішто Эўропу ня вучыць. Хочуць зваліць Лукашэнку, але караюць Беларускі народ, і адначасна зьвяртаюцца да Пуціна, каб дапамог. Антыбеларускую ўладу называюць “беларускі рэжым”. Дык хто тут з кім і за каго?

Магчыма, немцы забяруць сабе частку мігрантаў. Калі не, тады рэальна ім трэба будзе ўступаць у перамовы з рэжымам аб адмене пасьпешных зканамічных санкцыяў, пра што Эўропа хацела б гаварыць толькі з Пуціным. Але прыйдзецца з Лукашэнкам. Пры гэтым сатрап у сваёй агрэсіі ня спыніцца. Яны йшчэ таго ня ведаюць, зь кім будуць мець справу.

Пра характар і мэты магчымай гаворкі эўрапалітыкаў з Крамлём можна здагадацца — нічога добрага для Беларусі. Тэма рэпрэсіяў і гібрыднага генацыду беларусаў ужо падменена “праблемай” інвазіі мігрантаў з Усходу. Эўразьвяз вырашае свае праблемы.

Горшы варыянт, калі да перамоваў з лукашысцкім рэжымам ня дойдзе. Тады павялічыцца небясьпека збройнай правакацыі на беларуска-польскай мяжы. Працягам канфлікту можа стаць уезд расейскіх войскаў у Беларусь альбо ўвядзеньне ваеннага стану Лукашэнкам (як у 80-х гадах у Польшчы). Ваенны стан цалкам разьвязаў бы рукі бандытам рэжыму, адчыніў бы магчымасьць спыніць усялякія выбары і рэфэрэндумы, пашырыць шлях да масавых рэпрэсіяў народа па прыкладу сталінскіх.

Мушу сказаць, што нікому на Захадзе ня будзе справы да масавага генацыду ў Беларусі, калі Расея ў гэты час атакуе Украіну, што ня выключана, зыходзячы з абставінаў.

Тут меркаваньні аб падзеях, якія могуць і не адбыцца. Але сутнасьць маіх разважаньняў у тым, каб нам, беларусам, быць падрыхтаванымі да ўсяго. Гэта значыць да ўнутранага супраціву, да перамены ўлады і да збройнага змаганьня супраць маскоўскага акупанта за волю і незалежнасьць Радзімы. Людзям (тым што да гэтага падрыхтаваныя) трэба быць у стане гатовасьці. Сітуацыя такая, што любая рэзкая авантура Пуціна-Лукашэнкі накрые авантурыстаў з галавой, але пры ўмове, калі будзе народны супраціў. Трэба каб ён быў. Мусіў бы быць.

16 лістапад 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

19/11/2021 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Лістапад 2021
П А С Ч П С Н
« Кас   Сьн »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024