Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
2001-10-04
У ноч з 3 на 4 кастрычніка над Лёзна зноў залунаў нашый беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.
Як паведаміў рэдактар газэты “Выбар” Барыс Хамайда, ён быў прымацаваны разам з дрэўкам да маланкаадводу 50-мэтровага цэглянога коміну агародніна-сушыльнага заводу.
Калісьці над гэтым комінам ужо лунаў сьцяг нашых слаўных продкаў. Тады міліцыянты не змаглі яго зьняць і былі вымушаныя, стоячы на верхняй пляцоўцы, спаліць яго факелам, які быў прымацаваны да доўгай жэрдкі.
Да новага сьцягу прымацаваная цыдулка з наступным тэкстам:
“МАЦНЕЙЦЕ
ДУХАМ, БРАТЫ-БЕЛАРУСЫ,
І НЕ ПАКІДАЙЦЕ РАДЗІМЫ СВАЁЙ,
БО САПРАЎДНАЯ БАРАЦЬБА ЗА ПРАВА ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА —
ЯШЧЭ ТОЛЬКІ ПАЧЫНАЕЦЦА.
МІРОН”
* * *
Мірон выступіў з заявай.
ЗАЯВА
Гэтая акцыя была запланавана на 12 верасьня, але я быў вымушаны адкласьці яе з-за трагічных падзей, якія мелі месца ў ЗША 11 верасьня 2001 году.
Ясна ўсьведамляючы тое, што існуючы цяпер на Беларусі антыбеларускі рэжым наўмысна будзе трактаваць гэтую акцыю апазіцыйных сілаў, як знак салідарнасьці зь міжнародным тэрарызмам, я сьвядома адмовіўся ад яе правядзеньня.
І толькі праз 25 дзён пасьля выбараў у Беларусі я ўсё ж такі правёў сваю акцыю: за права беларусаў — людзьмі звацца.
Лічба 25 тут не выпадковая. Я гэтым падкрэсьліваю тое, што прызнаю дзень Незалежнасьці Беларусі толькі 25 сакавіка.
Свой дзень незалежнасьці ёсьць і ў народа ЗША, які яны шануюць і ўхваляюць. Ёсьць у іх і свой нацыянальны сьцяг, якім яны ганарацца і які берагуць. Такія адметныя нацыянальныя сымбалі ў любой цывілізаванай краіне зьяўляюцца тым самым каталізатарам, ад якога ідзе згуртаваньне ўсёй нацыі дзеля зьдзяйсьненьня сваіх высокіх агульнаграмадзкіх ідэяў.
І ў этнічных беларусаў ёсьць свае нацыянальныя сымбалі, свая гісторыя і свая культура. Але рэжым Лукашэнкі зьліквідаваў сапраўдныя беларускія сымбалі, падмяніў гісторыю і зьнявечыў культуру этнічных беларусаў: толькі з адною мэтай, каб замацаваць сваю ўладу над адурманеным народам.
За свабоду і незалежнасьць амэрыканскага народа ў свой час змагаўся і наш суайчыньнік Тадэвуш Касьцюшка.
За вяртаньне свайму народу спрадвечных яго сымбаляў, за праўдзівую гісторыю і за сапраўдную традыцыйную культуру змагаюся і я.
Да сьцягу, які 4 кастрычніка залунаў высока ў небе гад беларускім мястэчкам Лёзна была прымацавана й другая цыдулка:
“ГЭТАЙ
АКЦЫЯЙ Я ВЫКАЗВАЮ СВАЁ ГЛЫБОКАЕ СПАЧУВАНЬНЕ
СЕМЬЯМ БЯЗЬВІННА ЗАГІНУЎШЫХ АМЭРЫКАНЦАЎ
АД ТЭРАРЫСТЫЧНАГА АКТУ 11 ВЕРАСЬНЯ 2001 ГОДУ
І ПРЭЗІДЭНТУ ЗША.”
Зь міжнародным тэрарызмам вынікова можна змагацца толькі агульнымі намаганьнямі ўсіх краінаў, на чале якіх стаяць дабразычлівыя, высокаадукаваныя й сьвядомыя кіраўнікі-патрыёты сваіх народаў.
Спадзяюся, што ў хуткім часе й мая Радзіма Беларусь будзе вернутая на цывілізаваны шлях свайго разьвіцьця, і яна знойдзе сваё пачэснае месца ў шэрагу перадавых эўрапейскіх краінаў.
4 кастрычніка 2001 г. | Мірон |
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro