Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


2001-09-03

ЗВАРОТ
да грамадзянаў горада Віцебска

Дарагія землякі!

Я заклікаю Вас, замест удзелу ў выбарчым фарсе ў якасьці статыстаў, паехаць да старых бацькоў у вёску дапамагчы капаць бульбу. Бо, калі мы зараз пра сябе ні паклапоцімся, у надыходзячую зіму ніякія прэзідэнты са сваімі абяцанкамі “манны нябеснай” нам не дапамогуць.

У нас ужо ёсьць добры досьвед такіх паводзінаў падчас выбараў у так званую “палатку” у кастрычніку мінулага года. Усёроўна без улады не застанемся, бо яшчэ ніхто ад яе дабрахвотна не адмаўляўся.

Прыйдзе час і мы будзем удзельнічаць у выбарах, галасаваць за сваіх кандыдатаў.

3 верасьня 2001 г.
Барыс ХАМАЙДА

2001-09-07

Гісторыя зь нядаўнім звальваньнем Суворава ў Віцебску займела працяг. Знайшоўся той, хто мае дачыненьне да ўчыненага.

Пазаўчора да Барыса Хамайды трапіла інфармацыя невядомага аб тым, што ён можа паказаць мейсца знаходжаньня зьніклай шыльды “А. В. Суворов”. Пасьля роздуму Хамайда пагадзіўся. Яму было паведамлена, што шыльдачка знаходзіцца ў пэўным мейсцы ў Рудні (Расея). Запрасіўшы тэлеапэратара, Б. Хамайда накіраваўся ў Расею.

Рудня — гэта першае расейскае мястэчка на шляху Віцебск — Смаленск. Тама сапраўды была знойдзеная шыльдачка з прозьвішчам служкі расейскай імпэрыі ў старым ірваным мяху зь сенам. Разам зь ёй у мяху ляжала… галава генэралісімуса, якая дакладна паўтарала галаву на віцебскім бюсьце. Да яе быў прымацаваны шнур зь пятлёй, запэцканы ў чырвонае. У роце тырчэла цыдулка:

“А ДАЛЕЙ СВАІМ ХОДАМ,
КЛЯТЫ КАТ І ЗАБОЙЦА
ВАЛЬНАЛЮБІВЫХ МАІХ ЗЕМЛЯКОЎ.

КАЛІ ХАДЗІЎ ТЫ ЦЕРАЗ АЛЬПЫ,
ТО І ДА СВАЁЙ МАСКВЫ ДАПАЎЗЕШ

М”

Застаецца дадаць, што ўсё гэтае было зафіксаванае на відэастужку. Пэўна ў хуткім часе будзе зроблены адпаведны сюжэт. Ён папоўніць наш віцебскі відэаархіў, які чакае сваяго рэжысэра для афармленьня захоўваемых матар'ялаў у суцэльную касэту: “Змагарны Віцебск”.


2001-09-08

З раніцы сёлетняга Дня Беларускай Вайсковай Славы над адным зь дзьвюх галоўных брамных дамоў прывакзальнай плошчы Віцебска залунаў бел-чырвона-белы сьцяг.


2001-09-21

Расказалі анэкдот аб ілжэвыбарах:

Адбыліся на Беларусі выбары Лукашэнкі.
Прыходзяць да яго апасьля галасаваньня й кажуць:
— У нас для Вас дзьве навіны. Адна добрая, другая кепская. З чаго пачаць?
— З добрай.
— Віншуем, Вы сталі пераможцам.
— А другая?
— Прабачце, але за Вас ніхто не прагаласаваў…

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro