Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ТЫЯ, ШТО ЗАВОЧНА ЗДАЛІ БЕЛАРУСЬ, РОБЯЦЬ ВЫГЛЯД, ШТО НІЧОГА НЕ РАЗУМЕЮЦЬ Пачынаючы з 17-га студзеня 2022 года Беларусь падверглася акупацыі расейскай ваеншчынай. Цяпер краіна цалкам акупавана. Акупанты праводзяць вайсковыя псэўдавучэньні (каб напалохаць Украіну) і ствараюць у Беларусі акупацыйную інфраструктуру, уводзяць кантрольны рэжым (праверка дакумантаў ва ўсіх беларусаў, што едуць самаходамі на дарогах), будуюць казармы і гарнізоны. Захад робіць выгляд, што нічога не разумее і ня бачыць. З сур’ёзнай чэмбэрленаўскай упэўненасьцю заходнія палітыкі гавораць пра нібыта “манеўры” ў Беларусі, куды ўламаліся амаль дзьве расейскія арміі і армада збройнай тэхнікі з усёй Расеі. Але вось, нарэшце, Захад, як быццам, пачаў нешта казаць у сваім класічным прытворным стылі. Далей цытата: “Сэнатар-рэспубліканец Джэймс Лэнкфард унёс у верхнюю палату Кангрэсу ЗША праект «Закону аб адказнасьці Беларусі за агрэсію»… «Беларусь упускае ў сваю краіну тысячы расейскіх вайскоўцаў на мяжу з Украінай”, — гаворыцца ў праекце … “Праект закону прадугледжвае, што ЗША ня будуць рабіць адрозьненьняў паміж Расеяй і Беларусяй.., да Беларусі будуць ужытыя жорсткія эканамічныя і дыпляматычныя санкцыі» https://www.svaboda.org/a/31700182.html Вось так, спадары Беларусы. Салдафонскае “мысьленьне” сьведчыць Вам ўсім (і патрыётам, і “невераятным”, і “нашпрэзідзентам”, і “зачэмэтатязык”) сьведчыць, што гэта, аказваецца, Вы вінаватыя ў тым, што Вас акупавалі і ўзялі ў закладнікі ворагі нацыі. Таксама Вы, маўляў, не закладнікі агрэсараў, Вы “агрэсары”. Па-іхнаму, па-заходняму, гэта не расейскіх акупантаў, а Вас трэба прыдушыць эканамічнымі санкцыямі за тое, што Вас, закладнікаў, гнобяць, кідаюць ў турмы, катуюць, звальняюць з працы, зьневажаюць лукашысты і ворагі чалавецтва. Санкцыі на Вас, прыдушаных у вязьніцах, абрабаваных, запалоханых, бяспраўных ды беспрацоўных — санкцыі! За Лукашэнкам — Пуцін. А вы — хто? Тут — логіка “варвараў” у белых манішках, пуцінскае думаньне ў заходніх мазгах. Памятаем — захапілі школу чачэнцы ў Беслане, тысяча дзяцей у закладніках. Страляць па ўсіх з танкаў і вогнямётаў загадаў крамлёўскі Пуцін — сотні трупаў. За тое, што Масква ўдзерлася ў наш беларускі дом, будуць яшчэ і бомбы на нашыя галовы зьлятаць, каб памяталі, як п’яны прыпеў, што “Пуцін мудры”, “абы вайны не было” і што Расея Ваш “друг”. Захад Вас навучыць Маскву палюбіць. Кланяйцеся да зямлі паганай Маскве. Гэта, вядома, іранічны пасаж. Ня трэба крыўдаваць, браты-беларусы, бо ў ім праўда. Але калі сур’ёзна — выснова простая і вечная, як сьвет: калі ня будзе, як найхутчэй, беларускага збройнага супраціву маскоўскім акупантам, — нас, беларусаў, закапаюць і расейцы, і Захад (з дапамогай газпрамаўскіх калабарантаў) і абвінавацяць яшчэ ў агрэсіі і вайне, і забяруць усё, і разьдзяруць на часткі. Такое было не адзін раз у нашай гісторыі. Супраціўляймася акупацыі і акупантам дзеля волі, свабоды і будучыні Беларусі. 12 люты 2022 год 13/2/2022 › Навіны, Зянон Пазьняк |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |