Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


1999-07-03

У ПРАДАСТАЎЛЕНЬНІ ІНФАРМАЦЫІ АДМОВІЦЬ!

Гэткі адказ ўсё часьцей чуюць ад чыноўнікаў незалежныя выданьні.

У Беларускую асацыяцыю журналістаў прыйшоў ліст ад заснавальніка газэты “Лад” Юрася Карпава. У ім паведамляецца, што рэдакцыя атрымала адмову з Управы юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму на зварот аб прадастаўленьні судом Чыгуначнага раёна г. Віцебска інфармацыі, якая тычыцца сябра Віцебскай рады БНФ “Выбар” і актыўнага ўдзельніка праваабарончага руху Юрыя Мароза. Як стала вядома, паводле пастановы суду ён быў аб’яўлены ў вышук.

Управа юстыцыі абгрунтавала сваю адмову спасылкай на арт. 64 Закона “Аб судаўпарадкаваньні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь”. Гэты артыкул забараняе ўзьдзеяньне на суддзяў з мэтаю перашкоджаньня ўсебаковаму разгляду справаў. Згодна яму, сродкам масавай інфармацыі не дазваляецца прадвырашаць у сваіх паведамленьнях вынікі судовага разбіральніцтва ў канкрэтнай справе або іншым чынам уплываць на суд ці суддзю. Гэты артыкул таксама замацоўвае права суддзі не даваць якіхсьці тлумачэньняў па сутнасьці справаў, якія разгледжаныя або знаходзяцца ў вытворчасьці.

У выніку газэта не атрымала пэтрэбнай інфармацыі і таму папрасіла спэцыялістаў Цэнтра праўнай абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў патлумачыць, ці правідлова ёй адмовілі ў прадастаўленьні інфармацыі.

Камэнтар спэцыяліста.

Узгаданныя пытаньні рэгулююцца перш за ўсё арт. 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая замацоўвае права грамадзянаў на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне інфармацыі, у тым ліку аб дзейнасьці дзяржаўных установаў. Гэты артыкул абавязвае дзяржаўныя ўстановы ды іхных службовых асобаў прадаставіць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасьць азнаёміцца з матар’яламі, якія закранаюць ягоныя правы і законныя патрэбы.

Закон “Аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі” (арт. 32) замацоўвае права на атрыманьне інфармацыі як у вадносінах да грамадзянаў, так і да рэдакцыяў газэтаў. Паводле закону кіраўнікі дзяржаўных установаў, арганізацыяў і аб’яднаньняў, іхныя намесьнікі, працаўнікі прэс-службаў або іншыя ўпаўнаважаныя на тое асобы ў межах іхнае кампэтэнцыі абавязаныя прадастаўляць запрошваемую інфармацыю не пазьней як цераз дзесяць дзён пасьля атрыманьня запыту. Адмова магчымая ледзь у тым выпадку, калі інфармацыя ўтрымлівае зьвесткі, якія складаюць дзяржаўную, камэрцыйную або спэцыяльна ахоўваемую законам тайну (арт. 33).

Спасылка ўправы юстыцыі на арт. 64 Закону аб судаўпарадкаваньні нестасоўная, паколькі ў ім гаворка ня йдзе аб тлумачэньні якіхсьці судовых пастановаў або разгалошваньні матар’ялаў справы. Запыт тычыўся канкрэтнага пытаньня: на падставе чаго і паводле якога артыкулу перасьледуецца Юрый Мароз?

Відавочна, што гэта — не сакрэтная інфармацыя і суддзя абавязаны быў прадаставіць яе па запыту самога Юрыя Мароза, роўна як і рэдакцыі газэты.

Для мяне, як юрыста, таксама незразумела, на якой падставе суддзя аб’явіў Юрыя Мароза ў вышук. Адміністратыўная судавытворчасьць не дазваляе гэтага рабіць, бо ўвогуле не прадугледжвае інстытута вышуку адміністратыўных правапарушальнікаў. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс ведае толькі працэдуру прызнаньня грамадзяніна бязьведамна адсутным або аб’яўленьня грамадзяніна памершым (арт. 368-372). Значыць, застаецца крымінальны артыкул, паводле якому міліцыя і разам зь ёй суд вышукваюць Юрыя Мароза.

Які гэта можа быць артыкул? Без дапамогі суда адказаць на гэтае пытаньне не магчыма. Пагэтаму рэдакцыя газэты “Лад” дзейнічала цалкам абгрунтавана, калі пацікавілася інфармацыяй на гэты конт. Аднак суд не палічыў за патрэбнае адказываць на запыт незалежнай газэты, што зьяўляецца парушэньнем шматлікіх праўных нормаў. Узяць, прыкладам, частку 4 артыкула 3 Закона аб друку, згодна якому “дзяржава разглядае сістэму сродкаў масавай інфармацыі як падставу рэалізацыі канстытуцыйнага права Рэспублікі Беларусь на свабоду слова ды інфармацыі”.

Атрымліваецца, што дзяржава абяцае грамадзянам вольны доступ да інфармацыі, а вось адзін, асобна ўзяты суддзя, грэбуе палажэньнямі закону. Ворганы юстыцыі, якія павінныя суняць разкілзанага суддзю, яго спакрываюць і больш за тое, накладаюць забарону на прадастаўленьне інфармацыі па службовай справе (між іншым, вельмі сумніўнай паводле падставаў свайго ўзьнікненьня).

Што жа рабіць, калі суды і ворганы юстыцыі занялі “наўкольную абарону” ў вадносінах да незалежнай прэсы?

На мой погляд, самым эфэктыўным сродкам супраць схаваньня ад грамадзкасьці інфармацыі зьяўляецца галоснасьць. Усе такія выпадкі трэба менаваць адпаведнымі назовамі і даваць ім належную ацэну. Зь цягам часу покрыў таямнічасьці спадзе зь недабрародных справаў і стануць вядомымі тыя, хто гэтыя справы фабрыкаваў. Бо прыйдзе час, калі мы будзем жыць паводле праўды, сумленьня і закону.

Карціць атрымаць адказ на дадзеную публікацыю беспасярэдне ад тых юрыстаў, якіх яна тычыцца: ад суддзі Чыгуначнага раёну г. Віцебска С. Туфан ды ўправы юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму.

Мы падрыхтаваныя да простай і чэснай размовы.

Міхаіл Пастухоў,

кіраўнік Цэнтра праўнай абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў,

доктар юрыдычных навукаў, прафэсар


1999-07-09

Віцебскі гарнізонны суд 8 ліпеня асудзіў трох маладых палачанаў за зрыў прасавецкiх чырвона-зялёных сьцягоў з дахаў Полацкіх уладных будынкаў. Аб гэтым паведаміў рэдактар газэты “Выбар” Барыс Хамайда, які знаходзіўся на судзе.

Да крымінальнай адказнасьці па арт. 201 ч. 2 КК РБ (“злоснае хуліганцтва”) былі прыцягнутыя сяржант Сяргей Лавейкін і студэнты Полацкага унівэрсытэту Алег Кайдаў ды Анатоль Блізьняцоў. Сьледзтва паставіла ім у віну тое, што быццам 9 красавіка 1998 г. усе трое сарвалі чырвона-зялёны сьцяг з дахаў Полацкага райвыканкаму, а потым і гарвыканкаму. Праз год 10 красавіка 1999 г. імі жа ізноў быў сарваны той жа ч.-з. сьцяг з райвыканкаму. Тады ж яны былі затрыманыя з ужываньнем грубага зьбіцьця.

На сьледзтве і судзе маладзёны прызналіся ў зьдзейсьненых імі ўчынках. Але свае дзеяньні патлумачылі не хуліганцкімі прычынамі, а тым, што сарваныя сьцягі не адпавядаюць гістарычнаму мінуламу беларускага народа. Бо ў школе ім выкладалі зьвесткі аб бел-чырвона-белым сьцягу як нацыянальным сымбале беларусаў.

Суд пагадзіўся з патрабаваньнем пракурора і перакваліфікаваў справу на арт. 186 ч. 2 (“зьнявага дзяржаўных сымбаляў”). Да 200 мільёнаў рублёў (~450 $) штрафу асуджаныя А. Кайдаў і С. Лавейкін, які ў дадатак паніжаны ў вайсковай годнасьці да шэраговага жаўнера. А. Блізьняцоў, як пасобнік, асуджаны да 20 мільёнаў рублёў (~45 $) штрафу. Пры гэтым суд ануляваў справу за 1998 год як страціўшую гадавую моц.

Пад час знаходжаньня бел-чырвона-белых сьцягоў на будынках беларускіх уладаў невядома аб ніводным выпадку, калі б яны былі зьняслаўленыя, і за гэта была ўсчатая крымінальная справа.


1999-07-13

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ БЯСЬПЕКА
І ЖЫЛЬЛЁВА-ЖЫВЁЛЬНЫЯ ПЫТАНЬНІ
У КАЛГАСАХ І САЎГАСАХ

Нядаўна абласная газета “Віцебскі рабочы” (№ 77, 10.07.1999) паведаміла сваім чытачам аб надзвычайным здарэньні ў Варшанскім раёне. Увагу на яго звярнуў нават Дзяржаўны сакратар Савета Бясьпекі РБ В. В. Шэйман.

Што ж здарылася? Ці НАТАўская ракета раптоўна ўпала на беларускую зямлю і ня выбухнула, ці нехта, накшталт Канстаньціна Заслонава, спыніў рух Варшанскага транспартнага вузлу, ці яшчэ што?

Не, проста ў Балбасаўскім сельскім выканкаме заблыталася чарга на жыльлё, а ў гаспадарках Варшанскага раёну выяўленыя факты прыпісак і масавай рэзкі жывёлы. У выніку такога нацыянальна-небясьпечнага злачынства, акурат перад сканчэньнем паўнамоцтваў Першага, ад займаемай пасады, згодна службовай цыдулкі сакратара СБ РБ В. В. Шэймана, пазбаўленыя старшыня адпаведнага райвыканкаму Голуб І. А. , ягоны першы намесьнік па сельгаспрадукцыі Гароднікаў В. М. , а таксама старшыня Балбасаўскага сельсавета Зарко Н. П.

Карціць запытаць: а раней гэта не было відаць? Згодна апублікаваным дадзеным за апошнія 5 гадоў кіраваньня новай “народнай” улады у Варшанскі райвыканкам прыйшло 402 звароты па жыльлю, у тым ліку 60 — з Балбасава. Але яны ня сталіся прычынай для прыняцьця дзейсных захадаў на карысьць вырашэньня ўзьнятых у іх праблемаў.

Далей. У калгасах “Чырвоны Кастрычнік”, “Запаветы Ільіча”, “Камінтэрн”, “Барацьбіт”, імя Леніна ды іншых дапускаліся прыпіскі ў надоі малака, у севе азімых ды яравых.

Нечакана высьветлілася, што з-за чагосьці калгасьнікі “Ленінскай іскры” сёлета ўзімку вымушаныя былі давесьці 303 галавы дойнага статку (кароваў) да схудненьня ды іхняга масавага забойства. Гэтаксама і ў калгасе “Запавет Ільіча” вымушана забіта 122 галавы жывёлы.

Што гэта? Беларусы развучыліся рыхтаваць сена на зіму? Ці антынацыянальная ўлада першкаджае гэтаму?

Відаць, па выніках разгляду “нацыянальна-небясьпечнага” пытаньня вінаватая менавіта мясцовая ўлада. Якая прызначалася строга паводле вертыкалі адміністрацыяй яшчэ тады вось толькі што дэмакратычна абранага Першага.

Артыкул у “ВР” з паведамленьнем аб гэтых падзеях аддзела для інфармаваньня насельніцтва Віцебскага аблвыканкаму называеецца “Віноўныя пакараныя”. Але, ці сапраўды так?

Якія правілы гульні, такія й гульцы. Апошнія беруць прыклад зь першых…

Юрась Карпаў


1999-07-26


“ Свабоду Пушкіну!”, — такі плакат апоўдні 26 ліпеня быў прамацаваны да помніка А. С. Пушкіну ў Віцебску пад час закрыцьця “Славянскага базару”. Ніжэй было падпісана: “И на обломках самовластья напишут наши имена…”


Той, хто жадаў высьветліць, чаму Пушкіна трэба вызваляць і пры чым тут “самовластье”, чыталі ўлёткі, якія тутака ж распаўсюджваліся. У іх паведамлялася пра публічную падзяку віцебскага мастака Алеся Пушкіна першаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь (ППРБ). Яна выглядала як куча жывёльнага гною ля прэзідэнцкага палаца ў Менску з укінутым туды прэзідэнцкім партрэтам і праткнутага віламі. За гэты пэрфомэнс мастак быў затрыманы міліцыяй.

Сябрам Віцебскай Рады БНФ “Выбар” пашанцавала болей. Падыйшоўшыя прыкладна праз поўгадзіны міліцыянты запыталіся ў Сержука Серабро, які меў у рукох улёткі, чый плакат. Атрымаўшы ў вадказ: “Пушкіна!”, — яны зьнялі яго з помніка, забралі ўлёткі і пайшлі. Відаць, арыштоўваць помнік расейскага дзеяча, па прыкладу дэмантаванага бюста А. Сувораву, не было загаду.

* * *

Пад час начнога гуляньня на “Славянскім базары” з суботы 24 на нядзелю 25 ліпеня адбылася трагедыя. У выніку хуткаснага наезду машыны ў маладзёвы натоўп 13 асобаў пацярпелі, зь іх 6 у цяжкім стане знаходзяцца ў шпіталі.


Двое юнакоў апасьля трох бутэлек гарэлкі вырашылі павесяліцца. Усё гэтаму спрыяла, нават вартаўнікі парадку былі лагодныя. Дзеля гэтага маладзёны скралі непадалёк ад амфітэатру на вул. Даватара японскую машыну “Мазда” і накіраваліся ў цэнтр. Іх запрыкмецілі міліцыянты і пачалі затрымліваць. Пасьля колькіх няўдалых паўсонных дзяньняў міліцыі, ашалелая машына ў цэнтры гораду пачала гуляць ва ўцёкі. Звычайныя віцябляне сталі закладнікамі непрафэсійных дзеяньняў міліцыі, і апынуліся пад коламі разьюшага пьянога аўтамабіля. Толькі тады й былі затрыманыя "весельчакі".

З нагоды трагедыі, што адбылася 30 траўня ў Менску на Нямізе й пацягнула шматлікія чалавечыя ахвяры, Віцебская Рада “Выбар” БНФ “Адраджэньне” рабіла заяву. У ёй яна папярэджвала, што: “Ужо не адзін год насельніцтва Віцебску, у асноўным моладзь, на працягу колькіх дзён запар спойваецца пад час правядзеньня г.зв. “славянскага базару”. Тое самае плануецца ў ліпені гэтага году. Падобная трагедыя можа адбыцца і ў нашым горадзе.”

Як бачым, нелігітымная улада ахоўвае цяпер толькі самаё сябе.

* * *

Цікавы спосаб звароту да ўлады прыдумалі віцябляне. 20 ліпеня, акурат у дзень прыезду гр-на А. Лукашэнка ў Віцебск, яны павесілі на сваіх балконах вялізны плакат: “Мэр, адрамантуй балконы”.


На вуліцы Леніна, дзе адбылася падзея, пабудаваныя пасьля вайны дамы патрабуюць рамонту. Больш за ўсё гэта відаць па балконах. Аб рамоньце пакуль нічога не чуваць, але пажарная машына, якая здымала плакат, знайшлася.

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro