Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ПРАМАСКОЎСКАЯ ПАЛІТЫКА МУСІЦЬ БЫЦЬ ЛІКВІДАВАНАЯ Пасьля вымушанага рашэньня Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту “Вольная Беларусь” аб узяцьці на сябе абавязку і функцыі альтэрнатыўнага ўраду Рэспублікі Беларусь у сувязі з акупацыяй краіны і расейска-украінаскай вайной газпрамаўсака-прапуцінаская група зь Вільні тут жа ўзьняла на шчыт сваю палітычную вітрыну Сьвятлану Ціханоўскую. Ціханоўская зноў пачала казаць пра сябе, што яна “представітель белорусского народа” і “гарант прав белорусов” і што яна, маўляў, стварае (цытата): “переходный кабінет на основе полномочій, данных мне белолрусскім народам” і т. п. фантазіі. Ніякіх паўнамоцтваў і правоў ні ў чым і ніколі не даваў гэтай асобе беларускі народ. Яна ня ёсьць нічога і нікога “гарантам” і не “представляет народ”. Гэта фантазіі, якія ўнушылі ёй пэўныя людзі на падставе прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года, калі масы выбаршчыкаў у гарадах галасавалі супраць Лукашэнкі за альтэрнатыву, якой ня ведалі. Выбары 2020 года былі сфальсіфікаваныя з абодвух бакоў. Лукашэнка, — скарыстаўшы адміністрацыйны рэсурс, прыпісаў сабе больш за 80 адсоткаў галасоў і падмацаваў гэта фальшывымі пратаколамі. Агентурная прапаганда вакол Ціханоўскай, спасылаючыся на ўяўленьні і на агульнае меркаваньне людзей, што галасавалі супраць рэжыму, стала казаць, што выбары выйграла Ціханоўская. Прытым яны не спасылаюцца на канкрэтныя адсоткі і лічбы, бо іх не існуе. (Згодна інструкцыі Цэнтральнай Выбарчай Камісіі, бюлетэні галасаваньня зьнішчаны праз 24 гадзіны пасьля галасаваньня.) Фальсіфікацыя Ціханоўскай абапертая толькі на фантазіі і на фальшывую прапаганду. І Лукашэнка, і Ціханоўская падлягаюць суду за фальсіфікацыю выбараў і стварэньне фальшывай карціны галасаваньня шляхам дэзінфармацыі грамадзтва. Рэальнае становішча (прызнанае заканадаўцамі) выглядае так: выбары ў Беларусі з прычыны фальсіфікацыі не адбыліся; прэзыдэнт ня выбраны; Лукашэнка — узурпатар улады, а Ціханоўская — фантомная фігура ў палітыцы, якую выкарыстоўваюць прарасейскія палітычныя групы. Зьяўленьне такой фігуры ёсьць вынік апэрацыі палітычных спэцыялістых, якая рэальна пачалася ад незаконнага зацьвярджэньня Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах. Ціханоўская (каманда па збору подпісаў якой налічвала ўсяго крыху больш за 200 асобаў) не сабрала належнай колькасьці подпісаў, але была зацьверджана рэжымнай ЦВК шляхам прыпісак колькасьці падпісантаў. Ціханоўская тое ведала і — пагадзілася. На мове палітыкі гэта абазначае згоду на супрацоўніцтва з рэжымам. (Дарэчы, тут стары гэбоўскі прыём. Так было на выбарах 2010 года, калі па загаду Лукашэнкі нестаючыя подпісы прыпісалі Раманчуку, Дзімітраву, Кастусёву і іншым. І Лукашэнка пра тое публічна сказаў. Які агентурны спэктакаль разыграў потым рэжым з тымі кандыдатамі, пасадкамі ў турму і пакаяньнямі — мы памятаем.) Усё, што зьвязана з палітычным выкарыстаньнем надзьмутага вобразу Ціханоўскай, было на шкоду Беларусі. Найбольш разбуральнай стала рыторыка падтрымкі і патрабаваньне эканамічных санкцыяў супраць Беларусі (з наіўным апраўданьнем, што гэта падарве ўладу Лукашэнкі.) Эканамічныя санкцыі ўдарылі па беларусах, па народзе, па беларускіх прадпрыемствах, гаспадарцы, гандлі і вытворчасьці. І самае галоўнае — яны загналі Лукашэнку пад поўнае падпарадкаваньне Пуціну і ўскосна паспрыялі расейскай акупацыі Беларусі. Шкоднасьць санкцыйнага палітыканства групоўкі вакол Ціханоўскай стала катастрафічна разбуральнай для нашай краіны. Пры гэтым прамаскоўска-газпрамаўская група і прыватна Ціханоўская не пераставалі хваліць Расею, расейскую палітыку, называць Пуціна “мудрым”, спадзявацца на яго запамогу супраць Лукашэнкі і гэтак далей — аж да непрыстойнасьці. Цяпер жа, калі Расея акупавала Беларусь і напала на Украіну, пачаўся фарс з “пераабуваньнем” групоўкі. Ціханоўская зноў паўтарае сваё завучанае пра тое, што яна нібыта “гарант” народу і што стварае “кабінет”… супраць акупацыі (не называючы пры гэтым Пуціна і хто акупаваў Беларусь). Паплавок, які трымае гэтую чужародную групоўку на паверхні прамаскоўскай квазі-палітыкі, адзіны і банальны. Гэта не малыя грошы, якія даў групнікам Эўразьвяз дзеля барацьбы за дэмакратыю ў Беларусі і на справе дзеля прасоўваньня заходніх інтарэсаў у геапалітыцы. (Тут таксама тыповы прыклад, калі прарасейская агентура існуе на ўтрыманьні эўраструктур.) І цяпер пытаньне, якое паўстала даўно: што рабіць з гэтай групоўкай? У далёкай і лепшай пэрспэктыве (калі ня стане “мудрага” Пуціна), я ўжо адзначаў: сьледзтва, суд, магчыма, вырак люстрацыі. Такой шкоднай групы ў беларускім палітычным полі не павінна быць. Сама група не ліквідуецца. Тым больш цяпер, калі праглядаецца яе новая задача — перашкодзіць беларусам у змаганьні з акупацыяй “мудрага” Пуціна такім чынам, каб адвесьці змагароў ад нацыянальнай барацьбы ў сьляпы завулак, напрыклад, за “правы чалавека” ці “за новыя выбары” ды замену Лукашэнкі на іншага (”лепшага” Лукашэнку), тыпу прамаскоўскага Бабарыкі і т. п. Думаю, аднак, што зьнікненьне гэтай групоўкі і дзіўныя гастролі Ціханоўскай ёсьць пытаньнем нядоўгага часу. Дэкаратыўныя асобы групоўкі ня ў стане функцыянаваць у абставінах вайны, акупацыі і падзей, калі вырашаецца лёс беларускай нацыі, і, магчыма, — усяго чалавецтва. (Я не абмовіўся, бо сьвет мае справу з вар’ятам у ядзернай краіне.) Нішто, што будуць казаць, вяшчаць і, магчыма, нават “рабіць” (хоць такое мала верагодна) гэтыя групнікі з Сьвятланай Ціханоўскай ня трэба прымаць пад увагу, слухаць і абмяркоўваць. Беларускі Нацыянальны Сакратарыят “Вольная Беларусь” узяў на сябе адказнасьць за змаганьне беларусаў супраць акупацыі, выступае ў якасьці альтэрнатыўнага ўраду Рэспублікі Беларусь. Заклікаем усіх, хто падтрымлівае Праграму, дзейнасьць і пазыцыю Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту “Вольная Беларусь” спрыяць гэтай пазыцыі справамі і ўдзелам на карысьць свабоды, незалежнасьці, суверэнітэту і волі роднай Беларусі. 27 люты 2022 год Зянон ПАЗЬНЯК 27/2/2023 › Навіны, Зянон Пазьняк |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |