Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


1999-12-02

У мяркуемы дзень падпісаньня “саюзнай” дамовы між Беларусяй і Расеяй 26 лістапада адбыўся выбух на чыгунцы ля расейскай станцыі Гусіна Смаленскай вобласьці.

За подпісам “Эмілія Плятэр” пісьмова паведамлена ў Віцебскае інфармбюро, што рух цягнікоў ня быў спыненым, ахвяраў не было. Гэтая акцыя названая “дружаскай папяраджальнай”, з мэтаю стрымаць “антыканстытуцыйных інтэгратараў” і абараніць дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь.

На падзею адрэагаваў вядомы Мірон. 1 сьнежня узьняўся бел-чырвона-белы сьцяг у цэнтры Віцебска. Ён быў добра бачны ля гарвыканкаму над рэчкай Віцьба, прычэпленым да лініі электраперадачы. У сваім звароце “Да ўсіх беларускіх патрыётаў” Мірон заявіў, што прыйшоў час адэкватна рэагаваць на зьмяненьне палітычнай сытуацыі ў краіне. На ягоную думку трэба “рыхтавацца да вайсковага збройнага чыну, ствараць падпольныя баявыя адзінкі, шукаць зброю, праводзіць разьведку стратэгічных аб’ектаў Расеі, ствараць матар’яльныя базы ў лясах”.

Расейскі імпэрыялізм ня вытрымае вайны на дзьвюх франтах: Чачэнскім і Беларускім, — сьцвярджаецца ў звароце, — і лягічным канцом маскоўскай авантуры станецца гіганцкі распад апошняй вялікай імпэрыі.


1999-12-08

У дзень падпісаньня расейска-беларускай дамовы аб стварэньні адзінай дзяржавы 8 сьнежня былі затрыманыя і дастаўленыя ў Віцебскую ўправу КДБ сябры Рады БНФ “Выбар”. КДБ зацікавілі Анатоль Букачоў, Уладзімір Плешчанка і Барыс Хамайда. Яны прыцягнутыя ў якасьці сьведкаў да крымінальнай справы згодна арт. 65 ч. 2 КК РБ (“Дывэрсыя”), якая прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Анатоля Букачова з раніцы затрымалі ў сваёй хаце ў вёсцы Вароны ля Віцебску. Яго абвінавацілі ў пагрозе зьдзяйсьненьня тэракту супраць удзельнікаў і гледачоў фэстываля “Славянскі базар”. З гэтай нагоды ў хаце быў зроблены ператрус. У выніку былі сканфіскаваныя ўлёткі антырэжымнага зьместу ды кніга Юрыя Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Далей яго адвезьлі ў КДБ. Тама яму прад’явілі цыдулку, якая была накіраваная ў дзяржаўную газэту “Віцьбічы” улета 1998 года. У ёй патрабавалася адмяніць фэст, іначай у Амфітэатры адбудзецца выбух пад час выступаў Кіркорава, Лявоньцева, Крутога ды іншых расейскіх выканаўцаў.

А. Букачоў заявіў паўкоўніку КДБ , што цалкам падтрымлівае патрабаваньне невядомага аўтара, бо на “Славянскім базары” замала беларушчыны, але шчыруе расейская бесталанная маскультура, якая адурманьвае беларусаў. Разам з гэтым ён катэгарычна супраць насільля. КДБісты зразумелі гэта па-свойму і прапанавалі А. Букачову падпісацца ў гэтым літаральна, узяўшы крымінальную віну за цыдулку на сябе. БНФавец не адмовіўся. Апасьля амаль дзённага допыту яго адпусьцілі.

Старшыню Рады БНФ “Выбар” Уладзіміра Плешчанку гвалтоўна затрымалі на аўтобусным прыпынку. Яго таксама адвезьлі ў КДБ у якасьці сьведкі. Пытаньні тычыліся А. Букачова, “Славянскага базар” ды мэты паездкі Ул. Плешчанкі ў Варшаву. Дазнаўшыся пра сутнасьць справы, Ул. Плешчанка заявіў, што сёньняшні антыбеларускі рэжым зрабіў шмат сьвядомых беларускіх грамадзянаў непрацуючымі. Прыкладам, ні А. Букачоў, ні Б. Хамайда, ні ён сам ня могуць уладкавацца на працу. І, калі беспрацоўны настаўнік беларускай мовы А. Букачоў пачынае ўздымаць свой голас супраць засільля расейшчыны на Беларусі, дык справы памагатых антыканстытуцыйнаму рэжыму дрэнь. У выніку гэткай “размовы” старшыню Рады БНФ “Выбар” папрасілі пакінуць управу КДБ.

Рэдактара газэты “Выбар” Барыса Хамайду па тэлефоне выклікалі ў КДБ, але той адмовіўся падпарадкоўвацца, не атрымаўшы позву ў рукі. За ўвесь дзень КДБісты яго не знайшлі, хаця ім па тэлефоне было паведамлена, што рэдактар супрацьрэжымнай газэты ўвесь дзень будзе працаваць у бібліятэцы.

Як стала вядома, у гэтую восень КДБ атрымаў загад дасьледваць усе нераскрытыя “тэрарыстычныя” справы ў сувязі з Расейска-Чачэнскай вайной.


1999-12-09

ЗАЯВА

8 сьнежня ў Маскве Ельцыным і Лукашэнка была падпісаная дамова аб аншлюсе Беларусі.

У сувязі з гэтым мы лічым, што Расея ад моманту падпісаньня ператвараецца ў дзяржаву-агрэсара, а Беларускі вызвольны рух знаходзіцца ў стане вайны зь ёй.

Тыя, хто з беларускага боку падпісалі паперку і ўдзельнічалі у гэтых ганебных дзеяньнях, падпадаюць пад адказнасьць артыкула 61 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Здрада Радзіме”).

Здача Беларусі сталася магчымай пры маўклівай згодзе заходніх краінаў.

Маскоўская дамова ставіць усіх беларускіх патрыётаў у такія ўмовы, калі незалежнасьць краіны прыйдзецца бараніць са зброяй у руках.

Мы ўпэўненыя, што прыйдзе час — агрэсары і іхныя памагатыя атрымаюць па заслугах.

Віцебская Рада “Выбар”
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ


1999-12-10

Сваеасабліва ў Віцебску былі адзначаныя ўгодкі прыняцьця ААН Усеагульнай Дэклярацыі правоў асобы (10.12.1948).

Напярэдадні ўвечары 9 сьнежня непадалёк ад добра асьветленага лядовага палацу, які быў пабудаваны з ласкі галоўнага хакеіста краіны, быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Да гэтага часу яго не зьнялі.

10 сьнежня апоўдні Радай “Выбар” Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ быў наладжаны несанкцыянаваны пікет ля “сіняга дому” у цэнтры горада. Раман Салаўян, Барыс Хамайда і Ўладзімір Плешчанка трымалі плякаты, якія паведалялі віцяблянам, што: “Сёньня — Дзень правоў чалавека”, “Мы — бяспраўныя людзі”, “Саюзная дамова з Расеяй адбірае ў беларускай нацыі права на самавызначэньне”.

Пікет доўжыўся каля гадзіны. Потым прыехалі міліцыянты, якія запрасілі пікетоўцаў у пастарунак. Там на іх былі складзеныя пратаколы па арт. 167 ч. 2 АК РБ (“несанкцыянаваны пікет”). Далей “выбарцаў” адпусьцілі да суду.

Каля 18:00 ля Амфітэатру на тралейбусным прыпынку каля пяці маладзёнаў у прыцемках запалілі сьвечкі, перапаязаўшы рот белай анучкай. Побач яшчэ колькі дзяцюкоў і паненак раздавалі мінакам улётку з тэкстам Дэклярацыі правоў асобы. Гэтая імпрэза не спынялася міліцыяй, якая назірала за ўсім тутака ж.


1999-12-14

Сёньня стала вядома, што да бел-чырвона-белага сьцягу, які быў вывешаны ўвечары 9 сьнежня непадалёк ад добра асьветленага лядовага палацу Лукавага, прымацавана цыдулка:

“СВАБОДУ ПАЛІТВЯЗЬНЯМ!
МАСКАЛЬ! ПАМЯТАЙ!
ПАЗЬНЯК ЗАЎЖДЫ ПОБАЧ!

Змагар”


1999-12-16

Раніцай у двары дома № 84 на Маскоўскім прашпэкце была знойдзена міна.

Як паведаміў дзяжурны Кастрычніцкага РАУС, жыхары дома патэлефанавалі ў міліцыю з прычыны таго, што ў двары знайшлі рэч вельмі падобную на міну. Тэрмінова міліцыяй быў ачэплены раён гэтага дому, улучна з ходнікамі на Маскоўскім прашпэкце.

Міна часоў нямецка-расейскай вайны сапраўды знайшлася, але без узрывальніка.

“Тэрарызацыя” Беларусі падобна ёсьць вынікам яе альянсу з крымінальна-тэрарыстычнай Расеяй, якая вядзе вайну з Чачнёй.

Учора Анатоль Букачоў ізноў меў гутарку з супрацоўнікамі КДБ.

Высьветлілася, што А. Букачоў яшчэ толькі падазроны,. нягледзячы на тое, што нядаўна ўзяў крымінальную віну за “тэрарыстычную” цыдулку паўтарагадовай даўніны на сябе (глядзі 1999-12-08).

КДБістыя пыталіся аб тым, адкуль у бнфаўца антырэжымныя ўлёткі. Таксама іх зацікавіла цытата, ўжытая ў цыдулцы, з канфіскаванай кнігі Юрыя Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Сам А. Букачоў паказаў ім у кнізе вядомыя словы Кастуся Езавітава: “Толькі зброяй здабудзем незалежнасьць Беларусі”.


1999-12-20

Учора ўвечары быў жорстка зьбіты рэдактар зачыненай уладамі цалкам беларускамоўнай газэты “Выбар” Барыс Хамайда.

Б.Хамайда а палове 18-й гадзіны вяртаўся дахаты пасьля агульнага сходу Віцебскай гарадзкой арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Невядомыя чакалі яго ў 100 мэтрах ад дому. Адзін зь іх, падыйшоўшы і не гаворачы ані слова, адразу ўдарыў старэйшага за сябе чалавека сваёй галавой яму ў твар. Потым паваліў на зямлю і пачаў біць нагамі. Да гэтага далучыліся яшчэ двое. Далей невядомыя забралі дыплямат рэдактара незалежнай газэты й зышлі.

Барыс Хамайда адразу пасьля здарэньня зьвярнуўся ў міліцыю. Прыехаўшая апэргрупа цераз 40 хвілінаў знайшла дыплямат. У ім нічога ўзятага не было. Па факце зьбіцьця пацярпелым напісаная заява аб распачацьці крымінальнае справы.

Сам Б. Хамайда лічыць, што гэта ёсьць правакацыя КДБ. Яна злучоная зь нядаўняй заявай Рады “Выбар” Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (глядзі 1999-12-09). У ёй казалася аб тым, што ў сувязі з падпісаньнем 8 сьнежня ў Маскве дамовы аб аншлюсе Беларусі беларускі вызвольны рух уважае Расею за дзяржаву-агрэсара і знаходзіцца зь ёй у стане вайны.



1999-12-22

Вядомы Мірон вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг у Лёзна.

Як паведаміў рэдактар газэты “Выбар” Барыс Хамайда раніцай на ўезьдзе ў Лёзна на 30 мэтровай апоры электраперадачы лунаў беларускі незалежніцкі сьцяг. Вось зьмест традыцыйнай цыдулкі:

“ПРАКЛЯТЫ ЎЗУРПАТАР!
ТАБЕ НЕ ЗАДУШЫЦЬ БЕЛАРУСКІ ДУХ!
А ЗА СВАЕ ЗЛАЧЫНСТВЫ ТЫ ЯШЧЭ АДКАЖАШ.

Мірон”

* * *

Вуліца Суворава ў цэнтры Віцебска невядомымі была перайменавана ва Ўзгорскую.

Пад гарвыканкамаўскімі шыльдамі з назвай вуліцы цяпер зьявіліся новыя надпісы. Яны былі акуратна нанесеныя цераз трафарэт чырвонай фарбай. Узгорская — натуральная старажытная назва вуліцы, якая ёсьць ад Узгорскага замку, пабудаванага з часу заснаваньня горада.

Летась, 30 жніўня, групай Мірона тут быў зьдзейсьнены дэмантаж бюста расейскага гэнералісімуса А. Суворава ля гарваенкамату. У якасьці падазронага па гэтай справе Ул. Плешчанка адседзеў 7 месяцаў у Віцебскім СІЗО-2. Суд прызнаў ягоную віну не даказанаю, адправіў справу на дасьледваньне й выпусьціў вязьня пад падпіску аб нявыезьдзе.

* * *

РАСКРЫТЫ ЛІСТ
ДА ТАМАРЫ ВІНЬНІКАВАЙ

Паважаная спадарыня Тамара!

Вы абвясьцілі, што гатовыя працягваць барацьбу супраць рэжыма Лукашэнкі, працаваць на карысьць Беларусі. Лукашэнка падпісаў дамову аб саюзе з Расеяй. Па гэтай дамове Расея з цягам часу праглыне Беларусь. Гэта — ціхая й павольная інтэрвэнцыя супраць нас, беларусаў.

Нам, відаць, прыйдзецца адстойваць сваю незалежнасьць са зброяй у руках. Ёсьць людзі, у тым ліку й у нашай арганізацыі, якія падрыхтаваныя да гэтага. Патрэбныя сродкі. Яны ёсьць у беларускіх прадпрымальнікаў, але тыя запалоханыя.

Ці можаце арганізаваць фінансавую падтрымку нашай арганізацыі праз нашага прадстаўніка за мяжой Юрыя Мароза?

Аб нашай дзейнасьці можна прачытаць у Інтэрнэце на сайце Вітабскага інфармацыйнага бюро.

Уладзімір Плешчанка,
старшныя Віцебскай
Рады БНФ “Выбар”


1999-12-25

Щасливого Різдва Христового та Нового Року!

Нехай Бєларусь війде у Третє тисячоліття вільною незалежною європейскою державою!
У ці святкові дні ми подумки разом з вами, брати - білоруси! Ваша боротьба шляхетна і мужня, цілі гідні та священні для нас усіх. Разом переможемо!
Живє Бєларусь!
За вашу та нашу свабоду!

Сябри Українськаго камітету “Гельсінкі-90”


Счастья Вам, здоровья и удачи!

Алексей Мельников
депутат Государственной Думы РФ
фракция “ЯБЛОКО”


Merry Christmas and Happy New Year!

I hope this next year will bring greater peace and justice to Belarus than 1999, which has
certainly been a low point due to the Union Treaty, and all the regime’s attacks on activists like yourself.

Warm regards,
Cathy Fitzpatrick


1999-12-27

ТУТЭЙШЫ КЛІП БТ

Шырока разрэклямаваны Нацыянальны фэстываль відэкліпаў “Залатая манаграма 99”, які прайшоў 26 сьнежня ў Менску, можна сьмела перайменаваць у “тутэйшы”. Арганізаваны па ўсіх канонах руска-беларускага БТ, ён увасабляў апафіёз жаданьня некаторых беларусаў стварыць беларуска-расейскі саюз.

Зразумела, што ў такім раскладзе лепшым відэакліпам года стала песьня былога менскага расейскамоўнага гурту “Ляпис Трубецкой”, які цяпер актыўна гастралюе па Расеі. Дарэчы, гэты гурт быў прадстаўлены ва ўсіх намінацыях фэстывалю. Безумоўнымі фаварытамі, як і ў самой тэлеперадачы “Беларускі хіт-парад”, былі, канечне ж, расейскамоўныя выканаўцы. Разам са Львом Лешчанкам вылучаліся на ўзнагароды “Нейродюбель” ды “Экивоки”.

Што тычыцца беларускамоўных гуртоў “Крыві” з “Н.Р.М.”, дык на тле папярэднікаў яны выглядалі “бедными родственниками”. Праўда, ім таскама нешта далі.

Між іншым, з вуснаў вядучай імпрэзы і тэлеперадачы Аксаны прагучала прапанова аб усталёўваньні ў будучым намінацыі “Лепшы спонсар”. Пытаньні аб грошах ёсьць засноўнае ў відэатворчасьці. Сьпявак “Ляписа” пахваліўся тым, што ў свой кліп “Когда яблони цветут” імі ўкладзена да 14 тыс. даляраў. Такім чынам яны былі багацейшым гуртом сярод прысутных. Які беларускамоўны выканаўца можа разьлічваць на такую падтрымку? Самое ж БТ вельмі неахвотна здымае беларусаў, якія сьпяваюць на роднай мове. Прадстаўленыя на хіт-парадзе “Крыві” з “Н.Р.М.” хутчэй выключэньне, якое падкрэсьлівае адсутнасьць на беларускай тэлевізыі разнастайнай сьвежай маладой беларускамоўнай музыкі.

На жаль, беларуская мова з вуснаў вядучай была амаль адзіным станоўчым мамэнтам у дзействе. Шкада, што яе асабістая прывабнасьць ня была ўхваленая арганізатарамі. Тым больш балюча было назіраць, калі ў вадказ на яе віншаваньні ляўрэату, той па-мужыцку груба яе спыніў, сказаўшы нешта, накшталт: “Дома разьберымся”. Як такі хамаваты рэжысэр здолеў дасягнуць творчых посьпехаў і быў запрошаны?

Сапраўднымі героямі фэстывалю сталі, усёткі, гледачы. Зала была запоўненая ў васноўным маладзёнамі, якія не пашкадавалі сваіх грошаў і, нягледзячы на прысутную міліцыю, актыўна падтрымлівалі сцэну агеньчыкамі праўды, надзеі, любові.

Юрай Касіч


1999-12-31

Мірон падзякаваў карэспандэнту “Витебского курьера” Івану Бітнаму за шмат напісанага пра яго і пажадаў яму хутчэйшага выздараўленьня ад інсульта.

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro