Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
1999-08-02
ЗВАРОТ
да сяброў, суполак, радаў, сойму
і старшыні Беларускага Народнага Фронту
“Адраджэньне” Зянона Пазьняка
Падзеі, што разгортваліся на VI Зьезьдзе БНФ у Менску яскрава сьведчаць, што
ўсе заклікі аб адзінстве палітычнай арганізацыі ні да чаго добрага прывесьці
ня могуць. Хвароба толькі прыхоўваецца ўнутро. На зьезьдзе азначыўся відочны
расшчэп.
Немагчыма працаваць разам з тымі, хто ўдзельнічаў у фальсыфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 16 траўня г.г. Сваімі дзеяньнямі яны фактычна падтрымалі намэнклятурны рэванш па зьнішчэньню фронта і адхіленьню ад яго кіраўніцтва Зянона Пазьняка.
Тое, як з парушэньнямі Статута прымаліся пастановы Зьезду, і як увогуле была скамечаная напрыканцы ягоная праца, гаворыць аб тым, што без разьмежаваньня не абысьціся. З нашага пункту гледжаньня на хаду Зьезду адмоўна паўплывала і тое, што ён ня быў праведзены за мяжой.
Мы ізноў зьвяртаемся з прапановай аб працягваньні працы перапыненага VI Зьезду БНФ за мяжой з абавязковай прысутнасьцю на ім старшыні фронту Зянона Пазьняка.
Віцебская Рада БНФ “Выбар”
1999-08-23
ЗА НАШ РЭФЭРЭНДУМ!
Здаецца на Беларусі цяпер, як і заўжды, галоўнае пытаньне ў палітычным жыцьці не легітымнасьць улады, а міжнародная легітымнасьць самой Беларусі як незалежнай дзяржавы. Вось вакол чаго ідзе ўжо колькі год палітычная спрэчка.
Грамадзянскае разьмежаваньне спарадзіла два лягеры — правінцыйны чырвона-зялёны “нью-ссср”, ды незалежніцкі з самастойным гістарычным гэрбам Пагоня і бел-чырвона-белым сьцягам. Менавіта па гэтай прыкмеце ідзе падзел, а не “ўлада — апазыцыя”.
З гэтай кропкі гледзішча вельмі забаўна, часам, назіраць на паводзіны беларускіх палітыкаў. Паказальны прыклад казакаў, якія, прайшоўшы перарагістрацыю, раптам зьявіліся заступнікамі самастойнасьці Беларусі. Натуральна, іхная беларускасьць антызаходняя, а значыць не эўрапейская. У той жа час Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, толькі Усходняй. Вялікаімпэтная Масква, дарэчы, тут бліжэй да ўскраіны.
Вядома, што ў нас пасьлясаюзная ўлада тройчы абіралася пад кантролем траха саслабеўшай саюзнай намэнклятуры: двойчы ў Вярхоўны Савет і аднойчы — прэзідэнта. Першы неадбыўшыйся рэфэрэндум за адстаўку намэнклятурнага ВС ды апошні афіцыёзны зь ягонымі вынікамі дэ-юрэ і дэ-факта толькі выявілі вырашаючую ролю таго намэнлятурнага апарату, які застаўся ў сваіх кабінэтах.
Таму ня дзіўна, што незалежніцкія антысавецкія палітыкі мелі перашкоды на сваім шляху да легалізацыі. Невыпадкова іхнае прадстаўніцтва ў апошнім складзе Вярхоўнага Савету, калі намэнклятура пачала свой палітычны рэванш, зьменьшыўся аж да мізэру. У гэтым становішчы палітычную незалежнасьць Беларусі легальна прадстаўляюць цяпер яе былыя супраціўнікі, якія па розных прычынах адышлі ў незалежніцкі лягер. У гэтым ёсьць сантымэнт.
Але гэтае ізноў не галоўнае для тых, хто чытае мой артыкул. Бо чытаць яго па-беларуску будуць, мяркую, самі жа незалежнікі. А таму для іх вось які мой працяг.
Шкада, што апошняя веснавая масавая акцыя за Незалежнасьць (выбары) спарадзіла пэўны разлад. Відаць, маем моцны супраціў. Але трэба ня кідаць пачатае, а працягваць далей.
Ідучы да легалізацыі беларушчыны, як палітычнай зьявы, можна было б запатрабаваць ад лягальнага ВС-13 правесьці рэфэрэндум аб Незалежнасьці Беларусі, неўваходжаньні яе ў аніякія навадзяржаўныя “саюзы”, дзяржаўнай сымболіцы, аб стварэньні грамадзянскага парляманту! Каб законным чынам паказаць сьвету колькасьць сваіх прыхільнікаў. Пры гэтым акцэнт трэба зрабіць не на галасаваньні, бо яго правесьці немагчыма, а на рэальна магчымым зборы подпісаў за факт самога рэфэрэндуму зь яснымі сьціслымі пытаньнямі. Гэтая легітымная акцыя, здаецца, хай і незавершаная, будзе важчэй, чымся падпісаньне нелегетымным кіраўніком “саюзнай” дамовы, ці выбары ў парлямант па нелегетымным законе, ці, нават, дазволеныя нелегітымнымі ўладамі грамадзка-палітычныя мерапрыемствы і рэгістрацыі. Астатнія пытаньні хутка вырашацца самахоць.
Юрась Карпаў
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro