Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: ПРА РАШЫЗМ І АГЕНТУРУ

За 34 гады ў палітыцы ў мяне накапіўся вопыт амаль штодзённага назіраньня, як працуе прапагандысцкая сістэма расейскага паклёпу і прыніжэньня палітычна ненавісных для Масквы людзей. Даўно трэба б было апісаць гэтую сістэму маскоўскай ілжы, каб людзі лепш арыентаваліся ў інфармацыі, але, калі па шчырасьці, проста няма жаданьня займацца і апісваць гэтае “скопішча зла”. Праўда, зло не зьнікае і будзе атручваць прастору, пакуль застанецца Расея, яе прапаганда і службы спэцыяльнага прызначэньня.

Штодзённасьць рускай цемры

Калі параўнаць савецкі пэрыяд з пазьнейшым лукашызмам, то, у прынцыпе, нічога не зьмянілася. Вар’іруюцца толькі прыёмы нішчэньня беларушчыны, у залежнасьці ад абставінаў. Пры камуністах напады прапаганды былі больш палітызаваныя, пагрозьлівыя і просталінейныя, ужывалася шмат ярлыкоў з мэтай палітычна дыскрэдытаваць асобу ў вачах па-савецку думаючых людзей, якіх было тады калі ня большасьць, то вельмі шмат.

Пры лукашызме, як ні дзіўна, паклёп і прапаганда супраць беларускай палітычнай асобы таксама ў значнай частцы арыентаваны на ўспрыняцьце савецкага чалавека (які ацалеў і нават рэпрадукуецца). Але адбыліся зрухі ў тэматыцы паклёпніцтва. Зьявілася апэляцыя да апазыцыйна настроеных супраць Лукашэнкі людзей, да прыхільнікаў дэмакратыі, заходняга ладу жыцьця і заходне-эўрапейскіх так званых “каштоўнасьцяў”, да новых русіфікаваных саўкоў, якія аднавіліся пад назвай “невероятные”.

Пераважным зьместам і мэтай атакі побач з палітыкай стала ідэалогія і сьветапогляд палітычнай асобы. Ставіцца задача любымі і ўсімі спосабамі (бязь межаў) скампраметаваць беларускага нацыянальнага палітыка, дзеяча беларускай культуры, навукі, мастацтва і г. д. Важным аспэктам паклёпніцтва становіцца маральнае прыніжэньне асобы і дэманстрацыя нянавісьці.

Афіцыйныя выступы агентуры (артыкулы, відэа і т. п.) зробленыя цяпер, як і раней, па лекалах і па інструкцыях рускай прапаганды супраць беларусаў, сфармуляваных яшчэ за саветамі. (Глядзі напр. відэа на старонцы Юцюба “Вольная Беларусь”, аўтар Юры Беленькі, дзе паказана гэтая мэтодыка.)

Больш разьвязана і бязь межаў (хоць і сістэмна) выкарыстоўваецца атака нянавісьці на самых нізах прапаганды ў Сеціве (”тролі”, “камэнтары”, “ананімы”, “неадэкваты” і т. п.).

Тут, аднак, кожны беларус, нават зь мінімальным жыцьцёвым вопытам, можа ўсё ўбачыць, зразумець і разабрацца.

Апошнім часам, напрыклад, я праглядзеў схемы водгукаў людзей на свае відэа-выступы, аб зьяўленьні якіх (гэта істотна) ня ведалі прапагандысты.

Спачатку (прыблізна 150-300 камэнтароў) пішуць цалкам адэкватныя і, як правіла, прыхільныя людзі, шмат допісаў па-беларуску.

Праз нейкі час (паўгадзіны-гадзіна) — рэзкая перамена і рэзкі “водападзел”: амаль татальна пачынаецца прапаганда, вал нянавісьці па-руску, працуюць “тролі”, “боты”, “спэцы” і г. д. Нармальныя допісы трапляюцца рэдка. Затрымка прапаганды адбываецца заўсёды тады, калі агентура ня ведае, што і калі зьявіцца ў Сеціве і там, дзе яна ня мае інфармацыі аб падрыхтоўцы і аб часе зьяўленьня матэрыялу. Паміж фіксацыяй “службы кантролю” і пачаткам атакі на асобу мінае пэўны час. Калі ж агентура заранёў інфармаваная — тады чарната ідзе адразу і валам.

Тэматыка цяперашняй чорнай прапаганды таксама адметная. Сістэмна падаецца толькі некалькі тэм (знакаў). Напрыклад. Асноўны і галоўны тэзіс усёй рускай прапаганды супраць мяне ў пэрыяд лукашызму сфармуляваны так: “Своей пропагандой белорусского языка он (гэта значыць я) напугал белорусов, котарые говорят по-русски. В результате народ проголасовал за Лукашенко”.

Гэта прыдуманая лухта (бо на справе грамадзтва хоць і пасіўнае, хоць актыўна не змагаецца за беларускую мову, але яно ня супраць яе). Прыдуманая фармулёўка паўтараецца агентурай увесь час з 1994 года і тлумачыцца тым, што русіфікацыя “русским языком” зьяўляецца галоўным ідэалагічна-палітычным зьместам (пытаньнем №1) рускага дзяржаўнага фашызму пад назвай “русский мир”.

Другая фармулёўка: “Он диктатор такой же, как и Лукашенко”.

Яшчэ ёсьць пару вытворных выказваньняў у стылі гэтых фармулёвак, але яны толькі варыяцыі. Астатняе — зьнявагі, абзываньне, лаянка, дэманстрацыя нянавісьці і т. п., дзе галоўным чынам абыгрываецца паважны ўзрост чалавека, сцьвярджаецца ў сувязі з гэтым пра адсутнасьць здароўя і г. д., аж да экзотыкі, тыпу “агент ЦРУ” ці “пасобнік сіянізма”. Такая ёсьць прапаганда на нізах.

З гледзішча нармальнага і разумнага чалавека маскоўская прапаганда лаянкі на нізах пустагаловая, маргінальная і адкрыта дурная. Але на справе яна эфектыўная. Найперш трэба ведаць, што дурняў у грамадзтве даволі шмат (прытым яны галасуюць на выбарах, ад іх нешта залежыць). Другое: простых людзей, якія шмат не задумваюцца і не аналізуюць — яшчэ болей. Хлусьлівая і прымітыўная прапаганда заўсёды дзейнічае на шырокае сацыяльнае асяроддзе (інакш бы такой прапаганды не было). Гэта добра разумеюць рускія фашысты. Пра тое дакладна ведаў таксама Ёзаф Гёбэльс.

Так што зьдзіўляцца не прыходзіцца. Нельга перарабіць прыроду чалавека. Але пазытыўная інфармацыя, пагрунтаваная на праўдзе, заўсёды патрэбная, бо баланс грамадзтва мяняецца.

А г е н т у р а

Цяпер пра больш істотныя рэчы, якія апісаныя мной ня раз на працягу апошніх дваццаці гадоў, але ўвесь час яны вымагаюць паўтору. Найперш таму, што няма беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, пагрунтаваных на беларускіх нацыянальных інтарэсах, і адпаведна адсутнічае адэкватная інфармацыя пра беларускую палітыку, амаль зьнішчаны беларускі палітычны клас і цалкам не існуе беларуская нацыянальная прапаганда.

Гэтым станам безразьдзельна карыстаецца расейская агентура ў СМІ, ахайваючы беларускі нацыянальны рух і беларускіх палітыкаў. “У яго ўсюды КГБ”,– бясконца хіхікаюць і паўтараюць супраць мяне мечаныя “журналісты”. “Ён усюды бачаць “гэбэ”, “У яго ўсе агенты і гэбісты” і г. д. (Ёрніцтва — гэта адвод увагі ад рэальнасьці.)

Такія выказваньні “журналістаў” будуць працягвацца ўвесь час, незалежна ад рэчаіснасьці, бо яны ёсьць заданьнем (уплывам) па прапагандзе. Скончыцца гэта толькі тады, калі наступяць перамены і адбудзецца люстрацыя.

Савецкія дзяржаўныя спэцслужбы праводзілі масавы генацыд і расстрэлы людзей, стараліся цалкам інфільтраваць грамадзтва сваёй агентурай дзеля поўнага кантролю над народам.

За саветамі была наладжана татальная сістэма агентурнага сачэньня за людзьмі, данашэньня і стукацтва, якая стоадсоткава ўключала ў сябе цэлыя сацыяльныя катэгорыі людзей. Напрыклад, епіскапам рускай праваслаўнай царквы (якую кантралявалі ЦК КПСС і КГБ) не магла стаць асоба, якая не падпісала вярбовачнае абавязацельства супрацоўніцтва з КГБ. Усе епіскапы РПЦ супрацоўнічалі з Камітэтам дзяржбясьпекі, прытым некаторыя мелі пагоны, званьні і партыйныя білеты кампартыі.

Гэтае ж правіла засталося цяпер у Расеі. І ня толькі ў РПЦ. Падпалкоўнік КГБ і дэсідэнт Канстанцін Прэабражэнскі (гл. “КГБ в русской эмиграции”, — Нью-Ёрк, 2006 г.) сьведчыць, што “абсалютна ўсе расейскія генэралы і каля сямідзесяці адсоткаў афіцэраў зьяўляюцца агентамі КГБ” (стар.137). Ці напрыклад, “цэлыя аддзелы Расейскага Інфармацыйнага Агенства “Новости” (створанае пры ўдзеле КГБ) складаліся спрэс з афіцэраў разьведкі і г. д.” (стар. 125).

Былі вызначаныя, між іншым, спэцыяльныя навучальныя ўстановы (ВНУ), якія станавіліся асяродкамі падрыхтоўкі агентуры. Некалі старшыня КГБ Рэспублікі Беларусь Мацкевіч (быў зьняты з пасады Лукашэнкам) паведаміў у інтэрв’ю, што такімі ВНУ ў Менску зьяўляюцца (па парадку значэньня) — юрфак і журфак БДУ, Інстытут замежных моваў (цяпер унівэрсітэт), Інстытут народнай гаспаларкі (цяпер унівэрсітэт).

Вярбоўцы падлягалі, практычна, усе пласты насельніцтва. У СССР забаранялася вербаваць толькі членаў ЦК КПСС (адпаведна – ЦК КПБ) і іхных дзяцей.

Найбольш прадажнымі (як звычайна) былі журналісты. “От вербовки чаще всего отказывались деятели искусства, писатели и, как ни странно, военные. Случаев же такого отказа у журналистов я не знаю ни одного.” (Преображенский, стар. 135).

Вядома, ня ўсе журналісты, што працуюць у беларускай інфармацыі, прадаліся рашысцкім спэцслужбам. Ёсьць прыстойныя людзі. Але бальшыню агентурнай нечысьці, якія да таго ж гатовыя яшчэ і лэб разьбіць, сьведчачы службу, мы ведаем. Іхная актывізацыя цяпер супраць БНС “Вольная Беларусь” і супраць маёй асобы нам зразумелая.

У нашай цяперашняй рэчаіснасьці трапляюцца нават “невераятныя” суб’екты, якія самадавольна выхваляюцца, што яны, маўляў, завялі дружбу з кагэбістамі і што гэбісты даюць ім “інфармацыю”. Прытым такі кліент нават зблізку не разумее, што трапіў у распрацоўку КГБ і распаўсюджвае дэзінфармацыю ад спэцслужбаў, працуе на іх.

Падпалкоўнік Прэабражэнскі піша, што такі падыход у вярбоўцы зьяўляецца “излюбленным приемом ФСБ” і назывецца “приручением журналистов” (стар. 142).

На тэму КГБ-ФСБ, іхняй злачыннай дзейнасьці існуе шматлікая літаратура, напісаная сьведкамі і перабежчыкамі з апорай на факты і дакуманты. У каго ёсьць лішні час, каб гэта чытаць, раю паглядзець таго ж К. Прэабражэнскага (Дарэчы, у 1970-х гадах Прэабражэнскі вучыўся ў Менскай школе КГБ разам з пазьнейшым міністрам абароны Расеі С. Івановым па спэцыяльнасьці вярбоўка агентуры.), А. Літвіненку і Ф. Фельшцінскага (”ФСБ взрывает Россию”), А. Шевченко (”Разрыв с Москвой”), С. Левченко (”Против течения. Мои 10 лет в КГБ”), В. Суворова (напр. Szpieg, — Poznań, 2017 і інш.)

Магчыма, такога роду літаратуру варта паглядзець тым, хто ня мае палітычнага вопыту назіраньняў за ўсёй гэтай чарнатой, якая цяпер найбольш вылазіць у лукашысцкіх СМІ і ў так званых “дэмсмі” за мяжой. Розьніца між імі невялікая.

Прапаганда і дэзынфармацыя

Каронная задача агентурнага асяроддзя цяпер такая: скампраметаваць палітычнага апанента частым паўторам тупой фармулёўкі, прыклеіць яе ў сьвядомасьці мас (дарэчы, тыповая гёбельсаўшчына).

“А вось у Пазьняка кругом адны агенты КГБ”, — ізноў дакучае ўсім ў кожным інтэрв’ю такі “тыпаж”. “У яго ўсе агенты, усе ў КГБ, дык як вы да гэтага ставіцеся? — пытае ён гасьцей у студыі. — Можа і я ўжо агент?” — прагаворвае нібы па Фрэйду гэты журналіст. (Задача такіх паўтораў — выклікаць скепсіс да апанэнта, бо агентура ня хоча, каб яе называлі.)

За саветамі і постсаветамі ў 90-х ішоў вал журналісцкай цемры. Закзчыкі думалі чарнухай утапіць “врага”. Гэта, аднак, было немагчыма, і яны ня ведалі, чаму немагчыма. Паведамляю. За мной стаяць ня словы, а справы, якія зроблены, якія ажыцьцявіліся і якія відаць. Расейская прапаганда тут хутчэй сама патопіцца ва ўласнай хлусьні, але не пераверне таго, што ёсьць.

Калісьці Сяргей Навумчык напісаў выдатны артыкул (здаецца, ён называецца “Дык дзе ж справядлівасьць?”), у якім раскрыў і паказаў цёмную працу цёмнай журналістыкі па ахайваньні маёй асобы і майго імя. Паклёп і нянавісьць множыла найперш каста агентурных цемрашалаў пры журналістыцы. Але яны тады перакрочылі мяжу і нэўтралізавалі самых сябе, перастараліся. Пра гэта якраз і напісаў Сяргей Навумчык, які заўважыў, што “журналісты” столькі накідалі дрэні на Пазьняка, што іхняя пісаніна ўжо не ўплывала, ня дзейнічала і ня мела значэньня, была для Пазьняка ня страшнай.

У выніку я мог не зьвяртаць на іх увагі і крочыць наперад, не азіраючыся, бо ўтварыўся баланс “за” і “супраць”. Гэта для мяне добры баланс, дзе цемра, аднак, упарта і безвынікова імкнецца пашырыць свае рубяжы.

Цяпер у сувязі з тупіком груповак Латушкі-Ціханоўскай і ў сувязі з актыўнасьцю БНС “Вольная Беларусь” агентура зноў занепакоілася. Выразна чытаецца задача: паказаць новаму пакаленьню, што Пазьняк — “гэта ніхто і нішто”, маўляў, летуценік-адзіночка, яго ніхто не падтрымлівае і г. д. Выцягнулі нават аднаго даўно нам вядомага спаленага тыпажа, які ўсё тое агучыў на пісьме ў загалоўках кшталту “Як Пазьняк апынуўся самотным палітыкам” і г. д. Адпрацоўку заўважылі Дэпутаты Незалежнасьці Лявон Баршчэўскі і Сяргей Навумчык, напісалі і абурыліся яе зьяўленьнем. А спадар Юры Беленькі на старонцы Юцюба “Вольная Беларусь” пракамэнтаваў гэты выверт (у ім, дарэчы, ужытая тыпова гэбоўская мэтодыка “60 на 40″).

Нядаўна зьявіўся новы фундамэнтальны допіс на рускім партале “Зеркало”. Па ўзроўні падачы тут усё вышэй. І мэтодыка — “90 на 10″, у якой асноўны прапагандысцкі прысуд Пазьняку як дэградаванаму адзіночку вынесены толькі ў апошніх абзацах (якія якраз мусілі б рацыянальна і псіхалагічна спрацаваць на сьвядомасьць спажыўца інфармацыі).

Тут зазначу, аднак, што ўсе гэтыя мэтодыкі і патугі прапагандыстаў пры журналістыцы ёсьць марны занятак. Усё гэта ня выйдзе за межы іхняга прапагандысцкага гета, якое паступова зьмяншаецца, а Беларуская Нацыянальная Ідэя, Беларуская Салідарнасьць на аснове гэтай ідэі — пашыраецца і разам з перамогай Украіны над расейска-фашысцкім мордарам высока ўздымецца ў Беларусі.

Супэрпартыя рашызму - КГБ (ФСБ)

Але тут ёсьць яшчэ адна важная праўда, пра якую я казаў шмат разоў і мушу ўвесь час паўтараць, бо ворагі беларушчыны якраз усімі мэтадамі імкнуцца тое схаваць. Гэта праўда, якая тлумачыць палітыку фашысцкай Расеі, прычыны акупацыі Беларусі і антыбеларускі характар улады, агрэсію супраць Украіны і подлыя паводзіны асобных людзей.

У 2000-м годзе (з прыходам Пуціна) абсалютную ўладу ў Расеі захапіў КГБ (ФСБ) — арганізацыя тэрору, генацыду і вайны. Пры камуністах КГБ быў сродкам камуністычнай палітыкі і кантраляваўся праз КПСС. У 2000-м годзе КГБ заняў нішу КПСС і стаў галоўнай палітычнай сілай Расеі, у руках якой апынулася ўся заканадаўчая, выканаўчая, эканамічная і фінансавая ўлада.

КГБ (ФСБ) у Расеі — гэта цяпер супэрпартыя, якая як структура фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту, валодае арганізацыямі ў кожным горадзе, вобласьці, раёне і ў кожнай установе, мае агульнадзяржаўную сетку штатных агентаў і таемнай агентуры, свае ўзброеныя фармаваньні, стварае свае надбудовачныя партыі і грамадзкія арганізацыі, кантралюе ўсё грамадзтва, мае сваю ідэалёгію “рускі мір” і праз сродкі масавай інфармацыі (якімі валодае безразьдзельна) уплывае на ўвесь соцыюм Расеі.

Палітычная сутнасьць гэтай партыі ўлады — ёсьць расейскі фашызм, скарочана “рашызм”. Мэтад утрыманьня ўлады — рэпрэсіі і гвалт. Мэтад зьнешняй палітыкі — дыверсіі і вайна. Мэта зьнешняй палітыкі і вайны — падпарадкаваньне тэрыторыяў і дамінацыя ў сьвеце. Сэнс дамінацыі — паразітнае існаваньне на іншых народах.

Сутнасьць рускага фашызму, які, як атрутны грыб, вырас ужо за некалькі гадоў улады КГБ у Расеі, на жаль дрэнна зразумелая (а то і зусім не зразумелая) у сьвеце.

У гэтым ёсьць падвойная небясьпека рашызму. Няведаньне альбо неразуменьне небясьпекі прыводзіць да сьмерці.

У сістэме рашызма агентура ёсьць, фактычна, схаваная палітычная і дзяржаўная сіла партыі КГБ (ФСБ). Гэтая сіла, таталітарная па прыродзе, актыўна ўдзельнічае ў палітыцы. Зь ёй немагчыма канкураваць з прычыны яе таемнай дзяржаўнай прыроды. Усялякая дэмакратыя ў такой сістэме выключаецца. Зьнешне з гэбісцкай сістэмай Расеі можна суіснаваць толькі з пазыцыі сілы. Калі раўнавага сілы парушаецца, адбываецца агрэсія і вайна.

Антыбеларускі фашызм

Аналагічны рэжым з падобнай формай агентуры ўсталяваны ў Беларусі зь невялікімі сістэмнымі асаблівасьцямі. Фармальнае адрозьненьне ад рашызма — адсутнасьць дзяржаўнай ідэалогіі. Ідэалогія заменена тут палітыкай русіфікацыі як шлях да “рускага міра”.

КГБ у Беларусі таксама не зьяўляецца, як у Расеі, абсалютнай і адзінай суперпартыяй ўлады. Тут створаны антыбеларускі фашыстоўскі сілавы кангламерат, арыентаваны на аўтарытарную ўладу. Канцэнтрацыя абсалютнай улады сфакусавана на адной асобе.

Агентура кангламерату рэжымных сілаў (і найперш КГБ) адыгрывае такую ж ролю палітычнага дзейніка, як і ў фашысцкай Расеі.

Тут шмат падобнага, але дыямэтральна перавернуты сэнс і зьмест ужываньня ўлады ў дачыненьні да грамадзтва. Фашызм у Расеі ёсьць вялікадзяржаўны руска-імпэрскі, арыентаваны на сваё рашысцкае грамадзтва. Фашызм у Беларусі — антыбеларускі, антынацыянальны, русіфікатарскі і прарасейскі, арыентаваны супраць свайго нацыянальнага грамадзтва і завостраны на аднаасабовую ўладу сатрапа.

Лукашысцкі фашызм у Беларусі (лукашызм) выконвае акупацыйную палітыку “рускага міра”, якую расейцы называюць “дэнацыфікацыя”. Гэта значыць — ліквідацыя нацыі (фізічная альбо шляхам русіфікацыі).

Палітычныя абставіны, што створаны таталітарным рэжымам у Беларусі, вымагаюць першым чынам вызначыць палітычны дзейнік фашысцкага рэжыму. Грамадзкая ці палітычная зьява, ці арганізацыя могуць называцца тут як хочаш “дэмакратычна”. Але на чале яе раптам (аказваецца) стаіць, скажам, агент “Раймон”. І гэтым будзе ўсё сказана.

Фашысцкая агентура ёсьць вораг і шкодны вірус супраць усяго беларускага грамадзтва.

Гэты вірус дапамагае ў рэпрэсіях і ў зьнішчэньні арганізацыяў.

Ці, напрыклад, беларусы маглі колькі заўгодна гаварыць пра неабходнасьць нацыянальнага Адраджэньня і дэмакратыі ў Беларусі са спадаром немцам. Толькі ўсе размовы будуць бессэнсоўныя, бо канцлерам у спадара немца быў агент КГБ спадар Шродар (не кажу ўжо пра Віка).

Ці, напрыклад, можна было і сто, і тысячу разоў казаць журналісту (і казалася), што ў палітычнай прыродзе не існуе “беларускага рэжыму”, але ёсьць антыбеларускі рэжым Лукашэнкі. Гэта ж так. Глядзеце ў корань, у палітычны зьмест. Аднак журналіст усяроўна, падавіцца, але будзе ўпарта казаць і пісаць “белорусский режим” (бо зразумела, што такі тэрмін – гэта кляймо на нацыю і хтосьці такога тэрміну патрабуе). І звыклы беларус пры гэтым наіўна ня будзе разумець, чаму той журналіст так гавора.

Агентура КГБ у сёньняшняй Расеі і ў Беларусі — гэта палітычная сіла рэжыму, выведзеная з-пад юрыдычнай адказнасьці. Праз агентуру фашысцкія рэжымы робяць сваю палітыку ў дзяржаве, ажыцьцяўляюць дэзінфармацыю і прапаганду, і нават забойствы.

Пры ацэнцы палітычнага становішча ў Расеі і ў Беларусі Захад і ўнівэрсальны абывацель зыходзяць з уяўленьняў ХХ-га стагоддзя, адчуваючы, праўда, што нешта зьмянілася. Але яны не разумеюць, што зьмянілася, бо агентура невідочная. Агентура стала, як машкара, як навадненьне ў палітыцы, незразумелае абывацелю і звычайнаму жыхару.

Расплата абавязковая

Вызначыць агентуру не складана, дастаткова некаторых ведаў і палітычнага вопыту. Калі б я стаў называць, што вядома пра агентуру і што круціцца ў палітычным полі фашысцкага рэжыму і ў апазыцыйных імітатараў, дык у некаторых самаўпэўненых дзеячоў здарыўся б, пэўна, закрут у галаве, асабліва па люстрацыі першых асобаў розных краінаў, тыпу: Шродэр, Паксас, Прунскене, Валэнса, Кебіч, Шушкевіч, Шэварднадзэ, Аліеў, Кісінджэр і іншыя вядомыя “дзеячы-дэмакраты”.

Пра “журналістаў”, шкоду і шкоднікаў ня буду нават казаць. Іх легіён. Цяпер некаторыя нават вядомыя нібыта беларускія інфармацыйныя рэсурсы, сталі працаваць на “русский мир” і замест таго, каб дапамагаць акупаванай рэпрэсаванай Беларусі беларускім словам, яны ўвялі ў вяшчаньне рашысцкую мову, хоць рашыстам напляваць на вяшчаньне па-руску ад беларускіх “предателей” і “далбадубаў”. Яно ім непатрэбнае. “Пиндосов из-за бугра” ў Расеі ніхто ня слухае. Але русіфакацыя паўзе.

Адным зь першых законаў у вольнай Беларусі абавязкова павінен стаць закон аб люстрацыях, прытым не лагодны, як у Польшчы, а з жорсткімі абмежаваньнямі. Нікому нічога не даруецца. Вельмі шмат выцерпеў наш народ, яго годнасьць і культура ад ворагаў і здраднікаў нацыі.

Самым мяккім абмежаваньнем для іх мусіць стаць забарона на прафэсію. Ніхто з агентаў антыбеларускага фашысцкага рэжыму ня будзе мець права працаваць у журналістыцы, у сродках масавай інфармацыі, выкладчыкам у школе і ўнівэрсітэце, супрацоўнікам на дзяржаўнай службе, у войску і паліцыі. Ім ня будзе даверу. Мусіць быць справядлівасьць і пакараньне за пакуты невінаватых людзей, за шкоду, нанесеную нашай спакутаванай краіне і нашай нацыі ў цяжкі час. Свабоднае грамадзтва мусіць абараняць сябе, запабягаць стратам і шкодзе яго палітычнаму і маральнаму здароўю.

N o t a

І тут мушу, аднак, зрабіць пасьляслоўе, ведаючы страх чынавенства і подласьць рускіх прапагандыстаў, якія залемантуюць, палохаючы беларусаў. Пераход улады тэзісна апісаны намі ў праграме «Вольная Беларусь» (2017 г.). Падрэжымная бюракратыя ў большасьці будзе задзейнічана ў сістэме пераходнай і потым новай улады. Падрыхтаваць адміністрацыю ў эміграцыі рэальна не атрымаецца. Гэта разумная тэарытычная візія. Рэчаіснасьць іншая.

Адміністратарам, якія не зрабілі злачынства, будзе прапанавана падпісаць дэклярацыю аб супрацоўніцтве з часовай народнай (рэвалюцыйнай) уладай. У чыноўных людзей будзе выбар, адказнасьць замацавана ў часовым заканадаўстве.

Частка адміністрацыйных кадраў (што падпішуць дэклярацыю) будзе прыведзена да прысягі Беларусі. Дзеля гэтага часовы ўрад прымае распараджэньне аб прысязе, а пазьней (пасьля легітэмізацыі ўлады праз выбары) – закон.

Узровень ведаў, кваліфікацыі, актыўнасьці і выніковасьці служачага будуць зьвязаны з класнасьцю чыноўніка (адміністратара); класнасьць — з заробкам, стажам і пэнсійным забесьпячэньнем.

Забарона на прафэсіі для люстраваных асобаў (што не зрабілі крымінальнага злачынства) будзе рэгламентавана рознымі чыньнікамі, (скажам ад 2 да 12 гадоў) альбо зьнята ў выніку самапрызнаньня асобы, ці ў выніку станоўчай дзейнасьці дзеля краіны і г. д. Закон не павінен цалкам зачыняць чалавеку пэрспэктыву пераасэнсаваньня яго ўдзелу ў соцыюме і ў жыцьці краіны. У заканадаўстве мусіць быць дэталёва прапісаныя зьменныя палажэньні. Вольныя людзі ў вольнай Беларусі ўсё гэта зробяць.

6 чэрвень 2022 г. Зянон Пазьняк

11/6/2022 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2022
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024