Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
1999-04-02
Па-свойму адзначыў угодкі падпісаньня дамовы аб стварэньні Саюзу Беларусі й Расеі вядомы Мірон. Раніцай 2 красавіка над Лёзна ізноў залунаў бел-чырвона-белы сьцяг.
Ён прымацаваны да той самай 35-мэтровай высакавольтнай апоры электраперадачы ў 35000 вольтаў на беларуска-расейскай шашы Віцебск-Смаленск, на якой 21 сакавіка Міронам быў вывешаны нацыянальны сьцяг у памяць дню пакараньня Кастуся Каліноўскага.
На гэты раз у сваім звароце да беларускага народу Мірон цытуе словы пакаранага ў 1864 годзе беларускага патрыёта: “…Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе. Кастусь Каліноўскі.”
1999-04-12
Не пасьпеў старшыня віцебскай Рады БНФ “Выбар” Уладзімір Плешчанка выйсьці на волю, як ізноў са сваім сябрам Барысам Хамайдай узяўся за старое. На звыклым мейсцы ў цэнтры горада яны, у адпаведнасьці з законам аб друку, распаўсюджваюць сваю газэту “Выбар” ды іншыя незалежныя выданьні.
Але гэта вельмі не падабаецца камусьці з абласнога міліцэйскага начальства. І яны, відаць, далі каманду якім заўгодна шляхам “ачысьціць” людную кропку ад “крамолы”.
Ужо трэці дзень запар, пачынаючы ад чацьвера, “выбарцаў” забіраюць у пастарунак. Тама, абменьваючыся ўсьмешкамі, на іх складаюць пратаколы аб несанкцыянаваным мітынгу. Фармальная прычына такая — Б. Хамайда прылажвае да грудзёх шыльдачку: “Незалежная прэса”. З гэтай нагоды для пратаколаў міліцэйскія галовы прыдумалі цікавы запіс: “…выражали несогласие с политикой, проводимой в государственной прессе.”
Гэта было бы сьмешна, калі бы ў дарослых паважаных людзяў не забіраля штодня 2-3 гадзіны ці больш на “разборкі”, перашкаджаючы віцяблянам атрымліваць поўную і аб’ектыўную інфармацыю аб падзеях на Беларусі. Самі жа “выбарцы” лічаць, што ні аб якім свабодным волевыяўленьні на кожных выбарах пры гэтым рэжыме немагчыма казаць, калі распаўсюджваць незалежную прэсу робіцца ўсё цяжэй і цяжэй.
1999-04-15
Уначы з 14 на 15 красавіка адбыўся ператрус кватэры, дзе знаходзілася кампутарнае абсталяваньне рэдакцыі газэты “Выбар”. Затрыманы Сяржук Серабро, які абслугоўваў гэтую тэхніку. Сканфіскаваныя рэдакцыйны кампутар, прынтар, 450 $, улёткі, асобнікі газэты “Выбар”.
Вобшук праводзілі 6 асобаў Кастрычніцкага РАУСа г. Віцебска пад кіраўніцтвам маёра АБЭП С. Хацько. Афіцыйнае тлумачэньне — падозраньне ў вырабе фальшывых грошаў.
Раніцай 15 красавіка старшыня Рады БНФ “Выбар” Уладзімір Плешчанка ды рэдактар газэты Барыс Хамайда наведалі пракуратуру Кастрычніцкага раёна з мэтаю высьветліць сутнасьць справы. Бо з дапамогай рэдакцыйнага кампутара на чорна-белым прынтары грошы вырабляць немагчыма, апроч як малюнкі вусатых дзядзькаў.
Намесьнік пракурора Уладзімір Казлоў, які даваў санкцыю на арышт Ул. Плешчакі, ветліва прыняў госьцяў і патлумачыў наступнае. Напярэдадні ўвечары С. Серабро быў затрыманы з фальшывай 500 тыс. купюрай беларускіх рублёў і выпушчаны. Далей ён быў паўторна затрыманы на кватэры, дзе й адбыўся вобшук.
Міліцыяй распачатая крымінальная справа па арт. 84 ч. 1: “Выраб, захоўваньне, альбо збыт падробленых грошаў ці каштоўных папераў”. Камэнтуючы здарэньне, нам. пракурора пагадзіўся з тым что кампутар і чорна-белы прынтар не прыстасаваны для вырабу каляровых купюраў. Больш таго, ён пагадзіўся з тым, што вобшук рабіўся незаконна. Бо трэба, каб яго праводзіў сьледчы, а не аператыўны работнік АБЭПу. Разам з гэтым, візыта кіраўнікоў “Выбару” ў пракуратуру была ўспрынятая там насьцярожана. Бо, як заўжды, ў сяброў Рады БНФ “Выбар” лепшая абарона — напад.
Апасьля гэтага адбыўся паўторны вобшук кватэры. Цяпер ужо фармальнасьці былі выкананыя. Але цікавілі апэратыўнікаў, чамусьці, не грашовыя праблемы. Іхная пільная ўвага была прыцягнутая да палітычнай інфармацыі: рэзалюцыя кангрэсу дэмакратычных сілаў, зварот Б. Хамайды да габрэйскіх арганізацыяў з прычыны арышту Ул. Плешчанкі, журналісцкія нататкі пра Мірона.
Трэба нагадаць, што “Выбар” пазбавіўся памяшканьня ў будынку рэдакцыі “Віцебскага рабочага” 30 верасьня 1997 году. Высяленьне адбывалася з дапамогай мясцовых казакоў.
Што тычыцца рэдакцыйнай тэхнікі, дык яна ўжо была сканфіскаваная амаль на год, а потым вернутая, сьледчай групай па справе публікацыі ў “Выбары” верша С. Адамовіча “Убей президента”.
Сябры Рады спадзяюцца, што на гэты раз пракуратура больш уважліва паставіцца да гэтай справы, чым пры затрыманьні на сем месяцаў Ул.Плешчанкі. Якога, нагадаем, абвінавацілі у дэмантажы 350 кг бюста. А, таксама, разбярэцца у тым, што на чорна-белым кампутарным абсталяваньні “Выбар” ня ўстане рабіць выпуск каляровых грашовых купюраў. І, такім чынам, падрываць эканамічную моц краіны на чале з А. Лукашэнкам.
“Выбарцы” чакаюць, што у хуткім часе справа будзе зачыненая, і вылічальная тэхніка вернутая.
1999-04-17
ІЗНОЎ АБРУСЕЛЫ ВЕЧАР
Лідару віцебскага гурту “New Сosmopolis” Яўгену Савельеву, які сьпявае па-беларуску, не шанцуе з БТ. Але ўсё папарадку.
Малады беларускі гурт паціху набывае вядомасьці. Ягоныя альбомы разыходзяцца, ён актыўна канцэртуе, песьні гучаць у радыёэфіры. Са шчырасьці прыхільнікаў у нашый няпросты час стала магчымым падрыхтаваць два кліпы: “Бел-чырвона-белае” ды “Стары храм”. Апошні зь іх быў прапанаваны на БТ у перадачу “Беларускі хіт-парад”.
Пад час мінулагодніх перамоваў з “хіт-парадам” дзяржаўны кліпмэйкер А. Вечар прапанаваў гурту здымкі ў “Акаладзе”, дзе ён вядучы. Гэта зразумела, бо ў ягонай перадачы расейскамоўнай музыцы большасьць, і беларушчына толькі ўпрыгожыць эфір. Пры немагчымасьці выйсьці на дзённыя перадачы БТ, менавіта тут зрэдку пад зялёна-чырвоным бусьлікам дазваляе сабе паказацца Лявон Вольскі ды іншыя прафэсіяналы беларускамоўнай муз-тусоўкі.
Але, ці вынікі БТ-эшнага хіт-параду не задаволілі галоўнага кліпмэйкера краіны, ці яму не спадабалася публікацыя ў БМ аб ягоным удзеле ў непаказе на хіт-парадзе “Старога храму”, ці бел-чырвона-белае аздабленьне вокладак касэтак “New Сosmopolisа” насьцярожыла былога журналіста радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”, а ў гэтую вясну дамовіцца зь ім аб эфіры для маладога, але ўжо вядомага гурту, не ўдалося.
Што ж, перашкоды толькі загартоўваюць. Яўген Савельеў з упэўненасьцю глядзіць наперад. І рыхтуе новы 9-хвілінны кліп на песьню “Любоў”.
Юрай Касіч
1999-04-26
Як і меркавала рэдакцыя газэты “Выбар”, чарговая крымінальная справа “фальшываманэтчык” супраць яе супрацоўніка Сержука Серабро абрынулася. 17 красавіка ён быў вызвалены з-пад варты. А ў пятніцу 23 красавіка сьледзтва вараціла сканфіскаваную вылічальную тэхніку.
Перад гэтым да сьледчай Т. Сыраваткінай кіраўніцтвам Рады БНФ “Выбар” быў накіраваны адвакат Ул. Шайкевіч, які абараняў Ул. Плешчанку.
Высьветлілася, што 14 красавіка ўвечары супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУСа быў затрыманы на добрым падпітку родны брат Сержука 22-гадовы Сьцяпан Серабро — жыхар адной зь вёсак Чашніцкага раёну, які да грамадзка-палітычнай дзейнасьці ня мае аніякага дачыненьня.
Пры вобшуку ў затрыманага знайшлі імітацыю 100 $ купюры, на якой замест партрэта прэзідэнта ЗША Франкліна быў партрэт самога Сьцяпана. Ды яшчэ паперку, у нечым нагадваючую 500 тыс. купюру беларускіх рублёў.
АБЭЗаўцы, відаць, вырашылі, што натрапілі на буйную арганізацыю фальшываманэтчыкаў. Як належыць у такіх выпадках, прымянілі фізычную сілу да Сьцяпана і задалі наводзячае пытаньне: “Дзе табе ўручыў гэтыя грошы рэдактар газэты “Выбар” Барыс Хамайда?”
Атрымаўшы, такім чынам, адказ, што на нейкім мітынгу, сышчыкі высьветлілі, што перад імі не актывіст Рады “Выбар”, а ягоны родны брат.
Але машына была запушчаная, адпаведныя службы праінфармаваныя, і на кватэру, дзе жыў Сяржук Серабро, быў выпраўлены дэсант міліцыянтаў для вобшуку і канфіскацыі вылічальнай тэхнікі.
Абодва браты былі затрыманыя на трое сутак з парушэньнем крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Замест таго, каб апасьля 3 гадзінаў затрыманьня ў пастарунку абвесьціць ім, што яны падазраюцца ў зьдзяйсьненьні злачынства і затрымліваюцца да трох сутак па арт. 119 КПК РБ, гэта было зроблена амаль праз суткі.
Далейшае вядома. Каб гэта быў звычайны грамадзянін, дык яго б адвезьлі ў медвыцьвярэзьнік, памылі й выпусьцілі. Але ў дадзеныным выпадку абодва браты мусілі адеседзець трое сутак, ды Сьцяпан пакаштаваў міліцэйскіх тумакоў.
Як у кожнай бойцы, у “выбарцаў” ёсьць страты. Сяржук Серабро са дню затрыманьня звольнены з працы “па асабістаму жаданьню”. А да вылічальнай тэхніцы прычэпленыя электронныя вірусы.
Не выключана, што ў далейшым зь сябрамі Рады БНФ “Выбар” могуць адбыцца якія заўгодна прыгоды з падачы мясцовых пінкертонаў. Прыкладам, раней дарослых паважаных людзяў прыцягвалі ў час правядзеньня “Славянскага базару” як падазроных па згвалтаваньню непаўнагадовай. Потым, пад час працэсу па справе дэмантажу бюста А. Суворава, як злачынцаў у спраўленьні малой патрэбы ў грамадзкім мейцы. А цяпер — як фальшываманэтчыкаў.
1999-04-29
Як ужо паведамлялася, старшыня віцебскай Рады БНФ “Выбар” Уладзімір Плешчанка апасьля сямі месяцаў адсідкі выпушчаны на волю з-пад варты. Прайшло каля месяцу пасьля вызваленьня. Мне стала цікавым дазнацца аб поглядзе мужнага “выбарца” на падзеі сёньняшняга дню. Аб гэтым гутарка: (чытаць гутарку).
Юрась Карпаў
1999-04-30
Ня выйшаў аўторкавы нумар газэты Віцебскага гарсавету ды гарвыканкаму “Віцьбічы”. У панядзелак 26 красавіка сапсаваліся ўсе тры рэдакцыйныя кампутары. Неяк у электронную сістэму змог патрапіць “чарнобыльскі” вірус, які зьнішчыў падрыхтаваны макет чарговага нумару.
Рэдактарка “Віцьбічаў” Н. Тулінава раней неаднаразова лаялася па электроннай пошце, адмаўляючыся прымаць інфармацыю ад незалежнай крыніцы “Вітінфармбюро”.
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro