Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


2002-04-26

26 красавіка ў ясны сонечны дзень, калі ўжо расквітнела вішня ў гарадзкім садзіку, прыгадалася страшэнная ціхая трагедыя Чарнобыля.

Савецкая намэнклятура, якая засталася яшчэ кіраваць, старанна замоўчвала небясьпеку для жыцьця беларускіх грамадзянаў ды выводзіла іх на тагачасны “першамай”. А цяперашні незаконны кіраўнік выконваючай улады “великодушно” дазваляе жыць беларусам на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях. Прафэсар Ю. Бандажэўскі зьняволены за тое, што ня згодны з такой злачыннай несправядлівасьцю.

У таковых умовах Барыс Хамайда вырашыў зьвярнуцца да вышэйшай інстанцыі дзеля ратаваньня Беларусі.

“ГОСПАДЗЕ, ПАМАЖЫ БЕЛАРУСІ ПЕРААДОЛЕЦЬ ЧАРНОБЫЛЬСКУЮ БЯДУ!”, —

было напісана на ягоным плякаце, зь якім ён прастаяў у цэнтры Віцебску амаль дзьве гадзіны. Да яго падыходзілі людзі, гутарылі, рабілі прапановы. Адна зь іх была наступная. Ня просячы загадзя аніякіх дазволаў, як гэта заўжды робіць Б. Хамайда, у пэўны дзень выйсьці грамадою на галоўную Вялікую вуліцу горада ды зарганізаваць як мага большую колькасьць людзей на выяўленьне сваіх невырашаных уладай праблемаў. Тады няспраўнае кіраўніцтва мусіць сыйсьці на зьмену новаму, сапраўды народнаму.

* * *

26 красавіка ў Гомелі адбыўся мітынг, прысвечаны 16-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Каля 200 гараджан узялі ўдзел у мерапрыемстве, якое пачалося з ушанавання хвілінай маўчання памяці ахвяр атамнай катастрофы. У сваіх эмацыйных выступах прадстаўнікі гомельскіх партый і грамадскіх арганізацый з болем гаварылі пра сацыяльна-эканамічныя праблемы асуджаных на выміранне і жабрацтва палешукоў, злачынную бяздзейнасць уладаў і абыякавасць насельніцтва да ўласнага лёсу.

Мітынг праходзіў пад бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сцягамі і плакатамі: “НЕ — расійскай акупацыі!”, “Спыніць каланізацыю Палесся!”, “Даеш новыя выбары пад міжнародным пратэктаратам!” і іншымі. Напрыканцы мерапрыемства намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі — БНФ Уладзімір Старчанка зачытаў рэзалюцыю, якая адзінадушна пад воклічы “Жыве Беларусь! Жыве вечна!” была ўхвалена ўдзельнікамі мітынгу.

Ул. Старчанка

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro