Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


Даклад
дэпутата Сяргея Антончыка
на сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі
20 сьнежня 1994 г.

Паважаныя дэпутаты!

Дэпутат Лукашэнка на адной сэсіі прапанаваў увесьці ў практыку Вярхоўнага Савету рэгулярныя парляманцкія слуханьні аб вышэйшых чыноўніках, замяшаных у карупцыі. У сваёй прамове будучы прэзыдэнт сьцьвярджаў: «Улада, а тым больш высокая, як вядома, псуе чалавека. Таму і патрэбны, на наш погляд, мэханізм публічнага выкрыцьця тых высокіх чыноў, якія не ўстрымаліся ад спакусы. Іншага месца для такога мэханізму няма, — сьцьвярджаў Аляксандар Рыгоравіч, — акрамя як у парляманце».

Неабходнасьць разгляду праблемы карумпаванасьці вышэйшых чыноўнікаў улады абгрунтаваная тым, што сёньня практычна закончылася фармаваньне новай каманды ўлады. Прэзыдэнт прызначыў вышэйшых чыноўнікаў на ўсе ключавыя пасады. Цяпер самы час праэкзамэнаваць маладога прэзыдэнта і маладую каманду, выявіць ступень карумпаванасьці прыхільнікаў прэзыдэнта Лукашэнкі, бо калі гэтага не зрабіць, то карупцыя можа зьнішчыць гэтую ўладу і зрабіць жыцьцё людзей у Беларусі суцэльным жахам.

Наступнай прычынаю майго выступу менавіта ў гэтыя дні зьяўляецца той факт, што скончылася расьсьледаваньне, якое праводзіла пад маім кіраўніцтвам група, якая складалася з 231 супрацоўніка — патрыёта Беларусі. Гэта сьледчыя, апэратыўныя работнікі, пракуроры, экспэрты, аналітыкі, падаткавыя інспэктары, супрацоўнікі міністэрстваў. Сярод іх —пяць палкоўнікаў контрвыведкі, якія працавалі доўгі час за мяжою, рызыкуючы сваім жыцьцём дзеля нашай Бацькаўшчыны.

Урэшце простага працаўніка цікавіць адказ на простае пытаньне: «Чаму ўсяго празь некалькі месяцаў прэзыдэнцтва Лукашэнкі так рэзка пагоршылася нашае жыцьцё?»

Нам удалося знайсьці просты адказ на пытаньне. Ён — у выніках нашага расьсьледаваньня.

Беларусьсю сёньня кіруюць некалькі мафіёзных кланаў: аграрны, прамысловы, чарнобыльскі, гандлёва-зьнешнеэканамічны.

Падчас свайго фармаваньня кланы стварылі і ўласныя камэрцыйныя банкі. Карыстаючыся сыстэмаю намэнклятуры, мафія вяла і вядзе пастаянную барацьбу за ўплыў на ўрад, цэнтральны банк, мясцовую ўладу. Прычым посьпех залежыць ад таго, каму ўдалося дэлегаваць болей прадстаўнікоў у выканаўчыя структуры ўлады.

Калі пры Кебічы маятнік мафіёзнага посьпеху ўказваў на прамысловую і зьнешнеэканамічную мафію, то цяпер ён схіліўся ў бок аграрнай і чарнобыльскай. Асноваю існаваньня і крыніцаю ўзбагачэньня мафіі сталі інфляцыя і клірынг.

Архітэктары злачыннага мэханізму інфляцыі сёньня на самых высокіх дзяржаўных пасадах, і гэта невыпадкова.

У 1993 г. 60% крэдытнай эмісіі праходзіла празь «Белаграпрамбанк». Старшынём праўленьня банку тады працаваў Міхаіл Мікалаевіч Чыгір.

Калясальны рост цэнаў раскручваўся тады па наступнай схеме: камісія Вярхоўнага Савету па аграрных пытаньнях (старшыня Гаркун) «выбівала» крэдыты нібыта пад патрэбы сялянаў — а яны ж ведалі, што грошы да простых працаўнікоў ня дойдуць! Урад ішоў насустрач у абмен на захаваньне сваіх пасадаў. Па распараджэньні ўраду Нацыянальны банк друкаваў нічым не забясьпечаныя грашовыя паперкі і накіроўваў іх у камэрцыйны банк да М. М. Чыгіра.

Куды ж ішлі грошы далей?

З дакуманта праверкі: «Выяўленыя масавыя факты нямэтавага выкарыстаньня крэдытных рэсурсаў. Напрыклад, на адкрытай крэдытнай лініі на правядзеньне вясновых палявых работаў выкарыстана каля пяцісот мільёнаў рублёў на іншыя мэты. На іх закуплена віно, шампанскае, сантэхніка для катэджаў і іншыя тавары».

Сыстэматычна прадастаўляліся пазыкі міністэрству хлебапрадуктаў, але ні разу не правяралася, як яны выкарыстоўваюцца. Як вынік — збожжа на гэтыя грошы амаль не паступала, грошы пайшлі замежным камэрсантам.

«Белаграпрамбанк», якім кіраваў М. Чыгір, выдаваў крэдыты з залічэньнем валюты на разьліковы рахунак камэрцыйных фірмаў. Гэтае грубае парушэньне правілаў вядзеньня банкаўскай справы прывяло да таго, што з залічаных на разьліковы рахунак 140 млн. рублёў канцэрнам «Белаграмаш» па мэтавым прызначэньні выкарыстана ўсяго 35 млн. рублёў. Мэтавы крэдыт — ільготны крэдыт зь невялікімі працэнтамі. Выкарыстоўваючы яго нямэтавым чынам, фірма нанесла вялізарны матар'яльны ўрон дзяржаве, а значыць усім нам, грамадзянам Беларусі. Падвышаючы цэны, раскручваючы інфляцыю, банкіры пры гэтым калясальна нажываліся самі.

Наступная апэрацыя «Белаграпрамбанку» пад кіраўніцтвам М. Чыгіра не дала магчымасьці пабудаваць сялянам свае дамы.

Урад выдзеліў вялізныя грошы для выдачы крэдытаў на будаўніцтва дамоў для калгасьнікаў і іншых жыхароў сельскай мясцовасьці. Фактычна ж «Белаграпрамбанк» гэтыя крэдыты выдаваў начальнікам для будаўніцтва катэджаў і на іншыя мэты, але толькі ня простым аратым.

А вось яшчэ адна арыгінальная зьдзелка міжнароднага маштабу. 29 ліпеня 1993 г. банк М.Чыгіра выдаў 100 млн. рублёў фіктыўнаму канцэрну, які складаўся з двух чалавек. Гэтыя грошы былі абнаяўленыя ў Заводзкім аддзяленьні Ашчаднага банку Менска кіраўніком канцэрну… студэнтам Вабішчавым, пасьля чаго зьнік і студэнт, і грошы. Сьляды прывялі ў Швайцарыю. Празь месяц ад суаўтара афэры прыйшоў ліст у Цюрых. Вось ягоны зьмест: «Паважаныя спадары! Ці не маглі б вы дапамагчы мне адкрыць пэрсанальны рахунак у швайцарскіх франках і амэрыканскіх далярах у Швайцарскім крэдытным банку ў Цюрыху». Цікавы вынік: «Белаграпрамбанк» прафінансаваў сялянаў, праўда, швайцарскіх, пры гэтым цэны рэзка вырасьлі ў Беларусі.

Апэтыт прыходзіць падчас яды. 6 ліпеня М.Чыгір хадайнічае перад Нацыянальным банкам аб выдзяленьні крэдытных рэсурсаў. Атрымаўшы 810 млн. руб. на закуп цукру, банк пералічыў гэтыя грошы канцэрну Белхарчпрам (прэзыдэнт — А. Ф. Лугавы). Далей грошы скідваюцца прыватнай фірме «Гея», тая пералічвае іх неіснуючай амэрыканскай фірме «Крыстал» — і грошы распушчаюцца, як цукар. Таму гарбату п'ем, як і раней, несалодкую…

Вынік гэтай махінацыі - рост цэнаў на 810 млн. рублёў.

За гэтыя і іншыя парушэньні закону было прыпыненае дзеяньне генэральнай ліцэнзіі «Белаграпрамбанку», а ягоны кіраўнік М.Чыгір прыцягнуты да адказнасьці па арт. 151б са спагнаньнем дваццаці мінімальных заробкаў. Гэтыя меры пакараньня абрынулі на будучага прэм'ер-міністра 23 сакавіка 1994 г., але ён патрапіў пад працэсуальную амністыю.

Зьдзелка, пра якую гаворка пойдзе далей, незвычайная тым, што яна паслужыла прычынаю забойства 8-мі чалавек: аднаго ў Менску і 7-мі — ў Маскве. Але ніхто ня ведае, што каля вытокаў гэтай зьдзелкі стаяў М. Чыгір.

4 лістапада 1992 г. «Белаграпрамбанк» заключыў дамову з Маскоўскай авіятранспартнай кампаніяй «Витязь» на выдзяленьне крэдыту ў 2 млрд. рублёў на пастаўку нафтапрадуктаў у Беларусь. Прычым зьдзелка на пастаўку нафтапрадуктаў была фактычна ліпай, бо ў крэдытнай дамове не былі вызначаныя ні тэрміны пастаўкі, ні кошт, ні аб'ёмы. Дамову заключылі на адзін год пад 35% гадавых. Празь пяць дзён М. Чыгір даў каманду выдаць крэдыт, хоць грошай у банку не было.

16 сьнежня М. Чыгір піша ліст С. Багданкевічу з просьбай не адмаўляць у выдзяленьні цэнтралізаваных рэсурсаў.

17 сьнежня С. Багданкевіч выдае крэдыт. Такім чынам, дакуманты сьведчаць: «Белаграпрамбанк» выдаў Маскоўскай кампаніі «Витязь» цэнтралізаваныя крэдыты раней, чым атрымаў іх ад Нацыянальнага банку. Чым выкліканая такая пасьпешлівасьць?

Над гэтай зьдзелкаю лунаў дух нечуваных прыбыткаў. Грошы пайшлі ў Маскву і… прапалі. Не было і нафты. Амаль праз год ангельская фірма «LTD-Company» пачала пастаўляць нафту нібыта за маскоўскую фірму «Витязь». Пастаўкі хутка былі прыпыненыя празь неплатаздольнасьць Мінэнэрга Беларусі. Кожны з вас можа падумаць: «Чаму М. Чыгір і С. Багданкевіч не аддалі гэтыя 2 млрд. рублёў Мінэнэрга»? Адказ просты — тады мафія засталася б без прыбытку. Прыбытак быў сапраўды фантастычны, але для гэтага М. Чыгіру трэба было даць станоўчы адказ на адзін ліст. 15 верасьня 1993 г., амаль праз год пасьля заключэньня дамовы, на імя Чыгіра паступіў ліст ад генэральнага дырэктара «Витязя».

Цытую: «Аднак форма аплаты за пастаўленыя нафтапрадукты прымушае нас зьвярнуцца да вас з просьбаю разгледзець пытаньне аб магчымасьці пагашэньня пазыкі і працэнтаў па ёй у свабодна канвэртаванай валюце на дадаткова названы вамі рахунак па курсе не ніжэй як 3 тыс. беларускіх рублёў за адзін даляр ЗША». М. Чыгір дае згоду на разьлік па курсе 3300 рублёў. Пасьля гэтага 4 кастрычніка 1993 г. на карэспандэнцкі рахунак «Белаграпрамбанку» ў Дубліне паступіла 705 тысяч 263 даляры ЗША ад фірмы «Quint Ltd» у лік пагашэньня крэдыту. Такім чынам, банк М.Чыгіра, выдаўшы Маскве 2 млрд. рублёў (што складала 13 млн. даляраў ЗША), праз год атрымаў усяго 705 тысяч. Страты склалі каля 12 млн. даляраў ЗША. Гэта без уліку стратаў ад недапастаўкі нафтапрадуктаў.

Гэта тыя 12 млн. даляраў ЗША, якія пайшлі ў Маскву і сталі прычынаю мафіёзных разборак і забойстваў, пра якія гаварылася вышэй.

Аляксандар Лукашэнка, працуючы старшынём камісіі па барацьбе з карупцыяй, усё гэта добра ведаў і… маўчаў, хоць павінен быў перадаць дакуманты аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць удзельнікаў афэры, у тым ліку М. Чыгіра, Генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь. Замест гэтага прэзыдэнт Лукашэнка «пакараў» М. Чыгіра пасадаю прэм'ер-міністра. Паважаныя дэпутаты! Амаль кожны жыхар Беларусі ўпэўнены, што мы настолькі бедныя, што ня можам плаціць за энэрганосьбіты. Нас увесь час у гэтым пераконвалі ўрадавыя сродкі масавай інфармацыі. На самой справе высьвятляецца, што гэты доўг узьнікае таму, што нас пастаянна абкрадаюць. Да гэтага мы прывыклі… Крыўдна толькі, што афэрысты замест лавы падсудных трапялюць ва ўрадавыя крэслы. Так было пры В. Ф. Кебічы. Нічога не зьмянілася і пры новым цары.

Навядзем яшчэ адзін доказ да сказанага.

У 1993 г. Мінэнэрга Беларусі павінен быў вярнуць доўг Летуве — 11,3 млрд. расейскіх рублёў. Мінэнэрга (міністар Герасімаў) перадаручыла правесьці аплату фірмам «Пушэ» і «Фобас», пералічыўшы на іхныя рахункі 15 млрд. беларускіх рублёў. Дазвол на гэтую зьдзелку далі Лінг і Брыль.

Нагадаю, што Лінг прызначаны прэзыдэнтам Лукашэнкам віцэ-прэм'ерам. Гарантам фірмаў выступіў «Белаграпрамбанк» (старшыня М. Чыгір). Фірмы ж замест таго, каб грошы пералічыць у Летуву, усю суму выкарысталі ў якасьці абаротных сродкаў, купляючы на іх тавары народнага спажываньня і сыравіну. Грошы прыносілі фірмам прыбытак амаль год, а доўг за энэрганосьбіты не пагашаўся. Толькі пасьля сакавіка 1994 г. з дапамогаю гаспадарчага суда зь фірмаў было спагнана ўсяго 18 млрд. рублёў, прычым на момант праверкі было вернута толькі 10% ад сумы спагнаньня.

Згодна з высновамі спэцыялістаў Кантрольнай палаты Беларусі, страты склалі 41 млрд. рублёў. Які ж мэханізм гэтай афэры?

Фармуецца спэцыяльная група, дзе адныя — дазваляюць такую зьдзелку (Лінг, Брыль, Радкевіч); іншыя, для наданьня саліднасьці гэтым зьдзелкам, — выступаюць гарантам («Белаграпрамбанк»); трэція — фірмачы — дзеляць прыбытак у адпаведнасьці з доляй кожнага ўдзельніка зьдзелкі.

Якія высновы можна з гэтага зрабіць?

Мафія шматаблічная. Мэтадаў атрыманьня звышпрыбытку за кошт народу вялікае мноства. «Служкаў народу», што зарваліся на сваіх пасадах, могуць спыніць не размовы нашага прэзыдэнта пра карупцыю, а канкрэтныя меры. Таму я прапаную Аляксандру Лукашэнку:

1) Вызваліць ад пасады віцэ-прэм'ера Лінга;

2) Зьвярнуцца ў Пракуратуру, каб тая вынесла пратэст на рашэньне гаспадарчага суда.

Неабходна, ва ўстаноўленым парадку спагнаць зь «Белаграпрамбанку» суму стратаў, бо ён выступаў гарантам. Канечне, Аляксандар Лукашэнка мог бы гэтую суму запатрабаваць ад Чыгіра, бо прэзыдэнт гарантаваў народу, што сфармуе сумленны ўрад. А М. Чыгір сваімі дзеяньнямі апусьціў павагу да прэзыдэнта «ніжэй калена». Хаця што возьмеш з М. Чыгіра: апроч пасекі і катэджа (я думаю, што пракуратура павінна даць адказ і на пытаньне, ці быў выдзелены надзел і хто будаваў катэдж) у яго нічога няма.

Наступны факт таксама не назавеш выпадковасьцю.

Пры праверцы «Белаграпрамбанку» спэцыялістамі аддзелу ўправы крэдытных рэсурсаў Нацыянальнага банку быў выяўлены факт неправамернай запазычанасьці па крэдыце, зноў у 2 млрд. рублёў, выдадзенага амэрыканскай фірме «Sobtex» пад пастаўкі нафтапрадуктаў з пагашэньнем 29.09.1993 г. Згодна зь першапачатковымі дакумантамі была абумоўленая пастаўка нафты ў чэрвені-верасьні, потым, на 1.08, — у лістападзе-сьнежні, а на 1.09 па гэтай фірме наагул ніякіх зьвестак няма. Можна меркаваць, што гэта паўтор зьдзелкі зь «Витязем». Узьнікае пытаньне: «Чаму да гэтай фірмы такія бацькоўскія адносіны ў «Белаграпрамбанку»?» Усё вельмі проста. Суўладальнік фірмы — грамадзянін ЗША, былы жыхар Беларусі Левітан Іосіф Абрамавіч — зьяўляецца да таго ж заснавальнікам і віцэ-прэм'ерам фонда «Спадчына Чарнобыля», у якім Ціцянкоў працуе камэрцыйным дырэктарам. А Ціцянкоў і Чыгір, як вядома, — у адной прэзыдэнцкай камандзе.

Пакуль намэнклятура пры ўладзе, чакаць зьменаў да лепшага бессэнсоўна. У старыя мафіёзныя структуры гарманічна ўпісаліся новыя дзейныя асобы, якіх прывёў з сабою Аляксандар Лукашэнка.

Вось сьвежы выпадак.

Вырашыў урад Лукашэнкі закупіць збожжа. Ва ўсім сьвеце дзейнічае адпрацаваная схема. Праводзіцца тэндэр, г.зн. конкурс. Выбіраецца лепшая прапанова і набываецца неабходны тавар. Але гэтак ва ўсім сьвеце, у нас жа як заўсёды «хімічаць». І гэта пры самым сумленным прэзыдэнце.

10 лістапада 1994 г. міністар хлебапрадуктаў Якушаў сумесна з генэральным дырэктарам ЗАТ «Белаграінгандаль» Дзедуком прапанаваў прэм'ер-міністру Чыгіру фактычна абрабаваць Беларусь на 20 млн. даляраў ЗША. Міністар Якушаў і Дзядук прапанавалі Чыгіру выкарыстаць для закупкі збожжа грошы ад продажу калійных угнаеньняў за мяжою. Але продаж калійных угнаеньняў за мяжою ажыцьцяўляць па цэнах рэалізацыі іх у Рэспубліцы Беларусь. Нутраны кошт — 20 даляраў. Кошт на сусьветным рынку 65-70. Няцяжка падлічыць, што выдаткі ад такога гандлю складуць больш за 20 млн. даляраў ЗША. Чыгір паставіў на прапанове візу «Гаркуну для проработки и предложений». Па старой райкамаўскай традыцыі Гаркун зрабіў «одобрямс»: «З прычыны крайне вострай неабходнасьці закупкі збожжа лічу неабходным падтрымаць». Я ня стаўлю пытаньня, колькі цяпер прынята даваць «на лапу» за такую рэзалюцыю. Пры Кебічу стаўка была 5% ад кантракту. Мне здаецца, што выбаршчыкаў больш цікавіць пытаньне, колькі гадоў турмы далі б на Захадзе віцэ-прэм'еру Гаркуну (з ураду Лукашэнкі) за такую санкцыю, калі б ён, напрыклад, быў віцэ-прэм'ерам Англіі. Адзінае, што я могу параіць прэзыдэнту: «Адхіліце віцэ-прэм'ера Гаркуна ад улады!» У Дзяржынску, дзе ён быў першым сакратаром, процьма спраў. А то на такой пасадзе ў Менску яшчэ сядзе ў турму. Кебіч пачаў спустошваць Беларусь, а гэтыя даб'юць яе канчаткова. І асаблівую ролю ў гэтым Лукашэнка надае, відаць, Ціцянкову — кіраўніку справаў прэзыдэнта.

Нягледзячы на сьціпласьць пасады Ціцянкова, ён фактычна ключавая фігура ў камандзе Лукашэнкі. Ягоны шэры кардынал. Ягоны спонсар. Ягоная давераная асоба. Але, як мне здаецца, і ягоны палітычны магільшчык. Многія людзі казалі мне: не ўключай Ціцянкова ў даклад — Лукашэнка ўсё роўна яго ня здасьць. І прыводзілі довады: Ціцянкоў ведае, што перадвыбарчую кампанію Лукашэнкі фінансавалі ня толькі беларускія, але і расейскія фірмы. Натуральна, яны грашыма проста так не кідаюцца. Цяпер ужо патрабуюць «аддачы» у выглядзе ўласнасьці, выгадных кантрактаў і г.д. А выкарыстаньне замежных грашовых сродкаў — гэта больш чым парушэньне закону аб выбарах прэзыдэнта; больш за тое, Ціцянкоў быў разам з Шэйманам непасрэдным удзельнікам і сьведкам так званай справы пра замах. Ціцянкоў зьяўляецца фінансавым спонсарам Лукашэнкі, а прэзыдэнт, як вядома, чалавек бедны. Так што калі Лукашэнка адхіліць Ціцянкова, то і сам будзе вымушаны пайсьці ў адстаўку. На ўсё гэта я адказваю — гэта праблема прэзыдэнта і ягонага кіраўніка справаў. Для мяне галоўнае — ісьціна. А для ісьціны, як вядома, ёсьць толькі «так» і «не», усё астатняе ад нячыстага.

Першая згадка пра заняткі Ціцянкова камэрцыяй была ў сьнежні 1993 г. У сваім нашумелым дакладзе на паседжаньні Саўміну былы старшыня КДБ Шыркоўскі, называючы канкрэтныя факты карупцыі, навёў прыклад, што дэпутат ВС, сакратар камісіі па праблемах ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы Ціцянкоў займаецца камэрцыяй. Прыкрываючыся высокароднымі мэтамі і атрымаўшы грошы нібыта для наладжваньня вытворчасьці экалягічна чыстых прадуктаў, камэрсанты набылі «мэрсэдэсы». Дзе чыстыя прадукты? А вось іншамаркі спатрэбіліся. На іх катаўся падчас перадвыбарчай барацьбы Лукашэнка. Цяпер ужо ён абяцае выбаршчыкам пабудаваць заводы па вытворчасьці чыстай прадукцыі і дзіцячага харчаваньня.

Пастановаю № 309, падпісанай Мясьніковічам, было прынятае рашэньне аб стварэньні міжнароднага аздараўленчага цэнтру «Чарнобыльскі дом». У якасьці ўзносу было пералічана 5 тыс. даляраў ЗША. Распараджэньнем № 678, таксама падпісаным Мясьніковічам, фонду «Спадчына Чарнобыля» быў дадзены дазвол выкарыстоўваць будынкі вайсковых гарадкоў у Вугоршчыне і Польшчы. А фонд стварыў камэрцыйнае прадпрыемства «Спадчына Чарнобыля». Камэрцыйным дырэктарам іх быў Іван Ціцянкоў. Сузаснавальнікам фонду стаў Левітан Іосіф Абрамавіч. Чалавек, які праходзіў па крымінальнай справе, а пасьля эміграваў у Амэрыку. Ён жа зьяўляецца сузаснавальнікам фірмы «Sovtex». Так была створаная сыстэма, дзе кожны меў сваю ролю. Шыльда — дабрачынны фонд «Спадчына Чарнобыля» (пры стварэньні ўдзельнічалі: Кенік — міністар па ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС; Зубоўскі — дырэктар НПЗ, (служылі прынадаю і прыкрыцьцём). Дачэрняе прадпрыемства «Спадчына Чарнобыля» (Ціцянкоў-Левітан) — камэрцыйная структура для правядзеньня апэрацый. Прыватная фірма «Sovtex» для накапленьня атрыманых капіталаў і дзялёжкі. Ну а, як вы памятаеце, «Белаграпрамбанк» — банк Чыгіра — выступаў крэдыторам і гарантам. Натуральна, што ў такой кампаніі «рабіць грошы» — адно задавальненьне.

І вось як яны рабілі грошы на Чарнобыльскай бядзе.

Увесну 1992 г. прадпрыемства зьвярнулася ў расейскі канцэрн «Лукойл» з просьбаю аб выдзяленьні 100 тыс. тон нафты. Канцэрн пайшоў насустрач і выдзеліў нафту ў дапамогу пацярпелым ад Чарнобыля. Прычым кошт нафты, якая пастаўлялася з Расеі ў той час, быў ніжэйшы за сусьветны. Як толькі нафта паступіла ў Беларусь, зь ценю выйшаў сапраўдны гаспадар і арганізатар афэры — фірма «Sovtex». Атрымаўшы прадукты і прадаўшы іх за мяжою, «Sovtex» атрымала прыбытак у памеры 10 млн. 279 тыс. даляраў ЗША. Колькасьць валюты, якую Левітан пералічыў на рахунак фонду ў Вугоршчыне, быў такі малы, што гэта выглядала зьдзекам з пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі. 15 жніўня прадпрыемства «Фазис» заключыла дамову з фондам Ціцянкова і «Sovtex» на пастаўкі нафты ў Беларусь. Фонд, атрымаўшы крэдыт у 1 млрд. 200 млн. рублёў, пералічыў гэтыя грошы фірме «Фазис», а частку, якая засталася, выкарыстаў для экспарту 40 тыс. тон мазуту ў Эстонію. Грошы ў Беларусь не вярнуліся, а кіраўніцтва «Sovtex» да канца тэрміну пагашэньня крэдыту Фонду, пакрылі крэдыт новым крэдытам, які прадаставіў «Белаграпрамбанк» Чыгіра. Адначасова «Фазис» заключыў дамову з Камітэтам па нафтапрадуктах аб абмене 110 тыс. тон мазуту на 42 тыс. тон бэнзыну. Пасьля заканчэньня зьдзелкі башкірская фірма «Фазис» афіцыйна паведаміла Дзяржкамнафтапрадукту, што ня мае да яго ніякіх прэтэнзіяў. 14 верасьня 1992 г. Савет Міністраў прыняў рашэньне аб ліквідацыі Дзяржкамнафтапрадукту. Была створаная ліквідацыйная камісія, якая ва ўстаноўленым законам парадку прымала на працягу трох месяцаў прэтэнзіі. Разьлічыўшыся па ўсіх даўгах, прадпрыемства спыніла існаваньне. Пытаньнямі нафты і хімічнай прамысловасьці пачала займацца новая дзяржбюджэтная арганізацыя — Камітэт па нафце і хіміі пры Саўміне. Раптоўна прадпрыемства Ціцянкова і фірма «Sovtex» з падачы нам. генэральнага пракурора Кандрацьева прад'явілі позву новай дзяржбюджэтнай арганізацыі на суму 9 млрд. рублёў, нібыта за даўгі былога Дзяржкамнафтапрадукту башкірскай фірме «Фазис». Вышэйшы гаспадарчы суд адсудзіў на карысьць «Sovtex» і камэрцыйнай структуры Ціцянкова 9 млрд. рублёў зь дзяржаўнай бюджэтнай кішэні.

Былы старшыня ліквідацыйнай камісіі Мазанік 15 красавіка піша адчайны ліст у Вярхоўны Савет Кулічкову — старшыні камісіі па прамысловасьці: «Пра страты, нанесеныя інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Сэнс ліста: «Тэрмінова разьбярыцеся! Рабуюць дзяржаву!». Але ліст, праляжаўшы тры месяцы пад сукном у Кулічкова, нарэшце трапіў да прэм'ер-міністра М. Чыгіра. Далейшы лёс ліста невядомы. Мне і маёй групе давялося многа працаваць, каб знайсьці хаця б рэшткі гэтага ліста. Яго спрабавалі зьнішчыць. Натуральна, ніякіх мераў па лісьце не прымалася. Затое ўсім вядома, што прэзыдэнт Лукашэнка прызначыў Кулічкова вэртыкальным па Магілеўскай вобласьці. Вядома і тое, што фактычна начальнікам аддзелу кадраў у Лукашэнкі зьяўляецца Ціцянкоў. Гэта факты, а высновы рабіце самі.

Я зьвяртаюся да Генэральнага пракурора правесьці дэталёвае расьсьледаваньне ўсіх нюансаў гэтай справы, якая нанесла вялікі ўрон Беларусі. Спадар прэзыдэнт! Адкажыце: калі гэта не карупцыя, то што? Нафтавы даляравы дождж яшчэ ня раз праліваўся ў сэйфы Ціцянкова, Левітана і кампаніі. Так, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод — дырэктар Зубоўскі, ён жа прэзыдэнт фонду «Спадчына Чарнобыля», дзе камэрцыйны дырэктар Ціцянкоў, — арганізуе пастаўку ў Вугоршчыну 15 тыс. тон мазуту на суму 1 млн. 500 тыс. інвалютных рублёў для пералічэньня фонду. Але было рэалізавана толькі 7435 тон мазуту. А выручка ад рэалізацыі гэтага паліва не пералічаная на разьліковы рахунак фонду, а залічаная на рахунак прыватнай фірмы «Magyary BT». Думаю, што ні Ціцянкову, ні Зубоўскаму ня хочацца, каб пра гэтую фірму гаварылі ўголас. А асабліва пра тое, хто ейныя ўладальнікі. І, мяркуючы па тым, як Лукашэнка некалькі тыдняў выступае супраць майго дакладу, відаць, што ня хоча чуць пра гэта і прэзыдэнт.

Формы атрыманьня прыбытку за кошт народу Беларусі разнастайныя. Распараджэньнем Саўміну 5 лютага 1992 г. у мэтах завяршэньня будаўніцтва ў Краснадарскім краі санаторыі «Белая Русь» урад дазволіў Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу карыстацца валютаю ад продажу 300 тыс. тон дызэльнага паліва для аплаты замежным фірмам іхнага ўдзелу ў будаўніцтве санаторыі. А ў жніўні па настойлівай ініцыятыве Дзяржкамчарнобыля (кіраўнік — міністар Кенік) і не без падтрымкі чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету (сакратар камісіі — Ціцянкоў) Саўмін даў згоду на ўступленьне камітэту ў акцыянэрнае таварыства па будаўніцтве санаторыі. І дазволіў унесьці ва ўстаўны фонд каля 1 млрд. рублёў. Лёс грошай невядомы. Затое вядома, што каля чарнобыльскай валюты актыўна завіхалася непадзельная парачка — Фонд «Спадчына Чарнобыля» і «Sovtex».

Тут я зьвяртаюся да Генэральнага пракурора Шаладонава, каб пачаць крымінальную справу па факце незаконнага расходаваньня бюджэтных грошай, выдаткаваных на ліквідацыю наступтваў на ЧАЭС.

Зрошчваньне дзяржаўных і прыватных фірмаў, выкарыстаньне дзяржбюджэтных сродкаў бізнэсмэнамі, якія, зьяўляючыся адначасова і народнымі дэпутатамі, прымаюць рашэньне аб выдаткаваньні гэтых грошай, — клясычны прыклад карупцыі. Ці ня так, прэзыдэнт Лукашэнка?!

Паважаныя дэпутаты, мы з вамі прынялі закон аб барацьбе са злачыннасьцю ў сфэры эканомікі і з карупцыяй. Ён уступіў у сілу 4 жніўня 1993 г. У адпаведнасьць з арт. 1 гэтага закону катэгарычна забараняецца дзяржслужачым, спэцыялістам органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Парушальнік гэтага закону павінен быць вызвалены ад пасады, якую ён займае. Спадар прэзыдэнт, ваша правая рука Ціцянкоў пляваў на гэты закон, і, знаходзячыся на пасадзе сакратара камісіі Вярхоўнага Савету, адначасова ствараў і ўдзельнічаў у дзейнасьці многіх камэрцыйных структураў. Такіх, прыкладам, як СП «Эспрэс-Сэрвіс-Брама», СП «Таймінвэст», камэрцыйнае прадпрыемства фонду «Спадчына Чарнобыля» і іншыя. Некаторыя зь іх выкарыстоўваліся як транзытны канал, па якім скідваліся грошы на перадвыбарчую кампанію Лукашэнкі. Седзячы на мяккім сядзеньні «Мэрсэдэса» Ціцянкова, Лукашэнка складаў тэзісы сваіх перадвыбарчых антыкарупцыйных выступаў. Тэатар абсюрду!

І вось яна ўлада! Да мяне зьвяртаюцца тысячы выбаршчыкаў з адзіным пытаньнем: «Чаму нічога не ідзе да лепшага, хоць Лукашэнка кіруе шэсьць месяцаў? Наадварот, жыцьцё робіцца горшым і горшым». Адказ просты: «По делам их да узнаете их».

У першую чаргу новая ўлада засяліла свайго шэфа на лецішча, перад гэтым устанавіўшы пагрансыстэму вакол агароджы. Затым улада забрала ў сваё распараджэньне запаведнікі і народныя промыслы. А пасьля ўказала, што неабходна будаваць у першую чаргу.

У адпаведнасьці з рашэньнем управы справаў прэзыдэнта ад 28 верасьня 1994 г. (дакумант зацьверджаны нам. Ціцянкова Кашканом) прадугледжана: за кошт дзяржаўных цэнтралізаваных капітальных укладаў, якія фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, у 1994 г. будаваць гатэль у Белавежскай пушчы, там жа пяць катэджаў. У Бярэзінскім запаведніку яшчэ пяць катэджаў, рэканструяваць у Бешанкавіцкім раёнё дом адпачынку. Аздараўленчы комплекс з газіфікацыяй у Заслаўі і — о дзіва! — Цэнтар камэрцыйных сувязяў з гатэльным комплексам на праспэкце Машэрава. Гэта былі першачарговыя задачы савецкай улады ў выкананьні каманды Лукашэнкі.

Потым прыйшоў час раздаваць кватэры. За ўзор быў узяты вопыт Ціцянкова. Ён атрымаў на сям'ю з трох чалавек кватэру большую за 100 кв.м. А далей пачаўся своеасаблівы прэзыдэнцкі рэкет!

18.10.94 Ціцянкоў зьвяртаецца да старшыні Менскага аблвыканкаму Цішкевіча з прапановаю перадаць управе справаў прэзыдэнта памяшканьні для… арганізацыі гандлю з разьліку па адной краме ў раённых цэнтрах і гарадах абласнога падпарадкаваньня. Вось узор сьціпласьці! Кожнаму члену прэзыдэнцкай каманды па краме, ды ня простай! Цытую ліст Ціцянкова: «Пры рашэньні гэтага пытаньня неабходна ўлічыць, каб памяшканьні, якія будуць выдзяляцца, былі разьмешчаныя ў цэнтральнай частцы горада альбо ў іншых месцах зь інтэнсыўным рухам насельніцтва».

28 лістапада 1994 г. стала пачаткам новай эры ва ўзаемаадносінах дзяржаўных структураў з камэрцыйнымі. Такое ня сьнілася нават Кебічу.

У гэты дзень управа справаў прэзыдэнта перадала плошчы па вул. Гарадзкі вал, 7а сумеснаму беларуска-расейска-швайцарскаму прадпрыемству пад офіс. Дзяржаўная маёмасьць трапіла ў рукі фірмы, якая складаецца з трох грамадзянаў Беларусі і іхных родных, якія жывуць за мяжой. Можа быць, прэзыдэнт зноў не заўважыць карупцыі ў гэтым факце?

Перападпарадкаваўшы сабе гаспадарку Атоліна, дзе былыя сакратары ЦК КПБ мелі пэрсанальных кароў, управа справаў прэзыдэнта зрабіла магутнае фінансавае ўліваньне ў гэтую гаспадарку. Канечне, за кошт бюджэту! Лічу, што пракуратура павінна разабрацца, на што канкрэтна пайшлі дзяржаўныя грошы. Карупцыянэраў у прэзыдэнцкай камандзе прэзыдэнта можна падзяліць на дзьве часткі: на тых, хто застаўся яму ў спадчыну ад Кебіча, і на тых, каго ён сам паставіў на высокія пасады.

Разгараецца скандал вакол незаконнай перадачы дзяржаўнай маёмасьці Беларускай управы грамадзянскай авіяцыі ў прыватную кампанію «Белэйр», якая цяпер практычна належыць аднаму чалавеку - Кузьміну. Дзяржаўная маёмасьць на мільёны даляраў перададзеная ў прыватныя рукі, а кіраўнікі грамадзянскай авіяцыі Фёдараў і Рыжыкаў застаюцца пры сваіх пасадах. Загадка: чаму не здымае іх Лукашэнка. Думаю, адказ ведае толькі Ціцянкоў.

А скандал з Дзяржкамспортам? Калі патаемна ад усіх быў адкрыты валютны рахунак у швайцарскім банку. Пра гэта ведаў толькі старшыня Дзяржкамспорту Рыжанкоў. Не так сабе, а за кошт казны будаваліся катэджы (ёсьць дакумант аб пераліку вялізарных сумаў грошай для закупкі будматар'ялаў). Кантрольныя органы падрыхтавалі даведку, у якой ставяць пытаньне аб адхіленьні Рыжанкова ад пасады. І зноў пачынаюць працаваць нябачныя рычагі, якія робяць гэтых людзей непатапляльнымі.

Калі ацаніць дзейнасьць Ціцянкова, улічваючы закон аб барацьбе з карупцыяй, то яго ўжо можна было б дзясяткі разоў адхіліць ад пасады. Тое ж варта было б зрабіць і з многімі міністрамі, якія заплямілі сябе карупцыяй, але яны застаюцца на пасадах і працягваюць спраўляць карупцыйны баль. Я лічу, што ў гэтым выпадку мы маем яркі прыклад асаблівага віду карупцыі — кадравай. І калі карупцыя наагул — гэта выкарыстаньне чыноўнікам службовага становішча для атрыманьня прывілеяў у любой форме, то кадравая карупцыя — гэта выкарыстаньне кіраўніком кампрамату на ніжэйшага чыноўніка для ўмацаваньня сваёй улады. Такім чынам, зрабіўшы падначаленага залежным, міністар, начальнік раёну альбо прэзыдэнт атрымлівае нічым не абмежаваную ўладу, якую выкарыстоўвае ў сваіх прыватных інтарэсах.

Вось чаму, паважаныя выбаршчыкі, з прыходам Лукашэнкі да ўлады нічога не зьмянілася, стала яшчэ горш.

Яркім прыкладам кадравай карупцыі зьяўляецца прызначэньне міністрам абароны былога камандуючага Беларускай вайсковай акругай генэрала Кастэнкі. Усім вядома, што, калі ён быў камандуючым БВА, была створаная сыстэма развалу войска. Крадзяжы, карупцыя ў войску расквітнелі. Вось толькі некалькі характэрных прыкладаў.

У адной частцы былі створаныя 80 камэрцыйных структураў. Зь верасьня 1991 па красавік 1992 гг. гэтымі фірмамі за бясцэнак было прададзена 200 аўтамашын, 69 электрастанцыяў, 100 бэнзавозаў, 5 вялікіх артылерыйскіх цягачоў, 50 км шматжыльнага кабэлю і іншыя матар'ялы. Страты ад такой камэрцыі, паводле ацэнак кантрольных органаў, большыя за мільярд рублёў. Прычым сузаснавальнікамі шэрагу камэрцыйных структураў у вайсковых частках зьяўляліся бізнэсмэны з Расеі. У другой асобнай арміі СПА былі створаныя 42 камэрцыйныя структуры. Рабавалі не саромеючыся. Напрыклад, на 25 арсэнале РВСП былі прададзеныя 107 дзевяцітонных кантэйнэраў з-пад ракетаў фірмам «Пірыт» і «Аўтамагістраль». Тыя, у сваю чаргу, перапрадалі іх у Чэхаславакію ў 8 разоў даражэй. Страты для дзяржавы, для войска - дзясяткі тысяч даляраў. У студзені-сакавіку 1992 г. з тэрыторыі вайсковай часткі 42654 у Рэчыцы чыгуначным транспартам, так званымі вагонамі прыкрыцьця, вывозіліся за мяжу вайсковае абсталяваньне, вялікія партыі піламатар'ялаў. Дайшлі да таго, што па-варварску высеклі ўвесь лес на тэрыторыі аб'екту. Такія выпадкі вывазу лесу былі масавымі.

Але былі зьдзелкі, якія па сваім нахабстве і маштабах ня маюць аналягаў у сусьветнай практыцы. Да такіх адносіцца продаж каманднага пункту Варшаўскай дамовы. Пра яго многія чулі, але мала хто ведае, што Кастэнка непасрэдна прымаў удзел у ягонай рэалізацыі. Ёсьць дакумант, падпісаны Кастэнкам, у якім ён фактычна даў дабро на рэалізацыю абсталяваньня і матар'яльных каштоўнасьцяў з аб'екту. На адным з афіцэрскіх сходаў на пытаньне аб правамернасьці гэтай зьдзелкі Кастэнка цынічна адказаў, што гаворка ідзе пра склеп, які прыгодны толькі для захаваньня бульбы. Нагадаю, гэты падземны горад быў насычаны ўнікальным абсталяваньнем, ацэньваецца ў 60 млрд. рублёў, а прадалі яго за 18 млн. Страты склалі 59 млрд. рублёў. Прычым гарадкі-спадарожнікі аддалі бясплатна, а створаныя пры аб'екце малыя прадпрыемствы вывозілі абсталяваньне, якое заставалася. Па іроніі лёсу начальнік контрвыведкі Кез, цяперашні намесьнік старшыні КДБ Беларусі, у той час інфармаваў аб гэтым злачынстве. Што яму перашкодзіла згадаць пра гэты факт, калі Лукашэнка прызначаў Кастэнку на пасаду міністра абароны? Вядома, кадравая карупцыя.

На пачатку 1992 г. было рэалізавана 36 аб'ектаў, будынкаў і пабудоваў у Мазыры, пры гэтым таварыству з абмежаванай адказнасьцю «Палессе ЛТД» прададзена 19 аб'ектаў усяго за 200 тыс. рублёў, а каапэратыву «Маналіт-2» 17 аб'ектаў за 123 тыс. Войска папросту рабавалі, а камандуючы Кастэнка не зьвяртаў на гэта ўвагі. Што рабіла ягонае атачэньне? Камандуючы СПА генэрал-лейтэнант Асмалоўскі ў жніўні 1991 г. вырашыў правесьці тэлефон на сваё лецішча пад Лагойскам. На ягонае патрабаваньне сіламі войскаў сувязі было пакладзена 20 км кабэлю, укапанага на 80 см. Страты склалі сотні мільёнаў рублёў. Апроч таго, у парушэньне дзейнага заканадаўства Асмалоўскі абавязаў камандзераў вайсковых частак здаваць у арэнду камэрцыйным структурам тэрыторыі і збудаваньні па заніжаных стаўках. Найбольш амаральныя факты выкарыстаньня ў якасьці рабоў салдат тэрміновай службы на будоўлі дачаў, у работах на прысядзібных надзелах, пры рамонце кватэраў. У былога намесьніка камандуючага па тыле Іваніцкага на будоўлі лецішча адпрацавалі больш за 1000 чалавекадзён салдаты тэрміновай службы, больш за 300 чалавекадзён адпрацавалі на лецішчы начальніка штаба арміі генэрал-маёра Раманенкі. За 6 месяцаў была пабудаваная трохпавярховая дача пад ключ. Пад кіраўніцтвам Кастэнкі служыў і начальнік палітаддзелу палкоўнік Посахаў. У 1991 г. ён, парушаючы закон, карыстаўся аўтатранспартам у прыватных мэтах. Злоўлены за руку, ён быў вымушаны заплаціць падчас праверкі за нанесеныя страты. У народзе пра такіх кажуць — «крахаборы». Цяпер Посахаў — дарадца Лукашэнкі. Посахаў да таго ж арганізатар руху ў падтрымку прэзыдэнта з назовам «Очищение». Дарэчы, усе хрысьціяне ачышчаюцца ў царкве. Вышэйшая ўлада — ня месца для такіх актаў.

У 1992 г. па шматлікіх просьбах цэнтральнага апарату Міністэрства абароны была праведзеная пракурорская праверка па фактах злоўжываньняў службовымі асобамі пры разьмеркаваньні жыльля. Праверкаю выяўленыя грубыя парушэньні жыльлёвага кодэксу. Гэтыя парушэньні дапушчаныя, цытую з даведкі: «былым камандуючым войскамі БВА Кастэнкам». Генэрал-палкоўнік Кастэнка, карыстаючыся ўладаю камандуючага войскамі акругі, не кіраваўся прынцыпам сацыяльнай справядлівасьці ў разьмеркаваньні жыльля без рашэньня жыльлёвай камісіі і пад рознымі матывамі выдзяляў па-за чаргою кватэры палепшанай пляніроўкі падначаленым афіцэрам. У верасьні 1990 г. без рашэньня камісіі Кастэнка па-за чаргою выдзеліў кватэру № 6 па вул. Трактарнай, д. 5 начальніку тыла ВПС Васільеву, у чэрвені 1991 г. выдзеліў 3-пакаёвую кватэру начальніку жыльлёвага аддзелу КЭЧ БВА падпалкоўніку Кадзінцу М. К., а 6 красавіка 1992 г. — зяцю Кадзінца, аналягічна ў жніўні 1991 г. выдзеліў кватэру сыну начальніка жыльлёвай групы Сідараву, які не стаяў на чарзе на атрыманьне жыльля. Парушаючы артыкул 298 ЖК РБ, Кастэнка на сваю сям'ю з трох чалавек без рашэньня жыльлёвай камісіі атрымаў 5-пакаёвую кватэру на 93 кв.м па завулку Вайсковым, д. 9, чым перавысіў належную норму жылой плошчы на 47 кв.м, гэта пры тым, што на чарзе на атрыманьне жыльля стаяць 1320 сем'яў афіцэраў толькі ў цэнтральным апараце і больш за 600 бескватэрных, звольненых у запас.

Усе мы памятаем, як на сэсіі Вярхоўнага Савету дэпутаты патрабавалі, каб Кастэнка адказаў з трыбуны за развал у войсках, за рабаваньні і карупцыю ў войску, але яго так і не заслухалі, бо ён быў ужо звольнены ў запас. Мне помніцца, Шушкевіч сказаў: «Не магу ж я запрасіць пэнсіянэра з Масквы на парляманцкія слуханьні!» (Дарэчы, нават Кебіч, ведаючы, што робіцца ў войсках, не рызыкнуў паставіць Кастэнку міністрам абароны, а спачатку папярэдзіў яго аб службовай неадпаведнасьці, а потым скараціў ягоную пасаду, адправіў яго ў запас).

Якім жа было зьдзіўленьне, калі, фармуючы нібыта сумленны ўрад, самы галоўны барацьбіт з карупцыяй прэзыдэнт Лукашэнка выбраў Кастэнку. Лукашэнка ж ведаў пра Кастэнку ўсё, але заявіў: «Затое ён будзе мне верны». І сапраўды, ён верны прэзыдэнту і… сваім звычкам. У Бабруйску ўжо нядаўна пад кіраўніцтвам палкоўніка Жарабцова В. А. пачала працаваць фірма «Залаты век». Гэта ваенна-камэрцыйная структура, якая рэалізуе тэхніку па заніжаных коштах, наносячы тым самым страты дзяржаве.

Страты дзяржаве наносяцца і такім чынам.

Загадам № 0600 сын Кастэнкі прызначаны начальнікам 3-га аддзяленьня Першамайскага РВК на падпалкоўніцкую пасаду. Гэтым жа загадам павышаны па службе старшы лейтэнант Міклашэвіч Андрэй Віктаравіч — сын начальніка аддзелу Савету бясьпекі, створанага прэзызыдэнтам. Гэта грубае парушэньне палажэньня аб адбываньні службы афіцэрскім складам, бо на апошняй пасадзе ён не прабыў яшчэ і года. Не забыты і народны дэпутат Шэйман, дзяржсакратар Савету бясьпекі. Яму прысвоенае воінскае званьне палкоўнік датэрмінова. За што? На пасадзе дзяржсакратара ён з 5 жніўня гэтага года. Да гэтага — пасада маёра начальніка штаба, акадэмічнага званьня ня мае. І, як той Напалеон, не праславіўся, ня лічачы, канечне, Лёзьненскай бітвы. Дарэчы, пасаду Шэймана прэзыдэнт прыраўняў да пасады міністра абароны. Так што рыхтуйся народны выбраньнік да генэральскіх пагонаў — казна ўсё вытрымае. Толькі як быць зь дзейнымі афіцэрамі? У казьне хапае толькі на паездкі афіцыйных дэлегацыяў Міністэрства абароны.

У лістападзе 1994 г. на запрашэньне ангельскага міністэрства абароны для падпісаньня мэмарандуму аб супрацоўніцтве ў галіне абароны ў Лёндан накіравалася делегацыя Міністэрства абароны ў складзе: міністар абароны Кастэнка і ягоная жонка Цьвяткова, перакладнік і яшчэ адзін ваеннаслужачы. Ня выключана, што прэзыдэнт мае намер прызначыць Цьвяткову намесьнікам міністра абароны. Але чаму яна цяпер у складзе ваеннай дэлегацыі ды зноў за кошт бюджэту — невядома.

У сувязі з пададзеным вышэй у мяне пытаньне да прэзыдэнта: «Няўжо вы лічыце, што ў беларускім войску абсалютна ўсе афіцэры парушаюць закон і займаюцца карупцыяй?! Ня можа быць, каб у вас не было выбару пры прызначэньні міністра абароны». Я ў гэта ня веру. Ня вераць у гэта і выбаршчыкі!

Спрабуючы зрабіць сваю ўладу бескантрольнай, адміністрацыя прэзыдэнта манапалізуе сыстэму кантролю. Зруйнаваны дэпартамэнт эканамічнага кантролю пры Саўміне (гэта ўжо прывяло да таго, што, распачынаючы крымінальныя справы, зьвязаныя з крадзяжом, немагчыма правесьці рэвізію, ідзе ціск на Кантрольную палату). У апошні час сталі больш частымі спробы прыватызаваць пракуратуру. Узамен прэзыдэнт прапануе кішэнную сыстэму кантролю, якая выконвае ролю палітычнай дубінкі супраць няўгодных ці тых, якія маюць самастойную пазыцыю. Кіруе гэтай унікальнай структурай Далгалёў. Вы ўжо, мабыць, здагадаліся, па якіх крытэрыях Лукашэнка падабраў гэтую кандыдатуру.

Вось адна з характэрных рысаў новасьпечанага кантралёра, узятая з матар'ялаў пракурорскага расьсьледаваньня: «…аддзяленьнем ашчаднага банку незаконна выдзелены крэдыт ад 17.12.92 у памеры 600 000 руб. пад 5% на індывідуальнае будаўніцтва».

З даведкі, падпісанай нам. генэральнага пракурора РБ Сашчэкам: «...органамі пракуратуры выяўленыя асобныя парушэньні жыльлёвага заканадаўства пры атрыманьні жыльля некаторымі народнымі дэпутатамі РБ. Так, адміністрацыя і прафсаюзны камітэт рагачоўскага завода «Дыяпраектар», парушаючы дзейнае заканадаўства, далі дазвол Далгалёву А. Б. на абмен двухпакаёвай кватэры № 111 дома № 115а па вул. Багатырова (жылплошча — 26,88 кв.м, склад сям'і — 4 чалавекі) на трохпакаёвую кватэру брата — Далгалёва В. Б. (40,9 кв.м, склад сям'і — 4 чалавекі)». Рагачоўскі выканкам рашэньнем № 118 ад 17.04.91 адмовіў у абмене жыльля празь яго фіктыўны характар, бо народны дэпутат Далгалёў В. Б. рыхтаваўся пераяжджаць зь сям'ёй на сталае месца жыхарства ў Менск і ня меў намеру жыць у 2-пакаёвай кватэры брата. Аднак, хоць дамова аб абмене жыльля ў сілу не ўступіла, пасьля ад'езду Далгалёва В. Б. у Менск у ягоную кватэру ўсяліўся Далгалёў А. В. — брат.

Рагачоўскім міжрайпракурорам 13.12.93 вынесенае прадстаўленьне дырэктару завода «Дыяпраектар» «Аб адмене незаконнага рашэньня аб абмене жыльля». Застаецца дадаць, што Далгалёў працаваў намесьнікам дырэктара гэтага завода. Дый наагул, цікавая публіка зьбіраецца пад кіраўніцтвам Далгалёва — прэзыдэнцкага кантралёра.

Уладзіміра Бандарэнку выгналі з Кантрольнай палаты за карыстаньне незаконна атрыманым пасьведчаньнем «Удзельніка ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС». Пракуратура распачала крымінальную справу, падлічваюцца страты, нанесеныя Бандарэнкам (праз карыстаньне ільготамі). Учынак у вышэйшай ступені амаральны. Але, відаць, гэтыя спэцыфічныя якасьці спатрэбіліся ў кантрольнай службе прэзыдэнта, і Бандаранку прызначылі начальнікам юрыдычнай управы службы кантролю прэзыдэнта. На пасаду начальніка галоўнай управы службы кантролю прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці быў прызначаны Бялоў Н. А. Перад гэтым прызначэньнем ён кіраваў з 1991 па 1994 г. Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва па Віцебскай вобласьці. Праўда, абараняў ён не пэнсіянэраў, а камэрцыйныя банкі. Так, па выніках праверкі начальнікам АБЭЗ па Віцебскай вобласьці было выяўлена, што ў той час як пэнсіянэры не атрымлівалі пэнсіі, Бялоў прадаваў гэтыя грошы камэрцыйным банкам. Так, продаж грашовых рэсурсаў камэрцыйным банкам у 1991 годзе склаў 186 млн. руб., у 1992 г. — 1 млрд. 499 млн. 500 тыс. руб., у 1993 годзе — 17 млрд. 661 млн. руб. З гэтых прычынаў і затрымлівалася выплата пэнсіяў пэнсіянэрам. У той час, калі будучы прэзыдэнцкі кантралёр Бялоў дапамагаў бізнэсмэнам багацець на пэнсійныя грошы, інфляцыя дапамагала пэнсіянэрам рабіцца жабракамі. Вось якіх спэцыялістаў узяў сабе Лукашэнка для рэалізацыі сваёй перадвыбарчай праграмы — абароны бедных і абяздоленых. Калі супрацоўнікі арэнднага прадпрыемства ПКБ «Менскаблаграпрамбуд» зьвярнуліся да прэзыдэнта ў тым, што іх нахабна, парушаючы Канстытуцыю, выкідваюць на вуліцу, а замест іх засяляюць камэрцыйныя структуры, яны атрымалі адказ ад Далгалёва: усё нармальна. Маўляў, так і павінна быць. У прынцыпе, іншага ад такой такой службы кантролю чакаць не даводзіцца. Паважаныя народныя дэпутаты! Паважаныя выбаршчыкі! Дзейнасьць прэзыдэнцкіх кантралёраў і прадстаўнікоў часам набывае трагікамічны характар. Усім нам практычна немагчыма ўявіць, што прадстаўнік Біла Клінтана бегае зь пісталетам па базары і высьвятляе адносіны з алкашамі і хуліганамі. А для прадстаўніка прэзыдэнта Лукашэнкі Кучынскага — гэта норма. Мне як беларусу, жыхару эўрапейскай дзяржавы сорамна за такіх прадстаўнікоў прэзыдэнта. Хаця неабходна зразумець —улада ператвараецца ў сродак, каб канчаткова патапіць дзяржаўнасьць Беларусі. І вось тады на сушы зьявяцца асноўныя арганізатары. Фінансава-прамысловыя групы, мафія, сонцаўскія, чачэнскія і іншыя групоўкі. Можа таму Кучынскі, парушаючы закон, спрабаваў схіліць сьледчых па справе аб арышце Шышова, намесьніка старшыні праўленьня камэрцыйнага банку «Пріорбанк» выдаць яму апэратыўную інфармацыю, запалохваючы іх пры гэтым.

Я вас зараз пазнаёмлю зь цікавым дакумантам.

Галава адміністрацыі прэзыдэнта Л. Сініцын загадвае: «У мэтах арганізацыі інфармацыйнага забесьпячэньня Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і правядзеньня дзяржаўнай кадравай палітыкі прашу рэгулярна прадстаўляць у Камітэт па барацьбе з карупцыяй у органах дзяржаўнай улады і кіраваньня інфармацыю пра схаваныя факты карупцыі з боку афіцыйных асобаў, дзяржаўных органаў (сьпіс дадаецца)». Дадаецца таксама і форма, паводле якой трэба запаўняць аб'ектыўкі, вельмі падобныя на даносы.

Ну што ж — вы захацелі абвінавачваць людзей. Калі вы прапанавалі такую форму збору кампрамату, то з вас і пачнем. Такім чынам, Сініцын Леанід — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта. Разьдзел 1-ы: выкладаньне факта ці падзеі.

Запаўняем!

У адпаведнасьці з пунктам 5 інструкцыі аб парадку набыцьця агнястрэльнай зброі карабіны выдаюцца паляўнічым-прамыславікам, а таксама паляўнічым-аматарам, якія ўдзельнічаюць у таварных адстрэлах дзікіх жывёл. І якія маюць стаж — 5 гадоў. Але, парушаючы гэтыя палажэньні, 18 лютага 1992 г. народны дэпутат Сініцын набыў карабін СКС, прычым у 8 разоў таньней. Страты, якія нанёс Сініцын дзяржаве, эквівалентныя кошту аўтамабіля «Масквіч».

Графа крыніца: даведка праверкі, падпісаная памочнікам Беларускага вайсковага пракурора падпалкоўнікам юстыцыі П. Палікарпавым.

Падзея другая.

Фірма «Белбудсэрвіс» — фірма Сініцына. Пры стварэньні аднаго СП (беларуска-канадыйска-амэрыканскага) «Белбудсэрвіс», ня маючы на тое згоды ўласьнікаў, унёс ва ўстаўны фонд матар'яльныя рэсурсы на суму 1 млн. 134 тыс. даляраў ЗША. Хто панёс адказнасьць за страты?

Крыніца: канфідэнцыяльная асоба.

Падзея трэцяя.

Маючы невялікія даходы, Сініцын, будучы народным дэпутатам, невядома якім чынам і за чый кошт накіраваў на вучобу ў Х'юстан сына, якога адлічылі за непасьпяховасьць зь ліцэя пры БДУ.

Крыніца: Міністэрства адукацыі.

За асабістую нясьціпласьць, за парушэньні закону аб барацьбе з карупцыяй у частцы ўдзелу ў прадпрымальніцкай дзейнасьці праз пасярэднікаў ці давераных асобаў і нанясеньне дзяржаве стратаў пры пакупцы тавараў народнага спажываньня па заніжаных коштах прашу прэзыдэнта Лукашэнку адхіліць Сініцына ад займанай пасады.

Адзінае, у чым я магу пагадзіцца з Лукашэнкам, — гэта ў тым, што вялікая ўлада разбэшчвае нястойкіх людзей. А калі чыноўніку, як кажуць у народзе, да лямпачкі сама дзяржава і яе народ, то яму не застаецца нічога іншага, як заняцца самім сабою, а значыць — красьці.

Калі нехта думае, што маштабы карупцыі і страты Беларусі пры Лукашэнку зьменшыліся, той вельмі памыляецца.

Старшыня Камітэту па нафце Лойка падпісаў кантракт зь фірмай «Парадига» з Масквы на суму каля 6 млрд. рублёў. Гэтая зьдзелка адбылася ўжо пры новай адміністрацыі. Да гэтага часу — ні грошай, ні мазуту. Канцэрн «Жылкамунгас» пералічыў празь «Белнафтапрадукт» 3 млрд. 770 тыс. руб. у Расею. Грошы круціліся каля 4-х месяцаў, прыносілі прыбыткі тамтэйшым камэрсантам, і толькі цяпер пачала паступаць нафта. Пералік фактаў можна доўжыць.

Але ўсю маю групу шакіраваў сакрэтны ўказ прэзыдэнта № 233 ад 3 сьнежня 1994 г. Гэтым указам Лукашэнка нібыта заявіў: я таксама хачу займацца карупцыяй. Парушаючы ўсе законы, ён распарадзіўся прадугледзець у эканамічнай праграме ўраду на 1995 год выдзяленьне ўправе справаў прэзыдэнта сродкаў на суму 14 млн. даляраў ЗША — на будоўлю ўсё таго ж камэрцыйнага цэнтру на праспэкце Машэрава. Прычым даручыў Міністэрству па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю мець справу толькі з тымі фірмамі, на якія пакажа Ціцянкоў. І бюджэтныя грошы — ўклад у акцыянэрнае таварыства з гэтымі фірмамі. Аляксандар Рыгоравіч, ці разумееце вы, што гэты ўказ — пачатак вялізнай карупцыйнай кампаніі? Відаць, так. Таму і паставілі грыф «не для друку».

Імкненьне правіць па-царску, пазьбягаючы ўсіх законаў, прымушае часам гаварыць няпраўду. 26 лістапада 1994 г. у інтэрвію «Звяздзе» Лукашэнка гаварыў пра скандал вакол продажу сакрэтнага комплексу С-300. Цытую ягоны адказ: «Гэты комплекс даўно прадалі б, каб не Лукашэнка. Я, калі б і хацеў, то не магу яго прадаць. Гэта сакрэтны комплекс, зроблены ў Расеі з удзелам Беларусі. А калі мы партнэры і хочам гандляваць разумна, то такія крокі неабходна вырашаць разам. І я прыпыніў выкананьне кантракту, хоць мяне настойліва папіхаюць: мы павінны яго прадаць. Мы разьбярэмся, у каго тут ёсьць асабістыя інтарэсы». Яшчэ раз нагадаю, што гэтае інтэрвію выйшла 26 лістапада. А дакумант, які я маю на руках, зафіксаваў акт перадачы комплексу С-300 яшчэ 16 лістапада камэрцыйнай структуры «Белтэхэкспарт». Нядаўна сакрэтны комплекс пасьпяхова адбыў за межы Беларусі.

Цяпер у мяне ўжо ўзьнікае пытаньне да вас: у чым прычына таго, што вы, даючы інтэрвію, гаварылі няпраўду? Хоць для вас, на жаль, гэта стала звычкаю. Я ў сваім дакладзе наўмысна не закранаю пытаньня, зьвязанага з тым, хто і як фінансаваў вашую перадвыбарчую кампанію. Для мяне не была адкрыцьцём заява Ганчара, бо, паводле маіх зьвестак, набор адпаведных дакумантаў даўно ўжо маюць зацікаўленыя асобы. Я думаю, што вам стане мужнасьці пра ўсё расказаць.

Паважаныя народныя дэпутаты! Паважаныя выбаршчыкі!

На вялікі жаль, даводзіцца канстатаваць, што барацьба з карупцыяй, пра якую так шмат гаварыў наш прэзыдэнт, прывяла да нулявога выніку. Больш за тое, карупцыя стала больш прыхаванай, больш арганізаванай, больш хцівай, і таму рэзка вырасла яе небясьпека для нашага грамадзтва і дзяржавы.

Факты, выкладзеныя мною, гэта пацьвярджаюць. На жаль, прэзыдэнт так і не зразумеў, што крыніцаю карупцыі ў любой дзяржаве зьяўляецца наяўнасьць у чыноўнікаў трох правоў: дазваляць, забараняць і распараджацца. Чым больш такіх правоў у чыноўніка, тым мацнейшая карупцыя, і таму адміністратыўныя мэтады, якія выкарыстоўваюцца ў барацьбе з гэтым злом, ні да чога не прыводзяць. Можна распачаць тысячу крымінальных справаў па будаўніцтве катэджаў — вынік будзе нулявы. Прыняцьце ж закону аб падатку на нерухомасьць дасьць магчымасьць пераразьмеркаваць грошы ад багатых да бедных. Можна забараніць атрымліваць надзелы ў прыродаахоўнай зоне — гэта таксама ні да чога не прывядзе, але можна прыняць закон аб спэцыяльным падатку на такую зямлю, і праблема аховы прыроды адразу вырашыцца. Можна бясконца накіроўваць праверкі прапаршчыкаў зь пісталетамі на раёны, запалохваючы і прыніжаючы кадры, але можна стварыць орган мясцовага самакіраваньня зь непасрэдным падпарадкаваньнем выбаршчыкам, з уласным бюджэтам — і ўлада адразу набудзе сілу.

На жаль, час майго дакладу абмежаваны, і таму я не магу выкласьці факты карупцыйнай дзейнасьці прадстаўнікоў прэзыдэнцкай вэртыкалі, якія маю. Я лічу, што сёньняшняя нашая горкая і цяжкая размова — неабходны ўрок для прэзыдэнта і тых, хто лічыць, што дзяржаўная ўлада — гэта ягоная ўласнасьць. Неабходна зразумець, што сёньня ўжо недастаткова быць толькі шчырым. Сёньня неабходны інтэлект і культура, прагматызм і мудрасьць, павага і цярпімасьць. Я прашу вас, паважаны спадар прэзыдэнт: не карыстайцеся без патрэбы словам «сумленнасьць». Сумленнасьць — гэта ня толькі час ад часу казаць праўду. Гэта ў першую чаргу — прызнаваць сваю няздольнасьць. Гэта ўменьне ў час сысьці, не чакаючы народных бунтаў. Сумленнасьць — здольнасьць прызнаць, што шэсьць месяцаў, зьвязаныя з фармаваньнем прэзыдэнцкай каманды, ёсьць злачынства супраць свайго народу. Кожны дзень без рэформаў адкідвае Беларусь на цэлую вечнасьць назад. Сумленнасьць — гэта не выпінаньне свайго Я з маньякальнай прэтэнзіяй на валоданьне абсалютнай ісьцінаю. Гэта ўменьне прызнаць, што нехта разумнейшы за цябе. І, нарэшце, сумленнасьць кіраўніка — гэта праца толькі дзеля нацыянальных інтарэсаў, бо імкненьне здаць сваю дзяржаву каму б там ні было - ёсьць прыкметаю найвялікшай палітычнай карупцыі.

Калі быць да канца праўдзівым мне, то я павінен сказаць вам: падумайце, можа вам ёсьць сэнс сысьці. За сьценамі гэтай залі ляжыць змардаваная, абкрадзеная, шматпакутная Беларусь. Яна ўжо проста ня вытрымае дылетанцтва і здрады на высокіх дзяржаўных пасадах і ў дэпутацкіх крэслах. Я спадзяюся, што мой даклад дапаможа тым, хто ўжо страціў надзею, тым, хто любіць сваю Бацькаўшчыну — Беларусь і хто гатовы працаваць дзеля яе, як бы ні было цяжка.

 

Сяргей Антончык

Газэта “Свабода” № 49, сьнежань 1994

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro