Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
З РАНЕЙШАГА, ЯКОЕ ЁСЬЦЬ ЦЯПЕРШЧЫНАЙ У 2014 годзе, калі змагаўся Кіеўскі майдан супраць зграі Януковіча і калі рыхтаваўся расейскі напад на Украіну, і калі адбыўся гэты напад, палітыкі нашай Народнай Партыі (КХП – БНФ) дэталёва аналізавалі абставіны і пэрспэктывы падзей ва Усходняй Эўропе (Беларусь, Украіна, Польшча). У той год я напісаў каля дзясятка прац на тэму вайны на усходзе Эўропы, пра палітыку Расеі, Украіны, Беларусі і Захаду. Гэтыя працы былі зьмешчаны ў Сеціве на рэсурсах Народнай Партыі, пасланыя ва Ўкраіну, і потым уключаны ў чацьверты том аўтарскага зборніка «Цяжкі час» (Варшава — Нью Ёрк, «Беларускія Ведамасьці», — 2018 г.). Асаблівасьць чалавечага ўспрыняцьця такая, што чалавек, як правіла, не ўспрымае таго, што выходзіць за рамкі ягонага розуму і вопыту (калі тое не стала чыньнікам масавай інфармацыі і прапаганды). З 24 лютага гэтага года пачалася другая (знішчальная) фаза вайны Расеі супраць Украіны. Мы ня ўбачылі, фактычна, нічога новага, пра што ўжо намі ні было сказана і што б было невядома восем гадоў таму. Аднак узьнікла новая сітуацыя. Украінцы ўмацавалі войска, здольнае аказваць супраціў, і другое – рэальна занепакоіўся Захад, які стаў падтрымліваць Украіну. Шмат гаворыцца і пішацца пра рускую варварскую вайну (якая для эўрапейскіх галоў стала нечаканасьцю), але ў сутнасных праявах паводзінаў і ў палітыцы расейцаў нічога не перамянілася (і не пераменіцца, пакуль будзе існаваць Расея). Бачачы стандартныя ўмовы расейскай палітыкі, яе ўчынкі і паводзіны, я (дзеля эканоміі часу) вырашыў проста перадрукаваць пару артыкулаў і інфармацыяў з 2014 году. Яны цалкам адпаведныя цяперашняй сітуацыі, якая, у прынцыпе, не зьмянілася (я ўжо перадрукоўваў тут матар“ял «Мадыфікацыя фашызму»). Гэтая сьціплая друкаваная праца — абы пайшла на карысьць беларусам і украінцам. Зянон Пазьняк *** СЛАВА УКРАІНЕ! Падзеі на Ўкраіне абавязваюць мяне зрабіць гэтую заяву ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі. У Кіеве правячая прамаскоўская кліка перайшла рубікон вайны. Пачалі страляць у людзей на Майдане. 22 студзеня забілі пяць чалавек (сярод іх аднаго беларуса). Вяртаньня да мірнага супроцьстаяньня цяпер можа ня быць. Калі ўкраінцы не адступяць, — гэта будзе вайна з бандыцкім рэжымам і імпэрскай Масквой. Лічу абавязковым паведаміць некалькі істотных высноў: Рэвалюцыя мусіць мець дакладную, зразумелую ўсім мэту і хутка наступаць. Які б ня быў цяпер выбар украінцаў – ці мірная абарона і, вынікаючы зь яе разгром супраціву народа, ці наступ і верагодная за ім вайна, — мы, беларусы, мусім сур’ёзна рыхтавацца да падобных пратэстных падзеяў у Беларусі, якія могуць пачацца праз пэўны час. Пры варыянце вайны нам, беларусам, неабходна дапамагаць украінцам і падтрымліваць украінскі народ усімі спосабамі ў тым ліку і ўдзелам дабраахвотнікаў, памятаючы, што лёс Беларусі вырашаецца таксама і на Ўкраіне. Пры ваенным канфлікце з крамлёўскай Расеяй ні ўкраінцам, ні беларусам ня трэба спадзявацца на Заходнюю Эўропу. Эўропа ня пойдзе супраць Расеі. Абапіраймася на сябе і на свой народ. Прадухіленьню маштабнага канфлікту на Ўкраіне мог бы паспрыяць загад аб арышце Януковіча (за ўжываньне зброі супраць народу) і хуткае выкананьне загаду. Слава Украіне! Жыве Беларусь! 23 студзеня 2014 г. Зянон Пазьняк ***** АЙЧЫННАЯ ВАЙНА — ЗБРОЯ НАРОДУ Тактыка цяперашняга Захаду адносна акупацыі Украіны Масквой была зразумелай адразу, і нават наперад. Але трэба было, каб мінула два тыдні бязвыніковай гаварыльні пра іхную “заклапочанасьць”, каб адбылася фактычная анэксія Крыма, каб усім, хто ня ў стане быў разумець, усё стала зразумела. Заходнія палітыкі паводзяць сябе дакладна так, як некалі пры здачы Чэхаславаччыны Гітлеру. І таксама, як той Чэмбэрлен, яны задаволеныя сабой. Зразумела, што цяперашнія чэмбэрлены вырашылі ўлагодзіць Пуціна (як гэта знаёма!): аддаць яму Крым і абараніць Украіну. Адным словам, і козы жывыя, і ваўкі наеліся. Яны думаюць, што Пуцін супакоіцца на дасягнутым, і тады яны загоняць яго ў “дыялог” з украінцамі, палохаючы санкцыямі. І будуць гаварыць, гаварыць… Гэта іхняя тыповая філісьцерская манера паводзінаў у палітыцы. Яны заўсёды “заклапочаныя”… сваім камфортам. Калі б такое здарылася, як яны думаюць, то трэба было б адразу распускаць АБСЭ, як поўную непатрэбшчыну ў новай геапалітычнай рэальнасьці. Трэба б было здаць у архіў Гэльсінскія пагадненьні і шэраг іншых актаў, на якіх грунтуецца цяперашні цывілізаваны сьвет у міжнародных адносінах. Зрэшты, такое, відаць, здарыцца, бо ўжо, фактычна, здарылася. Перадзел сьвету пачынаецца. Першымі зрэагавалі кітайцы, і ўжо падрыхтавалі праект закона аб сібірскіх тэрыторыях і кітайскім грамадзянстве за межамі Кітая. Мяркую, што самы час беларусам падумаць пра вяртаньне сваіх тэрыторыяў і сталіц. Стары часовы парадак у Эўропе бурыцца. Арда, якая ўтварылася на вялікай крыві, ня можа зьнікнуць бяссьледна, але толькі праз вялікую кроў. Каб гэтага ня здарылася, трэба, вобразна кажучы, даць па Ардзе, пакуль яна яшчэ не паднялася. Гэта адзіны мэтад у размове з Ардой. І адзіная мова, якую яна разумее. Уся бяда ў тым, што няма каму ёй даць у сьвеце, дзе сілай кіруюць бязвольныя палітыкі з філісьцерскімі мазгамі. Нікчэмнасьць іхных паводзінаў яшчэ і ў тым, што анэксіяй Крыма справа не абмяжуецца. Барацьба вядзецца за Украіну. Гэтая апэрацыя плянавалася Масквой даўно. Іншага шанцу для яе ажыцьцяўленьня ў Крамля ўжо ня будзе. Гэта шанец для Масквы апошні, і назад у іх дарогі няма. І пуціністы тое разумеюць. Украінцам трэба спадзявацца, перш за ўсё, на самых сябе. Армія слабая. Улада нікчэмная. Моцны толькі народ. Трэба раздаць зброю народу, узброіць яго. Калі не раздадуць, то украінцам трэба ўзброіцца самым, забраць зброю і не палохацца пакутаў і ахвяр. Гэта ёсьць для іх Айчынная вайна. Вораг ужо аб’явіў, што будзе засяляць украінцамі ўсходнюю Сібір. Арду пераможа ня армія, яе пераможа толькі Украінскі Народ. Такая самая збройная матрыца супраціўленьня павінна быць і для Беларусі, захоп якой ўжо падрыхтаваны Лубянкай знутры. Ключавыя пазыцыі ў краіне абстаўлены расейцамі і расейскімі цітушкамі. Мяжа адчынена. Расейскія ваенныя базы ўведзены ў Беларусь. Авіяцыя перакінута на беларускую тэрыторыю. Чорнай расейскай прапагандай нашпігаваны сеціва і эфір. Увесь час нішчаць ўсё беларускае. Ужо гадзіньнік празваніў на Айчыннай вежы. Рыхтуймася да сур’ёзных падзей, бо яны ўжо пачаліся. Ганьба – не наш шлях. Наш шлях – гонар і барацьба. Слава Украіне! Жыве Беларусь! 10 сакавіка 2014. Зянон Пазьняк ***** ПАГРОЗА НАРОДАМ АД ІМПЭРЫІ ЗЛА Гэты мой ліст аб галоўным – аб акупацыі часткі Украіны расейцамі. Падзеі датычаць таксама і нас. Мяркую, што так трэба і ўспрымаць: вайна пуцінскай Масквы супраць Украіны – гэта ёсьць таксама і вайна супраць Беларусі. Маскоўска-гэбоўскі спрут атрымаў моцны ўдар на Майдане, падрэзалі яго шчупальцы на Украіне. Ён адчуў пачатак свайго канца і прысьпешыў планы вайны, аб якой мы, праз наш партыйны друк, папярэджвалі пастаянна ўжо некалькі гадоў запар. Пуцінская Расея пачала рыхтавацца да вайны адразу пасьля 2008 года. Пасьля таго, як міжнародная супольнасьць зьмірылася з акупацыяй часткі Грузіі. Пуціністы зразумелі, што ўсё можна. Тыя заявы, дзеяньні і ваенныя вучэньні, якія рабіла потым пуцінская Масква, паказвалі, што распрацоўваюцца планы супраць Беларусі, Польшчы, Украіны, Малдовы. План супраць Украіны распрацаваны па традыцыйнай энкавэдзісцка-нямецкай схеме, якую Масква выкарыстоўвала яшчэ з 17-га стагоддзя для захопу чужых тэрыторыяў. Потым схему пераняў Гітлер (захоп Чэхаславаччыны і Польшчы) і працягвалі бальшавікі. Апошняе прымяненьне маскоўскага стандартнага плану акупацыі адбылося ў Асэціі ў 2008 годзе. Маштаб падрыхтоўкі нападу на Украіну ўражвае. Такое ня робіцца за месяц-два. Падрыхтоўка вялася доўгі час. Мабілізавалі ня толькі свае расейскія спэцслужбы, войска, палітыкаў, журналістаў, але і ўвесь свой вялікі расейскі крымінальны сьвет. Прытым прапагандысцкая апрацоўка расейскага грамадзтва вялася цягам амаль што паўгода і дасягнула цудаў хлусьні, вывертаў і інфармацыйнай подласьці, перад якой ведамства Гёбэльса выглядае школьніцтвам. І тым ня менш план не спрацаваў (як, відаць, спадзяваліся) у самым пачатку. Украінцы, зыходзячы са слабасьці свайго войска і негатовасьці да вайны, не адказалі ніводным стрэлам. Акупацыя працягваецца, расейскія войскі захапілі ўжо ўвесь Крым, а ўкраінцы не страляюць і… інфармацыйна выйграюць, бо перацягнулі на свой бок усю міжнародную супольнасьць. Але калі адбываецца акупацыя, гэтага міжнароднага меркаваньня вельмі мала. Павінен быць збройны супраціў супраць агрэсіі. На двары 21-е стагоддзе, а гэбоўская Расея яшчэ ў сярэднявеччы. Вобраз “кацапа”, апісаны Салжаніцыным, выявіўся тут ва ўвесь рост. І хоць стрэлы яшчэ не гучаць, мы разумеем, што адносіцца да маскоўскага вайсковага нападу на Украіну трэба вельмі сур’ёзна. Гэта акупацыя. Гэбоўскі спрут усьведамляе, што калі ён ня зьнішчыць і ня высмакча Украіну, то яму канец. (Расейцы пасьпяшаліся нават аб’явіць, што будуць высяляць украінцаў у Сібір і на Далёкі Усход. Ну чым ня план Бормана!) Расейскі гэбізм яшчэ жыве ў сьвеце 30-х гадоў мінулага стагоддзя. У гэтым становішчы, калі ня будзе жорсткіх дзеяньняў па спыненьні акупантаў з боку міжнароднай супольнасьці, вайна на зьнішчэньне і ліквідацыю дзяржавы Украіна будзе працягвацца. Зрэшты, будзе працягвацца, нават нягледзячы на жорсткія меры Захаду. Гэбізм не адступіцца, бо справа йдзе аб яго імпэрыялістычным і крымінальным існаваньні. Прытым (чаго ніяк ня могуць умясьціць лібэралістычныя галовы), калі паўстане магчымасьць нанесьці эфэктыўны атамны ўдар, Пуцін зробіць тое не задумваючыся. Найбольшае, на што здолелі заходнія гора-аналітыкі, гэта палічыць Пуціна неадэкватным, вар’ятам і шызафрэнікам. Такая характарыстыка сьведчыць аб разумовай абмежаванасьці аналітыкаў, якія ня ў стане растлумачыць зьявы, што выходзяць за межы іхных стэрэатыпаў. Пуцін – гэта тып расейца-гэбіста, цыніка і бандзёра, які ня спыняецца ні перад чым дзеля дасягненьня мэты. Чалавечае жыцьцё для яго ня мае ніякага значэньня. Школу захапілі ў Беслане чачэнцы. Не здаюцца? Загад Пуціна: страляць з танкаў. Забілі 700 дзяцей. І хоць бы што, і Гаага па ім ня плача. Тэатр на Дуброўцы захапілі чачэнцы ў Маскве. Не здаюцца? Ах так! Загад Пуціна: пусьціць баявы газ. Умярцьвілі 131 закладніка, гледачоў тэатра, і пайшлі на абед. Гэта гэбоўская парыя, а не звыклы чалавек. А падрывы дамоў зь людзьмі, а забойства Літвіненкі, Яндарбіева, Ганны Паліткоўскай! І пасьля гэтага адзін заходні прэзыдэнт глянуў у алавянныя вочы спадара Пуціна і сказаў, што “убачыў там душу рускага народа”. Зрэшты, магчыма, спадар Буш фармальна меў рацыю! Нешта ён там убачыў. Напад пуцінскай ваеншчыны на Украіну ў каторы ўжо раз выявіў глыбокую шчарбатасьць, ксэнафабізм і калецтва рускага грамадзтва, грамадзтва без інтэлігенцыі, бяз гуманістычных людзей, грамадзтва вычварных халопаў, дзе пісьменьнікі і людзі мастацтва не зьяўляюцца сумленьнем краіны і падтрымліваюць любога дыктатара, любы гвалт над свабодай народаў. Так было заўсёды, пачынаючы ад часоў Арды і рускіх цароў, так і цяпер, калі шэрага гэбоўскага забойцу з крымінальнай лексікай узьвялічылі да стану народнага героя і выставілі на Нобэлеўскую прэмію міру. “Скопішча зла” не распадаецца само праз сябе. Яго можна толькі ліквідаваць. І над гэтым усім нармальным народам трэба глыбока задумацца. На ўсходзе Эўропы вырас новы Гітлер, з фашызаваным грамадзтвам, якое не паважае ні адзін народ на сьвеце, якім кіруюць гэбісты і крымінальнікі, што ненавідзяць усё чалавецтва, якія не адчуваюць ніякай адказнасьці за лёсы людзей на Зямлі, у тым ліку і за лёсы людзей сваёй жа імпэрыяістычнай дзяржавы. Напад пуцінскай ваеншчыны на Украіну ставіць перад усімі народамі, пацярпелымі ад маскоўскага монстра, катэгарычнае пытаньне аб ліквідацыі імпэрыі “скопішча зла” у інтарэсах усяго чалавецтва. Пакуль яна будзе існаваць – ня будзе міру на Зямлі. Мне ўжо прыходзілася пісаць, што дзеяньні супраць гэбоўскіх акупантаў Украіны павінны быць перанесены ў вялікі інтэрнацыянальны і ксэнафабічны горад Маскву. Для украінцаў гэта айчынная вайна і змагацца трэба будзе па вялікай шкале. Тым больш, што на справе гэта і нашая беларуская вайна, і грузінская, і ўвогуле – каўказкая і татарская, і башкірская, і якуцкая, і ўвогуле сібірская. Гэбоўскі монстр павінен быць зьнішчаны і асуджаны за злачынствы супраць чалавецтва. Якраз гэтак і павінны разьвівацца падзеі. Імпэрскіх монстраў трэба супольна зьнішчаць знутры ў іхным логаве. Там іхняя атамная зброя ня мае значэньня. Наша партыйная палітыка ва ўсіх дачыненьнях павінна зараз улічваць чыньнік пуцінскай агрэсіі на Украіну, чыньнік вайны. Гэта прычына, якая павінна вызначаць нашыя паводзіны і ўсяго нашага грамадзтва. Лукашысцкі рэжым насуперак Канстытуцыі і інтарэсам Беларусі ўпусьціў пуцінскую ваеншчыну ў Беларусь, паставіў яе над беларусамі, заключыў антызаконныя антынацыянальныя пагадненьні. Пры пэўных абставінах антыбеларускі рэжым накіруе беларускіх вайскоўцаў на вайну ва Украіну. Беларусы, салдаты і афіцэры, памятайце, што ўкраінцы нашы браты па волі. Страляць ва ўкраінцаў – гэта тое самае, што страляць у сябе. Нельга ўдзельнічаць у братазабойчай вайне на баку ўсходніх гэбоўскіх варвараў. Калі вас усё ж прымусам закінуць ва Украіну, не ваюйце з украінцамі. Не пакрыйце сябе ганьбай. Кожны можа зрабіць выбар, каб змагацца разам супраць пуцінскіх агрэсараў. Разам мы пераможам расейска-гэбоўскага спрута. Будуць вольнымі Беларусь і Украіна. Хто пачаў братазабойчую вайну, той ад яе і згіне. Беларусы мусяць мець кантроль над сваім чыгуначным, дарожным і водным транспартам, каб недапусьціць перавозкі расейскай зброі, тэхнікі і жывой сілы на Украіну праз нашу тэрыторыю. Патрабаваць такое ад вырадка няма сэнсу. Людзям трэба будзе самым ўсё браць у свае рукі і кантраляваць дарогі. Беларусы павінны сачыць, каб зь дзьвюх расейскіх ваенных базаў у Лідзе і Баранавічах, якія дапусьціў здраднік народа, не падымаўся ў паветра ні адзін расейскі самалёт. Усё гэта магчыма для грамадзтва, якое здольнае самаарганізоўвацца. Небясьпека вайны прымусіць да самаарганізацыі. Інакш людзей затопчуць, як траву. Калі вайна, то трэба будзе ваяваць, а не гнюсавіць “абы вайны не было”. Расея – гэта вайна. З пачаткам расейскай вайны важнейшым і першачарговым пытаньнем для беларускага грамадзтва ёсьць тэрміновая неабходнасьць аднаўленьня мяжы з Расеяй і строгі памежны кантроль уезду ў Беларусь. Зразумела, што рэжым здраднікаў Беларусі на гэта ня пойдзе. Але пры ўмове грамадзкай актыўнасьці і павелічэньні самаарганізацыі народа людзі маглі б самы браць пад кантроль памежныя пераходы. Гэта, аднак, магчыма пры адпаведных умовах, пра якія я тут не кажу з-за пэўных абставінаў, якія цяпер ёсьць у Беларусі. Напад пуціністаў на Украіну яскрава высьветліў нават для шэраговага абывацеля, што натварыў у Беларусі здраднік нацыі, якога зямля наша насіць не павінна. Фактычна мы ўжо ёсьць у акупацыйным мяшку, які засталося толькі завязаць, калі (ня дай Божа!) зьнішчылі б Украіну. Але перамены будуць. Рыхтуймася да іх сур’ёзна. Скопішча зла не павінна існаваць. Час расплаты і краху шалёнай Арды настане. 9 сакавіка 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК ***** Пазьняк распаўсюджвае ў Беларусі ўлёткі з заклікамі назапашваць зброю 16.07.2014. аўтар Радыё Свабода «Так, гэта робіць Зянон Пазьняк», — пацьвердзіў Радыё Свабода намесьнік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі. У Менску па паштовых скрынях невядомыя распаўсюджваюць улёткі ад імя Зянона Пазьняка з заклікам рыхтавацца да партызанскай вайны з Расеяй. Адна з улётак апынулася ў распараджэньні сайта «Беларускі партызан». Лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк заклікае беларусаў яднацца ў невялікія групы па 2-3 чалавекі, шукаць зброю і рыхтавацца да супраціву Расеі, якая пагражае нацыянальнай бясьпецы і незалежнасьці Беларусі. «Так, гэта робіць Зянон Пазьняк, — пацьвердзіў Радыё Свабода намесьнік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі. — Якімі мэханізмамі распаўсюду ён валодае, цяжка сказаць. Ён працуе ня толькі з партыяй, але і зь іншымі структурамі, якія могуць распаўсюджваць зварот зь яго подпісам. Партыя КХП-БНФ гэтым не займаецца. Зянон Пазьняк — нацыянальны лідэр, зь якім працуюць розныя структуры». Таксама ва ўлётцы сказана, што расейска-ўкраінская вайна — гэта і беларуская вайна. Лідэр КХП-БНФ заклікае беларусаў дапамагаць ўкраінцам, ехаць добраахвотнікамі і ўступаць у батальёны. Раней МУС Беларусі распаўсюдзіла заяву, у якой папярэдзіла беларусаў аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у баявых дзеяньнях у суседняй краіне. Радыё Свабода © 2014 РС | Усе правы захаваныя. 22/4/2022 › Навіны, Зянон Пазьняк |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |