Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: АДМЯНІЦЬ ЭКАНАМІЧНЫЯ САНКЦЫІ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСІ У Злучаных штатах і ў ААН узьнікла практычная ідэя — адмяніць на паўгода санкцыі супраць Беларуськалія ўзамен за магчымасьць транзыту ўкраінскага збожжа праз Беларусь у парты Балтыйскага мора. З прычыны вайны і блакіроўкі маскоўцамі ўкраінскіх партоў на Чорным моры Украіна ня можа прадаць 20 мільёнаў тон збожа згодна даваенных гандлёвых дамоваў у краіны Азіі і Афрыкі. Гэта пагражае частковым голадам для аднаго мільярду насельніцтва на Зямлі. Адпаведна сітуацыя можа выклікаць масавую міграцыю з галодных раёнаў Афрыкі і Азіі ў Эўропу і пагражаць камфорту краін Эўразьвязу. Санкцыі супраць Беларуськалія (важнага сусьветнага пастаўшчыка) вельмі ўскладнілі абстаноўку з угнаеньням ў шмат якіх краінах (у тым ліку і ў Эўразьвязе). Увогуле неабдуманая (пад выглядам барацьбы з лукашысцкім рэжымам) і палітычна шкодная санкцыйная палітыка Захаду супраць народу Беларусі (падтрыманая людзьмі з груповак прарасейскай так званай штабісцкай “апазыцыі”) ужо прынесла шкоду ўсім, акрамя Лукашэнкі, які ў выніку цалкам пайшоў пад Маскву і здаў Беларусь пад расейскую акупацыю. І вось мы ізноў бачым рэакцыю гэтых надакучлівых палітычных прафаністаў. Яны цяпер разам з Ціханоўскай ваяжыруюць па эўрасталіцах і просяць, каб ня слухалі Амэрыку і не здымалі санкцыяў з Беларуськалія (”не спрыялі Лукашэнку”). Тое ж самае сказаў сябра Хартыі-97 Андрэй Санікаў на 2-й Антываеннай канфэрэнцыі 20 траўня ў Вільні, арганізаванай “Форумом свободной России” — зборцы чарговых расейскіх “дэмакратаў” (чарговых сінепалосных “спасателей” Расеі). Зразумела, што ад іх няма ніякіх прапаноў. Не здымаць санкцыі — і ўсё. (Дарэчы, вельмі асабліва ўсё выглядае: шакаваная Эўропа і маніфэстацыя блюзьнерства). А тым часам Лукашэнка нават “пісьмецо” ў ААН зрабіў (зразумела пра што), хача асядлаць ініцыятыву. Зьвяртаю ўвагу на рэальнасьць. Проста так зьняць санкцыі зь Беларуськалія на паўгода ўзамен за транзіт збожжа — гэта гандаль, выгадны Эўразьвязу, Афрыцы і галоўнае (што важна) — выгадны Украіне, але тое амаль нічога ня дасьць беларусам і не пауплывае на Лукашэнку. Ён як быў пад Масквой, так і застанецца. Кропляй мора не напоўніш. Падачкай здрадніка не ўтаймуеш. Тым больш, што прыдзецца нанова (на паўгода) аднаўляць лагістыку. Ужо калі Захад пачаў разумець памылковасьць эканамічных санкцый для Беларусі (жыцьцё падказала), то, сказаўшы “а”, трэба казаць і далей. Вырашаць трэба радыкальна і па-буйнаму (тым больш у новай сітуацыі вайны, што ў Эўропе яшчэ дакладна не ацэнена і не прааналізавана). Неабходна адмяніць усе эканамічныя санкцыі для Беларусі (акрамя пэрсанальных). Яны нічога не вырашаюць у кантэксьце расейскай вайны супраць Украіны, толькі прывязваюць Лукашэнку да Пуціна. Вайна дыктуе свае правілы. Трэба адрываць Лукашэнку ад Пуціна, пакуль маскоўскі гном не прымусіў вар’ята ўлезьці ў чарговую расейскую авантуру. Усё, што робіць Захад, патакаючы (паўтараю) рыторыцы псэўдапазыцыйных (і ў істоце прарасейскіх ) выканаўцаў са штабоў, усё гэта ўмацоўвае “сіямскі” саюз двух бандытаў замест таго, каб яго расхістаць і разьбіць, аслабіць пазыцыю акупантаў у Беларусі. Пры рашучым павароце сітуацыі ў вайне і паразе Расеі (што цалкам магчыма), Лукашэнка здасьць Пуціна і скажа, што ён за Украіну, калі прадугледзець яму такую магчымасьць. Гэта не ўратуе яго ад суду і ад адказнасьці. Памятаем гісторыю Трэцяга Рэйха і яго сатэлітаў. Пасьля перамогі над расейскім мордарам ўсё стане на сваё месца. Зьняцьцё эканамічных санкцый зь Беларусі (супроць чаго, вядома, уздыбіцца Расея, ціснучы на сатрапа) павінна быць абстаўлена тэрмінам і ўмовамі. Першае — мусяць быць спыненыя рэпрэсіі, арышты людзей, зачыненьне грамадзкіх арганізацыяў і любы палітычны перасьлед беларусаў. Другое — павінны быць безумоўна выпушчаныя з турмаў і з-пад арышту ўсе беларусы, якія былі пасаджаныя і арыштаваныя па грамадзка-палітычных прычынах, пачынаючы з 1-га студзеня 2022 года. Апошні пункт кампрамісны. Ён дае магчымасьць зыйсьці зь мёртвай кропкі. Па некаторых пазыцыях, напрыклад, Украіна магла б аднавіць гандаль зь Беларусяй. (Ну няхай сабе паспрабуе сатрап прадаць харчовыя прадукты Украіне альбо дызельнае паліва. Паглядзім, што стане з крамлёўцамі. Яны ж санкцыі на сатрапа накладуць, ато й анафему). Ня ўсё ж толькі ў чыгунны лоб страляць, калі чыгун непрабойны. У гэтай ваеннай сітуацыі няма сэнсу перамоваў з Пуціным. Але ёсьць сэнс зрабіць прапанову выбару для Лукашэнкі. Толькі ня так як ўжо заяўлена ЗША, але прапанова выбару абстаўленага ўмовамі, якія ўрэшце сыграюць супраць Расеі і супраць Лукашэнкі. (Дарэчы, адмова ад выбару стала б палітычным мінусам сатрапу нават перад дырэктарскім корпусам.) Шкода толькі, што ніякіх рашучых дзеяньняў і ніякой рызыкоўнай палітыкі ад Захаду чакаць не прыходзіцца. Нічога не зварухнецца пакуль не паўстануць беларусы. 21 травень 2021 г. Зянон Пазьняк 24/5/2022 › Навіны, Зянон Пазьняк |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |