Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
1999-06-01
УЛАДЫ
СПАЙВАЮЦЬ БЕЛАРУСКІ НАРОД
ДА… СЬМЕРЦІ
З нагоды трагедыі, што адбылася 30 траўня ў Менску й пацягнула шматлікія чалавечыя ахвяры, Віцебская Рада “Выбар” БНФ “Адраджэньне” лічыць, што сёньняшняя ўлада, каб прывабіць да сябе моладзь, дае дазвол на правядзеньне сумніўных масавых імпрэзаў, асабліва ў сьвяточны дзень, якім зьяўляецца Сьвятая Троіца.
Гэта робіцца, каб адцягнуць моладзь ад грамадзка-палітычных праблемаў, якія на Беларусі становяцца ўсё вастрэйшыя.
Ужо не адзін год насельніцтва Віцебску, у асноўным моладзь, на працягу некалькіх дзён запар спайваецца пад час правядзеньня г. зв. “Славянскага базару”. Тое самае плануецца ў ліпені гэтага году. Падобная трагедыя можа адбыцца і ў нашым горадзе.
І гэта ў той час, калі апазіцыйна настроеным да ўлады людзям, каб сабрацца ўтрох, патрэбны афіцыйны дазвол. Іначай пагражае шматмільённы штраф альбо адміністратыўны арышт.
Мы лічым, што адказнасьць за трагедыю, што адбылася, цалкам нясе сёньняшні збанкрутаваны рэжым на чале з А. Лукашэнкам.
Заява Рады “Выбар” БНФ “Адраджэньне”
1999-06-07
Рэдакцыя недзяржаўнай газэты “Лад” атрымала адмоўны адказ з Управы юстыцыі Вітаблвыканкаму аб прадастаўленьні афіцыйнай інфармацыі, што тычыцца магчымага вышуку на Беларусі Юрыя Мароза. Вядомы за сваю бескампрамісную несанкцыянаваную пікетоўную дзейнасьць сябра Віцебскай Рады БНФ “Выбар” як палітычны выгнанец цяпер знаходзіцца ў Празе.
Апасьля трохмесяцовых неаднаразовых зваротаў рэдакцыі ў судовыя інстанцыі, якія ёсьць адказнымі за выдачу патрэбнай інфармацыі, рэдакцыя ўрэшце атрымала абнадзейваючае паведамленьне зь Міністэрства юстыцыі. У ім даводзілася, што скарга “Лада” на дзеяньні супрацоўнікаў Чыгуначнага райсуду Віцебска накіраваная ва ўправу юстыцыі Вітаблвыканкаму для таго, каб праверыць факты, ужыць патрэбныя захады, у выпадку неабходнасьці пакараць правінных.
У сваю чаргу начальнік управы В. В. Праньнік “разабраўшыся” паўторна са справай заявіў, што суд абгрунтавана адмовіў незалежнай газэце ў прадастаўленьні цікавых ёй зьвестак. Пры гэтым ён чамусьці спаслаўся на арт. 64 Закона РБ “Аб судаўстройстве і статусе суддзяў у РБ”. У ім сказана, што “…СМІ ня маюць права прадвырашаць у сваіх паведамленьнях вынікі судовага разгляду па канкрэтнай справе або іншым чынам уплываць на суд ці суддзю. Суддзя не павінен даваць якіхсьці тлумачэньняў па сутнасьці справаў… а таксама перадаваць іх каму б то не было для азнаямленьня йначай, як у… парадку, які прадугледжаны працэсуальным законам”.
Атрымліваецца, што дазнацца чытачам недзяржаўнага выданьня аб афіцыйнай прычыне перасьледу Юрыя Мароза немагчыма. Дзеля гэтага ён, па лёгіцы ўладаў, безумоўна павінен вараціцца на Беларусь і атрымаць сваё “па заслугах”. Тады й стане вядома, за што канкрэтна.
1999-06-09
МОЙ ЛЮБЫ ГОРАД
“Здаўна ўжо, мой любы горад, цябе ня бачыў, ня чуў, не размаўляў з тваімі аблокамі ды не абапіраўся на твае платы. Бы самотны падарожнік — я толькі нес усе гады твой подых на маіх відоўках. І гэтак з табой гутарыў і, быццам у сьне, цябе бачыў.
…Я ня жыў з табой, але не было маёй відоўкі, якая ня дыхала б тваім дыхтам і падабенствам.
…Лепшае, што я маю пажадаць табе — каб ты сказаў, што я быў ды застаўся адданым табе.
А йначай бы я ня быў мастаком!
Ты ня скажаш мне, што я залішне прыдумваю і незразумелы табе. Ты ж сам у глыбіні душы сваёй — такі. Гэта ж твае сны, я іх толькі давёў да палатну, як нявесту да каруны. Я цябе цалаваў усімі фарбамі ды рыскамі — і не кажы цяпер, што ты не пазнаеш сябе.”
(Марк Шагал, “Майму гораду Віцебску”)
Напэўна гэтае прызнаньне мастака ў любові да роднага гораду больш за ўсё сугучна задуме стварэньня электроннага кампакт-дыску “Марк Шагал у Віцебску”. Выйсьце у сьвет гэтай энцыклапэдыі Шагалаўскай творчасьці сталася прычынай размовы зь ягоным стваральнікам Уладзімірам Залозным.
— Уладзімір, што ёсьць падобнага ў сьвеце аб Шагалу?
— На 70% апублікаваныя на дыску дакумантавыя матар’ялы аўтэнтычныя
і невядомыя ня толькі шырокаму колу прыхільнікаў творчасьці мастака, але й спэцыялістам.
Увогуле, аб часе жыцьця Шагала ў Віцебску ў шырокавядомай дасьледчыцкай літаратуры
маюцца вельмі сьціплыя зьвесткі. Аб Віцебску, у засноўным, беруць інфармацыю
бальшыня папулярных выданьняў з аўтабіяграфічных кнігаў мастака “Маё жыцьцё”
і “Пакроўская вуліца”.
— Як доўга йшла падрыхтоўчая праца?
— Падрыхтоўка сцэнару і матар’ялаў пачалася ў травені мінулага году.
Прыблізна паўгады заняў мантаж майстар-дыску. Адначасова йшло засвойваньне тэхналёгіі.
— Калi ласка, азначце зьмест кампакту і ягоныя адметнасьцi.
— Каротка аб зьмесьце. Праект складаецца з шасьці засноўных разьдзелаў:
Галоўная мэта праэкту — расказаць аб гісторыі стварэньня і разьвіцьця
Музэя Шагала ў Віцебску. Таксама, на экране адноўлены вобраз Віцебска напрыканцы
ХІХ - пачатку ХХ стст. Больш даступнымі для вывучэньня сталі шматлікія дакуманты,
якія не публікаваліся раней і якія сабраныя разам ва ўнікальным “Шагалаўскім
зборніку” пад рэдакцыяй вядомага віцебскага паэты Давіда Сімановіча.
— І дзе можна будзе набыць Шагалаўскі кампакт-дыск?
— Зьверхнім распаўсюднікам дыску будзе Музэй Шагала ў Віцебску. Зацікавілася
ў атрыманьні нямецкамоўнага варыянту “Кола садзейнічаньня Музэю Марка
Шагала ў Віцебску” зь Нінбургу — віцебскага пабраціму. Выказаная
прапанова й аб ангельскамоўнай вэрсіі. У ліку замоўцы, прыкладам, вядомая аўтарытэт
па славістыцы цэнтральнай бібліятэцы Цюрыхскага Унівэрсітэту Моніка Банкоўскі.
Добравядомы Віцебску мэцэнат са Швэцыі Гюнтар Камацкі дзеля гэтага ж дабразычліва
абяцае фундацыю.
— А цi можна будзе мець доступ да дыску цераз INTERNET?
— Не, Web-вэрсыя пакуль не плануецца. Але дайджэст ягонага зьместу зьявіцца
на колькіх сайтах і сэрвэрох.
— Пад час сёлетніх IX Шагалаўскiх Днёх плануецца публiчная прэзэнтацыя?
— Я асабіста ня бачу ў гэтым вялікага сэнсу. Бо практычна ўсе ўдзельнікі
Шагалаўскіх дзён наведваюць музэй. Для іх будзе даступная кожная новая інфармацыя,
у тым ліку й кампакт-дыск. Бягучы ягоны агляд на кампутары ў музэі яны ўбачаць.
А падрабязны прагляд можа заняць пару тыдняў.
— І ці ёсьць якія яшчэ задумы ў Шагалаўскім накірунку?
— Карціць працягнуць працу над стварэньнем падобнага праэкту аб дзіцячых
малюнках, якую я пачаў пару год таму і назьбіраў на гэты конт некаторы матар’ял.
Уласна кажучы, пад уплывам менавіта плэнэраў дзіцячага малюнку пад час Шагалаўскіх
дзён я й прыйшоў у музэй з ідэямі. Першапачаткова я, нават, планаваў стварыць
асобную главу ў праэкце, прысьвечаную дзіцячаму малюнку. Але потым адмовіўся
ад гэтага, таму што гэта вельмі ёмісты тэмат. А павярхоўна прабегчыся па ім
не магу. Знайшоў калегаў-аднадумцаў, забрызчэла пэрспэктыва разьвіць гэты напрамак
далей і стварыць творчую студыю. Можа быць пашчасьціць.
— Дзякую, посьпехаў!
Юрай Касіч
1999-06-15
15 чэрвеня ў Віцебску адбыўся сэмінар “Дзейнасьць СМІ на Беларусі ў сучасных умовах”. Выступаючы на сэмінары, дэпутат ВС 13-га скліканьня А. Дабравольскі прапанаваў правесьці рэформу заканадаўства аб СМІ.
На ягоную думку, патрэбнае прыняцьце шэрагу новых законаў.
Гэта, па-першае, закон “Аб свабодзе інфармацыі”. Ён бы гарантаваў права на атрыманьне-распаўсюджваньне інфармацыі, згодна арт. 19 Дэклярацыі правоў асобы.
Па-другое, закон “Аб друкаваных СМІ”. Паводле яго рэдакцыі друкаваных выданьняў вызваляцца ад неабходнасьці атрымліваць ліцэнзыю на сваю дзейнасьць, рэгістрацыя будзе мець уведамленчы характар.
Па-трэцяе, закон “Аб тэлерадыё вяшчаньні”. Тут будзе патрэбнае ліцэнзаваньне з-за абмежаванасьці тэхнічных парамэтраў. Але зьмест перадачаў ня будзе рэгламэнтавацца, а толькі адпавядаць агульнаму заканадаўству.
Далей, прапануецца правесьці дэманапалізацыю і прыватызацыю дзяржаўных СМІ і друкарняў.
1999-06-16
Уладзімір Плешчанка атрымаў позву да судовага выканаўцы з патрабаваньнем 16 чэрвеня прынесьці 51 193 000 рублёў. У адваротным выпадку яму пагражае 15 сутак арышту.
На гэткую суму грошай дзяржава аштрафавала старшыню Віцебскай Рады БНФ “Выбар” за ягоню актыўную грамадзкую пазыцыю яшчэ ў 1997-98 гг.
У сваім пісьмовым адказе судоваму выканаўцу Ул. Плешчанка зьвяртае ўвагу на тое, што яму, як журналісту недзаржаўнай газэты “Выбар”, спатрэбіцца некалькі гадоў, каб зарабіць такія грошы. Тым больш, што ён два месяцы як выйшаў з турмы, дзе незаконна адседзеў сем месяцаў. Вось жа, каб кампэнсаваць яму час незаконнай “адсідкі”, дзяржава мела бы зрабіць у такім выпадку “узаемазалік”.
Напрыканцы, вядомы барацьбіт за беларушчыну раіць зьвярнуцца да ААН, каб паправіць рэжыму сваё фінансавае становішча. Бо, нават, калі пасодзіць “выбарца” на паўмесяцы, грошы не атрымае.
1999-06-22
Раніцай 22 чэрвеня да поўдня віцебскія улады старанна зафарбоўвалі ды заціралі
беларускія надпісы на цэнтральных будынках гораду. Асабліва пацярпеў будынак
абласнога Камітэту дзяржкантролю ды блізьлежачыя да Амфітэатру сьцены дамоў.
Як можна было прачытаць, невядомыя пакінулі словы “Прэч расейскую
арду!”, “Прэч славянскія базары!”. А таксама “Беларусь
— у НАТА, Луку — за краты”.
* * *
З прапановай правесьці Зьезд БНФ за мяжой выступіла Віцебская Рада БНФ
“Выбар”. Пад воплескі і размахваньне бел-чырвона-белымі сьцягамі
прысутныя на Сойме БНФ 19 чэрвеня выслухалі выступ рэдактара газэты “Выбар”
Барыса Хамайды, які таксама перадаў фронтаўцам прывітаньне ад Мірона.
У зачытаным ім звароце зьвяртаецца ўвага на тое, што “…кожны дакладчык ці выступоўца, які прапануе канкрэтныя крокі па ліквідацыі рэжыму, будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. А без такіх прапаноў Зьезд ператворыцца ў звычайны форум… зь нявартымі ўвагі заявамі…” Пры гэтым нагадваецца, што першы Зьезд БНФ пры значна больш спрыяльных на Беларусі абставінах праводзіўся ў Вільні.
Таксама дзеля апэратыўнага рэагаваньня на імклівыя зьмены падзеяў Рада прапануе правесьці рэарганізацыю й узмацненьне кіраўніцтва Фронтам. Кіраваць, на думку “выбарцаў”, павінен старшыня, а пры ягонай адсутнасьці — намесьнік, а не калегія намесьнікаў. З-за аморфнага стану пры вымушанай эміграцыі старшыні БНФ Зянона Пазьняка й наяўнасьці шасьці ягоных намесьнікаў адбыліся хібы ў правядзеньні выбараў Прэзідэнта Беларусі з 6 па 16 траўня 1999 г. Хлусьлівыя падтасоўкі лічбаў удзельнікаў галасаваньня падарвалі давер да гэтай кампаніі з боку насельніцтва і спарадзілі гіранічны зьдзек з боку ўлады.
Усё гэта абумоўлівае патрэбу фронтаўцам сабрацца разам ў незалежнай ад палітычнага перасьледу вольнай абстаноўцы, і выпрацаваць канрэтныя планы дзеяньняў з абавязковай наяўнай справаздачай старшыні Фронта Зянона Пазьняка. У адваротным выпадку, сьцьвярджае Рада “Выбар”, адбудзецца фактычнае прызнаньне легітымнасьці сёньняшняга рэжыму.
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro