Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


Толькі зброяй здабудзем незалежнасьць!

Амаль паўтары гады мусіў чакаць публікацыі свайго лісту ў дзяржаўную газэту “Віцьбічы” аўтар, які падпісаўся: “Падпольная тэрарыстычная група “Вольная Беларусь”. Ліст урэшце апублікаваны, толькі на старонках судовай справы па ч. 1 арт. 201 КК РБ “Загадзя хлусьлівае паведамленьне аб рыхтуючымся выбуху”, — якое караецца пазбаўленьнем волі ад 1 да 5 гадоў, арыштам або штрафам.

За патрабаваньне надрукаваць ліст з адрозным ад афіцыйнага меркаваньнем аб музычным фэсьце “Славянский базар — 98” сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Анатоль Букачоў, які ўзяў на сябе адказнасьць за гэта, па выраку суда атрымае “ганарар” у памеры 101620 руб. (113 $), якія сам павінен заплаціць дзяржаве.

Для любапытных пераказваем тэкст гэтага дарагога допісу:

“Шаноўны спадар рэдактар!
Да Вас зьвяртаецца падпольная тэрарыстычная група “Вольная Бел’арусь”.
Вы ведаеце, што эканоміка Беларусі знаходзіцца ў цяжкім стане, самі беларусы знаходзяцца на мяжы духоўнага і фізічнага вынішчэньня. Асабліва цяжкое становішча на вёсцы, дзе мізэрныя заработкі і пэнсыі, а сьмяротнасьць перавышае нараджальнасьць.
Беларуская мова ў заняпадзе.
Прарасейская ўлада ізалюе нас ад цывілізаванага сьвету, у выніку чаго нашый узровень жыцьця ніжэйшы.
У гэтых умовах праводжаньне на дзяржаўным узроўні шырокамаштабнага музычнага фэстывалю “Славянский базар” коштам у 60 млрд. руб. (~560000 $) — гэта страта грошай, якія патрэбныя новым школам і мэдычным установам.

Патрабуем адмяніць “Славянский базар”, а гэты ліст апублікаваць на першай старонцы Вашай газэты.

Калі нашае патрабаваньне ня будзе выкананае:
1) адбудуцца тэракты супраць расейскіх сьпевакоў Кіркорава, Лявоньцева, Крутога;
2) пад час канцэртаў адбудуцца выбухі ў амфітэатры, таму лепей іх глядзець па тэлевізыі.
Забітыя і параненыя будуць на сумленьні Лукашэнкі, але ў яго няма сумленьня.
Як сказаў Кастусь Езавітаў у газэце “Раніца” № 50 (212), 24.11.1944 г.: “Толькі зброяй здабудзем незалежнасьць!”
Мы ня хочам крыві.
Але клін – клінам вышыбаецца.
3) у супрацоўнікаў вашай рэдакцыі ўзьнікнуць нечаканыя праблемы са здароўем.

В.Б.”

Пазыцыю аўтараў гэтага лісту аб прыніжэньні беларусаў на “базары” пацьвердзілі на судзе факты
з вуснаў адваката Ул. Шайкевіча ды грамадзкага абаронцы ад праваабарончай арганізацыі “Вясна” Б. Хамайды. Прыкладам, ноччу пьяных віцяблянаў і госьцяў на вуліцах мора, яны бяз сораму забруджваюць горад, але іх не кранаецца міліцыя. У той жа час сьведка па справе З. Піменаў расказаў, што за зварот да міліцыянтаў па-беларуску ён быў зьбіты ў горкі яблык і месяц потым залечваўся. Другі сьведка Ул. Плешчанка паведаміў, што гэтая справа можа быць помстай КДБ за матар’ял А. Букачова ў газэце “Выбар” аб незаконнай таннай прыватызацыі кэдэбістамі вёскі Шаркі ў Віцебскай вобласьці.
Дарэчы, вядома па расказам старажылаў, што ў авразе, дзе месьціцца амфітэатр, перад нямецка-савецкай вайной супрацоўнікі КДБ (ЧК) расстрэльвалі людзяў, зьдзяйсьняючы “чырвоны тэрор”.

Гэты амфітэатр, які ўвесь год пустуе, пабудаваны пад рупным вокам першага гарадзкога партыйнага функцыянэра Грыгор’ева. Цяпер ён амбасадар Беларусі ў Расеі ды працуе там дзеля “дружбы”. Яе кошт падобны на пабудаваньне ў Віцебску “прэзідэнцкага” Лядовага палацу, калі адсутнічае, нават, асвальтаваньне пр-та Перамогі, які знаходзіцца ля гэтага палацу.

У сваім заключным слове абвінавачаны 35-гадовы настаўнік беларускай мовы, які вымушаны працаваць вартаўніком за 12000 руб. і ўтрымліваць пэнсыянэрку маці (10000 руб.), сказаў, што не прызнае сябе віноўным. Начальнік сьледчага аддзелу КДБ паўкоўнік Зелянкоў пытаўся ў яго, ці ёсьць якая рэальная група, якая дыктавала напісаньне гэтага лісту? Ёсьць. Гэтая злачынная група — вышэйшае кіраўніцтва Беларусі. Пры гэтай уладзе перасьлед сьвядомых беларусаў будзе адбывацца ажна да фізічнага вынішчэньня. Лёс былых паплечнікаў рэжыма Захаранкі і Ганчара, якія ўжо хінуліся да нацыянальнай ідэі, прымушае аб гэтым задумвацца. І бараніцца.

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro