Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
1999-05-05
Традыцыйна ў міліцэйскім пастарунку адзначылі міжнародны дзень свабоды прэсы супрацоўнікі газэты “Выбар” Барыс Хамайда ды Ўладзімір Плешчанка.
Як зазвычай яны выйшлі на сваё мейсца “ля сіняга дому” у цэнтры Віцебска, каб распаўсюджваць сваю газэту разам зь іншымі беларускімі выданьнямі. На грудзёх Б. Хамайда прыладзіў шыльдачку: “Незалежная прэса”.
Неўзабаве зьявіліся знаёмыя міліцыянты. Яны запрасілі “пікетоўцаў” у пастарунак для віншаваньняў з прафэсійным сьвятам. У якасьці падарунку там былі падрыхтаваныя пратаколы аб парушэньні арт. 167 ч. 2 АК РБ (“несанкцыянаванае пікетаваньне”). Асабліва ўсьцешыў газэтчыкаў запіс у пратаколе: “выказвалі нязгоду з палітыкай, якая праводзіцца ў дзяржаўнай прэсе” (па-расейску).
Апасьля дзьвюх з паловай гадзінаў віншавальнага “застольля” Б. Хамайда і Ул. Плешчанка знайшлі ў сабе моцы зазірнуць у абласную бібліятэку для працягу прыманьня віншаваньняў. Толькі ўжо ад калегаў па пяру.
1999-05-10
У выходныя дні 8 і 9-га травеня на рэклямных слупох Віцебска зьявіліся агітацыйныя ўлёткі кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Міхаіла Чыгіра.
Разам з гэтым аніякіх агітацыйных матар’ялаў другога прэтэндэнта на гэтую пасаду старшыні БНФ Зянона Пазьняка анідзе не заўважаецца.
* * *
Пятнічны выпуск газэты “Витебский курьер” (№ 34, 07.05.1999) выйшаў у скарочаным вырыяньце. Гэтую акалічнасьць рэдакцыя тлумачыць фінансавым ціскам на яе дзяржаўных структураў: друкарні, “Белсаюздруку” ды “Віцебскаблпошты” пад час прэзідэнцкай кампаніі.
У парушэньне дамовы з друкарняй рэдакцыя мусіла ёй заплаціць за чарговыя нумары газэты на 20 дзён раней тэрміну. У дадатак з травеня друкарня значна павялічала кошт на свае паслугі для “ВК”. У той жа час абласныя дзяржаўныя распаўсюднікі газэты “Белсаюздрук” ды “Віцебскаблпошта” сваечасова не расплочваюцца зь незалежнай газэтай. У выніку “ВК” ня змог набыць газэтную паперу ў патрэбнае колькасьці, якая ўсё даражэе.
* * *
Рэдактарка газэты Віцебскага гарсавету ды гарвыканкаму “Віцьбічы” Н. Тулінава 7 травеня даслала цераз электронную пошту Віцебскаму інфармацыйнаму бюро пагрозьлівы ліст.
У ім паведамляецца, што “Віцьбічы” маюць намер прычапіць да абсталяваньня “Вітінфармбюро” электонныя “вірусы”, каб спыніць хвалю незалежніцкай інфармацыі.
1999-05-13
Наўмысна або сапраўды абгрунтавана з крыніцаў, да якіх мае доступ Мірон, прасочваецца інфармацыя аб тым, што былы міністр унутраных справаў Беларусі Юрый Захаранка знаходзіцца ва ўправе КДБ па Віцебскай вобласьці.
1999-05-20
Раніцай 19-га травеня жыхары райцентру Лёзна ўбычылі на сьценах грамадзкіх будынкаў рознаякія антыпрэзідэнцкія надпісы. Пацярпеў таксама помнік Ул. Леніну на цэнтральнай плошчы места.
Як паведамілі ў рэдакцыі раённай газэты “Сьцяг перамогі” надпісы былі такія: “Беларусь — у НАТА!” ды “Лукашэнку — да адказу!”. Іншыя сьведкі ўдакладняюць, што бачылі надпісы: “Лукашыстаў — за краты!” і “Прэч расейскую арду!”.
Што тычыцца Леніна, дык ён ад фарбы стаў падобны на Фантамаса.
Між іншым, людзі да гэтых падзеяў паставіліся спакойна. Так сьцьвярджаюць у рэдакцыі раёнцы. Толькі ўлады вырашылі ўсё замаўчаць, Яны ўвесь дзень старанна выціралі ўсе надпісы ды мылі помнік. А ў райаддзеле міліцыі аніякія “ЧП” не зарэгістраваныя, і аб іх нічога ня ведаюць.
Дарэчы, летась Лёзна ўжо перажывала падобны напад. Як пісала газэта “Навіны”, тады быў падпалены танк “Т-34”, запэцканы Ленін ды пакінутыя адпаведныя надпісы. Пад усім гэтым падпісваўся нейкі “Рубон”. Сьведкі запэўніваюць, што такі ж подпіс быў і цяпер.
1999-05-24
У сувязі са скаргай рэдактаркі дзяржаўнай газэты “Віцьбічы” Н. Тулінавай ад вузла Віцебскага цэнтру сеткі “Белпак” ДП “Віцебскаблтэлекам” 19 травеня часова была адключаная электронная адрэса Віцебскага інфармацыйнага бюро.
Такім чынам з-за адной прымхлівай кліенткі “Белпак” пацярпелі ўсе астатнія абанэнты гэтай дзяржаўнай электроннай сеткі, якія атрымлівалі паведамленньні “Вітінфармбюро”.
Сувязь зь віцебскім цэнтрам Белпак для “Вітінфармбюро” адноўленая 21 травеня. Папярэдне Н. Тулінава беспасьпяхова пагражала незалежнаму інфармацыйнаму каналу прычапіць электронныя вірусы цераз электронную пошту.
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro