Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: АБ ПРЫЧЫНАХ ДЫСКРЫМІНАЦЫІ БЕЛАРУСАЎ З БОКУ ЦЯПЕРАШНІХ УЛАДАЎ ЛЕТУВЫ

Такога яшчэ не было. Частковы адказ на пытаньне, выстаўленае ў загалоўку (калі коратка і дакладна) гучыць так: адной з прычынаў дрэнных адносінаў да Беларусаў з боку цяперашніх ўладаў Летувы зьяўляецца падрыўная дзейнасьць агентурнай групы “Офіса” Франака-Ціханоўскай і яе ўплыў на цяперашніх кансэрватыўных палітыкаў.

А пачалося ўсё яшчэ вясной гэтага года (канец сакавіка), калі ў Сэйме падрыхтавалі закон аб ўраўненьні дачыненьнў да беларусаў як да расейцаў і прапанавалі дыскрымінацыйныя палажэньні. 29-га сакавіка я і Павел Усаў выехалі ў Вільню як прадстаўнікі НВР “Вольная Беларусь”, каб сустрэцца з прыўладнымі палітыкамі і кансэрватыўнымі дэпутатамі Сэйма ды абмеркаваць праблему, задаць пытаньні, зрабіць прапановы.

Па прыезьдзе ў Вільню аказалася, што нашы дамоўленасьці аб перамовах скасаваныя. Разбурыў гэта і адкрыта засьведчыў (нават зьмясьціў здымкі ў Інтэрнэце) ўдзельнік “Офісу” вядамы агент пад агентурнай клічкай “Раймон”. Больш таго, нам нечакана адмовілі ў некалькіх дамоўленых залях дзеля спатканьня зь віленскімі беларусамі. І аказалася, што за ўсім гэтым стаіць той жа “Офіс” і той жа “Раймон” разам з іншымі агентамі групы. Прытым гэтыя энтузіясты званілі нават у пасольства Польшчы і паведамілі, што Пазьняк у Вільні на сустрэчы з грамадзкасьцю выступаў супраць Польшчы. (Праўда, у амбасадзе стукачам не паверылі, тым больш, што сустрэчу здымала польскае тэлебачаньне “Палёнія”).

Аднак гэта былі толькі “кветачкі”. Па прыезьдзе ў Варшаву мы ўбачылі, што ў Сеціве пачаўся бум. Зьявіліся абуральныя паведамленьні аб тым, што Пазьняк езьдзіў ў Летуву, каб (увага!) адабраць у летувісаў Вільню. Вэрхал зрабілі маштабны. Мэтанакіравана запрацавала віленская агентура (і ня толькі з “Офіса”). Зьявілася маса брудных допісаў у мой бок на летувіскай, расейскай і ўкраінскай мовах. Віленская “група” (якую мы вылічылі) тут жа зьвязалася з агентурай ва Украіне (перш за ўсё, з агентам пад імем “Цімур” і яго кампаніяй), і пачалася змасаваная, хоць вельмі прымітыўная атака на маё імя. Цікава, што “віленскія” пісалі паклёпы па-летувіску і па-руску, перакладалі на украінскую мову і адсылалі ва Украіну “цімураўцам” (узоры такой пісаніны засьведчаны). Паклёп неўзабаве выдахся, але ні “офіс”, ні кантора не спыніліся.
Даскрымінацыйны закон супроць беларусаў потым ўдалося агульнымі намаганьнямі беларусаў і разумных летувісаў крыху ўлагодзіць і зьняць самыя скандальныя палажэньні, нягледзячы на вета і непрыхільныя паводзіны прэзыдэнта Наўседы.

Галоўная навіна, якая вынікала з гэтых вясеньніх нападак на беларусаў у тым, што ў аснове яе (і адной з галоўных прычынаў) была варожая дзейнасьць так званага “офісу”. Для некаторых гэта, магчыма, здалося дзіўным, але факт. Наша дэлегацыя прыехала і ўмовілася з палітыкамі Летувы, каб абмеркаваць і прадухіліць дыскрымінацыйны антыбеларускі закон, тым часам групнікі з “офіса” стараліся актыўна нам перашкодзіць у гэтай справе. Такая рэчаіснасьць.

Схаваная вайна офіснай канторы і некаторых палітыкаў у Летуве супраць беларусаў працягваецца. Галоўны палітычны сэнс гэтай вайны — зрабіць зь беларусаў ворагаў Летувы. За гэтым (што добра відаць) стаіць Масква. Але, на жаль, вопытных палітычных дзеячоў у кіраўніцтве Летувы цяпер якраз дэфіцыт. Парушэньне права грувасьціцца на парушэньне права, абсурд на абсурд.
Найбольш ўразіла беларусаў недапушчальная заява нянавісьці, агучаная перад міжнароднымі дэлегацыямі прэзыдэнтам Наўседай. Ён сказаў наступнае: “Беларусь больше ня является независимой, это еще одна губерния Российской Федерации”.

Вынікам падобных заяваў зьяўляецца звычайна дыпламатычная нота ураду і патрабаваньне тлумачэньняў. Натуральна, што лукашысцкі рэжым прапусьціў гэта міма вушэй, бачачы варожасьць і ня бачачы сэнсу нешта высьвятляць. Тым часам для беларусаў сэнс ёсьць, і калі ня будзе прабачэньняў перад беларускім народам, то адносіны таксама пераменяцца, бо тут агучана афіцыйная пазыцыя цяперашняга кіраўніцтва Летувы.

Апошнім часам з боку ўлады назіраецца эскалацыя нянавісьці супраць беларусаў у Летуве, грубыя парушэньні міжнароднага права і правоў чалавека. Пачалося масавае пазбаўленьне права на жыхарства тых беларусаў, што ўцяклі ад перасьледу рэжыма Лукашэнкі. Прытым сталі пазбаўляць візы ці віда на месца жыхарства па нацыянальнай прыкмеце. (Тут грубае парушэньне правоў чалавека і міжнароднага заканадаўства). Галоўны клопат цяперашняй улады — не дапусьціць беларускіх уцекачоў на тэрыторыю Летувы. Пра гэта кажуць адкрыта (магчыма, не разумеючы нават, што гавораць супраць права).
Напрыклад, дарадца прэзыдэнта гэтай балтыйскай дзяржавы Дарус Урбонас кажа, што трэба вярнуцца да пытаньня абмежавальных захадаў у дачыненьні да беларусаў.

Чыноўнік тое сказаў, камэнтуючы інфармацыю Дэпартамэнту міграцыі пра павелічэньне колькасьці беларусаў, якія жывуць у Летуве. І далей адкрыта кажа, што калі ўвесьці санкцыі супраць беларусаў, то «гэтая статыстыка выглядала б інакш». Гэтыя чыноўнікі яшчэ, відаць, не зразумелі, што яны ўжо жывуць у Эўразьвязе, а не ў СССР.

Польшча ахвярна прыняла больш за пяць мільёнаў украінскіх уцекачоў і гатова прымаць надалей. Палякі ўвялі ў грамадзкіх месцах украінскую мову, дазволілі вучыцца украінскім дзецям па-ўкраінску, украінцы працуюць, інтэграваліся ў польскую эканоміку, удзячныя палякам, дапамагаюць свайму войску, мараць вярнуцца ў вольную Украіну.

Тут жа, у Летуве, пад уладай кансэрватараў робіцца тое, чаго не бывае ў дэмакратычных краінах: нейкая правінцыйная нэўрастэнічнасьць, а не добрасуседзкая палітыка. Чыноўнікі не настроены дапамагаць нават 58 тысячам беларусаў, што ўцяклі ад турмы і перасьледу.

І вось што прыдумала кансэрватыўная фантазія. Чаноўнікі сталі рабіць з тых беларусаў, што ўжо даўно жывуць у Летуве, людзей, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы дзяржавы.

У сродках інфармацыі зьявіліся наступныя статыстычныя паведамленьні (”Свабода”). 2 жніўня міграцыйная служба паведаміла, што на пачатак ліпеня 2023 году ў Летуве пражывала 58 347 грамадзян Беларусі.
4 жніўня гэтае ж ведамства заявіла, што з канца лістапада 2022-га Летува прызнала 910 беларусаў асобамі, якія становяць пагрозу для яе нацыянальнай бясьпекі.

337 грамадзянам Беларусі было адмоўлена ў выдачы часовага дазволу на жыхарства, 121 — у замене гэтага дакумэнту, у 205 ануляваны часовы дазвол на жыхарства, які раней дзейнічаў.
Для ўсіх гэтых беларусаў пагражае дэпартацыя. Ворагамі дзяржавы сталі лічыць тых беларусаў, якія працавалі ў беларускіх дзяржаўных арганізацыях (напрыклад, на чыгунцы), бо, маўляў, “калі працавалі на дзяржаўным прадпрыемстве, то маглі быць завербаваныя”.

Адказам на гэтакае самаупраўства чыноўніцкіх устаноў сталі звароты беларусаў ў суд. І трэба аддаць належнае — суды часта выконваюць закон і права і вызваляюць людзей ад рэпрэсій. І тут (увага!) дзяржаўныя чыноўнікі (напрыклад, член камітэту па абароне А. Мазуроніс) выступілі з ініцыятывай правесьці закон аб забароне аспрэчваньня дэпартацыі беларусаў праз суд. (https://www.youtube.com/watch?v=KZGF7Ud33Fg )
Ну як вам такія ўяўленьні пра юрыспрудэнцыю!

Але далей зусім казка, не раўнуючы, нібы з Трэцяга Райху, НКВД і ГУБЧЭКА. Дэпартамэнт Міграцыі зьвярнуўся да грамадзянаў дзяржавы і “просіць жыхароў паведамляць у “ворганы”, калі яны на вуліцы ці ў Інтэрнэце (!) ўбачылі нелаяльныя адносіны прыезжых да Летувы. Грамадзяне павінны (!), заклікае Дэпартамэнт, паведаміць пра гэта ў Міграцыйную службу альбо ў Дэпартамэнт бясьпекі”. (https://www.youtube.com/watch?v=KZGF7Ud33Fg ).

Альбо вось такое патрабаваньне “стукаць”: Primename, kad informacija dėl įtartinų asmenų, galimai keliančių grėsmę Lietuvos nacionaliniam saugumui, galima pasidalinti el. pašto adresu [email protected]. VRM inf.
(Пераклад: “Нагадаем, інфармацыю аб падазроных асобах, якія могуць прадстаўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы Летувы, можна перасылаць па электроннай пошце на электронны адрас [email protected].)
Нават ня стану агучваць, што гэта такое, як называецца і да чаго прыводзіць “данасіцельства”. Людзі ўжо такое праходзілі. Аж гляньце, яно зноў ажывае недзе ў закутку Эўразьвязу.

Ужо пачаліся вобшукі ў 910 беларусаў, пазначаных для дэпартацыі. Вобшукі адбываюцца так. Паліцыя без папярэджаньня ўрываецца ў кватэру і не прад’яўляючы ніякіх дакумантаў пачынае ўсё пераварочваць і “шманаць” (пазнаеце почырк?). Калі нейкая спадарыня Калегава стала адразу тэлефанаваць у пракуратуру, нападнікі выбілі ў яе з рук тэлефон і сказалі “заткнуцца”.

А сутнасьць якраз была ў тым, што бяз ведама Калегавай паліцыя ўзламала яе кватэру, і ўсё там перавярнула, нешта шукаючы (альбо хочучы нешта падкінуць). Гэты момант (напад на кватэру Калегавай) якраз зьняў на тэлефон другі ўцякач-беларус (Тут ніжэй я зьмяшчаю гэтае відэа).

Тым часам ашалелыя беларусаненавісьнікі (хутчэй што агентура ФСБ) абзываюць Вольгу Карач у сеціве “рускай шпіёнкай” і ўсклікаюць: “Ну што, тварь путинская, допрыгалась!”

Здаецца, што група Франака-Ціханоўскай нарэшце дастала сваю суперніцу і крытыкантку Вольгу Карач. Яе зьбіраюцца дэпартаваць, за тое што некалі брала інтэрв’ю ў нябожчыка Жырыноўскага (тут ужо і лукашыстаў пераўзышлі). Хаця па гэтай жа логіцы (што выстаўлена супраць Карач) трэба было б найперш дэпартаваць якраз Ціханоўскую і ўсю агентурную групу. Але тут гэта як жарт.

Што рабіць беларусам, якія ўцяклі ад лукашызму, і сутыкнуліся тут з гэтым “нэо”? Найперш трэба абавязкова зьвяртацца ўсім беларусам (а іх тысячы) у суды Летувы, потым у Камісію па правах чалавека ААН, у Эўракамісію, у АБСЕ, і нават у Міжнародны Суд. Адстойвайце свае правы. Міжнародныя законы на вашым баку.

Тое, што пачалося рабіцца цяпер у Летуве, можна растлумачыць па-рознаму. Прычынай мог бы быць, напрыклад, нейкі схаваны маргінальны нацыяналізм. Альбо нават псіхічная хвароба нейкага адказнага чыноўніка. Але, на мой пагляд (нават калі б першыя дзьве вэрсіі маглі быць), галоўны зьмест ўзбуджэньня нематываванай нянавісьці да беларусаў заключаецца ў глыбокай і зладжанай дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў, найперш ФСБ. Такі ж самы накірунак і зьмест іх дзейнасьці відаць ва Украіне. Ды й паўсюдна яны цяпер расьсяваюць зерні нацыянальнай нянавісьці і канфліктаў, узбуджаюць крыніцы напружанасьці. Гэта ў расейскіх інтарэсах.

У заключэньне коратка магу сказаць. Палітыка кансэрватараў, накіраваная на рабленьне ворагаў зь беларусаў, памылковая і крайне недальнабачная. Катастрафічна недальнабачная. Гэта тое, чаго якраз цяпер ім катэгарычна ня трэба рабіць. Яно можа фатальна ўскладніць будучыню краіны, калі гэтыя палітыкі страцяць саюзьнікаў у абліччы беларусаў. Паправіць ўсё будзе цяжка і зваліцца тое на плечы іншых палітыкаў. Толькі баюся, што зразуменьне гэтага ёсьць за межамі кансэрватыўнага думаньня.

21 жнівень 2023 г.
Зянон Пазьняк
https://www.bns-volnayabelarus.org/…/pazniak…

24/8/2023 › Навіны, Зянон Пазьняк


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2023
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024