Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


2001-06-03

Выбух гранаты на тэрыторыі Расейскай амбасады яшчэ раз яскрава сьведчыць аб тым, што сёньня на Беларусі адсутнічаюць нармальныя ўмовы для правядзеньня вольных выбараў прэзідэнта. І тут няма значэньня таго, хто стаіць за адбыўшайся акцыяй і якая мэта ў сувязі з гэтым ставілася.

Тыя, хто не зразумеюць гэтай “падказкі”, могуць стаць у бліжэйшы час сьведкамі іншых знакавых падзей.

Барыс Хамайда,
2 чэрвеня 2001

23 траўня кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прыняла заяву “Аб рэпрэсіях і ўжываньні сілы з боку рэжыму Лукашэнкі супраць прадстаўнікоў Беларускага Вызвольнага Руху”.

На маю думку прынята самая супярэчлівая заява з моманту зьяўленьня партыі на палітычнай авансцэне.

У ёй вядзецца пералік бандыцкіх дзеяньняў кіруючага ў Беларусі рэжыма ў дачыненьні да сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ за апошнія некалькі месяцаў. Канстатуецца, што ніякіх дэмакратычных свабодаў у Беларусі пры панаваньні антыбеларускага рэжыму няма й ня будзе. І гэта па сутнасьці верна.

Але напрыканцы аўтары заявы прыходзяць да парадаксальнай высновы, калі сьцьвярджаюць, што арганізацыі Беларускага Вызвольнага Руху, нягледзячы на пастаянны ўціск з боку рэжыму прымуць актыўны ўдзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2001 г.

Узьнікае лягічнае пытаньне: на якіх умовах удзельнічаць у выбарах? Па правілах бандыцкай кіруючай групоўкі? Іншых у гэтай краіне няма.

Зьдзіўляе і той факт, што, пералічваючы прозьвішчы рэпрэсіраваных сяброў Сойму і Ўправы Партыі БНФ (па сутнасьці кіраўніцтва), каляктыўныя падпісанты забываюць шэраговых сябраў партыі зь Віцебску Юрася Карпава і Рамана Салаўяна, якія адзіныя на Беларусі за Чарнобыльскі Шлях-2001 атрымалі па 10 сутак арышту.

Фанабэрыстыя палітыкі зь Менску ніяк не зразумеюць простых рэчаў. Лёс Беларусі будзе вырашацца не ў сталіцы, а ў рэгіёнах. Як у свой час лёс Польшчы вырашаўся ў Гданьску, а не ў Варшаве.

Час рэвалюцыйных сталіцаў, на мой погляд, мінуў.

Барыс Хамайда,
1 чэрвеня 2001


2001-06-07

У Воршы 7 чэрвеня адбыўся чарговы пікет з шэрагу заплянаваных гарадзкой арганізацыяй Партыі БНФ. Ён быў прысьвечаны сацыяльна-эканамічнаму становішчу на Беларусі.

На гэты раз у пікетоўцаў былі плякаты:

СЕМ ГОД — АБЯЦАНКІ-ЦАЦАНКІ.
ІХ НЕ АБГЛОЖАШ І Ў МІСКУ НЕ ПАЛОЖАШ.

МЫ ХОЧАМ ЛУКАШЭНКУ ПАЖАДАЦЬ
З СУЧАСНАЙ ПЭНСЫЯЙ ДЗЯДОЎ ВЕК ДАЖЫВАЦЬ.

АМЭРЫКАНЕЦ БОЛЬШ ЗА ВЯЧЭРУ ПРАЯДАЕ,
ЧЫМ БЕЛАРУС ЗА МЕСЯЦ ЗАРАБЛЯЕ.

ВЫБІРАЕМ ХАМСТВА, ПАПУЛІЗМ, ГАЛЕЧУ, ДЫКТАТУРУ —
АЛЬБО СЬВЯДОМАСЬЦЬ, НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ, ДАБРАБЫТ, ЭЎРАПЕЙСКУЮ КУЛЬТУРУ.

Луналі два бел-чырвона-белыя сьцягі. Падыйшла й прадстаўніца гарвыканкаму, якая адказвае за сувязі з грамадзкімі арганізацыямі. Яна параіла ў наступны раз 22 чэрвеня не абражаць нейкую асобу (вядомую — Луку). А пакуль што міліцыя спакойна ставіцца да нашага санкцыянаванага мерапрыемства.

Юры Канышка,
Ворша


2001-06-23

Кіраўніку ініцыятыўнай
групы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі — БНФ сп. Сяргею Папкову

Шаноўны сп. Сяргей Папкоў!

Павяртаю Вам пасьведчаньне сябра ініцыятыўнай групы, бо я лічу атрыманьне дакуманта ад нелегітымнага цэнтрвыбаркаму асабістай абразай.

Прашу Вас прыняць адпаведныя захады па скасаваньні дадзенага рашэньня.

Я зноў пацьвярджаю сваю ранейшую прынцыповую пазыцыю аб жорсткім байкоце маючага адбыцца прэзідэнцкага выбарчага фарсу, таму што не жадаю спрыяць легітымізацыі злачыннага рэжыму на Беларусі.

Пры ўсёй маёй павазе да асобы Зянона Пазьняка я лічу, што кіраўніцтва партыі, пагадзіўшыся на ўдзел у выбарах на ўмовах улады, зьдзейсьніла сур’ёзную тактычную памылку. Відавочнасьць якой для большасьці стане зразумелай у верасьні.

20 чэрвеня 2001 г.

Барыс Хамайда


2001-06-30

У Віцебску адбыўся крывавы інцыдэнт з палітычнае прычыны. З-за рознасьці палітычных паглядаў адзін мужчына ўдарыў другога нажом. Міліцыя шукае сьведкаў.

А пачалася спрэчка ў транспарце. Як кажуць людзі, вышаўшы на прыпынак “палітыканы”, адзін зь якіх быў “сталініст”, пачалі біцца.

Юрась Карпаў

* * *

У ноч з 27 на 28 чэрвеня ў цэнтры горада Жодзіна паміж двума дванаццаціпавярховымі жылымі дамамі на тэлевізійным провадзе быў вывешаны вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, а на сьценах зьявіліся надпісы “Горад — наш” і намаляваны бел-чырвона-белыя сьцяжкі.

Такім чынам прадстаўнікі “Маладога фронту” і маладзёжнага інфармацыйнага цэнтру “Ліцьвіны” адзначылі прыезд у Жодзіна Аляксандра Лукашэнкі. Ніхто падчас начной акцыі затрыманы ня быў.

Раніцай 28 чэрвеня вялікае бел-чырвона-белае палотнішча паспрабавалі зьняць супрацоўнікі міліцыі пры дапамозе пажарнай машыны. Гэтыя спробы на вачах у мноства цікаўных працягваліся каля дзьвюх гадзінаў, аднак посьпехам не ўвянчаліся. У выніку сьцяг зьнялі работнікі камунальных службаў з дапамогай спэцыяльнага прыстасаваньня з дроту й кольцаў. Па словах відавочцаў, гэта адбылося літаральна за паўгадзіны да прыезду ў горад Аляксандра Лукашэнкі.

“Народная воля”,
30 чэрвеня 2001 г. (№ 118)

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro