Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ЧАСОПІС АДРАДЖЭНЬНЯ Часопісам “Беларускія Ведамасьці” я цяпер карыстаюся як энцыкляпэдыяй беларускага палітычнага змаганьня канца 20-га і пачатку 21 стагоддзяў. Адчуваю, што чым далей аддаляецца час, тым больш узрастае для мяне інфармацыйная роля гэтага выданьня. Успамінаю, што калісьці гадоў 10 таму, Вітаўт Кіпель неяк сказаў у сваім выступе, што “Беларускія Ведамасьці” — гэта цяпер адзіны адраджэнскі часопіс, і роля яго ў гісторыі будзе толькі ўзрастаць. Мінуў час — і сапраўды пагаджаюся з гэтай высновай і пачынаю думаць аб зьберажэньні таго, што ёсьць. У Сеціве “Беларускія Ведамасьці” існуюць толькі напалову — №№ 31-68 — (”Беларуская Салідарнасьць” — http://www.bielarus.net/archives/category/bielaruskija-viedamasci/ ). У бібліятэках цалкам яго няма нідзе. Асобныя гадавікі і экзэмпляры ёсьць у бібліятэцы ў Лодзі і ў Варшаве, часткова (найбольш) — у Публічнай бібліятэцы ў Нью-Ёрку і, магчыма, нешта ў Вільні. У Беларусі ўсё зьнікла. Папоўніць Сеціва маглі б энтузіясты (што пры цяперашнім часе малаверагодна). З 1996 па 2013 выйшла 70 нумароў. Рабілі і выдавалі яго ў Варшаве (на зьбіраныя сродкі беларусаў Амэрыкі) Зянон Пазьняк і Галіна Палачаніна (пра падтрымцы карэспандэнтаў БНФ). Асноўная прычына спыненьня выданьня — немагчымасьць дастаўкі ў Беларусь. (Рэжым арганізаваў вельмі жорсткія меры, замовілі нямецкую тэхніку для кантролю над мяжой, пачаліся суды над людзьмі за правоз літаратуры, мае выданьні былі аб’яўлены “экстрэмісцкімі”, “тэрарыстычнымі” і г. д.) Нядаўна я зрабіў кніжную аправу гадавікоў часопіса. Праміне час — і ён стане памятным чыньнікам цяжкога і ганебнага часу ў нашай гісторыі. НА ЗДЫМКУ: разварот адчынены на тытульнай вокладцы часопіса №5 за 1997 год. Фота — фрагмэнт з дэманстрацыі БНФ у Менску ў 1997 годзе. Пасьля лістападаўскага дзяржаўнага перавароту Лукашэнкі ў 1996 г., зьдзейсненага пры непасрэднай дапамозе кіраўніцтва Расеі, паграза расейскага захопу Беларусі (інтэграцыі) стала рэальнай палітыкай Масквы. Барацьбу супраць маскоўска-нямецкіх планаў анэксіі пад Расею і акупацыі Беларусі ўзначальваў Народны Фронт. Тыя падзеі зь беларускага гледзішча адлюстраваны ў часопісе “Адраджэньня”. 7 верасень 2022 г. Зянон Пазьняк 8/9/2022 › Навіны, Зянон Пазьняк |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |