Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
2001-02-01
27 студзеня з 12:00 да 14:00 у скверы Ул. Караткевіча ў Віцебску адбыўся антырасейскі пікет. Міліцыя ня ўмешвалася, бо ўлада санкцыянавала гэтае мерапрыемства, відаць адчуўшы перамены ў настроях віцяблянаў, якія сарвалі восеньскія выбары ў “палатку”.
На ём прысутнічалі арганізатар Пётр Сарапеня ды ягоныя сябры з суполкі Партыі БНФ імя Уладзіміра Караткевіча, якая ладзіць свае мерапрыемствы самастойна ўжо даўно.
На вялікім стэньдзе пад загалоўкам “РАСЕЙСКІХ АКУПАНТАЎ — ВОН!” віцябляне мелі магчымасьць азнаёміцца з думкамі бэнээфаўцаў:
“Прэч зь Беларусі расейскую каманду КГБ-ФСБ, якая з дапамогай здрадніка Лукашэнкі акупавала ўладу. Замяталін, Латыпаў, Ёрын, Ярмошын, Сівакоў, Кабякоў, Кокараў, Варанцоў, Стражаў, Чумакоў, Шымаў, Чыкін — яўныя ды тайныя служкі КГБ-ФСБ выконваюць расейскі імпэрскі плян акупацыі Беларусі.
Генералы Сівакоў і Чумакоў, і савецкі генерал Мальцаў праводзяць “зачысткі” беларусаў у ворганах улады і войску. Зямяталін, Стражаў, Чыкін ды халуі памагатыя такія, як міністар Гуляка душаць нашу родную мову, нацыянальную адукацыю, культуру. Ярмошын, Кокараў, Шымаў, Кабякоў ды іншыя нішчаць беларускую эканоміку, прамысловасьць, сельскую гаспадарку, прадаюць беларускія землі і рэсурсы ў расейскую ўласнасьць. Беларускі бюджэт губляе штогод 1 млрд. даляраў ЗША на карысьць Расеі, пра што гаворыць сам Лукашэнка. Расейскі генерал ФСБ Ёрын і паўкоўнік Латыпаў кіруюць КДБ і “Советом безопасности”, якія кантралюць паводзіны і асабістае жыцьцё беларусаў.
Масква зноў ратуе Лукашэнку. Выдзеліла крэдыт, што дазволіла за два месяцы перад выбарамі падвысіць заробкі. Пройдуць выбары — і зь людзей выціснуць удвая больш.
Беларусы, ня будзем галасаваць ні за Лукашэнку, ні за іншага маскоўскага халуя! Беларусы прагаласуюць за Беларусь.
Беларускі Вызвольны Рух”
Тутака ж віцяблянам раздаваліся ўлёткі, артыкулы З. Пазьняка.
2001-02-04
Рэдактар VITINFA атрымаў ліст з Амэрыкі, дзе выказаныя, між іншым, некаторыя парады:
“Дзесьці… Вы ахарактарызавалі сваеасаблівую й нялёгкую дзейнасьць Віцебскага БНФ (Хр.Парт.) Адсюль выглядае — маеце вельмі шмат працы. Пры гэтым уважаеце, што ігнараваньне інфармацыі пра вашую дзейнасьць у некаторых мідыях, ці прэсе, будзе адбівацца некарысна для справы.
Падавайце матар’ялы-зацемкі ў “Весткі й Паведамленьні”(Belarusan-American Association, Inc., New York Branch, 166-34 Gotic Drive, Jamaica, N.Y. 11432, USA), у “Рунь” (Літва) і для мяне (“Цыркуляр”, Alexander Mickievic, 90-16 54 Avenue, Elmhurst, N.Y. 11373, USA).
…Таксама Вы недзе трапна выказаліся аб зьяве, якая можа спрычыніць шкоду, а гэта безупыннае пасыланьне безабаронных малазарыентаваных маладых людзей на розныя, без разбору дэманстрацыі.
Перш вымагаецца мантаваньне адпаведнага кіраўніцтва. Яно мусіць складацца з асоб, якія поўнасьцю палягаюць адзін на аднаго й добра ведаюць самых сябе, здольныя быць салідарнымі.
Гэта датычылася б фактычнага лідарства, а афіцыяльнае не канечне мусяла б саўпадаць з фактычным (прыхаваным).
Лепш мець невялікую колькасьць у БНФ, але таксама больш пэўную. Вы там напэўна маеце пэўную колькасьць, зарэгістраваную ў Віцебску або ў Менску.
Неабходна належна, што ў асноўным і дзеіце, …кансалідаваць сілы, каб, як прыйдзе час, ужыць іх эфектыўна. Мае думкі й меркаваньні прыміце для сябе. Можа што-небудзь скарыстаеце.
…жадаю Вам добрага здароўя й посьпехаў у Вашым жыцьці, і ў грамадзтве.
З глыбокай пашанай
да Вас
Алесь Міцкевіч”
2001-02-10
Гэты сайт нядаўна быў перайменаваны і зьмененая ягоная адрэса на http://inform.org.by/vitinfa/
Прычынай сталася тое, што ў байнэце зьявілася нейкая [email protected], якая адказвае на лісты з сэрвера mail.ru. Каб ня гвалціць палітычныя высілкі беларускіх патрыётаў, вырашана адмежавацца ад старога назову.
2001-02-15
У рэдактара VITINFA узьніклі праблемы з беларускім правайдэрам. Юрасю Карпаву, які расплочваецца зь ім акуратна й афіцыйна, раптоўна адключаны доступ у інтэрнэт. Правайдэр тлумачыць свае дзеяньні бугалтарскімі непаразуменьнямі.
Цалкам верагодна, што хутка ўзьнікнуць праблемы й з сэрверам org.by, які належыць тому ж правайдэру.
2001-02-16
13 лютага кіраўнікі Віцебскага БНФ зьвярнуліся да кіраўнікоў уладных структураў Віцебска: старшыняў абл. і гар. выканкамаў, начальнікаў УУС і УКДБ, пракурора вобласьці.
У сваім звароце сябры БНФ папярэджваюць цяперашніх уладцаў аб адказнасьці за магчымыя фальсіфікацыі пад час будучых у Віцебску паўторных выбараў у “палатку”.
Гэта адзін з крокаў БНФ па байкоту ўсялякіх выбараў рэжыму. Дарэчы, развешаныя па горадзе й у транспарце аб’явы, якія заклікаюць прыйсьці галасаваць, пэрыядычна зрываюцца віцяблянамі.
2001-02-18
18 лютага сёлета у Менску адбылася Соймавая канфэрэнцыя Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ з удзелам больш за 200 прадстаўнікоў рэгіянальных арганізацыяў руху і партыі з усяе краіны.
Быў заслуханы ліст Старшыні БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ сп. Зянона Пазьняка. Выконваючы абавязкі старшыні иа Беларусі сп. Юрась Беленькі выступіў з дакладам, выступілі таксама намесьнікі старшыні і ўдзельнікі канфэрэнцыі. Галоўным пытаньнем дакладаў і абмеркаваньня былі маючыя адбыцца сёлета прэзыдэнцкія выбары.
Было неаднаразова падкрэсьлена, што гзтыя выбары павінны адбыцца паводле беларускага сцэнару, а не ў форме чарговага фарсу марыянэткавага прамаскоўскага рэжыму. Соймавая канфэрэнцыя зьвярнулася да сп. Зянона Пазьняка з заклікам прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата.
Прэс-служба Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
2001-02-22
Паведамленьне
кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня
Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”
“Пра
спробы структураў рэжыму
незаконна эьліквідаваць грамадзкае аб’яднаньне
Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”
Грамадзкае аб’яднаньне Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” афіцыйна дзейнічае з 1991 г. Перарэгістравана Мінюстам 13 верасьня 1999 г., пасьведчаньне № 00614.
20 лютага 2001 г. у Вышэйшым Гаспадарчым судзе Рэспублікі Баларусь разглядаўся іск грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” (скарочаная назва — БНФ “Адраджэньне”) да Міністэрства юстыцыі. Сутнасьць іску ў тым, што Мінюст 18 лютага 2000 г. прыняў палітычнае рашэньне і зарэгістраваў новае грамадзкае аб’яднаньне, дазволіўшы яму скарыстаць назву БНФ “Адраджэньне” і што парушае артыкул 12 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. У згаданым артыкуле запісана: “Назвы грамадзкіх а6’яднаньняў, у тым ліку скарочаныя, і іх сімволіка павінны адрозьнівацца ад назваў і сімволікі іншьіх зрамадзкіх аб’яднаньняў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Бепарусь, і не парушаць правоў на інтэлектуальиую ўласнасьць” і далей: “…назвы і сімеоліка грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку скарочаныя і іх сімволіка, павінны адрозьнівацца ад назваў тых грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку скарочаных і іх сіліволікі, якія ліквідаваныя па рашэньні суда ”.
Паведамляем, што пачынаючы са сьнежня 1999 г. грамадзкае аб’яднаньне Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” неаднаразова атрымлівала патрабаваньне Мінюста скасаваць з назвы арганізацыі слова Народны. Мінюст спасылаўся на тое, што так званая палата прыняла рашэньне, паводле якога ў назвах палітычных партыяў і грамадэкіх аб’яднаньняў нельга выкарыстоўваць слова “народны”.
Вышэйшы ворган грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” — Сойм адмовіўся выконваць гэта непрыймальнае для беларускай і адраджэнскай арганізацыі патрабаваньне і прыняў адмысловае рашэньне адстойваць гістарычную назву.
Мінюст у такіх умовах пачаў дзейнічаць не ў адпаведнасьці з артыкуламі № 21, 28, 29 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, а зыходзячы з палітычных патрабаваньняў прамаскоўскага рэжыму. Мінюст не пайшоў на адкрытую ліквідацыю грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” праз суд, бо гэта не засталася б незаўважаным. Арганізацыя мае значную палітычную гісторыю. Яе Старшыня Зянон Пазьняк добра вядомы ў палітычных колах краінаў Захаду. У шэрагах Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” тысячы змагароў за незалежнасьць Беларусі. Ліквідацыя грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” выклікала б нэгатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасьці.
У такіх умовах функцыянэры Мінюста падтрымалі палітычныя амбіцыі пэўнай арганізацыйнай групы асобаў і 18.02.2000 г. незаконна зарэгістравалі новую арганізацыю з назвай “БНФ “Адраджэньне”. Арганізаваная група асобаў выказала пэрсанальную падзяку нямецкаму дыплямату сп. Віку за падтрымку ў справе незаконнай рэгістрацыі.
Праз некалькі дзён пасьля такой рэгістрацыі з мэтай наданьня ёй бачнасьці праўнага характару ў газэце “Звязда” за 23.02.2000 г. зьяўляецца абвестка (невядома кім пададзеная), якая ўтрымлівала хлусьлівую інфармацыю, што быццам бы згублена пасьведчаньне аб рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і яго Статут, якія сп. Ю. Беленькі па даручэньні Старшыні сп. Зянона Пазьняка атрымаў у Мінюсту ў верасьні 1999 г. Сп. Ю. Беленькі быў вымушаны наведаць рэдакцыю газэты з арыгіналамі дакумантаў. 25.02.2000 г. газэта “Звязда” абвергла інфармацыю пра страту дакумантаў, якая ўтрымлівалася ў абвестцы за 23.02.2000 г. У пісьмовым адказе Мінюста на судовы іск хлусьлівая абвестка за 23.02.2000 г. (газэта “Звязда”) была адзіным абгрунтаваньнем прыняцьця рашэньня пра наданьне новай арганізацыі назвы БНФ “Адраджэньне”.
На судовым паседжаньні 20.02.2001 г. у Вышэйшым гаспадарчым судзе Рэспублікі Беларусь функцыянэр Мінюста сп. Л. Караткова заявіла, што грамадзкае аб’яднаньне Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” трэба лічыць зьліквідаваным, паколькі Міністэрства юстыцыі не падавала інфармацыі пра ўключэньне гэтай арганізацыі ў Дзяржаўны рэестр. На пытаньне суддзі сп. Г. Маркоўскага ці маюцца дакуманты ў Міністэрстве юстыцыі пра ліквідаваньне грамадскага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” сп. Караткова адказала, што такіх дакумантаў няма.
Сам факт прыняцьця Вышэйшым гаспадарчым судом Рэспублікі Беларусь да разгляду іску грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” да Мінюсту, правядзеньне слуханьня ў судзе ўжо ёсьць прызнаньне факту юрыдычнага існаваньня грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”.
Ня гледзячы на тое, што ў Міністэрстве юстыцыі няма дакумантаў пра ліквідацыю грамадзкага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і абапіраючыся толькі на вусную заяву прадстаўніка Мінюста сп. Каратковай пра тое, што такой арганізацыі няма, суддзя Г. Маркоўскі вынес рашэньне пра спыненьне справы, спаслаўшыся на артыкул 94 п. 4 працэсуальнага кодэксу Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. П. 4 арт. 94 гаворыць пра тое, што справа спыняецца ў выпадку ліквідацыі юрыдычнай асобы, якая выступае адным з бакоў.
Кіраўніцтва грамадскага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” паведамляе, што суд прыняў гэтае рашэньне не ў адпаведнасьці з заканадаўствам, а ў адпаведнасьці з палітычным загадам прамаскоўскага рэжыму.
Кіраўніцтва грамадскага аб’яднаньня Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” заяўляе, што Арганізацыя дзейнічае, адстойвае незалежнасьць Беларусі і абараняе нацыянальныя інтарэсы беларускай нацыі.
22 лютага 2001 г.
2001-02-22
Барыс Хамайда й Уладзімірлешчанка былі затрыманыя сёньня ля “сіняга дома” у Віцебску. На іх былі складзеныя пратаколы па арт. 162 ч. 2 (Несанкцыянаваны пікет). Потым яны былі адпушчаныя да суду.
У міліцыі засталіся плякаты сябраў БНФ:
“БАЙКОТ
ВЫБАРАМ 18 САКАВІКА”
(паўторныя выбары ў Віцебску ў “палатку”, Б. Хамайда);
“КАНДЫДАТАМ
У ПРЭЗІДЭНТЫ АД БЕЛАРУСКАГА ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ
БУДЗЕ ЗЯНОН ПАЗЬНЯК”
(Ул. Плешчанка).
Былі забраныя, таксама, сьвежыя асобнікі № 30(123) газэты “Выбар” і бюлетэня “Беларуская Салідарнасьць”.
2001-02-22
Рэдактар VITINFA запытаў у Барыса Хамайды ягонае меркаваньне на конт удзелу Вызвольнага Руху ў прэзідэнцкіх выбарах.
Пытаньне:
Як Вы ставіцеся да звароту Соймавай канфэрэнцыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ да сп-ра Зянона Пазьняка прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата?
Адказ:
Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ заявіла аб удзеле ў маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах, якія будзе праводзіць злачынны рэжым, я падкрэсьліваю, па сваіх правілах.
Але перш, чым пачаць зьбіраць подпісы за кандыдата, трэба будзе стварыць ініцыятыўную групу і зарэгістраваць яе ў Цэнтрвыбаркаме.
Паўстае заканамернае пытаньне: куды пойдзе рэгістраваць ініцыятыўную групу кіраўніцтва партыі? У нелегетымны лукашэнкаўскі цэнтрвыбаркам, да спадарыні Ярмошынай?
У такім выпадку я ўжо бачу вельмі цяжкія наступствы для ўсяго Беларускага Вызвольнага Руху ўвогуле і да Партыі БНФ у прыватнасьці.
На мой погляд, для тых сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, якія на працягу амаль пяці гадоў не прызнавалі злачынны пераварот у лістападзе 1996 года і ў сваім змаганьні прытрымліваліся Канстытуцыі 1994 года, ня гледзячы на турмовыя нары, міліцэйскія дубінкі і вялізныя штрафы, наступіць момант ісьціны і прыйдзецца рабіць нялёгкі выбар.
Віцебск, 22 лютага 2001 г.
2001-02-24
У дзень сьвяткаваньня рэжымам дня савецкай арміі 23 лютага суполка БНФ імя УладзімірКараткевіча правяла ў Віцебску чарговы антырасейскі пікет.
Ля помніку Ул. Караткевічу пад нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам сябры Партыі БНФ зьбіралі подпісы за Незалежнасьць, раздавалі агітацыйныя матар’ялы “Беларуская Салідарнасьць”.
Плякаты пікетоўцаў былі красамоўныя:
“ПРЭЧ
БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКУЮ КАМАНДУ КГБ-ФСБ З БЕЛАРУСІ”
“У НОВЫ ВЕК — З НАЦЫЯНАЛЬНЫМ УРАДАМ!”
Як ні дзіўна, але прарасейская ўлада санкцыянавала гэтае мерапрыемства. Напэўна, каб стварыць бачнасьць лібэралізацыі перад сваёй выбарчай кампаніяй у “палатку” і “за прэзідэнта”. З гэтага вынікае, што рэжым таксама чакае, што БНФ і Эўропа санкцыянуюць нелегітымныя выбары. А пераможца ў іх ужо вядомы — дыктатар.
Толькі наўрад ці БНФ пойдзе на гэта, калі ня зглупіць. А эўрапейцы ці дачакаюцца ціхамірных перавыбараў? Калі “аб’яднаны кандыдат” набярэ шмат галасоў і прайграе, дык Эўропа будзе не прызнаваць выбары з-за “фальсіфікацыяў”. Але гэта ўжо дэ-факта не паўплывае на рашучасьць пераможцы да новых “інтэграцыйных” крокаў з Расеяй. Якая, са свайго боку ўжо і дэ-факта, і дэ-юрэ пойдзе насустрач.
2001-02-28
57 гадоў таму, 23 лютага 1944 г., крамлёўска-бальшавіцкі рэжым зьдзейсьніў ваеннае злачынства. Цэлыя народы, — чачэнцы, інгушы, аварцы, калмыкі, — былі пад прымусам выселеныя ў расейскі ГУЛАГ. Сотні тысячаў людзей загінулі падчас гэтай карніцкай акцыі НКВД.
23 лютага сёлета ў шэрагу краінаў Эўропы, Амэрыкі і Азіі прайшла міжнародная акцыя “За нашу і вашу свабоду”, прысьвечаная сумным угодкам дэпартацыі каўказкіх народаў і пратэсту супроць агрэсыўнай палітыкі Расеі на Каўказе і ў Беларусі. У Менску актывісты Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прыйшлі да будынку амбасады Расейскай Фэдэрацыі, каб перадаць туды Пэтыцыю да кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі. 15 асобаў трымалі ў руках чачэнскія і бел-чырвона-белыя беларускія сьцягі. Аднак, ніхто з супрацоўнікаў амбасады да грамадзянаў ня выйшаў. У гэты ж дзень больш за 20 асобаў прыйшлі з чачэнскімі і беларускімі сьцягамі да сядзібы Кансультацыйна-Назіральніцкай Групы АБСЭ ў Менску, дзе ўручылі Пэтыцыю да кіраўніцтва і дзяржаваў-удзельніц АБСЭ прадстаўнікам КНГ АБСЭ. Тэксты пэтыцыяў прыкладаюцца.
Прэс-служба Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
2001-02-28
Увечары 26 лютага ў будынку сталічнага чыгуначнага вакзалу міліцыя затрымала намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ сп. Сяргея Папкова, абвінаваціўшы яго ў распаўсюджваньні ўлётак. Сп. Папкова даставілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол і пратрымалі тры гадзіны. У яго былі канфіскаваныя інфармацыйныя матар’ялы партыі.
Прэс-служба Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro