Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


2001-08-13

Я зноў зьвяртаюся да тых, хто здольны мяне пачуць і зразумець.

Верасьнёўскія выбары зьяўляюцца нелегітымнымі. У выніку гэтых выбараў можа зьявіцца толькі нелігітымны прэзідэнт.

Нельга гуляць па правілах тых, хто растаптаў Канстытуцыю 1994 году. Сваім удзелам у псэўдавыбарах мы фактычна падтрымліваем тое беззаконьне, якое зьдзейсьніла ўлада пад час рэферэндума 1996 году. Ствараем небясьпечны прэцэндэнт.

У такіх умовах байкот выбарчага фарсу — маральная й грамадзянская пазіцыя. Таму што гэта няўдзел у хлусьне. Гэта акт грамадзянскага непадпарадкаваньня.

Зараз беларускія патрыёты павінны думаць, як пасьля 9-га верасьня стварыць сапраўдную апазіцыю рэжыму. Я ўпэўнены, прыйдзе час, і мы з Вамі будзем удзельнічаць у свабодных дэмакратычных выбарах, толькі трэба набрацца цярпеньня.

Барыс Хамайда,
8 жніўня 2001

* * *

Рэдактар выбачаецца за перапынак у аднаўленьні інфармацыі на сайце. Ізноў быў спалены мадэм…


2001-08-27

Барыс Хамайда падчас цяперашняй агітацыйнай кампаніі прапагандуе ў цэнтры Віцебску ідэю байкоту ілжэвыбараў з плякатам “ЯК НІ ГАЛАСУЙ — УСЁРОЎНА ПРАЙГРАЕШ!” Вядомая карыкатура дулі з вусамі на плякаце дадаткова растлумачвае сэнс ягонай пазыцыі.

За гэта яго тройчы на мінулым тыдні затрымлівала міліцыя. На яго складаліся пратаколы за несанкцыянаваны пікет, забіраліся плякаты і ён адпускаўся да суду.

Бліжэйшы суд Б. Хамайды адбудзіцца 30 жніўня. Ён будзе прысьвечаны, відаць, ягонаму затрыманьню на “Славянскім базары”. Тады ён сустракаў-праводзіў “тройку” і не дагадзіў шырокай славянскай душы.

* * *

Віцебскі гарвыканкам атрымаў заяву Юрася Карпава, дзе ён выкладае будзённыя патрэбы жыхароў дому 14 па вуліцы Ганчарная.

Пэнсіянэры гэтага пасьляваеннага бараку дагэтуль жывуць без гарачай вады. Двор пасьля рыцьця чарговай канавы застаецца ў ямінах з вадой і дзеткам няма дзе гуляць. Вадасточныя трубы на фасадзе дому абрываюцца на другім паверсе і вада зь іх ліецца ў ніжэйшыя вокны. Дом увогуле патрабуе капітальнага рамонту, але ў дзяржавы не хапае на гэта грошы. Затое на незаконную перадвыбарчую хлусьню ўсяго досыць.

Пэнсіянэры чакаюць заступніцтва і рэальнай ўвагі да сваіх бытавых праблемаў. А іх ў чарговы спрабуюць выкарыстаць дзеля бясплённага галасаваньня.


2001-08-29

Сёньня ноччу быў зрынуты бюст Суворава ў Віцебску. Усю ноч ён ляжаў ля гарваенкамату тварам у зямлю побач з падмуркам, на якім ляжалі дзьве бутэлькі гарэлкі — маскоўскага ды беларускага розьліву — складзеныя падобна дзьвюхгаловаму арлу літарай “V”.

Удзень ён быў пастаўлены на падмурак наноў. Але нос у яго быў зьбіты, на грудзёх ардэноў за Беларусь не было. Зьнікла, таксама, шыльда з надпісам “А. В. Суворов”.

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro