Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
2000-09-04
На працягу месяца ад апошняга аднаўленьня SANA мусіла пасыўна адпачываць пад жнівеньскім сонцам. Апасьля інтэрвью для радыё “Свабода” Сяргею Навумчыку на конт гэтага сайту “дабразычліўцы” у чарговы раз правялі атаку на тэлефонную лінію вэбмайстра. У выніку быў спалены мадэм. Гэта ўжо 5 (ПЯТЫ) выпадак за апошні год падобнай наўмыснай шкоды.
Але нашая зямля багатая электронна-тэхнічнымі талентамі й самародкамі. Менавіта яны прапанавалі адпаведную дапамогу. Цяперка будзьма сваё слова абараняць!
Жыве Беларусь!
* * *
Беларускі Вызвольны Рух 8-га верасьня ў Віцебску а 17-й гадзіне на пляцы Волі ладзіць сьвяткаваньне Дня Беларускай Вайсковай Славы.
Ушануйма гонар перамогі нашых продкаў-абаронцаў над шматколькасным прыгнётным маскоўскім войскам у бойцы пад Воршай!
Віцебская Рада Партыі БНФ
* * *
9 верасьня на Крапівенскім полі адбудзецца фэст, прысьвечаны ўгодкам Аршанскай бітвы.
Гасьцей чакаюць у Воршы а 15-й гадзіне на аўтобусным прыпынку Чыгуначнага вакзалу.
У праграме сьвята: імша па палеглых героях Аршанскай бітвы, рыцарскі турнір, пэрфомэнс Алеся Пушкіна, сьпевы беларускіх бардаў.
Адваротны ад’езд у Воршу 10-га верасьня ў 10:30.
Арганізатары просяць загадзя
паведаміць пра магчымую колькасьць гасьцей:
(0261) 52540, (0261) 47107.
2000-09-08
Як і плянавалася з 17:00 да 17:50 на плошчы Волі ў Віцебку сябры БНФ адзначалі дзень Беларускай Вайсковай Славы.
Пад зьверхнасьцю колькіх
нацыянальных сьцягоў, у прысутнасьці прыхільнікаў нацыянальнай ідэі і проста
шматлікага навакольнага люду, які зь цікаўнасьцю назіраў за падзеяй з транспарту
і тралейбуснага прыпынку, адбылося сьвята. Плякаты, якія трымалі Уладзімір Плешчанка
і Барыс Хамайда паведамлялі, што:
“8
верасьня 1514 года пад Воршай нашы ваяры ўшчэнт разьбілі маскоўскае войска”,
“Расея — не! Лукашэнка — не! Беларусь будзе вольнай незалежнай
краінай!”.
Зьміцер Піменаў чытаў патрыятычныя вершы Рыгора Барадуліна.
Людзі віталіся і дзяліліся радасьцю з прычыны бачаньня нацыянальных сьцягоў.
Сваю лыжку дзёгцю ў бочку зь мёдам дадалі міліцыянты. Неўзабаве высьветлілася, што дазволу прарасейскай улады на правядзеньня мерапрыемства на пл. Волі няма. У сувязі з гэтым па чарзе былі затрыманыя Юрась Карпаў (са сьцягам), Зьміцер Піменаў (са сьцягам), Барыс Хамайда (з плякатам) ды Уладзімір Плешчанка (з плякатам). Першы і апошні выказалі супраціўленьне пры затрыманьні.
Далей на затрыманых былі складзеныя пратаколы па арт. 167 ч. 1 АК РБ — несанкцыянаваны мітынг (на ўсіх), — ды па арт. 166 АК РБ — непадпарадкаваньне міліцыі (Ю. Карпаў, Ул. Плешчанка). Пакараньне было перакладзенае на вырак суду і сябры БНФ пайшлі дахаты.
Але сьвята ня скончылася. Яшчэ колькі часу засталыя на плошчы людзі абменьваліся жаркімі меркаваньнямі аб палітыцы, рэлігіі, грошах.
А цераз тры гадзіны Зьміцер Піменаў і Юрась Карпаў, вяртаючыся з пастарунку, разгарнулі сьцягі і рушылі па цэнтры горада. Увечары віцябляне актыўна падтрымлівалі дэманстрацыю нацыянальных сымбаляў воклічамі: “Жыве Беларусь!”.
Гэта не прайшло незаўважаным для міліцыі. У выніку З. Піменаў быў паўторна затрыманы, дастаўлены ўпастарунак і адпушчаны, а Ю. Карпаў двойчы спыненяўся міліцэйскімі патрульнымі зьвязамі і адпускаўся з дарэмным патрабаваньнем згарнуць сьцяг.
Стала вядома, што ўдзень міліцыя затрымала і адвезла ў суд яшчэ аднога невядомага з бел-чырвона-белым сьцягам.
Такім чынам сёлетняе сьвяткаваньне ўгодкаў бітвы пад Воршай выразна засьведчыла прысутнасьць беларускіх сілаў у старажытным Віцебску, якія карыстаюцца сымпатыяй з боку віцяблянаў і асабліва моладзі.
2000-09-19
Сёньня Барыс Хамайда і Уладзімір Плешчанка наладзілі інфармацыйны пікет у цэнтры Віцебска. На плякаце былі прадстаўленыя дакуманты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, прыняты сёлета Акт Незалежнасьці. Тутака ж можна было падпісацца за падтрымку Незалежнасьці нашай краіны і непрызнаньні “саюзаў”.
Пікетоўцы былі затрыманыя міліцыяй. У пастарунку на іх склалі пратаколы па арт. 167 ч. 1 (несанкцыянаваны пікет), а таксама сканфіскавалі падпісныя лісты за Незалежнасьць. Міліцыянты паведамілі, што будуць дапытваць падпісантаў аб сутнасьці таго, пад чым яны падпісаліся.
Самі затрыманыя пасьля выхаду з пастарунку паведамілі SANA, што ўлада перашкаджае ім займацца агітацыяй за сваю партыйную пазыцыю аб няўдзеле ў нелегітымных парламанцкіх выбарах і збору подпісаў за Незалежнасьць Беларусі.
2000-09-20
Ізноў затрымалі Барыса Хамайду і Уладзіміра Плешчанку за інфармпікет Партыі БНФ у цэнтры Віцебска. Учорашняя гісторыя дэталёва паўтарылася.
2000-09-22
Учора й сёньня паўтарыліся затрыманьні ў Віцебску і складаньні пратаколаў за несанкцыянаваны пікет на Барыса Хамайду і Уладзіміра Плешчанку. Міліцыя ў кожным разе адбірае новыя плякаты й падпісныя лісты за Незалежнасьць і адпускае сябраў БНФ на волю да суду.
Пікетоўцы цьвердзяць, што маюць намер штодзённа (за выняткам выходных) да 15 кастрычніка ладзіць інфармацыйны пікет Партыі БНФ з мэтай растлумачэньня сваёй пазыцыі аб няўдзеле ў нелегетымным выбарчым мерапрыемстве прарасейскага рэжыму.
2000-09-28
27 верасьня ў Віцебску
Гагарынская суполка Партыі БНФ выключыла са сваіх шэрагаў сябра, які “сядзеў
на дзьвюх крэслах адразу”. Ён
перайшоў у партыю Шушкевіча і стаў перацягваць у яе іншых сяброў БНФ. Яго спакусіла
роля кіраўніка новай структуры ў Віцебску, у якой будзе аплочаныя памяшканьне,
штат, сакратарыят. Пры абмеркаваньні суполкай
БНФ гэтага факту яму не дапамаглі ні былыя заслугі, ні ўменьне доўга гаварыць.
* * *
Затрыманьні Барыса Хамайды і Уладзіміра Плешчанкі спыніліся! Сябры БНФ перамаглі дзяржаўную машыну сваім штодзённым вольным пікетаваньнем і зборам подпісаў за Незалежнасьць у цэнтры Віцебска на працягу апошніх тыдняў.
Іхны цяперашні лёзунг:
“БЕЛАРУСЬ! НЯ ДАЙ СЯБЕ АШУКАЦЬ!
САЮЗ З РАСЕЯЙ — ГЭТА ГВАЛТ, ХЛУСЬНЯ, ВАЙНА І НЯСТАЧА!”
* * *
28 верасьня Аршанская Рада Партыі БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ) правяла пікет у сваім горадзе.
Каля пятнаццаці ўдзельнікаў
санкцыянаванай уладамі акцыі трымалі плякаты, скіраваныя супраць палітыкі нелегітымнага
прарасейскага рэжыму і праводзімых ім выбараў у неканстытуцыйны парлямант. Сярод
плякатаў быў наступны досьціп:
“ГАЛАСУЙ — АДДАСІ ЗАРПЛАТУ І КВАТЭРУ ДЭПУТАТУ!”
Пікетоўцы сабралі за дзень каля 50 подпісаў за Незалежнасьць. Гэта шмат, гледзячы па віцебскім штодзённым досьведзе.
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro