Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
ВАЯР-ДАБРААХВОТНІК – ПАВЕЛ ШУРМЕЙ (Фрагменты гутаркі) Беларускі спартовец вясьляр Павел Шурмей нарадзіўся 1-га верасьня 1976 г. у горадзе Ліда, дзе і прайшло яго дзяцінства. Вучыўся ў савецкай школе, у якой навучаньне вялося па-расейску. Ужо юнаком ён стаў займацца акадэмічным веславаньнем і з цягам часу быў залічаны ў Алімпійскую зборную Рэспублікі Беларусь па акадэмічным веславаньні. Фрагменты нашай размовы прапаную ўвазе чатачоў. СПОРТ Галіна Пазьняк: — Раскажыце, калі ласка, як вы прыйшлі ў вялікі спорт? Павел Шурмей: — У спорт прыйшоў, можна сказаць, за кампанію. (Сьмяецца.) Калі дакладна казаць пра акадэмічнае веславаньне, то вясной 1990 г. у школу прыйшла трэнер па акадэмічным веславаньні — рабілі набор. Некалькі маіх сяброў вырашылі пайсьці, і я пайшоў зь імі за кампанію. Такім чынам гэта сталася выпадкова. Я ня марыў, што стану прафэсійным спартоўцам. Скончыў школу і зьбіраўся ісьці ў войска. Г.П.: — Дзе вы былі, дзе выступалі? П. Ш.: — Удзельнічаў у дзьвух Алімпійскіх гульнях. У Афінах мы дайшлі да фінала. У той год мы выйгралі Кубак Сьвету ў агульным заліку. За два гады да гэтага ў 2002-м былі трэція гульні заліку Кубка Сьвету. Наша каманда заняла трэцяе месца. Мы сталі фіналістамі чэмпіянатаў сьвету некалькі разоў і неаднаразова чэмпіёнамі і прызёрамі на чэмпіянатах Эўропы і Сьвету; потым — на чэмпіянатах Сьвету і Эўропы па веславаньні на вясьлярных трэнажорах у зімку. Г.П.: – А якія былі адносіны вашай спартыўнай каманды з афіцыйнай улаай? Умешвалася ўлада ў вашую працу, ці не, так бы мовіць, “ціснулі”, ці як? П.Ш.: — Цікавае пытаньне. Трэба разумець, што з аднаго боку ўлада заўжды ўмешваецца. Гэта насьледкі Савецкага Саюза. Яны ўмешваюцца ў працу нацыянальных каманд заўжды. Бывала, што гэта на карысьць, але ня так часта. Часьцей гэта было не на карысьць. ЯК УЗРАСТАЎ БЕЛАРУСКІ ПАТРЫЯТЫЗМ Г. П.: — Як вы пачалі адчуваць сьвядомую прыналежнасьць да Беларусі, да беларускай нацыі? Як гэта выяўлялася? П.Ш.: — Мяне зь дзяцінства цікавіла гісторыя. Я старанна яе вывучаў. На занятках па гісторыі (ужо нават у пачатковай школе, і асабліва ў сярэдняй, ў 1986-87-я гады) мяне ўвесь час вельмі зьдзіўляла, чаму мы вывучаем гісторыю сярэднявечча, сярэдніх вякоў, гісторыю СССР, гісторыю іншых краінаў, а пра наш край, пра Беларусь усё было вельмі мала і так, накшталт “мы пад гнётам польскіх феадалаў”… Пра Беларусь не казалі наогул – толькі часам пра беларускі народ. Гісторыі Беларусі ў школе не вывучалі. Г.П.: — Удакладняючае пытаньне ў працяг: як вы вярнуліся да беларускай мовы як сталі беларускім патрыётам? Маю на ўвазе, што “патрыёт” – гэта не камплімэнт. Гэта нармальны стан беларуса. П.Ш.: — Я лічу, што кожны з нас сам вырашае свой лёс. А разам мы вырашаем лёс нашай краіны. Дакладней — можам вырашыць. Але ў нас так павялося за апошнія 200-300 гадоў (пасьля разьдзелу Рэчы Паспалітай): расейская ўлада, савецкая ўлада, бальшавіцкая… Гэтай уладзе непатрэбны былі людзі, якія маюць уласнае ўяўленьне пра сьвет, маюць уласную думку, вырашаюць самі свой лёс. Вось праз гэты прыгнёт мы зараз у Беларусі маем тое, што шмат людзей лічаць, маўляў, а што мы можам, ад нас нічога не залежыць, а што тыя выбары… Усяроўна начальнік за нас вырашыць, “бацька”, “дзядзька” ці хто-небудзь яшчэ. ВАЙНА Г.П.: — У 2014 годзе Расея напала на Украіну. Фактычна, пачалася вайна. Як вы гэта ўспрынялі? П.Ш.: — Нэгатыўна. Г.П.: — 17-га студзеня 2022-га расейцы ў выніку здрадніцтва Лукашэнкі ўвялі свае войскі ў Беларусь, пачалі манэўры і не вывелі іх пасьля сканчэньня манэўраў. Сталася акупацыя Беларусі. 24-га лютага расейскія акупанты напалі на Украіну з тэрыторыі акупаванай Беларусі. Адбылося паўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Украіну. Вы, знаходзячыся ў Амэрыцы, тэрмінова паляцелі ваяваць ва Украіну. За каго Вы паехалі ваяваць і чаму? П.Ш.: — За Украіну, і за Беларусь, таму што наш шлях да вольнай Беларусі, да перамогі над антынародным рэжымам ляжыць праз перамогу Украіны над Расеяй у гэтай вайне. Г. П.: — Вы зьяўляецеся ваяром палка імя Кастуся Каліноўскага. Што вы можаце сказаць пра свой полк? П. Ш.: — Полк Каліноўскага ваюе ў складзе інтэрнацыянальнага легіёна Украіны, у складзе галоўнага ўпраўленьня разьведкі Украіны (ГУР). У склад палка ўваходзяць батальён “Ліцьвін”, батальён “Волат”, мэдычная рота. Нават іншаземцы з інтэрнацыянальнага легіёна жадаюць прыяднацца да нашых батальёнаў, бо тут структура і працэс адладжаны лепш, чым у некаторых іншых падразьдзелах. Г. П.: — Вашыя першыя баявыя дні. Якія яны былі і дзе? П. Ш.: — Першы баявы выезд – Ірпень. Я — ў якасьці кулямётчыка. А летам, калі зьявіліся буйнакаліберныя кулямёты, “браўнінгі” амэрыканскія (12,7) — імі трэба было камусьці займацца. Мяне прызначылі камандзірам зьвязу буйнакаліберных кулямётаў. Г.П.: — Вы ваявалі нейкі час бяз параненьняў, і раптам – цяжкое раненьне. Наколькі я ведаю, вы яго атрымалі таму, што засталіся “на нулі”, калі быў загад адступаць? П. Ш.: — Не, ня так. Гэта адбылося ў Бахмуце. На жаль, гэта вайна, людзі атрымліваюць параненьні, нярэдка гінуць… Мы проста выконвалі загад, рабілі сваю працу і патрапілі пад варожы абстрэл. Гэта быў, хутчэй за ўсё, расейскі танк. Ён «працаваў» здалёк, амаль з 4-х кілёмэтраў. У першай сэрыі абстрэлу зачапіла аднаго нашага хлопца. Мы засталіся яму дапамагаць. Абстрэл скончыўся, і мы чакалі эвакуацыю. Але праз нейкі час — 2-гі абстрэл з іншай пазыцыі і пад іншым кутом. Г. П.: — Вы трапілі ў шпіталь. Колькі вы там прабылі? П. Ш.: — У шпіталях я правёў крыху больш за месяц, але потым пачалася доўгая рэабілітацыя. У мяне быў перабіты прамянёвы нэрв. Нэрвы, на жаль, аднаўляюцца доўга, і на сто адсоткаў яны не аднаўляюцца. Але (як сказалі лекары) ёсьць магчымасьць аднавіць працу левай жмені на 80 адсоткаў. На гэта ідзе 12-18 месяцаў. Рука зараз ужо рухаецца, праўда, працуе, ня так добра, як бы я жадаў, але ўсё ж яна працуе. А самая лепшая рэабілітацыя, як сказалі лекары, — ці гаспадарка, хатняя праца, цяжкая фізічная, ці зноў – да баявой працы. Вось таму я павяртаюся зноў да баявой працы, каб хутчэй аднавілася рука. Г.П.: — Значыць, вы хочаце сказаць, што падлячыўшыся, прайшоўшы рэабілітацыю, не да канца аднавіўшы рухомасьць рукі, зьбіраецеся зноў ехаць ва Украіну на фронт? П.Ш.: — Так. Баявая праца дапаможа хутчэй аднавіцца. Г.П.: — А калі змаганьне зацягнецца, і на доўга, як вы свой плануеце лёс? П.Ш.: — Ну, “рэаль палітык” – на жаль… Скажу так. Я максімум прыкладу сілаў, каб быць у гэтай барацьбе і ў падрыхтоўцы да таго моманту, калі мы здолеем ісьці вызваляць Беларусь. Г.П.: — Уявім сабе той варыянт, які б нам хацелася, каб ажыцьцявіўся. І вось свабодная (яшчэ ня вольная, але свабодная) Беларусь. Ваша роля? П. Ш.: — Я думаю, у родным горадзе будзе шмат працы. Г.П.: – Зразумела, што страты сяброў на вайне – гэта вялікі ўдар, і тут прывыканьня ня можа быць. Калі прыходзіцца хаваць блізкіх людзей, а ўсе пабрацімы, якія загінулі, — гэта блізкія людзі. І ўсё ж такі, як удаецца ня ўпасьці ў дэпрэсію, у адчай?.. П.Ш.: — Дэпрэсія і адчай будзе, калі мы кінем барацьбу – гэта і будзе адчай, бо тады выходзіць, што пабрацімы загінулі задарма. А калі мы працягваем іхнюю працу – то ўсё гэта не надарэмна. Гэта наадварот робіць нас больш моцнымі ў змаганьні. Для мяне гэта так. Г.П.: — Там, на фронце, мацуецца вашае братэрства. Ёсьць там напэўна і больш блізкія сябры, за якіх і перажываеш больш. І вось калі вы зараз не на фронце, вы кантактуеце з сябрамі? П.Ш.: — Так, зразумела, я увесь час “на сувязі” з тымі, хто зараз ваюе. ДАПАМОГА ВАЯРАМ НЕ ПАВІННА СПЫНЯЦЦА! Г.П.: — Я ведаю, што зараз вы ў Амэрыцы зьбіралі сродкі і шмат чаго закупілі (абутак для ваяроў, пэўныя прыстасаваньні для “працы” ваеннай). Вы зьбіраецеся ўсё гэта адпраўляць адсюль на фронт, так? П.Ш.: — Дзякуй беларусам Злучаных Штатаў Амэрыкі за іхную падтрымку. Так, зьбіраюцца грошы праз фонды, розныя пляцоўкі, хтосьці гатоўкай (“кэшам”) дапамагае. І мы набываем рыштунак, абутак, розныя вайсковыя прылады. І ўсё гэта адпраўляем ва Украіну. Г.П.: — Праз СМІ мы бачым кадры, дзе ваярам прыходзіцца мясіць гразь у полі, у акопах і г. д. Колькі можа каштаваць добры абутак для ваяра? Каб цёплы, каб не працякаў, каб даўжэй служыў… П.Ш.: — Для зімы цёплыя паляўнічыя боты (нейкі пэўны час водаадпорныя), каштуюць, пачынаючы недзе ад 150 даляраў. Калі гэта вайсковыя (мы зараз у Амэрыцы знаходзімся, то гаворка йдзе пра добры амэрыканскі абутак) – гэта ўжо ад 200-250 даляраў. Г.П.: — І гэта надзейны абутак? П.Ш.: — Так, гэта добры абутак. Г.П.: — І пажадана, каб ён быў у кожнага ваяра, а гэта вялікія грошы. Гэта я да таго, што мы ня маем права спыняцца зьбіраць грошы, каб дапамагаць нашым ваярам. Так што будзем звяртацца да нашых беларусаў па дапамогу, пакуль ня скончыцца гэта жудасная вайна перамогай Украіны. Бяз валанцёрскай дабрачыннай дапамогі абыйсьціся ніяк немагчыма… П. Ш.: — Так. Сучасная вайна… Калі ў цябе цёплыя ногі зімой – гэта вельмі важна. І частка грошай ідзе на рыштунак, на абутак. Але ў сучаснай вайне патрэбныя сучасныя сродкі барацьбы: дроны, прылады начнога бачаньня, цеплавізары. І гэтага заўсёды не хапае. Не хапае транспартных сродкаў, дронаў. Гэта так званыя “расходнікі”. Яны каштуюць шмат грошай, але, на жаль, ты можаш страціць іх у першы ж дзень працы зь імі. На жаль, гэта так. Таму дапамога вельмі-вельмі важная. Г.П.: — У мінулым годзе наш ахвярны беларус-валанцёр у Амэрыцы Андрусь набываў па нашай просьбе такія штукі, што кладзеш у кішэню, за плечы, ў абутак – і яно грэе. П.Ш.: — Так, гэта з аднаго боку дробязь, а з іншага – вельмі карысная рэч. Іх можна знайсьці ня толькі ў Амэрыцы. Г.П.: — Змаганьне на фронце вымагае ня толькі фізычных, але і духоўных сіл. І бывае, ваяр стамляецца і фізічна, і духоўна. Але ваяры ўсяроўна вяртаюцца “на нуль”, як вы кажаце, і прадаўжаюць змаганьне. А вось сярод грамадзтва, я назіраю, уздым на дапамогу Каліноўцам, які быў на пачатку паўнамаштабнага нападу на Украіну (грошы давалі з ахвотай), то цяпер гэта ідзе цяжэй. Што б вы хацелі сказаць тым, хто не на вайне… П.Ш.: — Разумею, аб чым вы. Безумоўна, мы ўсе жадаем, каб перамога адбылася як найхутчэй. Але, на жаль, гэта цяжкі і доўгі шлях. Гэта шлях выпрабаваньняў. І тут (па-за фронтам) жыцьцё нас выпрабоўвае таксама. І трэба станавіцца яшчэ мацней, гартавацца, не спыняцца, аб’ядноўвацца, і тады ў нас усё атрымаецца. Г.П.: — Гэты цеплавізар, колькі ён каштуе? П.Ш.: — Нармальны цеплавізар для стралковай зброі для аўтамата, вінтоўкі будзе каштаваць прыкладна тры тысячы даляраў. Калі ідзе размова пра цяжкую амэрыканскую зброю, пра гранатамёты, кулямёты, буйнакаліберныя кулямёты (звычайныя ўжываныя армейскія) – там іншыя лічбы: пяць-дзесяць тысячаў даляраў. СУВЯЗЬ Г. П.: — Я чула, вы яшчэ казалі пра значэньне сувязі на вайне, пра рацыю. Раскажыце пра гэта, калі ласка. П.Ш.: — Сувязь – адна з галоўных рэчаў. Вось уявім сабе такую сітуацыю, у якой мы апынуліся якраз перад Новым годам пад Мікалаевым. Калі выйшлі на назіральны пункт, то ўжо ўвечары першага дня ў нас не было сувязі. Г.П.: — Гэта было, як вы кажаце, “на нулі”, так? П. Ш.: — Так,– назіральны пост. Заданьне было: назіраць за ворагам і ў выпадку атакі – дакласьці аб пачатку атакі. Варожыя сродкі супрацьэлектроннай барацьбы ўдала для іх спрацавалі, і батарэі нашыя ў рацыі “здохлі”, як мы кажам. У нас не было сувязі ў першы ж вечар. Мы вымушаныя былі шукаць сувязь праз «мэсанджэры». Зразумела, што гэта небясьпечна, вельмі небясьпечна, ды і сігнал быў дрэнны, але іншага варыянта і магчымасьцяў у нас не было, каб паведаміць, што на нашым кавалку, за які мы адказваем, усё ціха. Калі няма сувязі, увесь сэнс нашага заданьня (бо мы павінны назіраць і дакласьці, што, напрыклад, пачынаецца рух ворага) ня мае сэнсу. Бяз сувязі – навошта мы там знаходзімся? Нават агонь на сябе ня здолелі б выклікаць, кажучы “чорным” гумарам. Таму сувязь – адна з галоўных рэчаў. Ня можаш дакласьці абстаноўку, у штабе ня ведаюць, што адбываецца, і ты ня ведаеш, якія рашэньні табе трэба прымаць, як трэба дзейнічаць. Таму сувязь вельмі важная рэч. Гэта рацыя і “старлінкі”, каб была магчымасьць выйсьці ў Інтэрнэт. Г.П.: — А чым гэта скончылася тады? П. Ш.: — На наступны дзень хлопцы ішлі праз нас, прынесьлі нам батарэі. Хоць было і небясьпечна, але праз мэсэнджэр мы выйшлі на сувязь і паведамілі пра батарэйкі. ПАВЕЛ ВОЛАТ Г.П.: — Не маглі б вы расказаць падрабязьней, як загінуў Волат? П.Ш.: — Паша Волат быў адзін з заснавальнікаў на той момант батальёна імя Кастуся Каліноўскага, адзін з камандзіраў. Яны пайшлі ў разьведку. “Шэрая зона” (нэўтральная) паміж расейскімі і нашымі пазыцыямі была вялікая. Гэта было ўмоўна на Мікалаеўшчыне, хаця гэта далей ад Мікалаева. За дзень да гэтага нашы хлопцы там хадзілі, усё было добра. Яны ведалі шлях. Але хутчэй за ўсе расейцы правялі пасьля гэтага дыстанцыйнае мінаваньне. Гэта калі замест ракет, якія наносяць паразу тэхніцы, людзям, выстрэльваюць спэцыяльныя міны, і яны дыстанцыйна могуць мінаваць тэрыторыю. І, хутчэй за ўсё, у наступную ноч хлопцы рушылі ў даразьведку. Паша патрапіў у пастку. Ён быў сьмяротна паранены, яго доўга выцягвалі. Яшчэ ў аўтамабілі ён быў жывы, нашы мэдыкі спрабавалі яго рэанімаваць, але былі моцна пашкоджаны ўсе жыцьцёва важныя органы… ЧАЛАВЕК НА ВАЙНЕ Г.П.:– На фронце многія рэчы вайна абвастрае. Вы на фронце набылі пэўны вопыт. І як, з вашага назіраньня, людзі праяўляюцца на вайне? Яна ж зьмяняе чалавека, так? П.Ш.: — Так. Зразумела становіцца, што за чалавек перад табой. Скажам так: усе маскі ськінуты. Г.П.: — На вас вайна таксама ж паўплывала. Ці вы памянялі свае погляды на людзей, на чалавека? П.Ш.: — Яшчэ больш упэўніўся ў тым, што важна псіхалагічна сябе рыхтаваць да такіх момантаў, трэніраваць характар, волю. І галоўнае – верыць у перамогу, у сябе, што ўсё залежыць ад нас. Г.П.: — А там, на фронце, якая-небудзь псіхалагічная прафэсійная дапамога ёсьць? П.Ш : — Наколькі я ведаю, зараз у палку Каліноўскага ёсьць магчымасьць зьвяртацца да псіхолага. РАТАЦЫЯ Г.П.: — Пастаянна быць “на нулі” ваяр не павінен, так? П.Ш.: — Так. На фронце ратацыя неабходна. Увесь час быць на “нулі” – гэта бяссьледна не праходзіць. У заходніх арміях тое ўжо даўно зразумелі. Адбываюцца ратацыі: нейкі тэрмін хлопцы ваююць, потым іх адвозяць на ўмоўны адпачынак. У залежнасьці ад вайсковай сітуацыі, ад надвор’я, ад шчыльнасьці вагню яны могуць дзень праз дзень ад’ехаць, напрыклад, на дзесяць кілёмэтраў ад “нуля” і ў нейкі больш-менш крэпкі будынак з моцнымі падваламі, дзе можна проста нармальна паспаць, ня думаючы аб тым, што нешта праляціць… Г. П.: — Хай Бог дапаможа ўсім ваярам і змагарнай Украіне ў яе справядлівым змаганьні. Хай беражэ нашых дарагіх Каліноўцаў, усіх ваяроў-беларусаў, усіх украінскіх змагароў! П. Ш.: — Яшчэ раз скажу: ніхто за нас ня зробіць Беларусь вольнай. Нам трэба зразумець, што толькі мы самы вырашаем свой народны лёс, лёс нашай краіны. Г.П.: — Дзякуй за размову. Здароўя вам, Павал, і вашым сябрам-пабрацімам. Няхай беражэ вас Бог! Жыве Беларусь! П.Ш.: — Жыве вечна! 14 лістапада 2023 г. 24/1/2024 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |