Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: СЬВЕЧАНЬНЕ ПРА ВЯЛІКУЮ БЕЛАРУСКУЮ СПРАВУ У 1994 годзе, калі Масква выцягнула на ўладны пасад Лукашэнку, стала зразумела, што будуць гробіць усё беларускае, і першым чынам — Народны Фронт. Адразу ўсё й пачалося. Рана ці позна (калі б рэжым застаўся надоўга) глумілі б усю нашу вызвольную працу і найперш факталогію і гісторыю здабыцьця незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе і саму Незалежнасьць. Так ўсё і сталася. Сярод Дэпутатаў Незалежнасьці БНФ было некалькі асоб, якія добра трымалі пяро і маглі б напісаць пра падзеі змаганьня за незалежнасьць, пакуль жывая памяць. Пасьля маёй і Сяргея Навумчыка эміграцыі ў 1996 годзе стала відавочна, што зрабіць тое найлепш змог бы якраз Сяргей Навумчык. Але ўзяцца за працу было ня проста. Мусілі быць пэўныя гарантыі, што напісанае пойдзе ня ў стол. Нарэшце, у 2005 годзе, калі ўжо агледзеліся ў эміграцыі, я ўгаварыў Сяргея выдаць ягоную кнігу пра змаганьне за незалежнасьць яго ўласным аўтарскім коштам і ўзяўся яе надрукаваць у сваім самвыдавецтве “Беларускія Ведамасьці” ў Варшаве. Справа пайшла. У 2006 годзе кніжка выйшла пад назвай “Сем гадоў Адраджэньня альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)”, праўда, невялікім накладам: усяго адна тысяча асобнікаў. Кніжка імгненна разышлася і добра чыталася, прытым беларускі ПЭН-цэнтар адзначыў яе прэміяй. Гэтыя добрыя весьці ўмацавалі аўтара ў рашэньні сур’ёзна працягваць працу далей, сістэмна і мэтанакіравана. У выніку за 15 гадоў выдадзена шэсьць кніжак, апісаныя падзеі з 1991 па 1996 гг., галоўным чынам пра дзейнасьць Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня аж да дзяржаўнага перавароту Лукашэнкі ў лістападзе 1996 года. Што гэта за кнігі. (На некаторыя раней я ўжо пісаў рэцэнзіі.) Без перабольшаньня адзначу, што Сяргей Навумчык напісаў палітычную гісторыю падзей у Беларусі за часы ўнікальных 90-х гадоў канца 20-га стагоддзя, калі йшло фінальнае змаганьне з Савецкім Саюзам і з камунізмам за волю, дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі. І галоўнае, што гэтае змаганьне беларусаў, якое ўзначальваў і выяўляў палітычны авангард народа Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, — галоўнае, што гэтая барацьба завяршылася перамогай беларусаў. Дзейнасьць камуністычнай партыі і савецкага камсамола была спынена. Беларусь пазбавілася ад СССР і здабыла незалежнасьць, вярнула на дзяржаўны фасад свой дзяржаўны Бел-Чарвона-Белы сьцяг і дзяржаўны гэрб “Пагоню”. Палітыка (як на практыцы было вядома нам, фронтаўцам) — гэта ёсьць мастацтва немагчымага. І вось у 1991 годзе гэтае немагчымае было рэальна і разумна дасягнута без аніводнага стрэлу. Парляманцкая мяншыня Фронту, правільна скарыстаўшы сітуацыю, перамагла ў дзесяць разоў большую камуністычную прасавецкую бальшыню і аднагалосна дамаглася незалежнасьці Беларусі. Адбылася падзея найвялікшага гістарычнага значэньня (часам незразумелая, дарэчы, шаблоннаму думаньню). Кнігі Сяргея Навумчыка якраз апісваюць гэтую падзею (дзеля якой варта было жыць у гэтым сьвеце). Галоўная і добрая якасьць кніг С.Навумчыка — гэта іхняя факталагічная дакладнасьць, гістарычна-палітычнае граматнае разуменьне сутнасьці працэсаў і зьяў, якія былі. Добрае веданьне аўтарам беларускіх нацыянальных інтарэсаў, мэты і зьместу барацьбы Беларускага Адраджэньня за незалежную Беларусь вылучае яго дасьледваньне (абапертае на дакумантах) як найбольш адпаведнае гісторыі і таму, што адбылося ў першай палове 1990-х гадоў. Тым часам кнігі напісаныя па-журналісцку, ад першай асобы, з украпленьнем успамінаў, асабістых ацэнак, з апісаньнем асабістых спатканьняў, гаворак, тэлефонных размоваў з рознымі асобамі, з выяўленьнем сваіх уражаньняў і іншых дачыненьняў, часам не абавязковых для напісаньня і малазначных, але ў цэлым спрыяльных, дзеля ўспрыняцьця (чытабельнасьці) тэксту чытачом. Гэтая акалічнасьць дала повад для недабразычліўцаў казаць, што тут не задакумэнтаванае арыгінальнае апісаньне і дасьледваньне, але толькі мэмуарыстыка, і таму значэньне кніг невялікае. Гэтае абвінавачваньне прыдуманае, зласьлівае і несправядлівае і тлумачыцца, на мой погляд, тым, што “найноўшая гісторыя” — гэта яшчэ ня ёсьць класічная гісторыя, бо яшчэ жывуць людзі, якія па-рознаму назіралі падзеі, зыходзілі з іншых інтарэсаў (і нават выступалі супроць) і, відаць, хацелі б тут па сваім разуменьні нешта бачыць па-свойму інакш. Гэта марны занятак, але, як кажуць, вечна існуе. Шэсьць кніг (а дакладней сем) Сяргея Навумчыка аб пачатку стварэньня і дзейнасьці незалежнай Рэспублікі Беларусь — гэта ёсьць дасьледчы здабытак нашай палітычнай гісторыі незалежнасьці Беларусі, напісаны ўдзельнікам і сьведкам падзей. Хачу пажадаць аўтару, каб хутчэй была напісана кніга пра 1990 год (пачатак дзейнасьці Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня) і быў завершаны цыкл парляманцкай панарамы змаганьня за волю і незалежнасьць Беларусі. 14 сьнежань 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК 16/12/2021 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |